Размова аб тым, якімі катэгорыямі мысляць мастакі па тэкстылі, надзвычай складаная. Іх роздумы лунаюць паміж традыцыйным і наватарскім, канкрэтным і абстрактным, зямным і нябесным... Магчыма, з-за гэтай дваістасці хтосьці ў тых жа габеленах бачыць адзнакі ўстарэлага, нязначнага, «бесхрыбетнага», іншыя, як правіла тыя, хто цікавіцца непасрэдна дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, знаходзяць у іх ясныя шматабяцальныя прыкметы, якасці. Так ці інакш, айчыннае ткацтва двух апошніх дзесяцігоддзяў — з’ява асаблівая і самадастатковая.
Шмат гадоў у гэтым кірунку працавалі знакамітыя творцы Ала Непачаловіч, Уладзімір Лісавенка і Ларыса Густава. Усе яны пайшлі з жыцця летась. Памятаючы іх значны ўнёсак у беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, ролю ў развіцці беларускай школы тэкстылю і габелена, арганізатары V трыенале дэкаратыўнага мастацтва «ДЭКАРТ-22» — члены Беларускага саюза мастакоў — вырашылі прысвяціць мастакам асобную выстаўку. Месца знаходжання — галерэя «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі. У экспазіцыі прадстаўлена каля 50 габеленаў і шпалер з асабістых калекцый сем’яў аўтараў і Нацыянальнага мастацкага музея.
За той час, што няма на свеце гэтых майстроў, у пу¬блічным полі найчасцей згадваецца імя Алы Іванаўны. Шмат гадоў яна выкладала на кафедры народнай творчасці і рамёстваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Была ўдастоена звання лаўрэата ІІ Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва за адметныя тэкстыльныя кампазіцыі. Творамі Алы Непачаловіч упрыгожаны Палац Незалежнасці і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Гродзенскі драматычны тэатр і Магілёўскі абласны палац культуры. Вядома, што яе работы захоўваюцца ў многіх музеях Беларусі і замежжа.
Вобразы і сімвалы нацыянальнага, паказанага праз прыроднае, — ключавая тэма творчых пошукаў аўтара. На выстаўцы ў рамках трыенале «ДЭКАРТ-22» прадстаўлены выдатныя дэкаратыўныя работы, поўныя намёкаў і асацыяцый: «Вольная зямля» (2015), «Свір» (2003), «Кветачкі» (1995), «Цецярукі» (1995), «Святочны вечар» (2011)... Асабліва кранае «Аўтапартрэт» (2000) — выдатны прыклад самавыяўлення.
Творчасць іншага майстра — Ларысы Густавай — магчыма, не можа пахваліцца такой увагай да сябе. Ларысу Мікалаеўну звычайна згадваюць у ліку аўтараў пакалення мастакоў-тэкстыльшчыкаў, выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, з якім звязана адраджэнне нацыянальных традыцый ткацтва і тэхнікі класічнага габелена ў 1970–1980 гадах.
Так, памкненні мастачкі былі скіраваны да традыцыі — выяўлення святланоснай прыгажосці, нечаканай радасці, жаданай свежасці. Ключавы жанр творчасці Ларысы Густавай — пейзаж, аднак не спакойны і не стрыманы, якім ён часта паўстае ў беларускім габелене. Пры¬рода ў яе стракатая, кідкая, нестатычная. Адна з асноўных характарыстык адлюстраванага — ідэалізаванасць, высокая канцэнтрацыя якой назіраецца, напрыклад, у трыпціху «Цудоўны дзень» (2013). Цікавым атрымалася і прысвячэнне Алене Кіш — гаворка пра габелен «Батанічны сад» (2017), у якім выдатна спалучаны пазнавальная ўжо гармонія колераў і нязменная інтанацыя Ларысы Густавай.
Сінтэзам традыцыі народнага мастацтва і юнацкай заўзятасці вылучаецца творчасць Уладзіміра Лісавенкі. Шмат ужо сказана пра выкарыстанне аўтарам зусім невыпадковай джынсавай тканіны (джута) з уключэннямі ў палатно рознафактурных нітак (у тым ліку магнітафонных стужак). Прага да эксперыментаў счытваецца не толькі ў тэхніцы, але і ў сюжэтах. «Адам і Ева» (2009), «Вечны кліч» (2010), «Лабірынт» (2009), «Камяні, якія кацяцца» (2013), «Дзень. Ноч» (2014), «Джынсаманія» (2011) — ва ўсіх творах нельга абыходзіць увагай змест, які патрабуе засяроджанасці на самых дробных дэталях. Бо менавіта з яго (хоць ніхто не адмаўляе асаблівасцей выкарыстання матэрыялаў) вынікае і адмысловы рытм кампазіцый Уладзіміра Лісавенкі.
Убачыць работы Алы Непачаловіч, Уладзіміра Лісавенкі і Ларысы Густавай можна да 22 красавіка 2023 года.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!