Вы тут

Калядная традыцыя ў оперы


Мінскі міжнародны Калядны оперны форум айчынная публіка ўпадабала настолькі, што сёлета ён пройдзе дванаццаты раз. Сёлета за шэсць вечароў на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі прадставяць спектаклі тэатраў Расіі і Казахстана, дзве пастаноўкі нашага тэатра і дзве канцэртныя праграмы.


«Турандот».

На адкрыццё форуму, якое адбудзецца 13 снежня, запланаваная сустрэча з Маскоўскім музычным тэатрам «Гелікон-опера», які прадставіць спектакль «Яўген Анегін» (музыка Пятра Чайкоўскага) ў пастаноўцы народнага артыста Расіі Дзмітрыя Бертмана. Рэжысёр звярнуўся да версіі славутага Канстанціна Станіслаўскага, якая з’явілася напачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Вядомую кожнаму гісторыю прадставяць маладыя спевакі і галоўны дырыжор тэатра «Гелікон-опера» Валерый Кір’янаў, які стане за дырыжорскі пульт.

А голас саліста тэатра «Гелікон-опера» Івана Гынгазава пачуем яшчэ і 14 снежня — ён будзе выконваць партыю Калафа ў спектаклі «Турандот» беларускага Вялікага тэатра. Гэтага спевака ўжо ведае айчынная публіка, а ён з задавальненнем выступае ў Мінску яшчэ і таму, што мае беларускія карані. Гэтая опера ў рэпертуары нашага Вялікага тэатра значыцца амаль дзесяць гадоў, але каб прадставіць музыку Джакома Пучыні, да нашых выканаўцаў і аркестра далучыцца заслужаны артыст Азербайджана, галоўны дырыжор і музычны кіраўнік Азербайджанскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Эйюб Куліеў.

Яшчэ адзін беларускі спектакль сёлета ўдзельнічае ў форуме — опера Гаэтана Даніцэці «Любоўны напой». Прэм’ера спектакля адбылася напрыканцы мінулага сезона, і калі хто яшчэ не паспеў яго паглядзець, то самы час зрабіць гэта ў межах форуму 16 снежня — па эмоцыях спектакль адпавядае святочнаму настрою. Але і тым, хто ўжо бачыў пастаноўку Ганны Маторнай, будзе цікава паслухаць у партыі Дулькамары саліста Марыінскага тэатра Магерама Гусейнава, з якім айчынныя прыхільнікі оперы мелі магчымасць пазнаёміцца раней. За дырыжорскім пультам у гэты вечар будзе наш Алег Лясун.

Опера «Любоўны напой».

А наступны дзень — 17 снежня — абяцае сустрэчу з артыстамі з Казахстана. Тэатр «Астана Опера» прадставіць на Мінскім міжнародным Калядным оперным форуме пастаноўку «Шаўковая лесвіца» паводле Джаакіна Расіні. Цікава паслухаць казахстанскае ўвасабленне італьянскай оперы ў выкананні маладых артыстаў краіны пад кіраўніцтвам дырыжора Абзала Мухітдзінава, заслужанага дзеяча Рэспублікі Казахстан.

Спектаклі — толькі частка праграмы Каляднага форуму, бо ўвагу беларускай публікі традыцыйна прыцягваюць адмысловыя канцэрты.

Адзін з іх прадставіць маладых артыстаў двух Вялікіх тэатраў — мінскага і маскоўскага. 15 снежня гонар беларускай оперы будуць адстойваць Марта Данусевіч, Настасся Міхнавец, Дар’я Гаражанка, Дзмітрый Шабеця, Андрэй Мацюшонак, Андрэй Селюцін, Аляксандр Міхнюк, Тарас Прысяжнюк, Уладзіслаў Зазулька. Для айчыннай публікі гэтыя імёны ўжо, бадай, знаёмыя, бо значацца ў праграмках шмат якіх оперных спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі. Вялікі тэатр Расіі ў гэты вечар прадставяць Кацярына Марозава, Юлія Мазурава, артысты Маладзёжнай опернай праграмы Вялікага тэатра Ліліт Даўцян, Максім Лісіін, Жасур Хайдараў. Зноў-такі, гэта магчымасць зазірнуць у оперную будучыню нашых суседзяў. Дырыжыраваць будзе заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Калядка.

І на закрыццё Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму нас чакае Гала-канцэрт. 18 снежня на сцэне Вялікага тэатра Беларусі можна будзе пачуць знаёмых і любімых артыстаў, якія прадстаўляюць розныя краіны: Азербайджан — Магерам Гусейнаў, Тыгран Аганян — Арменію, Годэрдзі Джанелідзе прыедзе з Грузіі, Салтанат Ахметава — з Казахстану, Крысціян Бенедыкт (Літва), Раміз Усманаў (Узбекістан), а Расію — Іван Гынгазаў і Паліна Шамаева. Наша прадстаўніцтва ў гэтым канцэрце будзе даволі важкім: акрамя народнай артысткі Беларусі Настассі Масквіной на сцэну выйдуць Уладзімір Громаў, Аксана Волкава, Настасся Малевіч, Марыя Галкіна, Тарас Прысяжнюк. За дырыжорскім пультам будзе заслужаны артыст Расіі Антон Грышанін.

Адметна, што рэжысёрам абодвух канцэртных праграм сёлета выступае заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава. Форум звычайна дае магчымасць адкрыць любімых артыстаў з іншага боку і нават знаёмыя спектаклі адчуць па-новаму.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота: bolshoibelarus.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».