Вы тут

«У іх вера ў Перамогу». Выстава ўнікальных франтавых пісем адкрылася ў музеі гісторыі ВАВ


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстава «Лёсы, складзеныя ў трохкутнік» — сумесны праект БелТА і музея ВАВ да 75-годдзя Перамогі, паведамляе БелТА.


Асновай выставы сталі асабістыя пісьмы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У музеі іх захоўваецца больш за 2300, яны складаюць асобны значны фонд. Гэта салдацкія трохкутнікі, карткі, паштоўкі.

Загадчыца аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц музея гісторыі ВАВ Галіна Паўлоўская нагадала, што работа над гэтым праектам пачалася два гады таму. Гэта была ініцыятыва БелТА. «Мы выдзелілі самыя цікавыя і самыя знакавыя асабістыя пісьмы франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў у плане тэматыкі. Гэта пісьмы, у якіх прасочваецца і лёс чалавека, і нейкія ваенныя падзеі, іх ацэнка, якую даюць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Яны часам лірычныя, але ў той жа час гэта інфармацыя аб уласных лёсах, аб лёсах краіны. Гэта пісьмы ад пачатку вайны і да пераможнага мая 1945 года. Да гэтых арыгіналаў пісем прыкладаліся намі фатаграфіі, асабістыя рэчы», — расказала Галіна Паўлоўская.

«Праект дапаўняецца электронным варыянтам, дзе можна больш шырока азнаёміцца з пісьмамі, з лёсамі гэтых людзей. У цэлым гэты праект мае вельмі вялікае значэнне. Старонкі з пісем трансліраваліся таксама ў электронным варыянце ў гарадскім транспарце. Гэта ўнікальны і вельмі цікавы праект, — адзначыла загадчыца аддзела. — І сам жанр унікальны. Цяпер, калі людзі прывыклі карыстацца інтэрнэтам, ідзе актыўная перапіска ў сацыяльных сетках, але ж яна знікае, не застаецца ў памяці практычна ні следу. А гэты жанр, выкліканы ваенным жыццём, быў вельмі важны. Людзі перапісваліся, шукалі адзін аднаго. І гэта не проста асабістыя пісьмы, яны расказваюць пра лёс цэлай краіны».

Дырэктар музея Уладзімір Варапаеў дапоўніў, што значнасць праекта «Лёсы, складзеныя ў трохкутнік» складана пераацаніць. «Гэта вельмі важны і патрэбны праект, які праехаў ужо па многіх беларускіх гарадах, выклікаў вялікі рэзананс. Мы сумесна з БелТА займаемся важнай справай. Гэта ж лёсы людзей. А для нас самае галоўнае — захаваць памяць аб людзях. У пісьмах ёсць вялікае жаданне даведацца пра лёс сваіх родных і блізкіх, пра герояў, якія знаходзяцца на палях бітваў, — падкрэсліў ён. — Што можа быць даражэй, калі чалавек атрымлівае нейкую вестку. У гэтых пісьмах любоў да сваёй радзімы, сваіх родных і блізкіх. У іх вера ў Перамогу і ў той жа час словы: чакайце, я вярнуся. Гэта дарагога варта. І мы сёння гаворым аб тым, што будзем прадаўжаць гэты праект сумесна з БЕЛТА ў 2023 годзе».

«Якія эмоцыі выклікае праект асабіста ў мяне? Ведаеце, ідуць дрыжыкі па целе, калі чытаеш гэтыя пісьмы і ўяўляеш, у якіх умовах даводзілася змагацца з фашысцкімі захопнікамі. Але ні ў адным пісьме я не прачытаў нейкага расчаравання. Я толькі чытаю пісьмы людзей, якія мелі высокі баявы і маральны дух, верылі ў Перамогу. І сёння падрастаючае пакаленне павінна выхоўвацца на гэтых радках, у якіх закладзена вялікая любоў да роднай зямлі, — дадаў дырэктар музея. — Я ўдзячны ўсім супрацоўнікам БелТА, якія ўдзельнічалі ў гэтым праекце, працавалі над мастацкім афармленнем, а таксама супрацоўнікам музея за тое, што яны гэтыя пісьмы беражліва захоўваюць».

Генеральны дырэктар УП «БелТА» Ірына Акуловіч расказала, што гэта адзін з тых важных праектаў, якім сапраўды ганарыцца каманда інфармагенцтва. «Гэта вельмі кранальны праект для ўсіх нас, хаця б таму, што амаль у кожнай беларускай сям’і захоўваюцца вось такія франтавыя трохкутнікі як памяць аб бацьках, дзядах і прадзедах, як памяць аб нашай Перамозе і аб тым, якой цаной яна дасталася. Здавалася б, ну як праз пісьмы можна адчуць вайну? А вось можна. Я заўсёды, расказваючы пра гэту нашу вялікую работу, успамінаю адно маленькае пісьмо, якое з фронту напісаў сваім маці і бацьку 18-гадовы юнак. Там напісана: „Калі я загіну, памятайце мяне і чытайце мае пісьмы“. Гэты хлопчык праз два дні загінуў... А памяць аб ім жыве. І дзякуючы тысячам такіх пісем мы памятаем сваіх франтавікоў, мы памятаем сваіх продкаў, сваю гісторыю», — адзначыла Ірына Акуловіч.

«Гэта сапраўды ўнікальны праект, які дазваляе азнаёміцца з гісторыяй, у тым ліку з тэмай генацыду, — падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава. — Важнасць праекта і ў тым, што мы гэты фармат можам убачыць у інтэрнэце. Такая візуалізацыя лёгка засвойваецца і дазваляе прапусціць праз сябе асабістае тых людзей, якія пісалі гэтыя пісьмы ў гады вайны. Хацелася б, каб жыццё праекта было прадоўжана, каб наступны этап яго рэалізацыі быў пры непасрэдным удзеле самой моладзі. Згадзіцеся, нішто не можа замяніць пісьмы, гэта тое, што можна захаваць на гады, стагоддзі. І, самае галоўнае, нішто так не перадае пачуцці, як пісьмо, напісанае рукой і ад душы. І няма сумненняў у тым, што такімі праектамі мы захоўваем гістарычную памяць і праўду аб гадах Вялікай Айчыннай вайны — праз асабістыя пісьмы людзей, герояў таго часу. Кожны абзац пісьма кранае да глыбіні душы. Таму што кожнае слова настолькі важкае, моцнае, што ты адразу ўяўляеш, у якіх умовах чалавек гэта пісаў. Гэты праект — магчымасць стаць сведкам асабістых думак і перажыванняў герояў вайны».

Выстава «Лёсу, складзеныя ў трохкутнік» будзе працаваць у музеі гісторыі ВАВ да канца снежня.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».