Вы тут

Як другасная перапрацоўка адходаў садзейнічае экабяспецы краіны


 Спецыялісты галіны расказалі, што сёння робіцца ў краіне для экалагічна бяспечнага і эканамічна эфектыўнага абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі.


Паасобны збор — задача ўсіх

Утварэнне вялікіх аб'ёмаў адходаў вытворчасці і спажывання пры нізкай ступені іх другаснай перапрацоўкі і адсутнасці высокатэхналагічнай перапрацоўкі можа стаць унутранай крыніцай пагрозы нацыянальнай бяспекі ў экалагічнай сферы, заўважыла Кацярына Нясцюк, кансультант упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Айчынны закон «Аб абыходжанні з адходамі» скіраваны на памяншэнне аб'ёмаў іх утварэння і максімальнае ўцягванне ў грамадзянскі абарот і выкарыстанне. Дакументам таксама вызначана прыярытэтнасць выкарыстання адходаў перад іх абясшкоджваннем і захаваннем.

Мінпрыроды каардынуе дзейнасць работы ў галіне абыходжання з адходамі за выключэннем другасных матэрыяльных рэсурсаў, якімі займаецца Мінжылкамгас. Беларусь першая сярод краін СНД прыняла рашэнне аб забароне захавання ДМР. З 2012 года ў краіне ўведзены прынцып пашыранай адказнасці вытворцаў і пастаўшчыкоў тавараў і ўпакоўкі, згодна з якім на іх ускладзены абавязак удзельнічаць у зборы, перапрацоўцы і канчатковай утылізацыі тавараў і ўпакоўкі пасля страчвання імі спажывецкіх уласцівасцяў. Грамадзяне таксама абвязаны збіраць адходы і падзяляць іх па відах, калі для гэтага абслугоўваючымі арганізацыямі створаны адпаведныя ўмовы. Сістэма абыходжання з адходамі пастаянна ўдасканальваецца. Цягам апошняга дзесяцігоддзя павялічваецца выкарыстанне камунальных адходаў, падкрэсліла спецыяліст.

Матывацыя на сартаванне

Праз дзесяцігоддзе пасля ўвядзення прынцыпу пашыранай адказнасці вытворцаў і пастаўшчыкоў тавараў і ўпакоўкі ўзровень выкарыстання ЦКА складае 31 % (у 2012-м было 10 %), аб'ём збору другасных рэсурсаў — крыху большы за 790 тысяч тон (удвая большы, чым у 2012-м). Па асобных відах ДМР збор вырас утрая. Шкла па выніках мінулага года сабрана 192 тысячы тон (у 2012-м было каля 60 тысяч тон), пластыку — 106 тысяч тон супраць 27 тысяч тон у 2012-м, расказаў Арцём Шкрыль, намеснік дырэктара дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў»:

— Дзесяць гадоў таму зборам ДМР займалася 172 арганізацыі, цяпер — 429. Пашырылася таксама сетка прыёмна-нарыхтоўчых пунктаў. Частка насельніцтва заматывавана сартаваць адходы і здаваць іх за пэўнае ўзнагароджанне.

Павялічваць узровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў у Беларусі плануецца як за кошт развіцця сістэмы збору ДМР і іх перапрацоўкі, так і праз укараненне тэхналогій кампаставання арганічнай часткі ЦКА, а таксама іх энергетычнае выкарыстанне. Праект па вырабе альтэрнатыўнага паліва з ЦКА рэалізуецца, напрыклад, на Гродзенскім смеццеперапрацоўчым заводзе. Атрыманае паліва ў перспектыве будзе выкарыстоўвацца на цэментным заводзе «Краснасельскбудматэрыялы», удакладніў прадстаўнік аператара.

Новая папера з макулатуры

З 2012 года збор макулатуры як другаснай сыравіны ў краіне павялічыўся амаль у паўтара раза. Каля трэці ЦКА — гэта менавіта адходы паперы і кардону, сцвярджаюць эколагі. Гэта досыць запатрабаваны і лёгка перапрацоўваемы рэсурс, заўважыў Юрый Лука, дырэктар прадпрыемства «Завод газетнай паперы» — кіруючай арганізацыі «Папяровая фабрыка «Спартак»:

— Штогод на папяровай фабрыцы «Спартак» перапрацоўваецца каля 86 тысяч тон макулатуры. З яе вырабляецца каля 70 тысяч тон паперы. Выпускаецца прадукцыя для вырабу кардоннай тары (папера для гафрыравання, кардон плоскіх слаёў), санітарна-гігіенічнай прадукцыі (туалетная папера, сурвэткі, папяровыя ручнікі).

Для вырабу адной тоны цэлюлозы патрэбна каля чатырох кубаметраў драўніны. Выкарыстанне макулатуры дапамагае эканоміць лясныя рэсурсы (каля 300-350 кубаметраў за год). Адначасова таннее выраб папяровай прадукцыі, эканоміцца электраэнергія, а наваколле не засмечваецца папяровымі адходамі, падкрэсліў спецыяліст:

— З цягам часу макулатура ўскладняецца, паколькі падчас вырабу тары і ўпакоўкі выкарыстоўваюцца тэхналогіі, звязаныя з паляпшэннем яе якасці. Папера і кардон набываюць вільгацетрываласць. Многія сарты ламініруюцца. Гэта патрабуе ўскладнення тэхналогій перапрацоўкі такіх адходаў.

Вяртанне да шматразовага шкла

Арганізацыі спажывецкай кааперацыі таксама удасканальваюць сваю работу па зборы другаснай сыравіны з вясковымі жыхарамі.

— Летась спецыялісты Белкаапсаюза выплацілі жыхарам за здадзеную другасную сыравіну амаль 320 мільёнаў рублёў, а за дзевяць месяцаў сёлета — 85 мільёнаў долараў, — расказала Аксана Скіндэр, начальнік упраўлення нарыхтовак Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў «Белкаапсаюз». — Гэта адходы лому чорных і каляровых металаў, макулатура, шклабой, поліэтылен, зношаныя шыны, адходы электраабсталявання, адпрацаванае машыннае масла, тэкстыль.

У краіне арганізавана звыш 760 нарыхтоўчых пунктаў, колькасць якіх пастаянна павялічваецца, як і відаў дзейнасці. Сёлета, напрыклад, дадаўся разбор складанай бытавой тэхнікі. Забыты кірунак, якому цяпер надаецца ўвага, — вытворчасць харчовых прадуктаў у шматабаротнай шкляной тары.

— Гэта тая ніша, якая забяспечыць рывок для вытворцаў: больш экалагічна чыстая прадукцыя і тая тара, якую можна запускаць у абарот па некалькі разоў, — упэўнена прадстаўніца прадпрыемства. — Спецыялісты Белкаапсаюза летась прынялі больш за сем мільёнаў адзінак шматабаротнай шкляной тары, а сёлета — звыш за тры мільёны.

Такую тару прапаноўваюць і прадаюць вытворцам, якія выпускаюць у ёй сваю прадукцыю: сокі, піва, газіраваныя напоі. Дзякуючы праводзімай палітыцы на шкляную тару для малака і вяршкоў плануюць пераходзіць і многія малочныя заводы.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».