Вы тут

«Беларусь» выпусціла кнігу тапанімічных паданняў «У Лепелі лепей...»


Выдавецтва «Беларусь» зрабіла чытачу ўнікальны падарунак — выпусціла ў свет кнігу тапанімічных паданняў «У Лепелі лепей...», якую склалі дасведчаныя навукоўцы Т. В. Валодзіна і Т. І. Кухаронак. Выданне адкрывае серыю «Легенды і паданні зямлі беларускай». 


Сімпатычным і вызначальным эпіграфам адкрываецца кніга «У Лепелі лепей...»: «У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў...» (Пятрусь Броўка). Старонкі зборніка, старонкі легенд і паданняў пра ўзнікненне назваў гарадоў і вёсак Беларусі гучаць як сапраўдная музыка. Тут і кароткія кампазіцыі, і сюіты, і іншыя жанры, творы ў якіх, абгрунтаванне назваў паселішчаў прыдумаў народ. У прадмове да кнігі гаворыцца: «Народныя аповеды пра ўзнікненне назваў паселішчаў прынята называць тапанімічнымі паданнямі, ад запазычанага з грэчаскай мовы слова "Тапонім" ("месца", "імя"). Такія паданні часта заснаваны на так званай народнай этымалогіі, а гэта значыць, вытлумачэнне назвы абапіраецца на сугучча з іншымі, зразумелымі словамі ці выразамі. Ну хіба жылі на месцы сучаснага Слоніма сланы? Але ж падабенства слоў дазволіла безыменнаму аўтару пасяліць гэтых жывёл на нашай Гарадзеншчыне. Ці ўзгадаем пра сто лінёў, які нібыта вылавіў нейкі ўмелец на месцы сучаснага Століна.

Частка назваў вёсак ці гарадкоў утварылася ад імёнаў іх першанасельнікаў ці яркіх асоб, як Клімавічы, абавязаныя дужаму Кліму, ці ад вымаўленых кімсьці важных слоў, як Гомель, які атрымаў сваю назву ад воклічаў "Го! Мель!" <...> Тапанімічныя паданні — сапраўды, часцей трагічныя і ў той жа час павучальныя гісторыі, галоўнымі героямі якіх выступаюць не столькі людзі, колькі вернасць і здрада, спагада і слосць, дабро і зло. Але гэта зусім не казкі, іх прыдумвалі і расказваюць не для таго, каб забаўляцыь каго-небудзь або прыемна бавіць час. Гэта аповеды з выразнай пазнавальнай і вытлумачальнай мэтай...» 

Тэксты, сабраныя ў прыгожа аформленым зборніку (мастак — Г. Каліноўская), знаёмяць нас з паданнямі пра паходжанне назваў наступных паселішчаў — Брэст, Бялынічы, Бяроза, Віцебск, Валожын, Гомель, Добруш, Зэльва, Івацэвічы, Івянец, Калінкавічы, Камянец, Капыль... Тыраж выдання — 1200 экзэмпляраў. 

Кнігу «У Лепелі лепей...» можна набыць у кнігранях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне, а таксама ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 72. Прыемнага чытання!

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.