Вы тут

Шчыра, востра і сумленна


Стварыць партрэт вядомага чалавека словам — яркі, пазнавальны і нечаканы — удаецца не кожнаму. Не дзіва, што на прэзентацыі трохкніжжа гутарак з дзеячамі культуры «Стваральнікі» («Созидатели») у Доме літаратараў быў аншлаг... Аўтар кніг, вядомы беларускі пісьменнік, публіцыст, журналіст Зіновій Прыгодзіч і сваю вечарыну з удзелам славутых герояў ягоных эсэ пабудаваў у выглядзе інтэрв'ю... А цяпер героем інтэрв'ю для чытачоў «Звязды» стане ён сам. Любы партрэт пачынаюць з асновы, з грунту... Для пісьменніка яго аснова — малая радзіма. Зіновій Прыгодзіч родам з вёскі Лышча Пінскага раёна, значыць, з Палесся. А што для яго — дух Палесся? Хто ўвасобіў яго ў літаратуры?


«Я — балотна-лясны чалавек»

— Калі казаць пра Палессе ў цэлым, яго ўвасабляюць мележаўскія творы і сам Мележ. А калі пра канкрэтны куточак Палесся, наш, дык нават вядомы расійскі этнограф і фалькларыст Булгакоўскі ў кнізе «Пінчукі» адзначаў яго адметнасць. Пінчукі вылучаліся сваёй гаспадарлівасцю, і тое захавалася да гэтага часу. Калі стаў працаваць у «Звяздзе», пачаў ездзіць па розных кутках Беларусі... І не ведаў, што могуць быць такія вёскі — з раскіданымі платамі, без прысад, са смеццем на вуліцы... У нашай жа вуліцы падмяталі два разы на лета, кожны насупраць свайго дома. Былі прысады з аднаго боку і другога, ясені, бярозы. Кветак шмат... Песень... Сядзібы дагледжаныя, абгароджаныя... Ніводнай хаты з падслепаватымі акенцамі. Адна толькі, дзе жыла нейкая бедная ўдава, у яе была нават гліняная падлога. Мы як на дзіва хадзілі глядзець. Саламяныя стрэхі ўжо ў маім дзяцінстве сталі знікаць, пачаліся гонты, а пасля і шыфер.

— Што ў вас там — пушча, балота, лес?

— Вёска доўгая, дамоў трыста, дзве вуліцы. Адна кіламетраў пяць, другая карацейшая — гасцінец, Кацярынінскі шлях. З аднаго боку, адразу ж за сядзібамі, — балота. Пачыналася мелка, потым глыбей, глыбей і — багна. Не раз карову выцягвалі вяроўкамі.

— Людзі танулі?

— Не. Мы ж палешукі. Людзі хадзілі і сена касіць на тое балота, ведалі, дзе можна хадзіць... А з другога боку вёскі — лес. Так што я балотна-лясны чалавек.

— У вайну вёска ацалела?

— Так. Але было ўсякае. Трох чалавек расстралялі на поплаве, што хавацца ішлі. У Лагішыне, які за дзесяць кіламетраў ад нас, немцы пакінулі атрад мадзьяраў. Зверствавалі тыя мадзьяры... Ад немца часам можна было адкупіцца, адмаліцца, а ад мадзьяра — ніяк. А ў нашых лясах дзейнічала партызанская брыгада. Пад Пінск хадзілі чыгунку ўзрываць, машыны нямецкія расстрэльвалі. У Хатынічах суседніх у час партызанскай аперацыі знішчылі нямецкі гарнізон. Як па ўсёй Беларусі, у нашых мясцінах памяць пра вайну балючая.

— А гаворка адметная?

— Так! Тры вёскі побач, і ў кожнай — свая гаворка. У нас на ката кажуць «кут», у суседняй — «кіт»... Я літаратурнай беларускай мове вучыўся ў беларускіх класікаў.

— Жонка таксама паляшучка?

— Мая жонка нарадзілася ў Томску. Маці яе — сібірачка, а бацька — беларус са Старадарожскага раёна. Капітан, паранены на фронце, трапіў у сібірскі шпіталь. Жончына маці была там доктарам — так і пазнаёміліся... Потым перацягнуў сям'ю на сваю радзіму. Усё свядомае жыццё жонкі прайшло тут, яна доўга працавала ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

— Відаць, вы ў раённай газеце і дэбютавалі?

— Так. Быў у нас Лагішынскі раён, я пасля школы два гады працаваў у «раёнцы». Збіраўся на журфак паступаць. А вясной паехаў у Дом адпачынку. А якраз у 1962 годзе Лагішынскі раён быў ліквідаваны. Прыязджаю з Дома адпачынку — ні раёна, ні газеты... Работнікаў паўладкоўвалі: каго — у Пінск, каго — у Бярозу... А я без работы. Але засталася яшчэ ліквідацыйная камісія на чале з сакратаром райкама партыі. Заходжу да яго: «А што мне рабіць? Красавік, а паступаць мне толькі ў жніўні». Ён кажа: «Не перажывай. Вядзі раённае радыё». І я тры месяцы там працаваў і рыхтаваўся да паступлення. Што датычыцца літаратурных талентаў, Гомельскае Палессе, мабыць, больш знакамітых імёнаў дало... Але мы, пінчукі, славімся Жэняй Янішчыц.

— Блізка былі з ёю знаёмыя?

— Мы сябравалі. Яе вёска і мая вёска — кіламетраў за пятнаццаць. Мы нават у адным нумары пінскай газеты «Палеская праўда» дэбютавалі. Яна — з вершам, а я — з апавяданнем. Яна яшчэ была школьніцай, а я — ужо студэнтам. Суседзямі засталіся і ў Мінску: я жыў на Пуліхава, яна — на Ульянаўскай. Працавалі ў адным Доме друку... Яна — кансультантам у «Сельскай газеце», а я — у «Звяздзе». Сваю першую аповесць я надрукаваў у «Маладосці», калі там працавала Жэня. Была такая завядзёнка: пасля публікацыі, атрымаўшы ганарар, аўтары запрашалі рэдакцыю ў рэстаран ці кафэ. Я запрасіў у кафэ «Паляўнічы». Амаль усе прыйшлі, а пасля пачосткі мы з Жэняй пайшлі пешкі дадому... Яна запрасіла да сябе, і мы да трох гадзін ночы гаварылі, Жэня чытала вершы... А колькі разам хадзілі, выступалі... Яна была вельмі шчырая, душэўная... Шкада, што абарвалася ўсё ў яе сорак гадоў.

«Прататып доўга крыўдзіўся»

— У вашай аповесці «Журба мая светлая» галоўны герой Жэня Палескі — наколькі ваша альтэр эга? Наколькі праўдзіва адноўлена ваша студэнцкае юнацтва?

— Амаль аўтабіяграфічна. Напісаў на аснове сваіх дзённікаў, якія вёў у студэнцкія гады. Калі стаў перачытваць, падумаў, што з гэтых запісаў можа атрымацца мастацкі твор. Напісаў некалькі раздзелаў, паказаў Алесю Жуку... Ён параіў: «Працягвай, будзе чытацца». І калі я вучыўся ў Маскве, тую аповесць дарабіў. Як і ў любым творы, там ёсць тыпізацыя, выдуманыя эпізоды. Напрыклад, каб зрабіць больш драматычна, я прыдумаў, што мой герой ратуе п'янага трактарыста і сам топіцца. А ў асноўным падзеі рэальныя... Некаторыя героі сябе пазналі, хоць яны там пад іншымі імёнамі. Мікола Верас — гэта Мікалай Кернога, які быў галоўным рэдактарам «Рэспублікі», лаўрэат дзяржаўнай прэміі... Апісаны Алесь Мазур, пісьменнік з Талачына, Юра Сапажкоў, паэт, мой аднакурснік... Некаторыя пакрыўдзіліся. У аповесці згадваецца студэнт Бугаёў — гультаюга, вучыцца не хоча, толькі вечар — на танцы... Прататып доўга крыўдзіўся на мяне. Але самыя вялікія непрыемнасці напаткалі пасля аповесці пра родную вёску «Ноч перад нядзеляю». У аснову паклаў жыццё маёй мамы, маіх сястры, брата... Клубок драматычных падзей. Сястра не найлепшым чынам адносілася да маці, давяла яе да інфаркту... Хоць я і стараўся акуратна напісаць, але крыўда была... Гады два з сястрой не размаўлялі. Гэтую аповесць у вёсцы чыталі усе. Толькі перад сыходам з жыцця, летась, сястра пазваніла, каб памірыцца.

— І як пісьменніку ў такім выпадку паступаць — рызыкаваць з некім пасварыцца, але пісаць праўду, або пазбягаць падобных сітуацый?

— Трэба рызыкаваць. Я не магу пісаць, выдумваючы. Я магу пісаць толькі пра тое, што перажыў, асабіста назіраў. Магу дадумаць, але... Калі пачаць наноў, я ўсё адно напісаў бы тое, што напісаў. Бо я паказаў не толькі нейкія праблемы сваёй сям'і, а праблемы агульнаграмадскія. П'янства, мяшчанства, спажывальніцтва... Калі пра гэта не гаварыць, не паказваць — нашто тады ўвогуле пісаць? Некаторыя праблемы нават завастраеш... Абагульняеш вобраз, тыпізуеш — а нехта абурыцца: «Што ты на мяне навесіў? Гэтага не было!». Няма разумення асаблівасцяў літаратуры.

— Але ж частка вашай творчасці — чыста факталогія... Вашы гутаркі-партрэты, эсэ, нарысы...

— Там чым менш адступленняў і фантазіі, тым лепш. Дзе я часам спрабаваў дапісаць нешта ад сябе, каб узбуйніць думку, — не ўспрымаецца.

— У кожнага журналіста свае прыёмы такой работы. Якія ўжываеце вы? Любіце правакаваць суразмоўца? Злаваць? Бянтэжыць? Ці добразычлівай увагай выводзіце на «паток свядомасці»?

— І тое, і тое... Ёсць людзі, якія раскрываюцца без усякіх правакацый. Проста я заўжды рыхтуюся, каб суразмоўца адчуў, што я ведаю яго творчасць, з павагай стаўлюся да ягонага занятку. Мікалай Яроменка-старэйшы расказваў выпадак з часоў, калі быў дырэктарам тэатра. Патэлефанавала маладая журналістка: «Я хацела б з вамі сустрэцца напярэдадні тэатральнага сезона». Ён кажа — «Калі ласка, прыходзьце». «А скажыце, дзе ваш тэатр знаходзіцца?». Яроменка кажа «Да пабачэння» і вешае трубку. Калі журналістка не ведае, дзе тэатр, што яна пра яго можа сказаць?

— А каго з суразмоўцаў цяжэй за ўсё было разгаварыць?

— Вельмі няўдалая сустрэча атрымалася з адной вядомай спявачкай. Я пачаў з простых пытанняў, яна абурылася, што на такія пытанні ўжо сто разоў адказвала. Я патлумачыў, што гэта не інтэрв'ю з нейкай нагоды, гэта — творчы партрэт, мне трэба ўсе жыццёвыя калізіі для паўнаты таго партрэта, не магу ж я браць з чужога інтэрв'ю... Але настрой сапсаваўся. Падчас другой сустрэчы ўжо атрымалася вельмі даверлівая, шчырая размова. Але калі занёс на вычытку, гераіня ўсё асабістае папрасіла апусціць...

— Такое нярэдка бывае — чалавек раскрыецца, распавядзе шмат цікавага пра сябе, а потым пашкадуе... Што рабіць?

— Выкрэсліваеш, хоць і шкада... А бывае і так. Адзін рэжысёр хораша распавядаў, я з захапленнем слухаў... Прынёс на вычытку, ён дайшоў да ўласных слоў — і на мяне: «Што вы за глупствы пішаце?» Я знямеў, хацеў сказаць, што магу запіс даць праслухаць, адзін да аднаго яго словы... «Не, я гэтага не гаварыў». І пачаў апавядаць зусім адваротнае, нават пра дзяцінства сваё. І вучыўся нават не там, дзе першы раз сказаў... І такое бывае.

Як прагаварыць запар восем гадзін і не стаміцца

— А якая размова была самай доўгай?

— Я звычайна сустракаюся з суразмоўцам некалькі разоў... А вось з Адамам Мальдзісам мы неяк запар прагаварылі восем гадзін. Зачапіліся за гістарычную тэму, таямніца золата Напалеона ды іншае... Кажу: «Адам Восіпавіч, можа, вы стаміліся?» У гадах жа ён быў... «Не, не, я загружаны ў іншыя дні, давай ужо дагаворым да канца!» А з Міхаілам Фінбергам наадварот было. Я зайшоў... «Паўгадзіны табе хопіць?» Я кажу: «У мяне толькі пытанняў пяцьдзясят штук». — «Як? Ты ж бачыў, у мяне людзі сядзяць! Ну, добра, давай пачнём!» І вось я пытанне — ён, як з кулямёта, адказ. Прычым я пасля амаль не правіў. І пяцьдзясят пытанняў мы «прагналі» за паўтары гадзіны. Дзеля чаго з іншым трэба было б тры дні сустракацца. Для мяне гэта стала ўрокам. Увогуле, кожны з маіх суразмоўцаў даў мне нейкі жыццёвы ўрок. Фінберг — урок вось такой арганізаванасці, сканцэнтраванасці. І я зразумеў, чаму ён змог так шмат зрабіць.

— Вы ўваходзіце ў жыццё сваіх герояў, у кантэкст іх існавання... Уражанне, што падарожнічаеце разам па іх памятных месцах. Якое было самае незвычайнае месца гутаркі?

— Звычайна гутарылі ў майстэрнях, у кабінетах... А вось з Марыяй Захарэвіч мы маем лецішчы ў Мядзельскім раёне і часта ездзім туды на маёй машыне. І ў дарозе шмат гаворым. Яна шмат чаго распавяла — пра сям'ю, канфлікты ў тэатры... І аднойчы я сказаў: «Ведаеце, вы так цікава мне расказваеце, я хачу дапоўніць і зрабіць гутарку». Заехалі да яе ў бацькоўскую хату... Шкада, многія эпізоды, цікавыя, драматычныя, яна потым пры вычытцы апусціла. А без драматургіі, драматызму любы твор пусты. Амаль тое ж было ў мяне з народным мастаком Паплаўскім. Ён так хораша расказваў, я захаваў яго стыль, панёс на вычытку — а ён даў жонцы чытаць. А жонка, навуковец-мастацтвазнаўца, усе жывыя дыялогі закрэсліла і пераказала навуковай мовай. Паплаўскі прынёс скрэслены матэрыял: «Прабачце, калі ласка... Паглядзіце, можа, нешта з заўваг улічыце, але ў асноўным хай будзе як было». Давялося ісці на кампраміс, нешта паправіць. Але жывыя эпізоды я пакінуў, бо без гэтага было б суха і нецікава.

— Так, некаторыя баяцца, што бронза сатрэцца...

— Так... А з Паплаўскім мы сябравалі, шмат сустракаліся нефармальна. У майстэрні Савіцкага я таксама шмат бываў. Савіцкі — глыбокі чалавек, вельмі адукаваны, гісторыю ведаў... У яго ў майстэрні такая бібліятэка мелася! Часам я ішоў да яго «зверыць гадзіннікі» — параўнаць ацэнкі нейкіх падзей. У яго заўсёды было сваё меркаванне. Я многае ўвёў у нашы гутаркі — пра эстэтычнае выхаванне, маральнае выхаванне... Калі б яго праграму эстэтычнага выхавання прынялі, была б вялікая справа для нашай краіны. Шмат крытыкаваў безаблічныя мікрараёны. Казаў, што архітэктура ж душу выхоўвае...

Сакрэты журналістыкі і падарожжа ў часе

— А з кім з мінулых стагоддзяў вы хацелі б правесці гутарку?

— Калі я гаварыў з сынам Коласа, столькі цікавага пачуў... І я так хацеў бы сустрэцца з Якубам Коласам. Мне здаецца, многа пра што ён не сказаў, не напісаў. Міхась Канстанцінавіч расказваў, што доўгія гады бацька спаў з «трывожным чамаданчыкам» побач — кожную ноч баяўся, што прыйдуць і арыштуюць. І таму ў сваіх выказваннях быў дужа асцярожны. Напрыклад, у яго брат жыў у Амерыцы, і неблагі пісьменнік, друкаваўся пад псеўданімам — Колас пра гэта нідзе не згадваў. З Мележам хацелася б пагаварыць як паляшук з палешуком. І, каб гэта магчыма было, пагутарыў бы са Скарынам. Калі я пісаў пра Полацк, вывучаў яго біяграфію. Надзвычай цікавая постаць... Распытаць пра тую гісторыю Беларусі, якую мы не ведаем. Да нас жа даходзіць зусім мала, і тое скажонае. Усе летапісы трэба чытаць з папраўкамі, бо ўсе яны пісаліся пад нейкага заказчыка. Адзін летапіс трэба правяраць другім...

— І, хутчэй за ўсё, мы б убачылі зусім не такога Скарыну, якога ўяўляем...

— Можа, і так. Многае ідэалізавана... А ён жа і ў турме сядзеў, і ў асабістым жыцці калізіі... А што б ён распавёў пра Полацк таго часу! Брацкая школа, езуіцкі калегіум...

— Можа, распавёў бы такое, што мы не змаглі б абнародаваць, каб не разбураць існуючыя міфы! Гэта датычыцца любога гістарычнага персанажа... Зрэшты, задаваць правільныя пытанні — майстэрства. Вы шмат займаецеся з будучымі журналістамі. Парайце ім, якія пытанні нельга задаваць у інтэрв'ю.

— Па-першае — «Якія ў вас творчыя планы?» Гэта пытанне страшна не любяць публічныя людзі. Не любяць і занадта асабістых, інтымных пытанняў. Нельга ў лоб пытацца нешта накшталт «Чаму вы кінулі сваю жонку?» І што яшчэ нельга, хоць і парушаецца спрэс... Вось задаеш пытанне, а чалавек не хоча адказваць, як не адказаў падчас вечарыны Елізар'еў на маё пытанне пра сям'ю. Нельга гаварыць: «Выбачайце, але вы не адказалі на маё пытанне!» Калі хочаш пачуць адказ, зайдзі з другога боку, больш карэктна, ускосна... Але калі і тады не атрымаецца — значыць, не трэба. Вось такія тры табу... Дарэчы, зараз я рыхтую кнігу пра сакрэты журналістыкі, у аснове якой — нашы размовы з адным з найстарэйшых журналістаў Аляксандрам Градзюшкам. Кніга будзе называцца «Как слово наше отзовется. Диалоги про журналистику».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.