Вы тут

Формула «ідэальнай ежы»


Персаналізаванае харчаванне — гэта сучасныя рэаліі, міф, даніна модзе ці ўсё ж такі жыццёвая неабходнасць? Паразважаць над гэтымі пытаннямі было прапанавана ўдзельнікам Міжведамаснага каардынацыйнага савета па праблемах харчавання, які прайшоў у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Асноўная мэта яго дзейнасці — выпрацоўка нацыянальнай стратэгіі па паўнацэнным і бяспечным харчаванні насельніцтва краіны. Яго ўдзельнікі вызначаюць прыярытэтныя напрамкі навуковых распрацовак у гэтай сферы. Узначальвае Міжведамасны каардынацыйны савет па праблемах харчавання старшыня прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў.


Замест лекаў...

— Калі звярнуцца да эвалюцыі тэорый харчавання, то да чатырох папярэдніх дабавілася тэорыя персаналізаванага харчавання. Сёння ў наша жыццё шчыльна ўвайшла персаналізаваная медыцына, якая напрамую звязана з персаніфікацыяй харчавання, — падкрэслівае намеснік генеральнага дырэктара па стандартызацыі і якасці прадуктаў харчавання Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні, кандыдат тэхнічных навук Алена МАРГУНОВА. — Персаналізацыя харчавання — новы трэнд у харчовым забеспячэнні, таму нам важна акрэсліць перспектывы гэтага кірунку ў нашай краіне. Прагрэс у навуцы насамрэч уражвае. Здаецца, што будучыня ўжо тут. Аднак не варта адключаць крытычную ацэнку. Трэба задумацца, а наколькі тое, што сёння прапануецца сучаснай навукай, даступнае любому спажыўцу.

Адным з першых аб будучыні харчовай індустрыі выказаўся родапачынальнік сучаснай медыцыны Гіпакрат, сфармуляваўшы ідэю так: «Няхай ежа будзе вашымі лекамі, а лекі — ежай!» Ён быў адным з першых, хто прапаноўваў сваім пацыентам спецыяльнае харчаванне, зыходзячы з іх стану.

На працягу амаль 4500 гадоў, аж да 2000-х, рэкамендацыі па персаналізацыі дыеты атрымлівалі пераважна спартсмены і пацыенты, якім патрабавалася спецыялізаванае харчаванне. Прызначалася яно па рэкамендацыі ўрача, на аснове спецыфікі стану арганізма і па выніках аналізу крыві. Але гэтых звестак было насамрэч недастаткова...

Сітуацыя істотна змянілася пасля 2003 года, з завяршэннем праекта The Human Genome Project (HGP), калі чалавецтву адкрылі доступ да расшыфраванага геному чалавека. Гэта дало магчымасць даведвацца больш аб спадчынных захворваннях і іх прычынах. Высветлілася, што верагоднасць іх развіцця залежыць не толькі ад генатыпу, але і ад рацыёну харчавання. Менавіта ў гэты час і з'явіўся такі новы напрамак, як нутрыгеноміка — навука аб уплыве генаў на спажыванне і засваенне розных кампанентаў ежы. Яна дапамагае даць адказ на пытанне, чаму для аднаго чалавека прадукт — каштоўны і карысны, а іншаму ён можа нанесці шкоду і нават справакаваць развіццё пэўных захворванняў.

А ў 2007 годзе быў запушчаны яшчэ адзін праект — The Human Mіcrobіome Project, па раскрыцці разнастайнасці бактэрый і мікраарганізмаў у арганізме чалавека. Ён афіцыйна завяршыўся ў 2016 годзе і дапамог разабрацца з тым, як і на што можа паўплываць мікрабіём, у тым ліку і пра тыя наступствы, якія могуць быць выкліканы няправільным харчаваннем.

Атрыманыя ў выніку гэтых глабальных праектаў даныя дазваляюць кампаніям прапаноўваць сёння комплексныя даследаванні з мэтай скарэкціраваць харчовыя паводзіны для ўмацавання здароўя і падаўжэння актыўнага жыцця.

Лічбавы пашпарт спажыўца

Персаналізаванае харчаванне можна апісаць як канцэпцыю, пры якой мы атрымліваем індывідуальны рацыён, які ўлічвае ўплыў генатыпу чалавека і яго мікрабіёму на метабалічныя працэсы, звязаныя з засваеннем пэўных харчовых нутрыентаў.

— У паняцця «персаналізаване харчаванне» ёсць два аспекты: нутрыцыялагічны і эканамічны (сацыяльны), — тлумачыць Алена Маргунова. — Нутрыцыялагічны мае на ўвазе вывучэнне і ўлік у персаналізацыі многіх фактараў: скрынінг і ідэнтыфікацыю генаў, якія адказваюць за схільнасць да развіцця тых ці іншых захворванняў, фізіялагічныя аспекты функцыянавання арганізма, смакавыя прыхільнасці і гэтак далей, гэта значыць, канкрэтызацыю формулы «ідэальнай ежы» для канкрэтнага чалавека, якая дазволіць папярэдзіць захворванне яшчэ на бессімптомнай стадыі.

Другі — сацыяльны (эканамічны) аспект. Гэта новая сістэма харчовага забеспячэння насельніцтва, з'яўленне эканамічна больш эфектыўных тэхналогій модульнай зборкі прадуктаў і рацыёнаў пад канкрэтныя патрэбы. Цяперашняя мадэль вытворчасці прадуктаў харчавання заснавана на эфекце маштабу, менавіта таму большасць прадуктаў харчавання з'яўляюцца даступнымі. У ідэальным увасабленні персаналізацыя мае на ўвазе радыкальную перабудову вытворчага працэсу, каб мець магчымасць даць кожнаму асобнаму спажыўцу індывідуальны (створаны з улікам асаблівасцяў яго ДНК, мікрабіёму і іншых прынцыпова важных параметраў) прадукт.

Спачатку ствараецца лічбавы пашпарт спажыўца, які ўключае антрапаметрычныя даныя, звесткі пра фізічную актыўнасць чалавека, яго медыцынскія паказчыкі (біяхімію, мікрабіялогію, энергаспажыванне), генетычныя звесткі плюс харчовыя перавагі на падставе запаўнення анкетных параметраў. І ўжо на падставе гэтага распрацоўваецца лічбавы двайнік прадукту, у якім закладзены патрэбны склад нутрыентаў. Пад канкрэтнага чалавека з улікам інавацыйных, ашчадных тэхналогій перапрацоўкі сыравіны ствараецца спецыялізаваны прадукт. Фактычна персаналізаванае харчаванне — гэта сімбіёз прарыўных навуковых распрацовак у галіне генетыкі, фізіялогіі, інфармацыйных сістэм і харчовых тэхналогій.

Алена Маргунова тлумачыць: галіна персаналізаванага харчавання дзеліцца на тры сегменты. Сегмент харчавання ўключае стварэнне і вытворчасць функцыянальных харчовых прадуктаў і напіткаў (у Беларусі іх распрацоўкай для розных груп насельніцтва займаецца РНПЦ НАН Беларусі па харчаванні), дыетычных дабавак (гэта могуць быць вітаміны, раслінныя рэчывы, мінералы, бялкі і амінакіслоты, прабіётыкі, прэбіётыкі і г. д).

Другі сегмент — развіццё інструментаў актыўнага вымярэння. Сёння ва ўсім свеце актыўна ствараюцца праграмы, якія аналізуюць інфармацыю аб фізічнай актыўнасці і стане здароўя чалавека, а таксама аб яго ўзроўні стрэсу, рэжыме сну і няспання. Ну і непасрэдна сегмент паслуг — стварэнне персаналізаванага плана пры ўзаемадзеянні дыетолагаў, медыцынскіх лабараторый і кампаній па дастаўцы такой ежы на адзіных анлайн-платформах. Ёсць ужо і лідары ў аказанні паслуг у персаналізаваным харчаванні.

Карыснае меню з дастаўкай дадому

Так, кампанія Habіt (ЗША) распрацоўвае пад спажыўца індывідуальны план харчавання, заснаваны на генетычным картаванні. Вывучаюцца гены, якія ўтрымліваюць інфармацыю аб адчувальнасці да насычаных тлушчаў, вугляводаў, глютэну і лактозы, інфармацыю пра метабалізм кафеіну, тлушчаў, солі і алкаголю. Таксама гены, якія ўказваюць на рызыку развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі, патрэбу ў антыаксідантах, штодзённую патрэбу ў вітамінах групы B і D. Персаналізаваны план харчавання ўключае рацыён для аптымізацыі ці аднаўлення стану здароўя, харчовыя дабаўкі, у тым ліку распрацаваныя кампаніяй, прэбіётыкі і прабіётыкі, план фізічных трэніровак з улікам аналізу генаў, адказных за эфектыўнасць рэкамендаванай фізічнай нагрузкі. Рэкамендацыі па харчаванні і дабаўках распрацоўваюцца на 4-6 месяцаў. Спажыўцам на выбар прапануюцца стравы, прыгатаваныя ўручную шэф-кухарамі з улікам індывідуальных патрэб у харчаванні, якія дастаўляюцца кліентам. Вядома, пад вялікім пытаннем знаходзіцца даступнасць такіх рацыёнаў па прычыне іх высокага кошту, але трэба канстатаваць, што зроблены сур'ёзны крок у прасоўванні пастулатаў персаналізаванага харчавання.

Кампанія ІnsіdeTracker (ЗША) вывучае ад 25 да 43 біямаркёраў у агульным і біяхімічным аналізе крыві (прапануецца шэсць пакетаў паслуг з аналізам рознай колькасці біямаркёраў і, адпаведна, розным коштам). Пад увагу бяруцца маса цела, метабалізм, здароўе касцёва-мышачнай сістэмы (утрыманне кальцыю і вітаміну В), сіла і вынослівасць (утрыманне ў арганізме магнію, фоліевай кіслаты, вітаміну B12), паказчыкі запалення па агульным аналізе крыві і г. д. Вывучаюцца ДНК, лад жыцця чалавека, даныя аб яго фізічнай актыўнасці і рэжыме сну...

А ізраільская кампанія DayTwo распрацавала метад, які дазваляе прадказваць персаналізаваныя ўзроўні глюкознага адказу на шматкампанентныя стравы, карэкціраваць рацыён харчавання для зніжэння ўзроўню глюкозы ў крыві пасля прыёму ежы і такім чынам зніжаць рызыку развіцця аліментарна залежных захворванняў. Праблема ў тым, што пастаянны высокі ўзровень глюкозы ў крыві вядзе да хранічнага запалення ў арганізме. Між іншым, у розных людзей глюкозны адказ на прыём адной і той жа ежы можа адрознівацца.

Як жыць у гармоніі з генамі?

— Мы ўсе — розныя, таму не можа быць аднаго рацыёну харчавання на ўсіх, і тое, што падыходзіць аднаму, іншаму можа прынесці шкоду, — падкрэслівае вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Алена МІХАЛЕНКА. — Нутрыгеноміка дае адказ на пытанні, як генетыка можа ўплываць на нашы смакавыя перавагі, харчовыя паводзіны, на развіццё буліміі і анарэксіі. Існуе некалькі варыянтаў генаў, дзякуючы якім чалавек не адчувае насычэння, пераядае, не заўважаючы гэтага, што можа прыводзіць да атлусцення ці метабалічнага сіндрому. Хтосьці хоча есці бекон, а хтосьці — аўсяную кашу. Гэтаму таксама ёсць тлумачэнне. Ёсць людзі, у якіх зніжана адчувальнасць да салодкага (гэта так званыя ласуны), і ім трэба зніжаць спажыванне цукру, выкарыстоўваючы яго натуральныя замяняльнікі.

Да таго ж кожны народ мае генетычную сувязь са сваёй тэрыторыяй. Яна фарміравалася сотні тысяч гадоў. У залежнасці ад ладу жыцця, клімату, прадуктаў харчавання ў канкрэтным рэгіёне ў мясцовага насельніцтва выпрацоўваюцца асаблівыя ферменты і бялкі, якія вызначаюць засваяльнасць пажыўных рэчываў. Напрыклад, у багатай на малочныя традыцыі Галандыі лактозная недастатковасць (неўспрыманне каровінага бялку) сустракаецца толькі ў аднаго працэнта жыхароў. У жыхароў Паўночнай Еўропы гэты паказчык складае 5 працэнтаў, ва ўсходніх славян — 16—18 працэнтаў, у жыхароў Балканаў — 55 працэнтаў, у афрыканцаў — 62 працэнты, кітайцаў — 93 працэнты, а ў індзейцаў ЗША — амаль 100 працэнтаў.

«Мейнстрым» сучаснай навукі

А цяпер аб тым, наколькі прасунуліся ў напрамку персаналізаванага харчавання беларускія спецыялісты і што яны могуць прапанаваць ужо сёння.

У Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі дзейнічаюць Рэспубліканскі цэнтр геномных біятэхналогій і Рэспубліканскі цэнтр вывучэння мікрабіёму. У цэнтры геномных біятэхналогій аказваюцца паслугі па генетычным тэсціраванні схільнасці да больш чым 20 сацыяльна значных захворванняў: сардэчна-сасудзістых, астэапарозу, дыябету 2-га тыпу і іншых. Ажыццяўляецца колькасная ацэнка генетычнай рызыкі развіцця тромбагенных захворванняў. Вызначаецца генетычная схільнасць да непераноснасці лактозы і глютэну (асноўнага бялку злакавых раслін). Акрамя таго, стала магчымым вызначэнне індывідуальных генетычных асаблівасцяў метабалізму вітамінаў, алкаголю і халестэрыну.

Таксама ў Інстытуце генетыкі і цыталогіі займаюцца вывучэннем ролі мікрабіёму ў актыўным даўгалецці, шукаюць адказ на пытанне, што неабходна рабіць, каб мы не проста жылі 90 гадоў, а жылі актыўна. Лічыцца, што 90 працэнтаў захворванняў чалавека могуць быць тым ці іншым чынам звязаныя з кішэчнікам і «здароўем мікрабіёму», таму веданне асноўных механізмаў узаемадзеяння геному чалавека і яго мікрабіёму стварае вялікі патэнцыял для распрацоўкі персаналізаваных дыет і стварэння новых тэрапеўтычных агентаў. Цалкам магчыма, што далейшае вывучэнне мікрабіёму — разам з новымі генетычнымі тэхналогіямі — можа прывесці да сапраўднай рэвалюцыі ў медыцыне. Гэта «мейнстрым» сучаснай навукі.

У сваю чаргу, у Інстытуце фізіялогіі НАН Беларусі дзейнічае шматпрофільная дыягнастычная лабараторыя і група медыцынскага суправаджэння. Там праводзяцца біяхімічныя, імуналагічныя і гематалагічныя даследаванні, без якіх стварыць персанальны профіль (лічбавы пашпарт) пацыента (спажыўца) будзе немагчыма.

У РНПЦ НАН Беларусі па харчаванні ўжо распрацаваны праграмы харчавання для людзей з фенілкетанурыяй, цэліякіяй, паталогіяй сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, стрававальнай, мочавыдзяляльнай, эндакрыннай сістэм, апорна-рухальнага апарату, для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзростаў і рацыёны здаровага харчавання. Пяць праграм цяпер укараняюцца ў санаторыі «Іслач» НАН Беларусі.

— Але мы заўсёды папярэджваем, што, які б персаналізаваны план харчавання вам ні прызначылі, без змянення ладу жыцця, вашай фізічнай актыўнасці, рэжыму сну, зніжэння ўзроўню стрэсу вы не атрымаеце чаканага выніку, — кажа Алена Маргунова. — Стрэс і сон вельмі моцна ўплываюць на ўтварэнне залішняй вагі і развіццё аўтаімунных захворванняў.

Цяпер беларускія спецыялісты разам з расійскімі калегамі працуюць над канцэпцыяй праграмы Саюзнай дзяржавы «Персаніфікаванае харчаванне». Яе мэта — распрацоўка і ўкараненне ў вытворчасць падыходаў па развіцці персаналізаванага харчавання з улікам асаблівасцяў метабалізму і генетычных схільнасцяў насельніцтва Расіі і Беларусі, а таксама ведаў у галіне нутрыгеномікі і нутрыгенетыкі, умацаванне харчовага сектара дзвюх краін у адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі развіцця харчовай прамысловасці ў свеце. У Расіі вельмі сур'ёзна прасунуліся ў галіне персаналізаванага харчавання спецыялісты Маскоўскага ўніверсітэта харчовых тэхналогій і кіравання імя К. Разумоўскага.

Ёсць прагноз, паводле якога да 2035 года персаналізаванае і спецыялізаванае харчаванне зойме сур'ёзную долю сусветнага рынку і яго аб'ём узрасце з цяперашніх 90 да 344 мільярдаў долараў ЗША.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мабільны дадатак Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва раскажа пра будучую пенсію

Мабільны дадатак Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва раскажа пра будучую пенсію

Спампаваўшы яго, можна даведацца інфармацыю аб будучай пенсіі: ваш страхавы стаж, найменні работадаўцаў і час, які вы ў іх адпрацавалі, узносы, якія выплачвае работадавец.

Здароўе

Новыя тэхналогіі супраць раку. Анколагі расказалі, як лечаць пацыентаў, якія раней лічыліся неперспектыўнымі

Новыя тэхналогіі супраць раку. Анколагі расказалі, як лечаць пацыентаў, якія раней лічыліся неперспектыўнымі

Вядучыя анколагі расказалі пра новыя метады лячэння, якія яшчэ нядаўна былі недаступныя, а сёння выратоўваюць жыцці пацыентам.

Грамадства

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Працягваем сачыць за развіццём паводкавай сітуацыі.

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.