Вы тут

Іх было 18 герояў-партызан, альбо «Нашы байцы змагаліся да апошняга...»


Сёлета 3 снежня адзначаецца 80-годдзе Лаўскага бою — адной з найярчэйшых старонак партызанскага руху ў Беларусі, бессмяротнаму подзвігу народных мсціўцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.


У мемуарах «Вечный огонь. Партизанские записки» камандзір мінскага партызанскага злучэння, Герой Савецкага Саюза, палкоўнік Раман Навумавіч Мачульскі адзначыў, што на пачатку снежня 1942 года вораг распачаў чарговую карную экспедыцыю. Наступленне ішло з боку Капыля.

Каб затрымаць праціўніка, партызаны вырашылі зрабіць засаду. Для гэтага ў вёску Клецішча накіраваліся 18 добраахвотнікаў на чале з камандзірам узвода В. І. Драздовічам.

Вікенцій Іосіфавіч нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Навасёлкі Капыльскага раёна ў сям'і батрака. У 1936-м быў прызваны ў Чырвоную армію, служыў у кавалерыйскім палку. Пасля службы працаваў калгаснікам, старшынёй сельсавета...

Сярод дабравольцаў былі Васіль Астрэйка з Капыльшчыны, у якога фашысты па-зверску замучылі маці, неразлучныя сябры—куляметчыкі — 20-гадовы Дзмітрый Цітко і 19-гадовы Павел Лыч, Міхаіл Дзесюкевіч і Іван Туміловіч з Уздзеншчыны, Іван Жыгалковіч і Сяргей Духанаў з Дзяржыншчыны... Самым малодшым у групе быў 15-гадовы Уладзімір Качаноўскі.

Група з 18 чалавек залегла на могілках і, падпусціўшы ворага на блізкую адлегласць, адкрыла агонь.

Фашысты не чакалі нічога падобнага і таму спачатку адступілі, пакідаючы на полі дзясяткі забітых, а трохі пазней адкрылі ўраганны артылерыйскі агонь па могілках, з двух бакоў сталі абыходзіць засаду. Атакі немцаў паўтараліся... Змоўк адзін з партызанскіх кулямётаў, палова смельчакоў загінула, у астатніх канчаліся патроны.

Аб гэтым камандзір узвода В. І. Драздовіч адправіў у атрад данясенне, аднак прыйсці смельчакам на выручку партызаны не змаглі, бо засада была ў чыстым полі, і немцы напіралі з усіх бакоў.

Адступаць героям таксама не выпадала: карнікі акружылі могілкі.

Нашы байцы змагаліся да апошняга патрона, потым пусцілі ў ход гранаты, а ўрэшце тыя, хто выжыў, пайшлі ўрукапашную...

Усе 18 герояў загінулі, але знішчылі 85 гітлераўцаў і на паўдня затрымалі фашыстаў каля вёскі Клецішча, што дазволіла партызанам дабіцца поспехаў на іншых участках і ў бяспечнае месца вывезці шпіталь.

...У партызанскім рукапісным часопісе была змешчана песня пра Лаўскі бой, дзе ёсць такія словы:

Не забудем вас, героев-братьев,

Что в засаде дрались, как орлы.

Слава вам, народные герои —

Партизанские богатыри!

Гэтай гераічнай старонцы прысвяцілі свае творы беларускія паэты Анатоль Астрэйка, Адам Русак і іншыя. Лаўскі бой увекавечаны і на карціне народного мастака СССР Міхаіла Савіцкага.

Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Вікенцію Іосіфавічу Драздовічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, яго імем названы вуліцы ў Мінску і аграгарадку Лясны, у цэнтры якога ўсталяваны бюст герою. Іншыя партызаны пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені. Фотаздымкі і дакументы герояў захоўваюцца ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

г. Мінск.


Мэта адна — служыць культуры

«Не шукай ты шчасця, долі на чужым, далёкім полі», — пісаў любімы Купала. І вельмі многія з яго чытачоў сапраўды не шукалі.

Надзея Уладзіміраўна Кожар з маленства жыла на Расоншчыне, амаль трыццаць гадоў працавала ў тутэйшым музеі баявой садружнасці. Яго экспанаты і дакументы — часам горкія, часам узнёслыя — сілкавалі яе любоў да людзей, шчырае захапленне мінулым сваёй Радзімы, якім так хацелася падзяліцца з іншымі! Працуючы ў музеі, Надзея Уладзіміраўна мела такую магчымасць і шчодра перадавала свае глыбокія веды, паспяхова дэманструючы пры тым і знаходлівасць, і такт, і, вядома ж, валоданне словам.

Першыя вершы на памяць малая Надзейка чытала яшчэ стоячы на табурэтцы — для сваіх сямейнікаў, для гасцей... Потым, з гадамі, прыйшло жаданне нешта напісаць самой, даслаць у рэдакцыю раённай газеты. Менавіта з яе старонак загучаў спачатку нясмелы, а потым усё больш упэўнены голас творцы: «Жыві, квітней, Айчына дарагая, // Ідзі насустрач сонечнаму дню, // Ад сэрца вершы я табе складаю, // Пяю тваю дзівосную вясну...»

У творчым набытку ў Надзеі Кожар безліч прыгожых вершаў, бо яна не толькі паэт, але і прыроджаны, можна сказаць, дэкламатар. Прынамсі, калі са сцэны ў яе выкананні гучыць паэма Міколы Нагнібеды «Расонскім маці», многім не ўдаецца стрымаць слёзы. А таму не дзіва, што прозвішча Кожар часта сустракаецца сярод пераможцаў многіх рэспубліканскіх і нават міжнародных літаратурных конкурсаў.

Адзін з адносна нядаўніх, арганізаваны часопісам «Маладосць» і Першым нацыянальным каналам беларускага радыё, стаў для Надзеі Уладзіміраўны ці не самым памятным. Праходзіў ён цягам усяго 2019 года. Па выніках кожнага месяца журы вызначала пераможцаў, потым тактоўна і добразычліва абмяркоўвала іх творы на радыё, а часопіс «Маладосць» даносіў да чытача...

Выніковае мерапрыемства конкурсу «Бацькаўшчына светлая мая», з запрашэннем у Мінск пераможцаў і фіналістаў адбылося ў Доме радыё. Нашу Расоншчыну на гэтай урачыстасці прадстаўлялі трое... І сярод іх — Надзея Кожар: першае месца ў намінацыі «Эсэ».

Творчасць пераможцы высока ацаніў паэт, перакладчык, старшыня журы конкурсу Мікола Мятліцкі. На яго думку, у творах Надзеі Кожар адчуваецца глыбіня таленту, эмацыянальнасць, пранікнёнасць, гістарычная заглыбленасць, здольныя зачароўваць і крануць сэрца кожнага.

...І нельга сказаць, што ўсё гэта — ужо ў мінулым. Нават на так званым заслужаным адпачынку Надзея Уладзіміраўна не супакоілася: яна паспела выдаць сваю досыць аб'ёмную кнігу «С любовью к Россонщине» (на дзвюх мовах), плённа пакіраваць клубам самадзейных паэтаў, напісаць і паставіць (не толькі на раённай сцэне) дзве п'есы «Вячоркі ў шляхціца Завальні» і «Серебряного века волшебство», да паказу рыхтуецца вадэвіль Надзеі Уладзіміраўны «Вечарына ў маёнтку».

Такім чынам, яна па-ранейшаму служыць: служыць людзям, прымушаючы іх задумацца над напісаным, абудзіць пачуцці, данесці мастацкае слова да самай шырокай аўдыторыі — чытачоў і слухачоў, служыць культуры.

...Вось такая наша Надзея: прыклад дабрыні, шчырай любові да сваёй зямлі.

Аляксандр МАТОШКА

Расонскі раён.


 «Нічога каштоўнага ў нас не знайшлі»

Гэтую рэч я помню да драбніц, бо яна была фантастычна прыгожай! Вялікая, колеру спелага мандарына, з букетамі руж, з махрамі па ўсім перыметры, з кутасамі на кожным ражку. Любата, а не хустка! Бабуля атрымала яе ў пасаг ад сваёй матулі і з такім імпэтам насіла...

Насіла, як водзіцца, спачатку сама, потым, калі стала падбірацца пад дзеўку, давала мне — прыбрацца на танцы, пафарсіць, прычым з нязменным наказам: «Глядзі ж... Гэта хустка вельмі дарагая... Калі хочаш, раскажу яе гісторыю», — прапанавала аднойчы бабуля. І я, вядома ж, згадзілася, думала, што пачую нешта чароўнае, але...

«Калі пачалася вайна, — задуменна прамовіла бабуля, гледзячы не тое ў вакно, не тое ў сваё мінулае, — мне было трыццаць два гады. Я ў гэтым узросце ўжо ўдава, у мяне на руках трое малых, а вёска наша, як тады казалі, пад немцамі...

І не проста на захопленай тэрыторыі, — у нас, у Радкаве, нейкі час размяшчаўся фашысцкі гарнізон. А калі ён перабраўся ў Слуцк, да нас са Старобіна зачасцілі паліцаі: заходзілі ў кожны двор, шнарылі па хлявах, па скляпах, адбіралі ў людзей усё, што можна было альбо забраць сабе, альбо прадаць на кірмашы ды нажыцца. Нічым не грэбавалі: выносілі адзенне, абутак, ежу... Шчасце яшчэ, што сярод іх быў свой чалавек — Толік, сын аднаго з вяскоўцаў. Ён папярэджваў пра кожны налёт, людзі хавалі самае каштоўнае.

Але ж аднойчы паліцаі зваліліся, як снег на галаву, прычым зайшлі ў вёску з абодвух канцоў вуліцы, каб ніхто нікога папярэдзіць не мог, сталі рабаваць... Я сама гэта ўбачыла, бо якраз да кумы ішла... Павярнулася — і бягом дадому, да сваёй хацінкі. Адчыніла куфар, дастала вось гэтую хустку (больш нічога каштоўнага у нас не было) і думаю: што ж мне рабіць? Некуды вынесці яе ды схаваць — ужо не паспею... Дык я што, — спадніцу скінула, тараноўкай абкруцілася, наноў адзелася і стаю.

А паліцаі, чую, ужо ў сенцах. Усё чыста вытраслі з куфра, потым — перавярнулі ў хаце, схадзілі ў пусты хлеў, у пуню, але ж як ні шукалі, нічога для сябе не знайшлі: дзеці — самае дарагое — былі пры мне, а пасажная хустка — на мне...

Страху я тады нацярпелася! Прычым столькі, што паліцаі (пяць чалавек было) выйшлі, а я і вобзем: звалілася, як падкошаная, і слёзы ракой.

...Тараноўку з сябе толькі ноччу зняла, акуратна склала, загарнула ў чысты ручнік і схавала.

Паліцаі прыходзілі яшчэ некалькі разоў, шукалі, нават пыталіся, дзе мая «фабрычная хустка» (нейкая ж сволач падказала, што яна была!), але я кожны раз адказвала, што памяняла яе на хлеб для дзяцей».

...І тады, у юнацтве, упершыню пачуўшы гэту гісторыю, і потым, носячы прыгожую цёплую бабуліну тараноўку, я заўсёды помніла, якой жа цаной удалося яе захаваць!

В. БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ

Салігорскі раён.


Не тыя цяпер сыркі...

Чэсь з Антосем, сябры-пенсіянеры, сышліся неяк пад вішнямі, добранька пасядзелі: выпілі, закусілі і на гэтым, на жаль, не спыніліся.

Яшчэ раз вывернуўшы кішэні, яны стрэслі грошай на бутэльку віна і два плаўленыя сыркі, Чэсь як чалавек маладзейшы збегаў у краму. Факт, што «банкет» працягваўся далей. Адзінае... Віно было як віно, а вось закуска...

— Не, не тыя сталі сыркі! Ну зусім не тыя! — ледзь варочаў языком Антось. — Раней, помніш, — беленькія, пахучыя, смачныя. А цяпер? Глянь: рыжыя нейкія, крышацца... Ды вочы б такіх не бачылі!

Іх дзядзькі б не елі, калі б цвярозыя былі, калі б нешта іншае мелі, а так...

Што атрымалася, калі дрожджы — а гэта былі менавіта яны (у стаграмовых пачках) — уступілі ў рэакцыю з алкаголем і ўсім астатнім, гісторыя замоўчвае. Факт, што не пад вішнямі і не дома дзяды правялі другую палову дня і ладны кавалак ночы. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

А. НАВАСЕЛЬСКАЯ

Мінскі раён.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?