Вы тут

Што трэба памятаць бацькам, каб умацаваць адносіны паміж дзецьмі


Мабыць, няма такіх сіблінгаў, якія б у дзяцінстве зусім не сварыліся і ні разу не пабіліся. Але чаму, нават стаўшы дарослымі, некаторыя працягваюць наладжваць разборкі, а то і назаўсёды разрываюць сваяцкія адносіны? Што ляжыць у аснове іх канфліктаў? Чаму дарослыя браты і сёстры часам разыходзяцца, як у моры караблі, і не хочуць ведаць адно аднаго?


Загадчыца псіхалагічнай лабараторыі Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі, медыцынскі псіхолаг Вольга НАВУМЕНКАВА расказвае, пра што трэба памятаць бацькам, каб умацаваць адносіны паміж дзецьмі і згуртаваць іх.

— Ёсць распаўсюджаны пункт гледжання: сталеючы, браты і сёстры павінны ўсведамляць кроўную блізкасць і ісці па жыцці, падзяляючы радасці і клопаты адно аднаго. Чаму ў рэальным жыцці бывае інакш?

— Сацыяльныя стэрэатыпы і міфы, навязаныя грамадствам, дастаткова моцныя. Насамрэч немагчыма прадбачыць, як складуцца адносіны паміж сіблінгамі, калі яны выпырхнуць з бацькоўскага гнязда. Нават дарослыя браты і сёстры, якія выраслі ў шчаслівых сем’ях, часам спыняюць усякія зносіны адно з адным. Нярэдкая гісторыя: у адной сям’і ў аднолькавых умовах пры аднолькавым выхаванні вырастаюць мужчыны і жанчыны, якія прытрымліваюцца зусім розных каштоўнасцяў і поглядаў, і ім адно з адным проста нецікава.

— Многія канфлікты дарослых сіблінгаў цалкам заканамерныя і сыходзяць каранямі ў дзяцінства і юнацтва. Як часта ад сталых людзей даводзіцца чуць прызнанні ў крыўдах на бацькоў: «Мама ўсё жыццё любіла брата больш, чым мяне, і нават не хавала гэтага».

— Безумоўна, адносіны братоў і сясцёр у першую чаргу фарміруюць бацькі. Старэйшым дзецям часта нагадваюць аб тым, што яны абавязаны дапамагаць, аберагаць, абараняць малодшага (-іх). Першынцаў, як правіла, такі падыход напружвае. «Вы нарадзілі гэтага маляўку мне ці сабе? Я не прасіў. Чаму павінен цяпер працаваць у вас нянькай? У некаторых выпадках, пасталеўшы, старэйшыя сыны і дочкі пры першай жа магчымасці выпырхваюць з бацькоўскага дома, марачы жыць аўтаномна, не абцяжарваючы сябе сваяцкімі сувязямі. Яны могуць падтрымліваць адносіны з бацькамі і сіблінгамі, збірацца на сямейныя святы, але цеплыні, душэўнай блізкасці, патрэбы быць побач не адчуваюць. Вядома, шмат што залежыць ад індывідуальных, асобасных якасцяў дзіцяці. Ёсць дзеці, якія прапускаюць міма вушэй бацькоўскія заўвагі, не бяруць іх блізка да сэрца. Але ёсць і чуллівыя, «танкаскурыя», якіх несправядлівае, нячулае (па іх адчуваннях) стаўленне бацькі і маці востра раніць і рэхам адгукаецца на працягу ўсяго далейшага жыцця.

— Ці праўда, што ў «выхадцаў» са шматдзетных сем’яў менш канфліктаў паміж сабой у дарослым узросце?

— Мабыць, з гэтым можна пагадзіцца, хоць шматдзетныя таксама розныя. У сіблінгаў у такіх сем’ях, як правіла, невялікая розніца ва ўзросце, а значыць, у іх ёсць агульныя інтарэсы, яны вымушаны дапамагаць адно аднаму выконваць хатнія заданні і г. д. Свой вопыт старэйшае дзіця па эстафеце перадае малодшым, браты і сёстры пастаянна ўзаемадзейнічаюць і ў выніку лягчэй адаптуюцца да ўсяго.

Калі ў бацькоў двое дзяцей, розніца паміж імі часта каля пяці гадоў і больш. Старэйшае ідзе ў школу, і зразумела, што яго крыўдзіць, калі тата і мама ў гэты час цалкам засяроджаны на малодшым. Доўгі час менавіта ён быў у цэнтры клопату дарослых, і раптам на яго забыліся, ён перастаў быць значным. «Малы» ўспрымаецца ім як канкурэнт. І часта «ў знак пратэсту», каб прыцягнуць увагу бацькі і маці, першынец не хоча наведваць школу, адмаўляецца пісаць і чытаць, пачынае хварэць. Менавіта з такіх сямейных сітуацый нярэдка «растуць ногі» наступных канфліктаў паміж сіблінгамі.

— Як павінны паводзіць сябе бацькі, каб старэйшыя дзеці не адчувалі сябе лішнімі пры з’яўленні яшчэ аднаго члена сям’і?

— Дарослыя павінны растлумачыць першынцу: яны аддаюць больш увагі малодшаму не таму, што любяць яго мацней, а таму што ён пакуль бездапаможны, мае патрэбу ў іх клопаце. Пры гэтым бацька і маці павінны знаходзіць час і на старэйшага, падкрэсліваць, які ён (яна) — выдатны, добры, чулы. Замест загаду пагуляць з малодшым можна паднесці гэта так: «Толькі табе магу даверыць пагуляць з сястрычкай (брацікам)».

Вельмі важна хваліць старэйшых за любы ўдзел у сямейных і бытавых справах. «Якая ж ты малайчына, прыгатавала вячэру, усіх нас накарміла».
У гэтых выпадках ёсць шанц, што першынцы будуць расцэньваць клопат аб малодшых як праяву даверу да сябе, адчуваць сябе больш дарослымі, чым іх аднагодкі, ганарыцца сабой. У дзяцей вельмі прамая логіка. Пахвалілі — значыць, любяць; бяруць усюды з сабой — значыць, я ім патрэбен (-на). Павышаюць голас, вечна чагосьці патрабуюць — не любяць, не разумеюць.

— Якія бацькоўскія памылкі ў адносінах да дзяцей, як правіла, сеюць зерне непрыязнасці і варожасці паміж імі?

— Асноўная памылка — умяшанне ва ўзаемаадносіны дзяцей. Бацька і маці павінны дапускаць гэта, толькі калі ёсць пагроза жыццю або здароўю сыноў і дачок. Напрыклад, старэйшы ўзяў маленькага з каляскі, і відаць, што ён можа выпусціць яго на асфальт. Астатняе ўмяшанне, напрыклад «саступі цацку», «вазьмі з сабой на вуліцу сястру», «заканчвай чытаць, завядзі браціка на плаванне» і г. д., звычайна ўносіць разлад у адносіны сіблінгаў.

— Згодна з замежнымі даследаваннямі, у 90 % бацькоў ёсць любімчыкі. Сэрцу, як вядома, не загадаеш. Гэта значыць, пачуцці да іншых дзяцей у мэтах іх «псіхалагічнай захаванасці» трэба сімуляваць?

— Сімуляцыя не дапаможа. Дзеці адчуваюць сапраўднае стаўленне бацькі і маці да сябе. Разумныя бацькі, нават аддаючы камусьці перавагу, дзеляць час, увагу і клопат на ўсіх, знаходзяць словы, каб аблашчыць кожнае дзіця, падкрэсліць добрыя якасці кожнага. Звычайна дарослыя больш любяць тых дзяцей, чые тэмперамент, рэакцыі, асаблівасці характару падобныя да іх уласных. Гэта трэба разумець і з такім улікам будаваць адносіны з сынамі і дочкамі. Не трэба іх «перакройваць» пад сябе, важна прымаць іх індывідуальнасць.

Прывяду прыклад знаёмай. Надзя — вельмі «рэактыўны» чалавек, у яе ўсё ў руках гарыць. Двое яе старэйшых дзяцей — флегматыкі, маме трэба дзесяць разоў нешта паўтарыць, каб яе пачулі. Надзі з імі няпроста. А трэцяя, малодшая Насця, — копія Надзі: з ёй значна лягчэй, і любіць яе мама крыху больш. Але на фоне Насці яна ацаніла і плюсы старэйшых і не забывае казаць ім пра гэта. Максімальнае падкрэсліванне добрых якасцяў, здольнасцяў, заслуг кожнага дзіцяці — найлепшая бацькоўская тактыка, якая нівеліруе канфлікты паміж сіблінгамі ў іх бітве за любоў мамы і таты.

— У рэальным жыцці бацькі часта ставяць любімчыка ў прыклад астатнім, толькі ўзмацняючы іх канкурэнцыю...

— На жаль, так. А яшчэ і соцыум у дадатак нярэдка забівае клін у адносіны братоў і сясцёр. Калі яны наведваюць адну і тую ж школу, выкладчыкі пэўна ж ставяць у прыклад старэйшую разумніцу-выдатніцу гультайцы-малодшай. І гэта катэгарычна няправільна. Дзеці па азначэнні розныя, іх нельга параўноўваць.

— Ці праўда, што сыноў звычайна мамы любяць больш?

— Не люблю абагульняць. Але нярэдка бацькі на прыёме адзначаюць: «У нас цудоўны сын — добра вучыцца, займаецца спортам. А вось дачка не хоча выціраць пыл». У нашай культуры так склалася: да дачок, як правіла, большыя патрабаванні, чым да сыноў. Можа, гэта таму, што на хлопчыкаў ускладваецца місія — захоўваць прозвішча? Але з гэтым можа справіцца і дзяўчынка. Калі дачка ў сям’і не адчувае любові, калі бацькоўская перавага відавочна аддаецца брату, яна будзе са скуры вылузвацца, каб яе заўважылі, старацца заслужыць любоў. Такія дзяўчынкі, як правіла, выдатна вучацца, яскрава заяўляюць аб сабе ў спорце, музыцы. Часам, наадварот, растуць свавольнымі, пастаянна трымаюць бацькоў у «тонусе», каб нагадаць пра сябе. Але любоў — безумоўнае пачуццё. Яна альбо ёсць, альбо не. І калі бацькі ўкладваюць у сына відавочна больш часу, сіл і сродкаў, чым у дачку, то напэўна дзяўчынка ў будучыні не захоча падтрымліваць з братам цёплыя адносіны.

— Канфлікты, сваркі, разрывы паміж дарослымі сіблінгамі часта адбываюцца з-за дзяльбы маёмасці пасля смерці бацькі і маці. Як павінны рабіць бацькі, каб гэта прадухіліць?

— Мне падабаецца заходні падыход у пытаннях атрымання ў спадчыну бацькоўскага капіталу і нерухомасці: колькі дзяцей, столькі і доляў. Мудрыя мамы і таты пры жыцці выслухоўваюць пажаданні нашчадкаў і складаюць завяшчанне. Калі ўсё дастаецца аднаму дзіцяці, то незадаволенасць астатніх, несправядліва абдзеленых, прадказальная і зразумелая. Трэба быць, напэўна, святым, каб прыняць падобны расклад як належнае. Успамінаю адну кліентку: яе бацькі кватэру і дачу пакінулі малодшай сястры, нічога не завяшчаўшы ні ёй, ні старэйшай дачцэ. Але жанчыны не трымалі на бацьку і маці крыўды, таму што яшчэ пры жыцці бацькі растлумачылі ім сваё рашэнне: вы замужам, забяспечаны жыллём і дачамі, а малодшая адзінокая, жыве з намі, даглядае нас і мае права разлічваць на такую «кампенсацыю». Справядлівасць, сумленнасць, адкрытасць з боку бацькоў у маёмасных пытаннях — гарант захаванасці адносін сіблінгаў.

— Крыўды паміж братамі і сёстрамі ўзнікаюць і на глебе таго, што менш паспяховыя разлічваюць на дапамогу з боку больш удачлівых, а не атрымліваюць яе. Лепш не разлічваць?

— Пачуццё абавязку павінна быць у адносінах паміж блізкімі людзьмі. А калі сястра ці брат сталі інвалідамі, трапілі ў форс-мажорную сітуацыю? Але ў ідэале чалавеку ўсё ж такі лепш разлічваць толькі на сябе. Пры неабходнасці можна проста папрасіць сіблінгаў аб дапамозе. Але ці справядліва крыўдзіцца на адмову? Можа, у іх саміх цяжкасці? Падняцца над сваімі крыўдамі, на жаль, атрымліваецца не заўсёды і не ва ўсіх. Хоць часам гэта нараджае здаровую злосць, матывуе да пошуку выйсця са складанага становішча, прымушае рабіць намаганне і браць нечаканыя для сябе самога вышыні.

— Чаму некаторыя да канца сваіх дзён не могуць пазбавіцца крыўды на бацькоў і братоў-сясцёр? Прычына ў асаблівай злапамятнасці?

— Думаю, гэта тлумачыцца індывідуальнымі рысамі людзей, а яшчэ асаблівасцямі нашай культуры. На Захадзе дзеці сыходзяць з дому ў самастойнае жыццё ў 16–18 гадоў. Яны пакідаюць бацькоў бунтуючымі і яршыстымі цінэйджарамі. Вучацца, працуюць, сталеюць, будуюць сваё жыццё. І... прыязджаюць да бацькоў і да сіблінгаў тры разы на год. Таму, як правіла, рады адно аднаго бачыць. У нас жа ў адной кватэры часам жывуць некалькі пакаленняў сям’і. Сепарацыя бацькоў і дзяцей адбываецца звычайна пазней і цяжэй, чым на Захадзе, а часам не адбываецца ўвогуле. Асабіста я перакананая: ад бацькі і маці трэба аддзяляцца своечасова, інакш непазбежныя крыўды і канфлікты.

— А калі крыўды справядлівыя, усё роўна, стаўшы дарослым, варта дараваць іх?

— Гэта лепш для нас саміх. Калі зрабіць тое не атрымліваецца, давядзецца жыць з кроватачывай ранай і пастаянна пакутаваць. Ці не лепш перагарнуць старонку і будаваць сваё шчаслівае жыццё?

— Вольга Васільеўна, маглі б Вы прывесці прыклады ўзаемаадносін сіблінгаў са сваёй практыкі, якія Вас здзівілі?

— Даўно ведаю сям’ю, дзе бацькі пецярых дзяцей усынавілі яшчэ траіх сацыяльных сірот. Ніхто з братоў і сясцёр там не скардзіцца на недахоп любові таты і мамы. Выдатна ладзяць адно з адным і родныя, і ўсыноўленыя. Для мяне гэтая згуртаваная сям’я — доказ, што ў рэальным жыцці пры правільным выхаванні любоў і гармонія паміж братамі і сёстрамі (у тым ліку не роднымі па крыві!) магчымыя.

Іншая гісторыя не менш для мяне дзіўная. Яна пра падлетка, якога мы ў свой час адправілі ва ўстанову закрытага тыпу на паўтара года. Бацьку Ягор не ведаў. Яго маці пакутавала на алкагалізм, нараджала дзяцей ад розных мужчын. Сваімі дэвіянтнымі паводзінамі ён прыводзіў у адчай навакольных — настаўнікаў, суседзяў, нас. І вось у гэтай спецустанове адзін з педагогаў здолеў знайсці да яго падыход, дастукацца да яго. У выніку Ягор выйшаў на волю абсалютна іншым чалавекам. Вярнуўшыся ў Мінск, адшукаў малодшых зводных братоў і сясцёр, пачаў пра іх клапаціцца. Паколькі хлопец ніколі не бачыў здаровых сямейных зносін, ён прыходзіў да нас і распытваў, як і чым іх лепш карміць, чаму вучыць, чым захапіць, куды звадзіць. Усе супрацоўнікі цэнтра былі ўзрушаны зменамі, якія адбыліся ў Ягору. Разумееце, нішто — ні генетыка, ні выхаванне, ні асяроддзе! — не абяцала такога ператварэння і павароту ў яго лёсе. А вось нешта «стрэліла» ў чалавеку, і ён стаў сапраўдным «старэйшым братам», які замяніў малодшым бацькоў.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота pexels.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.