Вы тут

Жонка сышчыка — аб тым, як дапамагаць складаным падлеткам


Прозвішча маёра Юрчанкі з Гомеля гэтай восенню чарговы раз прагучала на ўсю краіну. Старшы оперупаўнаважаны Савецкага РАУС Гомеля Аляксандр Юрчанка трэці год запар стаў пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу «Лепшы супрацоўнік крымінальнага вышуку». Падрыхтоўка і ўдзел у спаборніцтвах найлепшых у прафесіі супала з важнай падзеяй у жыцці Аляксандра Юрчанкі — нараджэннем яго маладой міліцэйскай сям'і. А сваім прыкладам праваахоўнік-чэмпіён натхніў упершыню прыняць ўдзел у сёлетнім аглядзе-конкурсе і сваю другую палавінку. Людміла Юрчанка змагалася за званне «Лепшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх». Яна выйшла ў фінал абласнога этапа і прадставіла Гомельшчыну на рэспубліканскім узроўні.


Гонар для аднавяскоўцаў

Пазнаёміцца з другой палавінкай найлепшага супрацоўніка крымінальнага вышуку Беларусі, участковым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў Савецкага раёна Гомеля Людмілай Юрчанкай давялося падчас яе нясення службы. Пры сустрэчы супрацоўнік міліцыі не адразу змагла ўдзяліць час журналісту: якраз вярнулася з участку з затрыманай грамадзянкай у стане алкагольнага ап'янення.

— Гэта мама дваіх хлопчыкаў — 2017 і 2018 гадоў нараджэння, яна вельмі злоўжывала алкаголем увесь апошні тыдзень, — адразу акунае ў спецыфіку сваёй работы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх. — У яе ўжо больш за год таму забіралі дзяцей. Жанчына змяніла свой лад жыцця, пачала працаваць — дзяцей вярнулі. Некалькі месяцаў таму зноў «сарвалася». Але атрымала прадугледжаны законам тэрмін, каб ізноў выправіць сітуацыю, стала працаваць. Жанчына, на жаль, слова свайго не стрымала і стала выпіваць. Цяпер да маці, як да абавязанай асобы, будзе прыменена пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту да 15 сутак.

У ёй, далікатнай маладзенькай дзяўчыне, пры сустрэчы не адразу распазнаеш таго самага дасведчанага спецыяліста і сапраўды аўтарытэта сярод калег. «Знешнасць — як старэйшай сястры, падлеткам, наадварот, дазваляе больш давяраць мне, адкрывацца ў сваіх праблемах», — заўважае Людміла.

Яшчэ школьніцай яна даказала, што з'яўляецца не зусім звычайнай дзяўчынай. З малых гадоў марыла працаваць у міліцыі. Скончыла 9 класаў у роднай вёсцы Лельчыцкага раёна і паспяхова вытрымала экзамены на паступленне ў Мінскае абласное кадэцкае вучылішча. Пасля стала першай дзяўчынай — ураджэнкай Лельчыцкага раёна, якая паступіла ў Інстытут Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

— З-за гэтага стала сапраўднай знакамітасцю ў сваім раёне, — узгадвае праваахоўнік. — Мяне доўгі час запрашалі ў школы, каб падзялілася вопытам: расказала, як рыхтавалася да паступлення, ішла да сваёй мэты. Сама я са шматдзетнай сямі, усяго нас чацвёра дзяцей ў бацькоў. Цяпер ў маёй роднай вясковай школе працягвае вучыцца мой малодшы брат. Калі прыязджаю дадому, то просяць мяне выступіць перад вучнямі. Цяжка адмовіць, бо цяпер вельмі рэдка даводзіцца бываць на малой радзіме.

Удзячныя за кантроль і падтрымку

У інспекцыю па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў Савецкага раёна Гомеля Людміла Юрчанка прыйшла працаваць адразу пасля размеркавання. На службе ўжо чацвёрты год. Хоць і невялікім, але вопытам капітан міліцыі дзеліцца з калегамі. Профіль аб інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Савецкага раёна Гомеля, які вядзе Людміла ў сацыяльнай сетцы, штодня атрымлівае толькі станоўчыя водгукі ад бацькоў, дзяцей, педагогаў і калег-праваахоўнікаў з самых розных куткоў Беларусі.

— Мой участак работы ахоплівае каля паўтары тысячы чалавек: гэта сем'і з дзецьмі, навучэнцы школ, каледжаў, ліцэяў, — расказвае Людміла Юрчанка. — Значную частку маёй дзейнасці займае кантроль за абавязанымі асобамі — бацькамі, абмежаванымі ў правах, з якіх утрымліваюцца грошы за выхаванне дзяржавай іх непаўналетніх дзяцей. На маім участку знаходзіцца некалькі інтэрнатаў сямейнага тыпу, дзе пражывае шмат сем'яў з дзецьмі, таму работы вельмі шмат.

Прафілактычную работу і кантроль інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх праводзіць і з вучнямі дзвюх сярэдніх школ. «Таксама на маім участку інтэрнаты навучальных устаноў, а, адпаведна, шмат іншагародніх дзяцей, якія прыязджаюць з розных населеных пунктаў ужо з пэўным «багажом» супрацьпраўных дзеянняў, — дадае інспектар. — Мне даводзіцца трымаць іх на кантролі і працягваць індывідуальную прафілактычную работу, якую пачыналі мае калегі».

Цікаўлюся ў супрацоўніка, якія сітуацыі і з дзецьмі найбольш уразілі за час службы?

— Калі я толькі прыйшла, то адразу выбыла на выклік, дзе бацька падаў заяву ў міліцыю аб крадзяжы грошай на свайго 16-гадовага сына, — узгадвае капітан міліцыі. — Паміж імі былі вельмі канфліктныя адносіны. Старэйшы ў сям'і адразу паставіў крыж на малодшым. Падтрымлівала хлопца ў яго імкненні выправіць паводзіны толькі маці і я, інспектар, — дзеліцца Людміла Юрчанка. — Атрымалася, што за год індывідуальнай прафілактычнай работы хлопец цалкам перагледзеў сваё жыццё, на вачах змяніўся ў лепшы бок. Ужо адвучыўся, атрымаў прафесію, цяпер служыць у войску і пры магчымасці перадае мне прывітанне і шчырую ўдзячнасць за маю работу. Кажа, што не пайсці па крывой дарожцы яму дапамагла толькі вера ў яго і падтрымка. Пры гэтым бацька гэтага хлопца так не даў яму ніводнага шанца даказаць, што назаўжды пашкадаваў аб тых грошах, што ўзяў.

Падтрымаць цяжкага падлетка для інспектара — гэта значыць разам з навучальнай установай, усімі органамі прафілактыкі заахвоціць непаўналетняга да станоўчай дзейнасці. Праз гурткі, секцыі, цікавыя заданні, даверлівыя гутаркі заняць увесь яго вольны час, каб не даць магчымасці ўспомніць пра былыя звычкі.

Узгадвае Людміла Дзмітрыеўна і пра іншы выпадак, які вельмі паказальны ў дзейнасці інспектара.

— Два гады таму да мяне на ўлік трапіў юнак, — кажа яна. — Папаўся на захоўванні наркатычных сродкаў. Ён быў сам з раёна, а ў Гомелі вучыўся. Калі трапіў на ўлік, маці вельмі негатыўна да гэтага паставілася: завошта, ён толькі адзін раз... З хлопцам было вельмі цяжка працаваць, але ўсе органы прафілактыкі, навучальная ўстанова дапамагалі праводзіць індывідуальную работу. І хлопец трымаўся ад былых звычак, працягваў вучыцца. Як толькі яму споўнілася 18 гадоў і інспекцыя па справах непаўналетніх страціла законныя падставы трымаць яго асобу на кантролі, хлопец кінуў вучобу, пераехаў назад у раён. Яго маці вельмі радавалася, што сына, нарэшце, знялі з уліку: усё, маўляў, свабода. Нядаўна я даведалася, што гэты хлопец падаўся на заробкі ў Расійскую Федэрацыю, але пражыў там толькі тры дні — памёр ад перадазіроўкі наркотыкаў. Са мной звязалася яго маці: зразумела, толькі дзякуючы таму, што ў Гомелі яе сын быў на кантролі, ён не памёр раней. Яна сказала: «Дзякуй, што падарылі яму хоць тыя два гады».

Людміла Юрчанка падкрэслівае, што ўсё ж такі ў асноўным усе бацькі, дзеці якіх трапілі ў поле зроку праваахоўнікаў, імкнуцца дапамагчы свайму дзіцяці выправіцца і вельмі ўдзячныя інспектарам за кантроль, дапамогу і падтрымку.

— На кожным бацькоўскім сходзе я агучваю свой нумар мабільнага, — удакладняе інспектар. — Усе на маім адміністрацыйным участку — дзеці іх бацькі, бабулі ці дзядулі — ведаюць, што могуць патэлефанаваць мне з праблемай у любы час сутак. Бываюць самыя розныя выпадкі, і вельмі часта дзеці і члены іх сям'і пасля якога-небудзь здарэння баяцца адразу ісці ў міліцыю. Але прафілактычную размову з непаўналетнім, яго бацькамі можна правесці і ў іх дома. Некаторыя баяцца, што іх паставяць адразу на ўлік ужо за прагул ў школе. Таму даводзіцца праводзіць шмат інфармацыйнай работы.

Паказчык даверу

Звязваюцца па самых розных пытаннях са сваім участковым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх не толькі падлеткі, якія стаяць на прафілактычным уліку.

— Шмат дзяцей, якія могуць пазваніць і ў дзесяць вечара і сказаць: «Дапамажыце, вось у мяне такая праблема, я не ведаю, што рабіць», — прыводзіць прыклад Людміла. — Гэта паказчык, што дзеці давяраюць інспектару. Свой тэлефон я спецыяльна пакідаю ў адміністрацыі навучальных устаноў. Калі нехта цікавіцца тым, як звязацца з інспектарам, адміністрацыя мне перадае, каму неабходна кансультацыя. Бываюць жа самыя розныя сітуацыі — ад паехаў далёка ад дома, згубіў ці скралі тэлефон да пасварыўся з маладым чалавекам ці з дарослым членам сям'і. Пераважную большасць дзяцей, якія шукаюць кантакт з інспектарам самі, не чуюць дома дарослыя, не звяртаюць увагу на іх праблемы.

Уменне выслухаць дзіця, зразумець, у чым корань праблемы часам правакацыйных паводзінаў, нежаданне быць законапаслухмяным членам грамадства — першачарговая задача яе службы. Пры гэтым дзеці, па словах інспектара па справах непаўналетніх, падобныя на вожыкаў: яны настолькі перастаюць верыць у тое, што дарослыя іх пачуюць і не пакрыўдзяць словам ці справай, што любяць хавацца за свае калючкі.

— Званочкі аб тым, што з дзіцем у любым узросце штосьці не так, — гэта яго знешні выгляд, — пераканана Людміла Юрчанка. — Вельмі часта малалетнія дзеці бацькоў, якія пачалі злоўжываць алкаголем, у дашкольнай установе накідваюцца на ежу, не могуць наесціся. Калі пытаеш, яны не тояць, што маці і бацька пілі на выхадных, дома не было чаго паесці. Звяртаецца ўвага і на стан бацькоў, якія прыводзяць дзіця ў садок. Калі маці ці бацькі прыйшлі з прыкметамі ўжывання алкаголю, то гэта падстава выклікаць супрацоўніка інспекцыі па справах непаўналетніх.

Звяртае ўвагу інспектар і на тое, што калі хтосьці ў грамадскім месцы стаў сведкам з'яўлення дзіцяці ў суправаджэнні дарослых у стане алкагольнага ап'янення, варта абавязкова выклікаць праваахоўнікаў. «Важна асэнсаваць, што любы падобны выпадак можа прывесці да супрацьпраўнага дзеяння ў адносінах да дзіцяці, пагрозы яго жыццю і здароўю», — падкрэслівае супрацоўнік органаў унутраных спраў.

Да поўнай перамогі

Два гады таму ўчастковы інспектар Людміла Юрчанка пачала весці профіль інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў Савецкага раёна Гомеля ў сацыяльнай сетцы Іnstagram.

— Падлеткам не заўсёды можна данесці інфармацыю толькі падчас прафілактычных сустрэч, таму мы прапануем многа карыснага прафілактычнага лічбавага кантэнту, — зазначае Людміла Юрчанка. — Гэта не толькі відэа з сустрэч, лістоўкі, але і фота-, і відэасправаздачы, здымкі паказальных арыштаў, затрымання за цяжкія парушэнні закона. Мы аналізуем відэа ў сацыяльнай сетцы TіkTok аб «трэндах», якія заклікаюць парушаць закон, і адразу рэагуем сваім прафілактычным матэрыялам, што той ці іншы заклік да дзеянняў супрацьзаконны, тлумачым даступна, што пагражае за такі «трэнд».

На старонку інспекцыі па справах непаўналетніх Савецкага РАУС Гомеля штодня падпісваюцца падлеткі, іх бацькі, супрацоўнікі ўсіх суб'ектаў прафілактыкі, калегі-інспектары з ўсёй краіны. Апошнім часам да падрыхтоўкі ролікаў аб прафілактыцы правапарушэнняў падключыліся і дзеці, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі і знаходзяцца на індывідуальным кантролі Людмілы Юрчанкі. Дзецям вельмі цікава, яны самі прыдумляюць сюжэты і дасылаюць ацаніць прафілактычныя ролікі, тлумачыць праваахоўнік.

Пагаварылі з суразмоўніцай і аб яе першым вопыце ўдзелу ў абласным і рэспубліканскім этапах агляду-конкурсу на званне «Лепшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх». На абласным этапе Людміле Юрчанцы да першага месца не хапіла ўсяго два балы.

— Ацэньваецца тэарэтычнае веданне ўсіх нарматыўна-прававых актаў і крымінальнага заканадаўства, тэорыя і практыка медыцынскай, агнявой падрыхтоўкі, аратарскае майстэрства. На этапе ацэнкі фізічнай падрыхтоўкі — здача нарматываў і прыёмаў самаабароны. Вось гэтым апошнім усім аспектам, лічу, надала больш увагі і недапрацавала «тэорыю». На наступны год буду абавязкова зноў змагацца і ісці ўжо да поўнай перамогі, — падзялілася інспектар і дадала, што натхняе яе змагацца у спаборніцтвах лепшых у прафесіі прыклад яе мужа-чэмпіёна Аляксандра Юрчанкі і яго вера ў яе сілы.

Як і многія міліцэйскія сем'і, яны не так шмат часу праводзяць разам: хтосьці з іх абавязкова на службе. «Але мы з мужам для сябе вырашылі, што наш асабісты час, сямейныя святы — гэта не прывязкі да канкрэтнай даты, іх можна спраўляць, заўжды калі выдаецца магчымасць, — пераканана Людміла. — Мы так і робім. Абое вельмі любім спорт. Таму для нас задавальненне пасля работы разам выйсці на прабежку, а потым пазаймацца ў спартыўнай зале».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.