Вы тут

Дробны ледзяны дождж цягам двух дзён глазуруе вуліцы Гомеля


Дробны ледзяны дождж цягам двух дзён глазуруе вуліцы абласнога цэнтра. Барацьба невялікага тэмпературнага мінусу і адлігі ператварыла гарадскія дарогі ў суцэльны каток. Праезджую частку камунальныя службы пачысцілі добра, а вось са слізгатой пешаходных шляхоў вялікага горада пакуль не спраўляюцца. Галалёдзіца значна дадала работы і гомельскім медыкам. Другі дзень асабліва напружанае дзяжурства нясуць спецыялісты траўматалагічнага пункта Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.


— З улікам умоў надвор'я, якое склалася цяпер у горадзе, колькасць пацыентаў з галалёднымі траўмамі павялічылася як мінімум у паўтара раза. Калі яшчэ некалькі дзён таму за змену прымалі да 40 пацыентаў з траўмамі, то гэтымі днямі не менш за 100, — паведамляе урач траўматолаг-артапед па аказанні хуткай меддапамогі Андрэй МАЛАШАНКА.

Звяртаюцца па дапамогу пасля падзення не толькі састарэлыя, але і маладыя, і сярэдняга ўзросту. На калідоры ў чаканні прыёму доктара адны жанчыны, але гэта не значыць, што мужчыны гэтымі днямі абышліся без траўмаў. Медыкі заўважаюць, што моцны пол проста менш удзяляе ўвагі наступствам падзення. Як зразумець, што неабходна звярнуцца да медыкаў?

— Ацаніце свой фізічны стан здароўя, наяўнасць болевага сіндрому. Калі вас нешта насцярожвае, то варта неадкладна звярнуцца па меддапамогу ў траўматалагічны пункт самастойна ці выклікаць «хуткую», — звяртае ўвагу Андрэй Малашанка.

Урач пералічвае галалёдныя траўмы, якія часцей за ўсё пагражаюць пешаходам.

Найперш — пераломы касцей рук у «тыповым» месцы: гэта адбываецца з-за рэфлекторнага імкнення падставіць рукі пры страце раўнавагі. Паступаюць таксама вельмі часта пацыенты з пераломамі галёнкаступнёвага сустава. Калі чалавек атрымаў лёгкую траўму, то пасля аказання дапамогі ў траўмапункце яго накіроўваюць на амбулаторнае лячэнне. Складаная траўма хутчэй за ўсё не абыдзецца без аперацыі і шпіталізацыі.

Шмат людзей з галалёднымі траўмамі паступаюць у стане шоку, справіцца з якім дапамагае папярэдняя размова з пацыентам, што праводзіць сярэдні медперсанал.

— Апытваем, пры якіх умовах, дзе чалавек паслізнуўся, вызначаем нават вуліцу, каб пазней перадаць інфармацыю камунальнікам, — расказвае аперацыйная медыцынская сястра Таццяна ЗАРЭЦКАЯ. — Важная для пацыента ў гэты момант псіхалагічная падтрымка, бо людзі настолькі баяцца болю ад выпраўлення траўміраванай канечнасці, што могуць паводзіць сябе неадэкватна.

Сіноптыкі прагназуюць працяг небяспечных умоў надвор'я і галалёдзіцу на тэрыторыі Гомельшчыны, таму варта прыслухацца да парад медыкаў. Задумайцеся перш за ўсё, ці варта выходзіць на вуліцу ў такое надвор'е. Калі ёсць магчымасць, застаньцеся дома. Асабліва гэта датычыцца пажылых. Калі вы ўсё ж такі збіраецеся выйсці ў галалёдзіцу на вуліцу, то апраніце на сябе некалькі слаёў мяккага аб'ёмнага адзення, якое змякчыць удар пры падзенні.
І памятайце, што самы каварны вораг у такіх сітуацыях — спешка.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

Загаловак у газеце: Хрустальны Гомель

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.