Вы тут

Якога воўка баяцца?


Гатую сняданак, слухаю па радыё бадзёрыя паведамленні сіноптыка пра паўсюднае снежнае покрыва тэрыторыі краіны ды ўсміхаюся пра сябе: «Не былі вы, даражэнькія, у Брэсце». У нас даўно злезлі рэшткі першага нясмелага снегу. За акном — звыклае маркотнае чарноцце, у кантэксце якога размовы пра раннюю і прыгожую зіму выглядаюць нават крыху дзіўна і недарэчна.


Фота: pixabay.com

А яшчэ на вочы, як на грэх, трапляюцца радкі народнага паэта пра тое, як «у Піліпаўку воўк нема вые». Ну і праўда, пейзажы за акном падыходзяць хіба для ваўчыных песень. І як высвятляеццца, гэта не толькі маё ўражанне. Сусед па вясковым доме, паляўнічы з паўвекавым стажам, эмацыянальна расказвае, што яго нядаўна, мякка кажучы, уразіла. У вёсцы Ставы, што размешчана зусім побач з дзяржаўнай граніцай, яны, група паляўнічых, застаўшыся нанач у таварыша, познім вечарам пачулі такое завыванне, якога не чулі ніколі раней. «Цяжка на слых вызначыць, колькі іх было, ваўкоў: можа, паўтара дзясятка, можа, два альбо больш, але завылі некалькі адразу, а затым далучыўся цэлы хор. Гэта было страшна, дзіўна, непрывычна. Колькі жыву, не тое што на свае вушы, але нават не чуў пра такое! Ваўкі вылі разам даволі доўга. Мы ўжо і забыліся на сваю бяседу, проста моўчкі сядзелі і слухалі», — расказваў Мікалаевіч.

Потым паляўнічыя сталі вылучаць версіі, што б гэта магло быць. Адзін дапусціў, што ваўкі раней маглі прыйсці з Польшчы, іх там забаронена адстрэльваць, а цяпер, калі пабудавалі агароджу, яны не здолелі знайсці той выратавальны праход і засумавалі па родным лесе. Можа і так. Што б там ні было, але толькі адзін раз месцічы сталі сведкамі такога незвычайнага ваўчынага хору.

У нас ваўкоў не так і многа, іх страляюць кожны год. Хоць эколагі, спецыялісты Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» ў адзін голас выступаюць у абарону ваўкоў як санітараў лесу. Паводле меркавання навукоўцаў, ваўкі стаяць на варце балансу прыроды: яны знішчаюць хворых, аслабелых, нежыццяздольных парнакапытных, зайцоў ды іншых прадстаўнікоў фаўны, тым самым падтрымліваюць натуральнае здароўе прыроды. Здаровы воўк ніколі не нападзе на чалавека, калі яго не правакаваць, сцвярджаюць спецыялісты. А шаленствам шэрыя хварэюць у разы радзей, скажам, за тых жа лісіц.

На адным з прыродаахоўных сайтаў прычытала такі забаўны дыялог. «Што рабіць, калі нечакана сустрэўся з ваўком?» — спытаў наведвальнік. «Радавацца, — адказаў спецыяліст. — Бо ў жывой прыродзе надзвычай рэдка можна ўбачыць ваўка. Яны жывёліны асцярожныя».

Значыць, у аўтара гэтых радкоў ёсць нагода радавацца. Аднойчы я ўбачыла ваўка перад сабой крокаў за сто. Праўда, было гэта вельмі даўно. Маёй без малога саракагадовай пляменніцы было тады гадоў 10-12. Мы ішлі з-пад рэчкі на ўзгорак. А мясцовасць на нашай малой радзіме гарыстая, нібы ў Швейцарыі. Быў, мусіць, пачатак восені. Карацей, выходзім на высокі ўзгорак — а ён сядзіць, не калматы і аблезлы, якіх даводзілася бачыць на здымках суседзяў-паляўнічых, а прыгожы, гладкі, не шэры і не чорны, з нейкім бура-карычневым адценнем. Воля, якая і дагэтуль мышэй баіцца, раптам як гукне: «Гэта сабака ці воўк!?» І я, каб не спалохаць яе, спакойна гавару: «Сабака, не бойся». А ён тым часам, паглядзеў на нас нейкае імгненне, развярнуўся і зусім павольным трушком, падкрэслена нетаропка, з поўнай ваўчынай годнасцю, стаў аддаляцца. Запомніла тую сустрэчу на ўсё жыццё. Ваўкоў больш не бачыла, хіба ў вальерах у пушчы, у заапарках, але тамтэйшыя насельнікі мяне не ўразілі. Той быў асаблівы: гаспадар, кароль наваколля, гэтыя ж — нявольнікі, амаль ужо сабакі, заўсёды з кавалкам мяса. Ёсць розніца.

А тое, што ваўкоў надзяляюць самымі горшымі якасцямі ў казках ды іншых творах, — гавораць спецыялісты — міфалогія. Зручна схавацца за метафару, калі людзі бываюць нашмат горшымі за ваўкоў. Чыталі, відаць, альбо па тэлевізары бачылі пра злачынства ў Роўбіцку, непадалёку ад Белавежскай пушчы. Ведаю гэтую вёску, не раз там была, калі працавала ў раёнцы. Нядаўна сужыцелі-нелюдзі, ён 46 гадоў, яна 33-гадовая, забілі 85-гадовую бабульку за 90 рублёў. Яны пазычалі ў яе 10 рублёў, нібыта прынеслі доўг, далі 100-рублёвую купюру, а калі яна пачала адлічваць 90 рублёў рэшты, сталі біць пенсіянерку па галаве металічным прутом. Пісалі, што жанчына нават пульс правярала, каб упэўніцца, што ахвяра нежывая, потым хату закрылі і пайшлі ў краму купляць выпіўку. Яны ўжо сядзелі, як паведамлялася. А што будзе з 17-гадовага са Століншчыны, калі ён адседзіць? Ён патрабаваў цыгарэты ў інваліда-калясачніка. Калі апошні сказаў, што не курыць, гэты недавярак стаў збіваць нямоглага арматурай. Во гэта і ёсць тыя самыя міфалагічныя ваўкі ў чалавечым абліччы, якіх варта баяцца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».