Вы тут

Якім бывае шлях да псіхалогіі


Больш за ўсё натхняюць людзі, улюбёныя ў сваю справу. У іх літаральна гараць вочы ад зацікаўленасці і новых адкрыццяў. Хтосьці злуецца, называе такіх выскачкамі і працаголікамі, а нехта сам запальваецца ад іх і спяшаецца таксама знайсці сябе. Прыкладам адданага сваёй справе чалавека з'яўляецца Аляксандра Жалязняк-Чорная, псіхолаг Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія».


У школьныя гады ў дзяўчыны было шырокае кола інтарэсаў, аднак псіхалогія заўжды ішла лейтматывам. Аляксандра актыўна чытала навукова-папулярныя кнігі па гэтай тэме, вывучала людзей. Самым вялікім адкрыццём для дзяўчыны-падлетка была думка: «Нішто сабе: пра гэта ўжо пісалі, а я думала, што праходжу шлях, які ніхто не разумее».

Зараз Аляксандра ўжо зусім не падлетак. Яна скончыла ГрГУ імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «Сацыяльная псіхалогія» і магістратуру там жа. На пытанне, чаму не спынілася на бакалаўрыяце, дзяўчына адказвае наступнае:

— Па-першае, магістратура ў маім універсітэце вельмі практыкаарыентаваная. Пасля бакалаўрыяту ў мяне была добрая тэарэтычная база, але практыкі хацелася б больш. Па-другое, я мару выкладаць. А магістратура — адна з прыступак да гэтага. І, па-трэцяе, пасля выпуску не хацелася развітвацца з факультэтам. За чатыры гады нібыта «не насыцілася» ім да канца.

Аляксандра ў асноўным займаецца псіхадыягнастычнай дзейнасцю.

— Наша задача — вызначыць асаблівасці мыслення, увагі і памяці ў пацыента, — распавядае дзяўчына.

Таксама Аляксандра адкрыла ІП для таго, каб мець магчымасць праводзіць індывідуальныя і групавыя кансультацыі. Творчую самарэалізацыю гераіня атрымлівае ад вядзення блога ў «Інстаграме». Там Аляксандра займаецца псіхалагічнай асветай і атрымлівае ў якасці зваротнай сувязі масу станоўчых водгукаў.

А першы вопыт кансультавання быў атрыманы яшчэ ў канцы трэцяга курса.

— Аднойчы мне напісаў стары знаёмы, з якім мы не былі асабліва дружныя (псіхолаг па этычных прычынах не можа кансультаваць сяброў і родных. — Рэд.). Ён прасіў парэкамендаваць яму псіхолага. Я вырашыла, што гэта мой шанц атрымаць практычныя навыкі і параіла яму... сябе. У мяне было мала вопыту, але я рабіла гэта бясплатна.

Работа ў клініцы і кансультацыі з кліентамі — зусім розныя па сваёй спецыфіцы. Калі ў медустанове наша гераіня займаецца пераважна дыягностыкай, то падчас кансультацый з кліентамі разбірае праблемныя сітуацыі і дапамагае шукаць выхады з іх. Аляксандра прызнаецца, што працаваць у клініцы значна складаней:

— Нярэдка сустракаюцца пацыенты, якія не ідуць на кантакт. Калі да цябе звяртаецца першапачаткова заматываваны на дапамогу пацыент, ты яму яе даеш. У клініцы ж бывае так, што чалавек не жадае лячыцца. І ўсе спробы пагаварыць, даведацца, як ён сябе адчувае, асуджаныя на правал.

Нягледзячы на тое, што Аляксандра лічыць прафесію псіхолага вельмі цікавай, шматграннай і гуманнай, ёсць тое, што яе сапраўды абурае, — абясцэньванне
спецыяльнасці.

— Многія лічаць, што для гэтага не патрэбна адукацыя, што чалавек, які праслухаў двухгадзінны вэбінар, ужо можа лічыцца псіхолагам, — дзеліцца думкамі гераіня. — Таксама мне не падабаецца, што для некаторых псіхалогія і эзатэрыка — амаль сінонімы. Я хацела б, каб людзі размяжоўвалі гэта і разумелі, якую адказнасць нясуць прадстаўнікі той і другой сферы.

Трэба адзначыць, што муж Аляксандры таксама псіхолаг. Больш за тое, яны працуюць у адной клініцы, толькі ў розных аддзяленнях. На пытанне аб прафесійнай канкурэнцыі ўнутры сям'і дзяўчына адказвае наступнае:

— Я ўвогуле за тое, каб аб'ядноўвацца і ладзіць тандэм. Для мяне мой муж не канкурэнт, а калега і саюзнік.

А як жа складваюцца міжасобасныя адносіны ў сям'і псіхолагаў? Мабыць, сужэнцы ніколі не сварацца? Канешне, прафесійныя веды дапамагаюць правільна вырашаць канфлікты. Але, па словах Аляксандры, гэта зусім не панацэя.

— У нас быў досвед звароту па кансультацыю да сямейнага псіхолага, — прызнаецца гераіня. — У стане стрэсу мы перастаём быць псіхолагамі, а становімся звычайнымі людзьмі са сваімі пачуццямі.

Не трэба здзіўляцца. У большасці псіхолагаў ёсць асабістая тэрапія. І гэта вельмі важны элемент з прафесійнага пункту гледжання. Бо, каб якасна дапамагчы кліентам, неабходна спачатку разабрацца ў сабе.

Мы спыталі ў Аляксандры, што б яна параіла абітурыентам, якія разважаюць над тым, звязваць сваё жыццё з псіхалогіяй ці не.

— Звязвайце — гэта вельмі крута, — упэўнена адказвае дзяўчына. — Аднак трэба разумець, што назад дарогі ўжо не будзе. Можна не займацца практыкай, але калі ты дастаткова развіты, то ўжо інакш будзеш глядзець на гэты свет.

Таксама гераіня дала параду сваім калегам:

— Я часта бачу, як маладыя псіхолагі, якія трапляюць у садкі і школы па размеркаванні, вельмі хутка выгараюць і расчароўваюцца ў прафесіі. Але заўжды можна паспрабаваць сябе ў іншых напрамках: гэта могуць быць работа ў медустановах, прыватная практыка, навука. Не варта спяшацца сыходзіць з прафесіі, калі першы вопыт быў няўдалы.

Лізавета ГОЛАД

Фота з архіва гераіні

Загаловак у газеце: «Назад дарогі ўжо не будзе»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.