Вы тут

Унікальныя фатаграфіі пачатку ХХ стагоддзя прадставяць на выставе ў БДУ


Фотавыстаўка «Рэпартаж з мінулага стагоддзя» з унікальнымі плёнкавымі фатаграфіямі протаіерэя Паўла Валынцэвіча адкрыецца 28 лістапада ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (вул. Кальварыйская, 9, хол 5 паверха). Гэта гістарычна каштоўная калекцыя фота адлюстроўвае хроніку жыцця і побыту беларусаў ад пачатку і да сярэдзіны ХХ стагоддзя.


Аўтар фотаздымкаў — протаіерэй Павел Валынцэвіч. Ён быў паважаным святаром, займаўся асветніцкай дзейнасцю і 65 гадоў свайго жыцця аддаў служэнню Богу. Нарадзіўся ў мястэчку Вялікая Бераставіца (Гродзенская вобласць). У 1897 годзе скончыў Віленскую духоўную семінарыю, а ў 1899 годзе стаў пробашчам Петрапаўлаўскага храма ў сяле Касута ў Вілейскім раёне. Наступнымі месцамі служэння ў розныя гады былі Узмёны, Сабакінцы, Крэва і Шарашова. Адначасова са служэннем айцец Павел працаваў школьным інспектарам, ездзіў па іншых сёлах, дзе кантактаваў з мясцовымі прыхаджанамі і вёў заняткі для дзяцей у царкоўна-прыходскай школе.

Святар быў шматграннай асобай і меў шэраг інтарэсаў. Ён займаўся пчалярствам, пісаў абразы і карціны, вывучаў прыродазнаўчыя навукі.

Айцец Павел сабраў вялікую бібліятэку, доступ да якой мелі ўсе яго прыхаджане. Аднак галоўным яго захапленнем была фатаграфія. Ён самастойна праяўляў плёнкі і друкаваў фотаздымкі. Першыя здымкі датуюцца 1900-м годам. На працягу паўстагоддзя ён фатаграфаваў людзей і падзеі, якія адбываюцца вакол. На яго здымках адлюстравана цэлая эпоха, насычаная гістарычнымі падзеямі: рэвалюцыі, войны, акупацыі і інш. Усяго фотакалекцыя протаіерэя Паўла Валынцэвіча ўключае больш за 300 здымкаў.

Наведвальнікі экспазіцыі ў БДУ змогуць убачыць больш за 30 алічбаваных фатаграфій, зробленых з аўтэнтычных негатываў аўтара, а таксама адсканаваныя копіі арыгінальных плёначных здымкаў з сямейных альбомаў. На фотакартках зафіксавана штодзённае жыццё сям’і айца Паўла і яго прыхаджан, вёскі і мястэчкі, дзе ён служыў, а таксама святочныя гулянні беларусаў, хросныя хады, уборка ўраджаю, прыродныя пейзажы і інш.

Наведаць выставу могуць усе ахвотныя бясплатна да 21 снежня.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць упраўленне па справах культуры БДУ, Беларуская праваслаўная царква, Братэрства ў гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія ў Мінску пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота: bsu.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.