Вы тут

Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Следчага камітэта


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Следчага камітэта Дзмітрыя Гару, перадае БелТА.


«Дзмітрый Юр’евіч, без самасправаздач. Я хацеў бы пачуць галоўнае», — сказаў у пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што раней даваў даручэнне аб аператыўным разглядзе крымінальных спраў экстрэмісцкай накіраванасці, і пацікавіўся, як ідуць справы ў гэтай сферы: «У нас крымінальных спраў экстрэмісцкай накіраванасці было нямала. Нават нейкі, вобразна кажучы, запас у вас утварыўся. Мы тады дамаўляліся аб тым, што мы павінны аператыўна разгледзець крымінальныя справы экстрэмісцкай накіраванасці. Якая сітуацыя?»

Аляксандр Лукашэнка таксама згадаў аб стварэнні ў Следчым камітэце падраздзялення па процідзеянні кіберзлачынствам. «Як яно працуе? Я ўсё больш і больш чую інфармацыю ў нашых СМІ аб тым, што гэта вельмі важны напрамак і злачынстваў у гэтай сферы менш не становіцца, на жаль, — сказаў беларускі лідар. — Таму і было створана адпаведнае падраздзяленне. Якая тут сітуацыя, як яно працуе?»

Яшчэ адной тэмай на сустрэчы Прэзідэнта з кіраўніком СК стаў стан спраў у самім камітэце, работа з кадравым складам. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней, да назначэння Дзмітрыя Гары, былі пэўныя трывожныя сігналы наконт СК. «Таму давялося і кіраўніцтва да прытомнасці прыводзіць. Вы сталі старшынёй Следчага камітэта. Што за гэты час змянілася? Як працуе ведамства і канкрэтныя супрацоўнікі?» — паставіў шэраг пытанняў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў Дзмітрый Гара, адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці СК з’яўляецца выкананне даручэння па «зніжэнні астаткаў крымінальных спраў экстрэмісцкай накіраванасці», а таксама выяўленне і расследаванне сумесна з аператыўнымі службамі, МУС і КДБ новых злачынстваў гэтай катэгорыі.

У тэму

Як паведаміў журналістам старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара, падчас даклада Прэзідэнту абмяркоўваліся пытанні бягучай работы ведамства. Асаблівыя акцэнты былі растаўлены на пытаннях супрацьдзеяння экстрэмізму. «Гэта адносіцца да даручэння кіраўніка дзяржавы, якое было дадзена ў пачатку гэтага года, па скарачэнні астатку ў вядзенні крымінальных спраў экстрэмісцкай скіраванасці, — удакладніў Дзмітрый Гара. — Гэта ўстанаўленне злачынцаў, прыцягненне іх да ўстаноўленай законам адказнасці. У гэтым кірунку сумесна з органамі ўнутраных спраў, КДБ вядзецца вельмі шчыльная работа, і дастаткова рэзультатыўна. Чвэрць усіх крымінальных спраў, якія былі ўзбуджаны па экстрэмісцкай скіраванасці, накіраваны ў суды за 10 месяцаў бягучага года».

У цэлым, кажучы аб рабоце следчых, кіраўнік ведамства звярнуў увагу на тое, што ўстаноўлены асобы, якія здзейснілі звыш 69 % зарэгістраваных сёлета злачынстваў. Што датычыцца прыцягнення да крымінальнай адказнасці асоб, якія хаваюцца за мяжой, Дзмітрый Гара далажыў Прэзідэнту аб тых крымінальных справах, якія ўжо перададзены Следчым камітэтам у пракуратуру для накіравання ў суд. Па словах кіраўніка ведамства, у цяперашні час адвакаты, прызначаныя па крымінальных справах, знаёмяцца з матэрыяламі справы ў адносінах Ціханоўскай, Латушкі і іншых членаў арганізацыі, назву якой старшыня Следчага камітэта нават не захацеў агучваць. 

«Узгоднена пазіцыя з кіраўніком дзяржавы адносна накіравання ў суд у парадку спецыяльнай вытворчасці і крымінальных спраў не экстрэмісцкай накіраванасці, а ў адносінах да людзей, якія ўчынілі эканамічныя злачынствы, нанёсшы вялікую шкоду і грамадзянам, і дзяржарганізацыям, і ў якіх засталіся тут даволі вялікія актывы, якія дазволяць кампенсаваць гэтую шкоду», — паведаміў Дзмітрый Гара.

Расказаў старшыня Следчага камітэта і аб тэндэнцыях, якія хвалююць следчых: «Год-два таму нас непакоіў рост кіберзлачынстваў, або злачынстваў у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Цяпер гэта вялізны рост махлярстваў таксама з выкарыстаннем інтэрнэту, так званыя ДТЗ-махлярствы, калі тэлефануюць грамадзянам, як правіла, пажылым, кажуць пра тое, што сваяк патрапіў у ДТЗ і тэрмінова трэба перадаць грошы альбо следчаму, каб ён гэтую справу неяк правільна расследаваў, альбо ўрачу, каб ён правільна лячыў. Людзі вядуцца і губляюць велізарныя грошы». 

Акрамя таго, у Следчым камітэце занепакоены ростам колькасці рэгіструемых злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды, якія асабліва датычацца непаўналетніх. «Тут мы таксама адзначаем рост, — заўважыў Дзмітрый Гара. — Аналіз гэтай сітуацыі будзем праводзіць. Думаю, у нас павысілася выкрывальнасць. Але ўсё роўна ўсім суб’ектам прафілактыкі трэба будзе прыкласці намаганні для таго, каб выпраўляць сітуацыю менавіта ў гэтай сферы». 

Па выніках даклада кіраўніку ведамства дадзены даручэнні ў сферы кадравай работы, удасканалення работы па ўсіх напрамках. Намаганні павінны быць засяроджаны і на заканчэнні расследавання крымінальных спраў экстрэмісцкай скіраванасці.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».