Вы тут

Лукашэнка: Праблемы, якія складваюцца сёння ў эканоміцы Беларусі і Расіі, пераадольныя


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу з губернатарам Прыморскага края Расійскай Федэрацыі Алегам Кажамякам. Кіраўнік Прыморскага края — часты госць ў Палацы Незалежнасці. Гэта яго трэці візіт у Беларусь за год. На парадку дня рабочай сустрэчы зноў сумесныя праекты і эканамічнае супрацоўніцтва. 


«Алег Мікалаевіч, я вельмі рады з вамі сустрэцца і яшчэ раз пачуць, што змянілася на нашым Далёкім Усходзе, як самаадчуванне эканамічнае, ці ёсць нейкія зрухі ў супрацоўніцтве з суседзямі і, натуральна, якія цяжкасці», — задаў тон сустрэчы Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт пацікавіўся, чым беларускі бок можа дапамагчы партнёрам з Прыморскага края, у якіх пытаннях трэба падставіць плячо. «Што тычыцца Беларусі, у нас у адносінах да Прыморскага края і асабіста вас нічога не змянілася. Гатовы вас сустракаць у любы час, у любое надвор’е — вы гэта павінны адчуваць. Ваша імя вельмі часта гучыць на маіх сустрэчах з кіраўніцтвам Расіі і губернатарамі, якія да нас прыязджаюць. Мы знаходзім пункты судакранання, бачым, што ўсе праблемы, якія складваюцца сёння ў эканоміцы Беларусі і Расіі пераадольныя, мы стараемся іх пераадольваць. Ёсць пэўнае тармажэнне, на жаль, бюракратычнае, гэта датычыцца не Прыморскага края, а ў цэлым нашага супрацоўніцтва з Расіяй», — адзначыў беларускі лідар. Ён праанансаваў хуткую сустрэчу са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным, падчас якой плануецца абмеркаваць гэтыя пытанні. 

«Калі нейкія дробныя пытанні зняць з паверхні, то мы значна можам рушыць наперад у плане імпартазамяшчэння — гэта самае галоўнае для нас. Гэты год паказаў, што мы справімся. Як я кажу, проста крыху часу трэба, але мы справімся», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. 

«Эканоміка працуе ўстойліва»

«У цэлым сітуацыя ў эканоміцы развіваецца дастаткова нядрэнна, гэта звязана з тым, што цяпер вектар памяняўся на ўсход і нашы порты атрымалі вялікую працу, вялікую нагрузку», — адзначыў губернатар Прымор’я. Ён расказаў, што літаральна некалькі дзён таму праз порты былі адпраўлены некалькі дзясяткаў кантэйнераў у інтарэсах беларускага вытворцы аўтамабіляў «Джылі». 

Тавараабарот паміж Беларуссю і Прыморскім краем за тры гады вырас у тры з паловай разы. «У 2022 годзе мы выразна бачым, што гэта будзе 6 мільярдаў расійскіх рублёў», — расказаў Алег Кажамяка. Ён падкрэсліў, што прымарчане рассмакавалі беларускія прадукты харчавання, у рэгіёне яны карыстаюцца вялікім попытам. Папулярная ў Прыморскім краі і беларуская тэхніка, за 10 месяцаў 2022 году ў Прымор’е пастаўлена 109 адзінак беларускай тэхнікі, сярод якіх — 21 БелАЗ. Працягваецца стварэнне сервіснага цэнтра, дзе на адной пляцоўцы будзе прадстаўлена каля 40 адзінак рознай тэхнікі беларускай вытворчасці. 

Беларусь пастаўляе ў Прыморскі край у асноўным грузавыя аўтамабілі, спецыфічныя тавары, абсталяванне і прылады для фільтравання вадкасцей або газаў, малочныя прадукты, будаўнічыя дэталі з пластмас. Аснову імпарту з Прыморскага края склалі часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў, лекавыя сродкі, мука з мясных субпрадуктаў і рыбы, аксіды бору, электрычныя акумулятары. Наладжана супрацоўніцтва расійскага рэгіёна з многімі прамысловымі прадпрыемствамі Беларусі. 

Падчас свайго візіту ў Беларусі Алег Кажамяка правёў перагаворы з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам. Кіраўнік края і члены дэлегацыі наведалі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, культурна-спартыўны комплекс «Мінск-арэна», ААТ «Амкадор» — упраўляючая кампанія холдынга", ААТ "ММЗ імя С.І.Вавілава — упраўляючая кампанія холдынга «БелАМО». Таксама ў рабочым графіку дэлегацыі Прыморскага края — перамовы з міністрам архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Русланам Пархамовічам. Таксама дэлегацыя наведае Брэст і правядзе перагаворы з кіраўніцтвам рэгіёна. 

Каментарый у тэму

Будучыня — у выбудоўванні сумесных прадпрыемстваў 

У размове з журналістамі Алег Кажамяка звярнуў увагу, што ўрадавая дэлегацыя Прымор’я абавязкова раз на год бывае ў Беларусі, каб зверыць напрамкі ўзаемадзеяння з беларускімі калегамі. Па яго словах, сустрэча з кіраўніком Беларусі дае дадатковы імпульс гэтым працэсам. Сярод абавязковых месцаў для наведвання дэлегацыяй Прымор’я стала выстава «Белагра», дзе дасягаюцца важныя дамоўленасці аб пастаўках харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі, тэхнікі для АПК. У прыморскіх прадпрыемстваў расце цікавасць да прадукцыі беларускай прамысловасці. У гарадах Прымор’я працуюць беларускія камунальная тэхніка і пасажырскі транспарт. Па словах Алегі Кажамякі, цікавасць выклікаюць электробусы. 

Працягваецца работа па стварэнні ва Уладзівастоку сэрвіснага цэнтра, дзе на адной пляцоўцы будзе прадстаўлена каля 40 адзінак рознай тэхнікі беларускай вытворчасці. Услед за гэтым будзе развівацца тавараправодная сетка беларускіх прадпрыемстваў. «За павелічэннем тавараабароту абавязкова, я думаю, прыйдуць і вытворцы на прыморскую зямлю, каб ужо на месцы валодаць складскімі запасамі і працаваць, што называецца, на рэалізацыю. За гэтым будучыня — у выбудоўванні сумесных прадпрыемстваў па сельгаспрадукцыі, і ў тым ліку па тых прадстаўніцтвах і складах, якія маглі б быць на тэрыторыі Прыморскага края для рэалізацыі прадукцыі», — адзначыў Алег Кажамяка. 

Таксама губернатар Прыморскага края разам з Прэзідэнтам Беларусі абмеркавалі магчымасць прапрацоўкі прамога рэйсу з Уладзівастока ў Мінск і з Мінска ва Уладзівасток. Алег Кажамяка ўпэўнены, што ў Беларусі ёсць мноства месцаў, якія будзе цікава наведаць прымарчанам. Гэтаксама і Прымор’ю ёсць што паказаць беларускім гасцям. Пры наяўнасці прамых авіязносін таксама было б прасцей арганізаваць адпачынак дзяцей з Прымор’я ў беларускіх здраўніцах і лагерах.

«Мне здаецца, што гэты напрамак патрабуе больш глабальнай прапрацоўкі для таго, каб мы маглі наўпрост мець зносіны, абыходзячы перасадкі», — рэзюмаваў губернатар.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.