Вы тут

Скульптуры сяброў суполкі «Коўня» прадстаўлены ў Мінску


Больш за 30 твораў выстаўкі Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча «Несучаснае мастацтва-22» размясцілася ў некалькіх залах Гарадской мастацкай галерэі Л. Щчамялёва. Несучаснае, таму што ствараюць сваё мастацтва яны з павагай да традыцыі і гісторыі. 


...Яна ляціць! Узняўшы рукі, ледзь кранае зямлю — вось-вось адарвецца і залунае над ёй. А як яшчэ прыгожа і рамантычна абазначыць такую субстанцыю, як паветра? А як яе абазначыць у скульптуры, адлітай з металу, які сам па сабе цяжкі матэрыял?.. Неверагодна, але можна. Шмат што магчыма, калі за справу бяруцца майстры, беларускія мастакі, аўтары дэкаратыўнай скульптуры Мікалай Байрачны і Юрый Гудзіновіч. Іх працу можна назваць ювелірнай, яна часта звяртаецца да гісторыі і аднаўляе вобразы, пра якія мы чыталі ў кнігах і падручніках ці даведваліся ў музеях — тым больш цікава суаднесці ўяўленні, сфарміраваныя нашай свядомасцю, з тымі, што ўвасобленыя ў скульптуры і падмацаваныя жывапіснымі творамі, на якіх асобы з далёкай мінуўшчыны Беларусі і не толькі. 

Разам з невялікімі і вельмі тонкімі скульптурнымі працамі, у якіх выяўлена адчуванне вечных філасофскіх катэгорый як час, прастора, святло, творцы прадставілі частку гісторыі: ад агульначалавечай з яе драматычнымі момантамі, войнамі і ваярамі, да персанальнай, бо ёсць адсылкі да сваякоў, якія ў мінулым былі абаронцамі, заслужылі пашану і натхняюць сваіх нашчадкаў на творчасць. 

Такая творчасць патрабуе дакладнасці, бо звяртаючыся да гісторыі, трэба разумець умовы, абставіны, асаблівасці кожнага этапу жыцця людзей. Абодва аўтары выстаўкі «Несучаснае мастацтва-22» — сябры творчай суполкі «Коўня», той самай, што мела дачыненне да аднаўлення калекцыі Радзівілаўскай халоднай зброі з экспазіцыі ў Мірскім замку. Таму няма чаго здзіўляцца, што радзівілаўскі перыяд уваходзіць у прастору гэтай выстаўкі — жывапісныя творы Мікалая Байрачнага, у прыватнасці, даюць адчуванне часу Мікалая Радзівіла «Рыбанькі» і яго жонкі Францішкі Уршулі Радзівіл. Яркія асобы, якія шмат у чым вызначылі кірунак у якім на той час існавалі нашы землі і развівалася краіна пад назвай Вялікае Княства Літоўскае, і на карцінах выглядаюць ярка — так і хочацца «увайсці» ў творы ды завітаць на пышны нясвіжскі баль. Відаць, праз падобнае адчуванне прайшлі і майстры, якія на выстаўцы прадставілі невялікія скульптуры ( іх нават дома паставіць можна!) з дакладным і дэталізаваным выяўленнем гістарычных персанажаў — рыцараў, гусараў, казакоў, ваяроў і зброі, якая выкарыстоўвалася ў розныя эпохі існавання чалавецтва, ствараючы магчымасць бараніць сябе і выжыць. 

Выстаўка вабіць яшчэ і тым, што тут ёсць месца для фантазіі і працы ўяўлення кожнага асобнага гледача. Бо ўсе мы ў той ці іншай ступені чыталі казкі, вывучалі легенды і міфы сусветнай гісторыі, паглыбляліся ў таямніцы агульначалавечай культуры. А яшчэ ў кожнага свая душа, якая адчувае і разумее святло і змрок, дзень і ноч, лёгкасць і трываласць, імгненнасць і вечнасць. Разглядаючы невялікія скульптуры, углядаешся найперш у сябе, дастаеш з глыбінь далёкія веды, падключаеш гісторыі сваіх блізкіх — і знаходзіш разгадку галоўнай таямніцы гэтай выстаўкі: чаму яна чапляе? Таму што разумна і тонка, нават ювелірна. Таму што эфектна і прыгожа, нават вытанчана. Таму што вобразна, нават казачна. Але часам настолькі рэальна, што хочацца выйсці ў абстрактную прастору (таксама абазначаную аўтарамі), каб знайсці трываласць найперш унутры сябе. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».