Вы тут

Да кітайскай касмічнай станцыі стартуе новы экіпаж


Касманаўты Фэй Цзюньлун, Дэн Цінмін і Чжан Лу сёння накіруюцца на Нацыянальную арбітальную станцыю КНР «Цяньгун» у складзе місіі касмічнага карабля «Шэньчжоў-15». Аб гэтым паведаміла Канцылярыя праграмы пілатуемай касманаўтыкі Кітая (CMSА), перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».


«Фэй Цзюньлун будзе выконваць абавязкі камандзіра карабля», — адзначаецца ў паведамленні CMSА. Касмічны карабель з тайканаўтамі на борце будзе запушчаны да станцыі з дапамогай ракеты-носьбіта «Чанчжэн-2F» са стартавай пляцоўкі касмадрома Цзюцюань, што на паўночным захадзе Кітая, у 23.08 па пекінскім часе (18.08 па мінскім часе).

У рамках гэтай місіі ўпершыню ў гісторыі кітайскай касманаўтыкі будзе праведзена ратацыя экіпажаў на арбітальнай станцыі. Некаторы час на «Цяньгун» будуць адначасова знаходзіцца шэсць чалавек, пасля чаго экіпаж місіі «Шэньчжоў-14» (Чэнь Дун, Лю Ян і Цай Цзючжэ), які працаваў на станцыі з чэрвеня гэтага года, пакіне яе і вернецца на Зямлю.

Плануецца, што новы экіпаж прабудзе на станцыі шэсць месяцаў. Для Фэя Цзюньлуна гэта місія стане другой у кар’еры тайканаўта — у 2005 годзе ён выконваў абавязкі камандзіра карабля місіі «Шэньчжоў-6», у рамках якой упершыню ў гісторыі кітайскай касманаўтыкі быў здзейснены палёт двух тайканаўтаў на арбіту і другі пілатуемы палёт, у цэлым. Два іншыя члены экіпажа адправяцца ў космас упершыню. Аб гэтым паведаміў памочнік начальніка CMSА Цзі Цымін.

Цяпер «Цяньгун» знаходзіцца на этапе будаўніцтва, пасля яго завяршэння ў канцы гэтага года пачнецца паўнацэнная эксплуатацыя арбітальнай лабараторыі. Станцыя складаецца з базавага модуля «Цяньхэ» і двух прыстыкаваных да яго па абодвух баках модуляў — «Мэньцяня» і «Вэньцяня», якія будуць выкарыстоўвацца для правядзення навуковых даследаванняў і эксперыментаў ва ўмовах бязважкасці.

Агульная вага станцыі «Цяньгун», якая будзе знаходзіцца на вышыні 400 кіламетраў, пасля завяршэння яе будаўніцтва складзе каля 90 тон. Яна будзе ў пяць разоў меншая за Міжнародную касмічную станцыю і будзе здольная на пастаяннай аснове прымаць трох членаў экіпажа (і да шасці пры змене экіпажаў). Тэрмін эксплуатацыі кітайскай касмічнай станцыі складае каля 10 год.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?