Вы тут

«Ніколі не магла ўявіць, што менавіта гэты выкладчык стане маім лёсам»


Загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ — пра жыццёвыя эпізоды прафесара Ефрасінні Бондаравай.

Сёння адзначаецца стагоддзе з дня нараджэння вядомага кіназнаўцы, заслужанага дзеяча навукі БССР, доктара філалагічных навук Ефрасінні Бондаравай, якая стаяла каля вытокаў нацыянальнай школы беларускай кінакрытыкі. Амаль усё жыццё прафесар Бондарава прысвяціла даследаванню кінамастацтва, з'яўлялася экспертам нумар адзін у кінематографе. Адначасова Ефрасіння Леанідаўна выкладала на факультэце журналістыкі БДУ, дзе за паўвека настаўніцтва выхавала не адно пакаленне таленавітых людзей, сярод якіх — вядомыя пісьменнікі, мастацтвазнаўцы, кінарэжысёры, журналісты, навуковыя дзеячы...


Адна з найбольш любімых вучаніц прафесара — Людміла Саянкова-Мяльніцкая — працягвае справу сваёй Настаўніцы. Людміла Пятроўна ўзначальвае кафедру літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ, якая ў свой час была створана менавіта намаганнямі Ефрасінні Бондаравай. Як і яе Настаўніца, Людміла Саянкова-Мяльніцкая выдатна разбіраецца ў кінамастацтве, сваім вопытам дзеліцца са студэнтамі, да яе меркавання прыслухоўваюцца на шматлікіх кінафорумах. Людміла Пятроўна не хавае: у гэтым ёсць і заслуга Ефрасінні Бондаравай, з якой іх звязвалі вельмі блізкія адносіны. Загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ расказала, якой была прафесар па-за студэнцкай аўдыторыяй, чаму да меркавання Бондаравай прыслухоўваліся самыя высокія чыноўнікі і з якой прычыны на яе заняткі любілі хадзіць усе студэнты без выключэння.

— Лёс Ефрасінні Бондаравай быў няпросты. Ужо адно толькі тое, што яна перажыла Вялікую Айчынную, сведчыць аб яго драматычнасці. Ці расказвала Ефрасіння Леанідаўна пра вайну, або гэта была закрытая тэма?

— Было зразумела: яна не любіць гаварыць на тую тэму. Увогуле, я заўважаю, што многія, хто прайшоў выпрабаванні ў суровыя гады вайны, не хочуць успамінаць той час. Ефрасіння Леанідаўна заўсёды шчымліва, з нейкім унутраным болем гаварыла аб браце, які загінуў у гады вайны. Сувязь з братам у яе была вельмі цесная. Ён хацеў вучыцца ў кінематаграфічнай ВНУ. Магчыма, гэта налажыла на яе адбітак. Ваенны час Бондарава ўвогуле не згадвала. Я нават неяк спрабавала задаваць пытанні на тую тэму напрамую, але адчула, што гэта вельмі няёмка для яе і непажадана. Калі б цяпер можна было з ёй пагаварыць, я, напэўна, была б больш актыўнай і настойлівай. Тады ж не стала больш стукацца ў зачыненыя дзверы. А жаданне даведацца пра яе ваенны лёс было.

— Ефрасіння Бондарава паходзіла з простай сялянскай сям'і...

— Паколькі дзяцей у сям'і было шмат, усё было няпроста. Фактычна яна ўсяго дабівалася сама. Тое, што Ефрасіння Леанідаўна дасягнула такой вышыні, сведчыць аб яе характары, здольнасцях. Яна вырвалася з таго асяроддзя, у якім расла. Узяла высокі бар'ер і вельмі ганарылася гэтым. Але ніколі не выхвалялася. У яе не было самалюбавання. Ефрасіння Леанідаўна ведала сабе цану, магла заходзіць у любы кабінет. Яна была чалавек смелы, прамы, адкрыты, з даволі жорсткім характарам. Не так часта сустракаеш людзей, якія табе адкрыта кажуць, што ім не падабаецца, і заяўляюць аб пэўных пазіцыях. Яна магла размаўляць з кім заўгодна, ніколі не хітрыла. Характар праявіўся ўжо тады, калі яна пачынала сваю дзейнасць на журфаку. «Мы, напэўна, з вамі не спрацуемся», — прыкладна такую фразу сказаў ёй тагачасны дэкан. На што Ефрасіння Леанідаўна адказала, што прыйшла сюды не спрацоўвацца, а працаваць. У яе заўсёды была свая пазіцыя, уласны пункт гледжання. З такімі людзьмі, вядома, не вельмі зручна. Аднак да іх звяртаюцца тады, калі неабходна зразумець, што такое праўда.

З рэжысёрам Аляксандрам Яфрэмавым.

— Практычна ўсё жыццё Ефрасіння Бондарава выкладала на журфаку. Кажуць, яе вельмі любілі студэнты...

— Яна дабілася, каб у нас з'явіўся факультатыў «Гісторыя кінамастацтва». Гэта было не вельмі проста. І не ў плане сабраць студэнтаў. Яны якраз хадзілі. Ефрасіння Леанідаўна ўмела так выбудаваць адносіны са студэнтамі, што яны пастаянна наведвалі яе заняткі: і тыя, каму цікава, і тыя, каму не вельмі. Складанасць заключалася ў тым, што трэба было дамаўляцца з іншым корпусам, дзе мелася кіназала, з кінапракатам — каб нам далі на плёнцы фільм, з кінамеханікамі — каб яны нам яго паказалі. Практычна ўсю класіку савецкага і сусветнага кіно мы паглядзелі за час факультатыўных заняткаў у кіназале геаграфічнага корпуса. Цяпер думаю, якое нам было дадзена шчасце ўбачыць у аўтэнтычнай форме кіно на вялікім экране, яшчэ і з каментарыем спецыяліста. Праўда, супраць таго была адміністрацыя. Лічылася, што мастацтва, культура — неабавязковыя для студэнтаў. Ефрасіння Леанідаўна была перакананая, што гэта важна. Прымушала нас пісаць, выступаць, матывавала, каб мы не баяліся выказвацца. Бондарава памятная ўсім студэнтам старэйшага ўзросту, якія прайшлі праз яе рукі. Яна сапраўды была харызматычнай асобай, якая магла падняць цэлыя аўдыторыі і павесці за сабой, пераканаўшы ў тым, што вось гэта цікава. Бондарава прыдумала альманах навуковай мастацкай творчасці студэнтаў «Аўтограф». У ім пачыналі пісаць свае першыя навуковыя або мастацкія творы людзі, якія сталі потым вядомымі пісьменнікамі і навукоўцамі, дзеячамі кіно: Іван Чыгрынаў, Алег Слука, Міхаіл Цікоцкі, Анатоль Вярцінскі, Анатоль Алай... У свой час, падчас летняй практыкі, даводзілася ўдзельнічаць у выпуску альманаха і мне. Ефрасіння Леанідаўна нярэдка арганізоўвала нам чаяванні, кавапіцці. Увогуле, падкормліванне студэнтаў было яе «фішкай». Запомнілася, як будучы студэнткай я з'язджала на навуковую канферэнцыю ў Кіеў. А паколькі Бондарава была маім кіраўніком, адпраўляючы, дала мне грошы на паездку. Назад тыя грошы яна потым не ўзяла.

Сярод студэнтаў.

— Такія мацярынскія адносіны?

— Гэта такое чалавечае, матчына, жаночае. Хоць не скажу, што Ефрасіння Леанідаўна адрознівалася асаблівай пяшчотнасцю. Аднак ёй было ўласцівае пачуццё спачування, дапамогі. Увогуле, яна была вельмі адчувальнай, хоць магла таго не паказваць. Калі мы з ёю не сыходзіліся на пэўных думках, кожны з нас выказваў свой пункт гледжання. Яна, магчыма, у больш рэзкай форме — у рэчышчы свайго ўзросту, вопыту і статусу. Пасля нашай размовы я сыходзіла вельмі засмучанай і часам нават плакала. Яна быццам бы адчувала мой стан — тэлефанавала, прасіла прабачэння. Для яе гэта не было чымсьці сорамным. І я, калі не мела рацыю, прасіла прабачэння. Мы не цягнулі крыўду праз гады.

— Гаворачы пра Бондараву, здзіўляешся, наколькі шматпланавым быў спектр яе інтарэсаў: журналіст, кінакрытык, выкладчык... Як ёй удавалася быць паспяховай у кожнай з гэтых сфер?

— Гэта было для яе галоўным. У жанчыны ж, акрамя працы, ёсць дом, побытавыя клопаты. Гэта яе ў меншай ступені хвалявала. Яна, вядома, вяла сваю гаспадарку як разумела, але на першым месцы ў яе быў абавязак быць выкладчыкам, глядзець кіно і пісаць аб ім. Яна жыла ў такім рытме ўвесь час, нават нягледзячы на ўзрост. Днём — заняткі на факультэце, вечарам — прагляды, якія часам былі познія. Акрамя таго, Ефрасіння Леанідаўна заўсёды ўдзельнічала ў кінематаграфічных нарадах: яна была статусным кінакрытыкам, з яе меркаваннем лічыліся. Бондарава з'яўлялася членам многіх экспертных, мастацкіх саветаў. Усюды трэба было выступаць, а значыць, рыхтавацца. Яна сапраўды паспявала і глядзець, і пісаць, і выкладаць. Яшчэ і кнігі выдавала. Калі б да Бондаравай не прыйшоў дахаты, у яе заўсёды стол быў завалены кнігамі. Сядзець і пісаць ад рукі было звычайнай для яе справай.

З народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым.

— Не да кожнага прафесара студэнт можа трапіць дахаты...

— Яна запрашала не ўсіх. Толькі блізкае кола яе студэнтаў. Мне здаецца, Бондарава нават мела патрэбу ў тым, каб мы праяўлялі да яе інтарэс неяк па-хатняму. І яна магла такі інтарэс праявіць. Напрыклад, заканчваюцца ў нас заняткі, а наперадзе яшчэ — прагляды, але да іх яшчэ шмат часу. У такіх выпадках Ефрасіння Леанідаўна запрашала мяне паехаць да яе дадому, каб перакусіць. Дома яна пачынала мітусіцца, нешта падаграваць, каб накарміць студэнтку. Мне здаецца, Бондарава была адзінокім чалавекам. Таму паўнавартасна рэалізоўвала сябе там, дзе шматлюдна: перад студэнтамі, гледачамі ў кіназалах або ў нейкіх абмеркаваннях.

— Ефрасіння Бондарава па праве лічыцца адной з заснавальніц беларускай школы кінакрытыкі. Вы — адна з найбольш яркіх сучасных прадстаўніц гэтай школы. Ці можна сказаць, што на ваш прафесійны выбар паўплывала менавіта Ефрасіння Леанідаўна?

— Яе асоба ў поўнай меры паўплывала на мой прафесійны выбар. Калі я паступіла на журфак, нас, студэнтаў-першакурснікаў, сабралі ў аўдыторыі і пазнаёмілі з дэканам Рыгорам Булацкім, некаторымі выкладчыкамі, сярод якіх была Бондарава. Яна, шчыра кажучы, не адрознівалася асаблівай вытанчанасцю ў адзенні. Я нават не магла падумаць, што гэта прафесар. Імідж вучонага — не пра яе. Ніколі не магла ўявіць, што менавіта гэта выкладчыца стане маім лёсам. Яна мяне заўважыла на другім курсе. Я была звычайнай глядачкай. Аднак чамусьці яна мяне вылучыла і палічыла, што далей я павінна пісаць і гаварыць пра кіно, і пачала мяне вадзіць паўсюль. Памятаю, на трэцім курсе да нас прыйшоў выкладчык, які вельмі цікава выкладаў эканоміку. Мы нічога не разумелі ў гэтым прадмеце, а раптам усё стала ясна. Я нават падумала, што гэта маё прызванне і вырашыла пісаць на эканамічную тэму. Аб гэтым паведаміла Ефрасінні Леанідаўне. Трэба было бачыць, што з ёй адбылося ў гэты момант. Яна ўся змянілася ў твары, сказала, што гэтаму не бываць, і ўсё зрабіла для таго, каб мяне перавярнуць роўна на 180 градусаў, — фактычна вызначыла мой лёс. Я ўжо выкладчык шмат гадоў, але не валодаю такой сілай уздзеяння на студэнтаў.

— Пад кіраўніцтвам Бондаравай у выніку вы абаранілі кандыдацкую дысертацыю...

— Пра гэта пасля заканчэння журфака я ўвогуле не думала. Насуперак волі Ефрасінні Леанідаўны я паступіла ва УДІК (Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя Герасімава. — «Зв.»), скончыла яго з чырвоным дыпломам. Бондарава была задаволена, ганарылася мной. Паралельна з навучаннем яна ўсё-такі абавязала мяне пісаць кандыдацкую работу. Абаранялася я на журфаку Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (у нас не было свайго савета). Вядома, я там нікога не ведала. Каб падтрымаць мяне, у Маскву прыехала Бондарава. Яна ўжо была не юнага ўзросту — каму пераезды даюцца лёгка. Тады я не бачыла ў гэтым нічога незвычайнага. Цяпер ацэньваю яе ўчынак. Тое, што я абараніла дысертацыю па кінакрытыцы, з'яўлялася прадметам яе гонару. Бондарава мне была дараваная як вялікае шчасце. Яна мяне ўвяла ў кіно, яна прывяла мяне на факультэт журналістыкі, пад яе кіраўніцтвам я абараніла дысертацыю, яна дала мне прафесію, якую маю.

З калегамі на журфаку.

— Якія жыццёвыя ўрокі прафесара Бондаравай вам найбольш запомніліся, магчыма, спатрэбіліся ў жыцці?

— Па-першае, быць сумленнай, хоць бы перад самой сабой, і адстойваць тыя рэчы, якія сувымерныя з паняццем маралі. Для яе маральная катэгорыя была вельмі важная. Яна любіла фразу Шукшына: «Маральнасць ёсць праўда». Навучылася ў Ефрасінні Леанідаўны і неверагоднай працаздольнасці. Умець аддаваць сябе прафесіі і быць шчодрай у ёй, не лічачыся з уласным часам і, магчыма, здароўем, — вось яе пазіцыя. Магчыма, гэта не самая галоўная якасць, якой неабходна валодаць, але Бондарава жыла па гэтым прынцыпе. Гэта ўласціва і мне.

— Сёння мы гаворым пра Ефрасінню Бондараву як пра легенду айчыннай журналістыкі, кінамастацтва. А ці была яна легендай пры жыцці?

— Яна была статусным чалавекам. З ёй лічыліся. Імя Бондаравай гучала. Студэнты ведалі, хто такая Бондарава і што такое з ёй працаваць. Некаторыя калегі яе не любілі, але прыслухоўваліся да яе меркавання. Ефрасіння Леанідаўна валодала сілай, статусам, аб чым сведчыць вось які момант. Калі я была студэнткай, Дом кіно размяшчаўся ў Чырвоным касцёле. Гэта быў Дом кіно закрытага тыпу. Трапіць туды на прагляды было немагчыма, калі ў цябе няма корачкі члена Саюза кінематаграфістаў. Пра студэнтаў увогуле размовы не было. І толькі Бондарава мела права праводзіць на закрытыя прагляды студэнтаў у любой колькасці. Яна была знакавай фігурай. Аб гэтым сведчыць і тое, што менавіта ёй усесаюзнае выдавецтва «Мастацтва», якое размяшчалася ў Маскве, даручыла напісаць кнігу «Кино Советской Белоруссии». Ефрасіння Леанідаўна гучала тады ў савецкім культурным кантэксце, у беларускім кінакантэксце. Перад ёй здымалі шляпу вельмі многія чыноўнікі высокага рангу. І гэта пры тым, што яна была дастаткова прамая. Аднак за яе прамалінейнасцю, часам нязручнай, адчуваліся шчырасць і жаданне дапамагчы, імкненне нешта зрабіць дзеля добрай справы.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва Людмілы САЯНКОВАЙ-МЯЛЬНІЦКАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».