Вы тут

Лукашэнка: Патрэбны канкрэтны план і адказныя людзі. Калі гэтага не будзе — пустая размова


Развіццё аграпрамысловага комплексу Гомельскай вобласці, яго праблемы і перспектывы абмеркавалі на нарадзе ў аблвыканкаме з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Гэты рэгіён знаходзіцца на асаблівым кантролі кіраўніка дзяржавы. Менавіта Гомельшчына найбольш пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Для ліквідацыі наступстваў дзяржава дзесяцігоддзямі ўкладала вялікія сродкі. Але тым не менш, Гомельшчына паказвае самыя нізкія вынікі работы аграрнапрамысловага комплексу. На гэта ёсць аб’ектыўныя (кліматычныя) прычыны, але справа не толькі ў іх.


«Хачу адразу папярэдзіць: гутарка мае быць сур’ёзная. Таму ўспрымайце яе нават жанчыны па-мужчынску і без крыўд», — адразу задаў тон нарады кіраўнік дзяржавы. «Кожны з вас пасля гэтай сустрэчы павінен вярнуцца ў свой раён ці гаспадарку, каб працаваць шмат і напружана. З поўнай самааддачай. І патрабаваць таго ж ад падначаленых. Па-іншаму пераламаць негатыўныя тэндэнцыі ў рабоце рэгіёна не атрымаецца», — дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на нядаўнім саміце АДКБ у Ерэване, дзе абмяркоўваліся ваенна-палітычныя пытанні, праблемам харчавання і харчовай бяспекі таксама ўдзялілі шмат увагі. Усе кіраўнікі дзяржаў казалі менавіта пра гэта. «Гэта сведчыць аб тым, што ў свеце вельмі сур’ёзная напружанасць з харчаваннем. І ўсё гэта будзе нарастаць», — адзначыў беларускі лідар. 

Што на клімат наракаць... 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сёлета ўся краіна працавала на ўраджай і атрымаўся дастойны вынік. «Які ўклад Гомельшчыны ў агульны каравай? На жаль, ганарыцца няма чым. Мільённы рубеж пераадолелі толькі з кукурузай. А што па мясе, малаку? Уся краіна рухаецца наперад, а вы — уніз!», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання дакладвае, калі б Гомельская вобласць дасягнула хаця б узроўню мінулага года (нават без росту), то краіна ў сельскай гаспадарцы выканала б пастаўленую задачу (рост да 104 працэнтаў). Ён падкрэсліў, што з-за такога падыходу Гомельскага аграпрама ўпушчаная выгада склала каля 100 мільёнаў рублёу. Грошы немалыя. Асабліва сумна, заўважыў Прэзідэнт, што падобная сітуацыя ў рэгіёне не толькі сёлета. «Усе вашыя адгаворкі ведаю загадзя — надвор’е (то засуха, то дажджы), бальнасць зямлі нізкая (пяскі і вецер), то яшчэ якая зараза. Хачу сказаць: не толькі вы наракаеце на гэтыя акалічнасці. Усюды наракаюць. Але не ўсюды такі вынік, дакладней, яго адсутнасць, як у Гомельскай вобласці. Я зямны чалавек і разумею, што ёсць аб’ектыўныя незалежныя аж нас фактары. Так, аб’ектыўныя фактары ёсць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Але ў той жа час, Прэзідэнт задаў лагічныя пытанні. Ці ўлічваюць на Гомельшчыне мясцовыя асаблівасці складу глебы, ці ўмеюць падладжвацца пад кліматычныя ўмовы? Па яго словах, гэтыя кліматычныя ўмовы не нечакана зваліліся на галаву. Таксама кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, наколькі аператыўна прымаюцца рашэнні па пераходзе да аптымальнай структуры пасяўных плошчаў, а таксама што думаюць навукоўцы аб сельскагаспадарчых резервах вобласці. 

«Далей так жыць нельга і мы не будзем так жыць»

«Я хачу вас па-сяброўску папярэдзіць. Надыходзячы 2023-ы год для вас лакмусавая паперка: ці вы зможаце нешта зрабіць, ці мне давядзецца думаць, што рабіць з Гомельскай вобласцю. Далей так жыць нельга, і мы не будзем так жыць, гэта дакладна. У мяне ёсць, вядома, варыянты: што зарабілі, тое і атрымалі. Мы будзем вас да гэтага падводзіць. Я не магу браць з іншых галін грашовыя рэсурсы і перакідваць у Гомельскую вобласць. Думайце, як вы будзеце жыць, зарабляць для таго, каб годна выглядаць», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама пацікавіўся, як абстаяць справы з тым, на што ўплывае чалавечы фактар: захаванне тэхналогій, унясенне ўгнаенняў, структуры пасеваў, недапушчэнне падзяжу жывёлы, рознага роду хлусні, якая мяжуе з крыміналам, падрыхтоўкі і захаванасці сяльгастэхнікі. «Перш чым марыць аб вялікім, трэба ўзяць тое, што на паверхні. А гэта звязана з чалавечым фактарам. Нават у элементарным — у працоўнай і выканальніцкай дысцыпліне, прытрымліванні літары закона»,- заявіў Прэзідэнт. 

Ён падкрэсліў, што спецыяльна запрасіў прадстаўніка Генеральнай пракуратуры, каб наглядна і на прыкладах паказаць, як у Гомельскай вобласці працуюць кіраўнікі і што ім замінае. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што практычна ва ўсіх правераных гаспадарках выяўляюцца парушэнні пры вырошчванні жывёлы. У кожнай чацвёртай устаноўлены факты прадстаўлення недакладнай інфармацыі аб яе падзяжы. Траціна арганізацый дапускае парушэнні тэхналогіі закладкі кармоў, а потым з-за гэтага скаціна гіне. «На месцах бардак! Хранічныя прыпіскі і крадзеж!», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што сам практык і ведае, што такое статыстыка і справаздача. «Любая ваша справаздачнасць, статыстычная справаздачнасць — найважнейшы элемент у кіраванні дзяржавай. Але я не разумею, навошта вы хлусіце. Каму трэба гэта хлусня, гэта ж лёгка праверыць», — заўважыў ён. 

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што накіроўваючы Івана Крупко на пасаду старшыні аблвыканкама Гомельскай вобласці, думаў: жалезнай рукой навядзе парадак, возьмецца за справу і паверне да лепшага, найперш у сельскай гаспадарцы. Івана Крупко, Прэзідэнт назваў, кіраўніком ад зямлі. Ён працаваў у калгасе, узначальваў паспяховыя раёны Міншчыны, а затым — працаваў міністрам сельскай гаспадаракі і харчавання. Ёсць усё неабходнае — досвед, кампетэнцыі.

«Ёсць веды, я гэта бачыў. Што вам яшчэ трэба? Якога найлепшага кіраўніка я магу вам накіраваць. Значыць, шмат што залежыць ад вас, як вы вакол яго станеце і будзеце цягнуць гэты цяжкі груз», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

«Свабода і незалежнасць — гэта магчымасці»

Па словах беларускага лідара, час вельмі сур’ёзны. І востра стаіць пытанне: ці мы застаемся дзяржавай, ці нам трэба думаць пра іншыя варыянты: «Мы не дарма 30 гадоў песцілі і няньчылі гэтую дзяржаву, для таго, каб хаця б нашы дзеці жылі свабодна і незалежна. Калі хтосьці разумее свабоду і незалежнасць, „што я хачу тое і раблю, хачу працую, хачу не“ — ні ў адной дзяржаве гэтага няма і не будзе. Свабода і незалежнасць — гэта магчымасці». Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў яго не было багатых сваякоў, а яго дзяцінства прыйшлося на цяжкія гады ў вёсцы. І тады дарослыя люді, па словах Прэзідэнта, яго маці марылі, каб дзеці атрымалі годную адукацыю, каб мелі роўныя магчымасці з дзецьмі палкоўнікаў, генералаў, прафесараў і гэтак далей. 

«Мы што гэтага людзям не далі сёння? Далі, нават больш за тое, разумеючы, што ў вёсцы сёння складаней у адукацыі, у палове ВНУ ўвялі па мэтавых напрамках адукацыю. Ідзіце, калі ласка, вучыцеся, такога ў Савецкім саюзе не было. Мы з глыбінкі, Гомельскай вобласці, так званых чарнобыльскіх раёнаў падтрымліваем дзяцей. Вашыя дзеці, калі хоць крыху галаву ў руках трымаюць, маюць неабмежаваныя магчымасці і каласальную падтрымку найперш з боку Прэзідэнта. Што яшчэ трэба? Жадаеце пад бізуном пахадзіць — паходзіце. Але гэта ўжо без мяне. Тады з вамі размаўляць у такім складзе ніхто не будзе, возьмуць бізуны і будзеце бегчы, скапыціцеся, адстанеце — вы ведаеце, што будзе. З намі ўжо было гэта 80 гадоў таму, нам паспрабавалі гэта прадэманстраваць. Тады па Беларусі прайшліся так, што мы да гэтага часу чхаем і рыдаем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён канстатаваў, што менавіта так востра стаіць пытанне. І ў Гомельскай вобласці гэта адчулі асабліва востра. «Не хочацца, каб нашы дзеці ўзялі зброю і пайшлі абараняць сваю краіну. Мне гэта абсалютна не захочацца. Калі камусьці хочацца — устаньце і скажыце, мы забяспечым. Лепш давайце мы будзем, сціснуўшы зубы працаваць і выдаваць вынік», — эмацыйна выказаўся Прэзідэнт.

«Момант ісціны зараз»

Па словах кіраўніка дзяржавы, сёлета ў краіне цудоўны вынік у сферы аграпрамысловага комплексу. Раней не ведалі, што рабіць куды прадаць. Сёння — толькі дай за добрыя грошы. «Так прадайце, вазьміце грошы і рабіце ў Гомельскай вобласці. Вам ніхто не перашкаджае, а я буду толькі вас абараняць, каб вам ніхто не перашкаджаў. Вы зарабіце гэтыя грошы. Сёння ёсць гэта ўсё. Я нядаўна казаў на сустрэчы з прадстаўнікамі аграпрамысловага комплексу, ніколі не было такіх умоў і не будзе. Вазьміце тое, што ляжыць. Падыдзіце, нават не нагінайцеся і вазьміце. Вы чамусьці разгойдваецеся, думаеце, што будзе і далей так. Момант ісціны зараз. Рынкі — вязі куды хочаш. І не толькі ў Расіі, Кітай гатовы спажыць колькі заўгодна прадукцыі», — сказаў беларускі лідар. Як інфармуюць Прэзідэнта, сёння пасрэднікі, нейкія гандлёвыя дамы купляюць беларускую прадукцыю за два рублі, а рускаму чалавеку прадаюць за дзевяць. «Я падазраю, што стаіць задача выпіхнуць прадукцыю за вароты завода ці калгаса, саўгаса. Не, дарагія мае. Рынак нікуды не падзеўся, ён працуе, таму трэба ўзяць масла, сыры і паспрабаваць рускаму чалавеку ці кітайцу ў рукі гэта прадаць, прама ў рукі. А для гэтага трэба мець свае крамы там, сваю сетку ці ўвайсці ў іх сетку. Вам трэба варушыцца, каб годна выглядаць і мець грошы. Сёння можна атрымаць грошы. І працы ў нас дастаткова», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. 

Нядаўна на ўзроўні Прэзідэнта абмяркоўвалася пытанне меліярацыі. Па яго словах, меліярацыя для Гомельшчыны — найважнейшае пытанне, а для гэтага трэба грошы. «І не думайце, што Мінпрам зробіць вам усё, што вы хочаце, за бясплатна. Не будзе гэтага. За ўсё трэба плаціць і зараз шанц. Вы думалі перад прыездам Прэзідэнта, як будзеце жыць і працаваць. Думаю, што прыдумалі. Тое, што недадумалі пасля нашай размовы да вясны вы прыдумаеце, зыходзячы з рэалій», — адзначыў беларускі лідар. 

«Галоўнае — варушыцца і дзейнічаць»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на кадравую палітыку. Ён адзначыў, што сустракаючыся з вертыкаллю ўлады, просіць кіраўнікоў не секчы з пляча, даць шанец працаўнікам. Але гэты шанц сёння не можа доўжыцца год, нават паўгода. Час спрэсаваны свет ашалеў, усё спрэсавана. «Квартал папрацаваў — бачыце, што не цягне чалавек, прычыны розныя, знайдзіце яму іншую працу. Але калі ён сябе паводзіць варожа, вы ведаеце, што рабіць. Нядаўна па кадрах прыняты мае рашэнні, аблвыканкамы павінны выпрацаваць сістэму кадравай палітыкі. Працуеш — вось табе ўсе даброты, гонар і слава. Калі не хочаш працаваць — паспрабуем цябе навучыць або прымусіць. Калі зусім няздольны, ну хлопец ці дзяўчынка, сыходзьце ў бок, бярыце мятлу і мяціце, калі не можаце быць кіраўнікамі або спецыялістамі», — сказаў Прэзідэнт. Па яго словах, гэта нават не варта абмяркоўваюць. 

«Без дысцыпліны і парадку тэхналогій, тэхналагічнай дысцыпліны няма чаго казаць», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы, — «Калі вы да гэтага часу не прыбралі кукурузу, на якую вы моліцеся ў Гомельскай вобласці, калі вы салому не звезлі з палёў, яна ў вас у валках пасля камбайна стаіць, і не ўзаралі там тысячы гектараў зябліва, марыць аб тым, што вы ірванеце ў раслінаводстве у наступным годзе, не варта. Улічваючы вашу разбоўтанасць і злачыннае стаўленне да некаторых пытанняў, крадзеж і ашуканства. Падумайце над тым, што я сказаў. Прымайце кадравыя рашэнні, забяспечвайце паступальны рух наперад», — запатрабаваў кіраўнік краіны. 

Нядаўна былі прызначаны кіраўнікі шэрагу раёнаў Гомельскай вобласці. Прэзідэнт выказаў спадзяванне, што гэтыя людзі будуць працаваць як трэба. Па яго словах, галоўная выснова нарады ў Гомельскім аблвыканкаме заключаецца ў тым, што больш угавораў і размоў з гамяльчанамі, магіляўчанамі, віцябчанамі не будзе. Усе ведаюць, што рабіць. Тым, хто не ведае, кіраўнік дзяржавы параіў успомніць мінулае. Ён сарыентаваў, што галоўнае — варушыцца і дзейнічаць. 

Беларускі лідар канстатаваў, што патрэбны план, дзе будзе дэталёва прапісана ўсё да дробязяў: мерапрыемствы, адказныя, тэрміны, рэсурсы. Такі план развіцця аграпрамысловага комплексу Гомельскай вобласці павінен ляжаць на стале віцэ-прэм’ера і міністра сельскай гаспадракі. Тое ж самае і па іншых абласцях. Аляксандр Лукашэнка прывёў да прыкладу Віцебскую вобласць, дзе знайшлі свой варыянт развіцця аграпрамысловага комплексу — стварылі інтэграцыйныя структуры. Па яго меркаванні, такі вопыт можа быць запатрабаваны і на Гомельшчыне. 

«Патрэбны канкрэтны план і адказныя людзі. Калі гэтага не будзе — пустая размова і беспрасветная будучыня заўтра. Яшчэ раз гавару: парадак, дысцыпліна і дыктатура тэхналагічная. Кожны работнік мясцовай вертыкалі павінен дакладна разумець сваю ролю і меру адказнасці. Толькі так мы атрымаем рэзультат», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Жалезная выканальніцкая дысцыпліна

Удзельнікі нарады з усіх бакоў разгледзелі сітуацыю ў Гомельскай вобласці. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло далажыў аб стане спраў у сельскай гаспадарцы Гомельскай вобласці і яе ўкладзе ў развіццё аграпрамысловага комплексу краіны. Аб законнасці ў сельскай гаспадарцы рэгіёна расказаў намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Максім Варонін. Дырэктар рэспубліканскага навуковага дачэрняга прадпрыемства «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» Юрый Шашко расказаў аб напрамках развіцця земляробства ў Гомельскай вобласці з улікам кліматычных змяненняў. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко прадставіў стратэгію развіцця аграпрамысловага комплексу свайго рэгіёна. Так, у 2023-2025 гадах плануецца павялічыць аб’ём валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі да ўзроўню 2022 года на 35,7 працэнтаў (раслінаводства — на 48,2%, жывёлагадоўля — на 27,6%). 

Па словах кіраўніка дзяржавы, праблемы рэгіёна знаходзяцца на ўзроўні Прэзідэнта ўжо даўно. І іх трэба неадкладна вырашаць. У першую чаргу -у інтарэсах саміх гамяльчан. «Вы бачыце, што на поўдні робіцца. Вы таксама так хочаце? Я не хачу. І пакуль у мяне ўлада, мы забяспечым тое, што павінна быць у Гомельскай вобласці», — заявіў ён. 

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на так званае «прыгоннае права па кадрах». Маюцца на ўвазе выпадкі, калі чалавек атрымаў адукацыю за кошт дзяржавы, папрацаваў ветурачом, заатэхнікам, аграномам, кіраўніком і назаўтра пайшоў да камерсанта, дзе прывольна сябе адчувае. «Дык вось гэтага больш не будзе. У гэтым сутнасць»- канстатаваў Прэзідэнт, папярэдзіўшы, што попыт за гэта з губернатараў і ўпаўнаважаных будзе жорсткі.

«Вам сказана, паставіць на ўлік кожнага цяля — пастаўце і захавайце. Але калі яно загінула — адлюструйце ў справаздачнасці. Вам намечана схема пастаўкі малака, мяса на перапрацоўку — аддайце тое, што намечана. Што звыш — хай прадаюць. Колькі можна казаць аб дысцыпліне кадраў. Навошта вы гэтымі прыпіскамі займаецеся? Ну добра, прыпісалі перааралі 200 гектар, а не 250. Дрэнна, але не катастрофа. Але калі вы загубілі жывёлу і яшчэ прыпіскамі займаецеся і заробак плаціце людзям за гэтыя прыпіскі — гэта ўжо бандытызм вышэйшай ступені. І пра гэта мы павінны скончыць размову сёння па ўсёй краіне», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да прыстуных кіраўнікоў раёнаў і гаспадарак. Ён растлумачыў, што рэагуе на гэта не таму, што Прэзідэнт. А таму што праз гэта можна страціць краіну. Усё пачынаецца з-за гэтай бязладнасці, безадказнасці.

«Трэба проста працаваць»

Кіраўнік дзяржавы запытаў, каго з кіраўнікоў гаспадарак Гомельскай вобласці можна прывесці ў прыклад. Такім чалавекам стала кіраўнік гаспадарцы «Атор» Чачэрскага раёна Таццяна Струк. Аляксандр Лукашэнка папрасіў яе падзяліцца з удзельнікамі нарады сакрэтам поспеху і расказаць, што трэба рабіць у АПК рэгіёну, каб больш не мець такой размовы. 

«Трэба проста працаваць. Рабіць сваю справу, любіць сваю справу, любіць зямлю, на якой мы працуем. І ўсё наладзіцца. Гэта добрая тэма, што пачалі маладых кіраўнікоў вучыць. Але павінна ў чалавека быць тое, што закладзена яшчэ ў сям’і. Гэта адказнасць, працаздольнасць. Хаця трэба уважліва працаваць і з арганічнымі ўгнаеннямі, даць матухне-зямлі тое, што трэба даць, каб атрымаць сапраўды высокі ўраджай», — адказала на гэта Таццяна Струк. 

Прэзідэнт заўважыў, што яна вельмі сцісла сказала пра клімат. А на першым месцы — зноў жа людзі. Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта правільна. У любых кліматычных умовах усё залежыць ад людзей: «А што тычыцца кадравай палітыкі, людзей менш не стала. Проста занадта дэмакратызаваліся. Часам падказкі былі збоку. Цяпер мы бачым, да чаго гэта прывяло. З другога боку самі: рынак — ён усё вызначыць. А не, таварышы, не ўсе. І калі б мы акунуліся ў гэты рынак у сярэдзіне 90-х, мы б мелі сёння сумны выгляд. У нас бы сёння палала вайна ».

«У нас сёння ідэальны шанец замацаваць сваю незалежнасць у цяжкія часы. Але толькі трэба займацца сваёй справай. Толькі сваёй справай», — звярнуўся да ўдзельнікаў нарады Прэзідэнт. 

«Без жылля без зарплаты — нічога не будзе»

Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў асноўныя пытанні, якія падымаліся на нарадзе. Ён падкрэсліў, што калі вобласць просіць дзяржаву закупіць тэхніку ў гаспадаркі, то яна павінна гарантаваць, што гэтыя машыны будуць захоўвацца ў належных умовах. Прэзідэнт заклікаў гаспадаркі ўважліва ставіцца да тэхнікі і берагчы яе. Такі ж самы падыход павінен быць да жывёлы.

«Будзем дапамагаць па жыллі, — абазначыў кіраўнік краіны яшчэ адзін важны прыярытэт. — Я разумею, што без людзей толку не будз,. але жыллё прывязвае. Таму арэнднае жыллё зараз урад выпрацоўвае падыходы ваенным, дзяржслужачым, шматдзетным і арэнднае жыллё калгасам, прадпрыемствам», — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што пры такой жорсткай кадравай дысцыпліне патрэбен і пернік, гэта і будзе жыллё. Яшчэ адно пытанне — зарабатная плата. «Без жылля, без зарплаты — хоць памрыце, нічога не будзе. Вы людзей не ўтрымаеце, і „прыгоннае права“ таксама не дапаможа», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Дапамогу з боку горада і прадпрыемстваў кіраўнік дзяржавы назваў законам. «На чым ён заснаваны? І металургічны завод, і нафтаперапрацоўка, і „Беларусьнафта“ і „Гомсельмаш“ — вы людзей высмакталі з вёскі, а зараз трэба дапамагчы», — растлумачыў ён свае словы. 

Прэзідэнт настойвае, што кадры трэба вучыць па розных напрамках. Эфектыўныя гаспадаркі раёна могуць паказваць, як трэба працаваць.. 

Беларускі лідар закрануў праблему злачыннасці і карупцыі. «Злачынствы трэба гэтыя заканчваць. Не стаўце сябе пад нож. Ніякай карупцыі ў квітнеючай Беларусі мы не дапусцім. Асабліва, што тычыцца падзяжу жывёлы. Даравання гэтаму не будзе. Падзеж, кармленне жывёлы ўсё трэба рабіць своечасова і правільна», — папярэдзіў ён. 

Таксама Прэзідэнт заявіў, што ніякага пасрэдніцтва ў продажы сельгаспрадукцыі быць не павінна. Ён заклікаў кіраўнікоў гаспадаркі актыўна рухацца самім, адкрываць свае крамы. А дзяржава ўселяк падтрымае гэтыя пачынанні. 

«Я вельмі хачу, каб наша сённяшняя сустрэча не ператварылася ў нейкае навучанне, лекцыю, беспрадметную размову», — падзяліўся Прэзідэнт. Па яго словах, шчасця не з усходу і не з захаду, ні на поўдні, ні на поўначы для Беларусі няма. Калі спатыкнемся — усё.

«Трэба накарміць сваіх людзей і сябе. А ўсё астатняе — прадаваць і купляць тэхніку. Спуску мы нікому не дадзім. Усіх, хто працуе, сумленна будзе працаваць — мы ўбачым і падтрымаем. Давайце пачуем адно аднаго і зробім тое, што павінны зрабіць. З любоўю. Не атрымліваецца з любоўю — тады па неабходнасці». 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.