Вы тут

Якім будзе рэспубліканскі бюджэт на 2023 год?


Асноўны фінансавы дакумент краіны на наступны год перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі прадставіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Акрамя таго, на пасяджэнні былі разгледжаны праекты законаў «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання» і «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2023 год». Аднак перш чым перайсці да абмеркавання найважнейшых дакументаў, кіраўнік урада расказаў аб сітуацыі, якая ў цяперашні момант складваецца ў эканоміцы краіны. 


Эканоміка працуе ўстойліва і стабільна

Раман Галоўчанка не стаў у каторы раз пералічваць умовы, у якіх цяпер працуе эканоміка. Яны няпростыя — гэта факт. «Гэтыя фактары аказваюць адчувальны ўплыў на стан і дзелавой, і інвестыцыйнай актыўнасці, — адзначыў прэм’ер-міністр. — Істотным гандлёвым абмежаванням падвергліся эканомікафарміруючыя галіны беларускай прамысловасці. Асноўны ўдар прынялі на сябе валаўтваральныя і буйныя прамысловыя прадпрыемствы. Гэта зразумела, бо менавіта яны былі мішэнню і застаюцца ёй для тых сіл, якія прымаюць гэтыя меры ў адносінах да Беларусі. Вядома, праз гэтыя сектары санкцыі і іншыя рэстрыксы накладваюцца і на сумежныя сектары эканомікі — перш за ўсё, на грузаперавозкі і аптовы гандаль.

Дзякуючы аператыўна прынятым урадам мерам, многія вытворцы тавараў і паслуг былі падтрыманы. Прынесла свой плён і актывізацыя работы па вырашэнні пытанняў лагістыкі, пераарыентацыі экспарту і выхаду на новыя рынкі. Быў змешчаны вектар і на развіццё вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі. 

«Нягледзячы на значнае пагаршэнне знешніх умоў працы ў бягучым годзе, эканоміка ў цэлым дэманструе добрую ўстойлівасць і адаптыўнасць да знешніх шокаў, — падкрэсліў прэм’ер-міністр. — Гэта падкрэслівае і адэкватнасць, і дзейснасць прынятых мер і мер, якія прымаюцца. З ліпеня гэтага года паляпшаецца месячная дынаміка валавага ўнутранага прадукта. Па выніках 10 месяцаў гэты паказчык дадаў 0,5 % да студзеня — ліпеня і склаў 95,3 %».

Аб тым, што эканоміка знаходзіцца на траекторыі аднаўленчага росту, сведчыць і збалансаваны знешні гандаль, і нашы буйныя прамысловыя прадпрыемствы, якія стабільна працуюць. Пры гэтым фінансавыя вынікі працы прадпрыемстваў паляпшаюцца. За студзень-верасень у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года выручка павялічылася на 10,6 %, апярэдзіўшы рост сабекошту. Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 22,8 %, чысты прыбытак — на 12,2 %. Рэнтабельнасць продажаў — 8,9 %. Гэта, па словах кіраўніка ўрада, найлепшыя паказчыкі за мінулыя сем гадоў.

Урадам сумесна з Нацыянальным банкам праведзена работа і па стабілізацыі сітуацыі на фінансавым рынку краіны. «Ажыятажнага попыту на валюту няма ўжо даўно, — звярнуў увагу Раман Галоўчанка. — Больш таго, насельніцтва з пачатку года выступае прадаўцом валюты і на чыстай аснове прадало 145 мільёнаў долараў ЗША. Растуць і тэрміновыя дэпазіты насельніцтва ў беларускіх рублях. Іх прырост склаў больш за 1,1 мільярда рублёў, або 22 %. З пачатку году беларускі рубель умацаваўся да еўра на 13,3 %, да долара ЗША — на 5 %. Гэта значыць, што беларускі рубель — вельмі прывабная валюта для зберажэнняў. Выкананыя ў поўным аб’ёме валютныя абавязацельствы дзяржаве. Пры гэтым аб’ём золатавалютных рэзерваў на 1 лістапада складаў 7,6 мільярда долараў ЗША пры запланаваным узроўні 7 мільярдаў».

Дзякуючы прынятым рашэнням ужо трэці месяц запар у гадавым выяўленні запавольваецца інфляцыя. Адзначаная ў кастрычніку дэфляцыя на ўзроўні 1 % фіксуецца ўпершыню з 1991 года. Стабільная і кіруемая сітуацыя і на рынку працы. Па выніках 10 месяцаў колькасць занятых у эканоміцы захавана практычна на ўзроўні мінулага года. Узровень агульнага беспрацоўя складае менш за 4%. 

Як расказаў прэм’ер-міністр, прыярытэтам у рабоце ўрада застаецца якасць і ўзровень жыцця нашых грамадзян. «У бягучым годзе мы тройчы прымалі рашэнні аб пераглядзе базавай стаўкі для бюджэтнікаў, і базавага акладу, ад якога залежыць зарплата дзяржслужачых і ваеннаслужачых, — заўважыў ён. — Таксама рэалізаваны шэраг «кропкавых» рашэнняў: дадатковую прыбаўку да аплаты працы атрымалі настаўнікі, выхавальнікі, работнікі сфер сацыяльнага абслугоўвання і культуры. Гэтыя катэгорыі будуць у зоне падвышанай увагі і ў наступным годзе. Значныя рэсурсы накіраваны на падтрыманне ўзроўню аплаты працы ў ахове здароўя, які склаўся ў «пандэмійны перыяд».

З пачатку года ў сукупнасці на 15,6 % павышана і праіндэксавана месячная мінімальная заработная плата. З 1 студзеня 2023 года яе памер будзе дадаткова павышаны на 14,7 % і складзе 554 рублі. Такое рашэнне ўрад прыме ў найбліжэйшы час.

У рэальным сектары эканомікі таксама рэалізуецца шэраг комплексных планавых мерапрыемстваў, мэта якіх — «падцягнуць» заробак у арганізацыях, дзе гэта дазваляе зрабіць адпаведны рост прадукцыйнасці працы. У мэтах падтрымання ўзроўню пенсійнага забеспячэння праведзены пераразлікі працоўных пенсій: з 1 сакавіка 2022 года — на 7 %, з 1 жніўня — на 10 %. З 1 снежня працоўныя пенсіі павысяцца ў трэці раз — на 5 %.

— Усе сацыяльныя выплаты, пенсіі і заработная плата бюджэтнікаў выплачваюцца своечасова і ў поўным аб’ёме, — звярнуў увагу Раман Галоўчанка. — Але гэтыя вынікі не азначаюць, што ў эканоміцы і фінансавым сектары сёння няма праблем. Урад і кіраўнікі на месцах штодня займаюцца іх вырашэннем, пачынаючы ад выбудоўвання схем паставак тавараў на экспарт, пошуку крыніц фінансавання, і заканчваючы пытаннямі аптымізацыі затрат і павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі. 

Задача ўрада — захаваць станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы да канца года і максімальна іх развіць у 2023 годзе. 

У прыярытэце — адукацыя і ахова здароўя

Гаворачы аб прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступны год, кіраўнік ўрада паведаміў, што рост валавога ўнутранага прадукту чакаецца 103,8 %, рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 104,1 %. Інвестыцыі ў асноўны капітал складуць 122,3 %, рост экспарту тавараў і паслуг — 105,5 %. У якасці мэтавай задачы для Нацыянальнага банка і Урада таксама прадугледжваецца прыняцце мер па абмежаванні інфляцыі на ўзроўні не больш як 7 — 8 %. 

Галоўнымі крыніцамі росту эканомікі стануць інвестыцыі ў асноўны капітал, якія вырастуць да ўзроўню 20 % да ВУП, і экспарт. Інвестыцыі будуць накіраваны на жыллё і інфраструктуру да яго, на інфраструктуру ў рэгіёнах, а таксама на рэалізацыю інвестпраектаў і тэхнічнае пераабсталяванне прадпрыемстваў. 

— Найважнейшым мэтавым прыярытэтам на 2023 год застаецца рост дабрабыту насельніцтва, — акцэнтаваў увагу Раман Галоўчанка. — З улікам прынятага кіраўніком дзяржавы рашэння, мэтавай задачай грашова-крэдытнай палітыкі ў 2023 годзе з’яўляецца запаволенне інфляцыі і падтрыманне фінансавай стабільнасці. Прадугледжана фарміраванне належных рэсурсных крыніц для задавальнення попыту на крэдыты для фінансавання інвестыцыйных праектаў. Патрабаванні банкаў да эканомікі павялічацца на 17 — 21 %. 

Кажучы аб падыходах да фарміравання праекта бюджэту на 2023 год, кіраўнік урада адзначыў, што за аснову быў прыняты сцэнарый развіцця эканомікі. «Бюджэт на наступны год захоўвае сваю сацыяльную накіраванасць, — падкрэсліў ен. — Запланавана павелічэнне расходаў на адукацыю, ахову здароўя, заработную плату, пералічэнне ў ФСАН (Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. — „Зв.“). Плануецца ўзмацніць бюджэтную падтрымку экспарту і фінансаванне закупкі тэхнікі ў айчынных вытворцаў».

Акцэнт — на павышэнне заробкаў бюджэтнікаў 

Аб асаблівасцях фарміравання бюджэту на 2023 год расказаў міністр фінансаў міністр фінансаў Юрый Селівёраў. «Традыцыйна асноўныя даходы ў нас фарміруюцца за кошт падатковых плацяжоў, — удакладніў ён. — Як паказвае год, ідуць яны не так дрэнна, як магло падацца на пачатку года. Каб дадаткова скансалідавацца па наступным годзе, мы прапаноўваем на 2 пункты павысіць стаўку на прыбытак — з 18 да 20 %. Акрамя таго, у межах узаемаадносін з Расійскай Федэрацыяй — падпісаны адпаведныя дакументы — будзем атрымліваць так жа, як і расійскія нафтавыя перапрацоўшчыкі, зваротны акцыз па адзіных правілах. Гэта таксама дадасць нам даходаў прыкладна да 2 мільярдаў рублёў».

Што датычыцца дэфіцыту бюджэту, па словах міністра фінансаў, традыцыйна гэта рэшткі, запазычанні. «Ніякіх новых, невядомых інструментаў прымяняць мы не будзем, — заўважыў Юрый Селівёрстаў. — 3, 1 мільярда (гэта дзесьці 1, 4 % ВУП) — падкантрольны дэфіцыт. Улічваючы крыніцы, якія ёсць, мы разумеем, што будзем з ім рабіць». 

— Мы бачым рэальныя крыніцы пакрыцця дэфіцыту, самае галоўнае ў цяперашняй сітуацыі, што бюджэт захаваў сваю сацыяльную скіраванасць, — адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Людміла Ніжэвіч. — У 2023 годзе плануецца на сацыяльную сферу накіраваць 44,8 % кансалідаванага бюджэту, а гэта 27,2 мільярда рублеў. Асаблівы акцэнт — на рэалізацыю мерапрыемстваў па павышэнні аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. Запланавана, што фонд аплаты працы складзе 15,6 мільярда рублеў. Рост да 2022 года — 17 %. Для таго, каб выйсці на гэтыя параметры, прадугледжана павышэнне базавай стаўкі на 10 %, павышэнне стымулюючых выплат асобным катэгорыям работнікаў бюджэтнай сферы да 55 %, а таксама стварэнне дадатковага рэзервовага фонду Прэзідэнта пры ўмове выканання прагнозных паказчыкаў, сродкі якога будуць накіроўвацца на павышэнне заробку. Увесь гэты комплекс мерапрыемстваў дазволіць дасягнуць сярэднямесячнага заработнай платы ў 2023 годзе на ўзроўні 1454 рублі. 

Па словах дэпутата, бюджэт фарміраваўся па той жа структуры, як і ў папярэднія гады. Таму тыя мерапрыемствы, якія штогод фінансаваліся, будуць фінансавацца і сёлета. Дзяржаўная падтрымка будзе накіравана, у прыватнасці, на будаўніцтва жылля для тых, хто ў гэтым мае патрэбу, на развіццё інжынерна-транспартнай інфраструктуры, выплату мацярынскага капіталу. «Асаблівасцю бюджэту 2023 года будзе шэраг новых субвенцый, якія перадаюцца з рэспубліканскага бюджэту, — удакладніла Людміла Ніжэвіч. — Гэта субвенцыі на рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў. Кожная вобласць атрымае па 100 тысяч рублёў, у тым ліку горад Мінск. Таксама зроблены акцэнт на падтрымку сельскай гаспадаркі. З’явіліся новыя субвенцыі на набыццё мінеральных угнаенняў, на закупку меліяратыўнай тэхнікі, культур-тэхнічных работ, а таксама набыццё сеьскагаспадарчай тэхнікі для непрацежаздольных арганізацый. На гэтыя мэты прадугледжана накіраваць 190 мільёнаў рублёў».

У цэлым расходы рэспубліканскага бюджэта запланаваны ў аб’ёме 36,5 мільярдаў рублёў, даходы — 33,4 мільярдаў рублёў. 

Што датычыцца карэкціроўкі законадаўства па пытаннях падаткаабкладання, член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Святлана Барташ расказала, што змяненні і дапаўненні закрануць як агульную, так і асаблівую часткі Падатковага кодэкса. «Захавана падаткаабкладанне, якое было выпрацавана ў працэсе пандэміі, — заўважыла парламентарый. — У частцы павышэння падатку на прыбытак для аператараў сотавай сувязі, павелічэння падаходнага падатку для Парка высокіх тэхналогій і захавання права абласных Саветаў дэпутатаў устанаўліваць мясцовы збор за перасячэнне транспартнымі сродкамі Дзяржаўнай гранціы. Падатак на прыбытак з 18 % падняты да 20 %, але пры гэтым адменена права мясцовых органаў улады падымаць гэты падатак на 2 % сваім рашэннем — фактычна ён застаўся ў такім жа памеры». 

Акрамя таго, праіндэксаваны падаткі, стаўкі якіх вызначаны ў беларускіх рублях. Прыведзены ў адпаведнасць з міжнароднымі дагаворамі. акцызы на алкагольную і тытунёвую прадукцыю. Удасканальваецца падаткаабкладанне індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятых грамадзян. Невялікія змены чакаюць і фізічных асоб, якія не займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю (уводзіцца новае паняцце — падатак на прафесійны даход), і грамадзян, якія займаюцца рамесніцкай дзейнасцю і аграэкатурызмам. 

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».