Вы тут

Убачыць свае магчымасці


Праекты «Жывая гісторыя», «Навука на пальцах», «Антынавуковая канферэнцыя», грамадзянска-патрыятычны марафон «Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь», Рэспубліканскі інтэлектуальна-спартыўны турнір «Беларусь: Адзінства. Незалежнасць. Будучыня», Беларускі студэнцкі патрыятычны форум... Спіс ініцыятыў, якія прапанавалі студэнты беларускіх ВНУ, можна працягваць доўга. І гэта найлепшы адказ на пытанне: а якая яна, сучасная моладзь? Не адстаюць ад студэнтаў па сваёй актыўнасці і маладыя даследчыкі з Нацыянальнай акадэміі навук. Асноўным рухавіком маладзёжнай палітыкі тут выступае Савет маладых вучоных. У яго складзе — практычна кожны чацвёрты навуковы работнік акадэміі.


Праект «100 ідэй для Беларусі» — адзін з самых дзейсных інструментаў па выяўленні таленавітай моладзі.

Навука — гэта захапляльна...

Як расказаў старшыня Савета маладых вучоных дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Станіслаў ЮРЭЦКІ, у маі бягучага года ў сценах акадэміі адбыўся ўжо трэці рэспубліканскі форум навуковай моладзі «Шлях у навуку».

Ён сабраў больш за 300 маладых даследчыкаў: вучоных, аспірантаў, магістрантаў, студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, навучэнцаў школ, занятых у навукова-даследчай рабоце і выхаванцаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Падчас мерапрыемства былі падпісаны два важныя дакументы: пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Саветам маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук і БРСМ, а таксама паміж Саветам маладых вучоных НАН і Саветам маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі. Прадметам апошняга з'яўляецца супрацоўніцтва з мэтай папулярызацыі навукі і навуковых дасягненняў, навукова-асветніцкая работа з навучэнскай і працоўнай моладдзю па асноўных напрамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці.

Нацыянальная акадэмія навук выступае цяпер суарганізатарам рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» разам з БРСМ і Міністэрствам адукацыі. Два тыдні таму стартаваў ужо дванаццаты сезон праекта. Конкурс стаў адным з самых дзейсных інструментаў па выяўленні таленавітай моладзі. Прычым ён вядомы далёка за межамі нашай краіны. На перамогу ў заключным туры адзінаццатага сезона прэтэндавалі 120 аўтарскіх распрацовак у дзесяці намінацыях у дзвюх узроставых катэгорыях. А ўсяго ў 2021 годзе ў аргкамітэт праекта паступіла 1,1 тысячы заявак, адбылося 66 адборачных тураў. Маладыя вучоныя з Акадэміі навук традыцыйна ўваходзяць у лік пераможцаў праекта.

Візіткай Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук стаў Фестываль навукі, які праходзіць на тэрыторыі Цэнтральнага батанічнага саду ў пачатку верасня. Менавіта маладыя вучоныя падхапілі сусветную тэндэнцыю па папулярызацыі навукі і паставілі мэту — даказаць, што навука можа быць нясумнай, можа захапіць і доўга не адпускаць.

Упершыню яны арганізавалі Фестываль навукі ў 2018 годзе, ён сабраў 7 тысяч гасцей. І з таго часу працягваюць рабіць найбуйнейшую навукова-папулярную падзею ў актуальным жывым фармаце. Дбаюць, каб фестываль быў насычаны глыбокімі сэнсамі, каб для кожнага ўзросту і кожнага складу розуму ў праграме была дастатковая колькасць цікавых актыўнасцяў і колькасць наведвальнікаў прырастала. Галоўны прынцып — расказваць пра складаныя рэчы максімальна проста! І не толькі расказваць, але і паказваць...

Як заўважыў Станіслаў Юрэцкі, адметнасцю апошняга фестывалю стала выстава «100 інавацый маладых вучоных», дзе былі прадстаўлены вынікі даследаванняў маладых даследчыкаў па біялогіі, фізіцы, хіміі, медыцыне, аграрных, гуманітарных навуках і г. д. Як праекты, якія ўжо сталі пераможцамі знакавых конкурсаў, так і зусім новыя распрацоўкі, пра якія ведалі толькі ў навуковай супольнасці, у лабараторыях ці чулі пра іх на навуковых канферэнцыях.

Зазірнуць за гарызонт...

Да Дня археолага, які адзначаецца ў жніўні, Савет маладых вучоных НАН сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі рэалізаваў археалагічны праект — валанцёры разам з навукоўцамі ўдзельнічалі ў раскопках на гарадзішчы на рацэ Менцы — там, дзе, як мяркуецца, размяшчаўся далетапісны Мінск.

Станіслаў Юрэцкі запэўнівае, што ў Акадэміі навук створана цэласная сістэма падтрымкі маладых навукоўцаў, якая ўключае ў тым ліку магчымасці атрымання стыпендый і грантаў. У 2018 годзе быў заснаваны конкурс «100 маладых талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». А ў 2019 годзе — некалькі імянных прэмій для маладых навукоўцаў: прэмія імя акадэміка Жарэса Алфёрава (у галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук), акадэміка Васіля Купрэвіча (у галіне біялогіі, хіміі і навук аб Зямлі, медыцыны і аграрных навук) і першага прэзідэнта Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага (у галіне гуманітарных і сацыяльных навук). Імянныя стыпендыі дазваляюць паглыбіцца ў гісторыю Нацыянальнай акадэміі навук і стаць да яе датычнымі.

На пытанне, чым адрозніваецца цяперашняе пакаленне маладых навукоўцаў ад сваіх папярэднікаў, Станіслаў Юрэцкі кажа: «Ва ўсе часы вучоных аб'ядноўвае адно жаданне — зазірнуць за гарызонт і атрымаць новыя факты, зафіксаваць новыя з'явы, каб потым выкарыстаць атрыманыя веды ў рэальным жыцці. Але адрозненне ўсё ж такі ёсць. Сучасная моладзь жыве ў лічбавым свеце, калі паўсюдна ўкараняецца штучны інтэлект, а інфармацыя па ўсіх навуковых пытаннях і задачах павялічваецца шматразова літаральна штодня. Таму яны вымушаны працаваць з вялізным патокам інфармацыі, а гэта асаблівае ўменне...»

Валанцёры разам з навукоўцамі ўдзельнічалі ў раскопках на гарадзішчы на рацэ Менцы. Фота brsm.by

— Не маюць рацыю тыя, хто кажа, што моладзь цяпер — іншая, — разважае старшы выкладчык кафедры «Горныя машыны» факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі БНТУ Рыгор БАСАЛАЙ. — Маладыя людзі імкнуцца рэалізоўваць сябе ў нейкіх вельмі буйных і сур'ёзных праектах, удзельнічаць у навуковай дзейнасці нашага ўніверсітэта. Але, каб моладзь магла самарэалізавацца, павінна быць створана адпаведная атмасфера. Маладыя людзі, на жаль, не заўсёды бачаць свае магчымасці, таму мы, кіраўнікі, павінны ім у гэтым дапамагчы. Я ўжо 15 гадоў узначальваю навукова-творчае бюро «Гарняк». За гэты час 30 яго ўдзельнікаў сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. У студэнтаў павінны быць крэатыўныя навуковыя кіраўнікі са сваімі інавацыйнымі праектамі. Мушу канстатаваць, што выкладчыкі часта працуюць па старых канонах і не заўсёды знаходзяць новыя формы для кантакту з моладдзю. Ад кіраўнікоў навуковых лабараторый патрабуюць імгненных навуковых вынікаў, эканамічнага эфекту. Канешне, да атрымання эканамічнага эфекту трэба імкнуцца, але ў першую чаргу мы павінны клапаціцца пра тое, каб дапамагчы маладому чалавеку раскрыць свой патэнцыял, каб ён зрабіў пад нашым кіраўніцтвам першы крок у навуку і далей ужо яго суправаджаць. Ну і, канешне, любая навуковая дзейнасць не павінна замыкацца ў ВНУ. Трэба выходзіць за сцены ўніверсітэта і шукаць зацікаўленых партнёраў.

Нестандартны падыход

— У нашай ВНУ створаны Цэнтр студэнцкіх ініцыятыў, дзе можна атрымаць кансультацыйную, арганізацыйную і інфармацыйную падтрымку ў рэалізацыі ўласных ідэй, — расказала начальнік аддзела падтрымкі і рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Іна АСТРОЎСКАЯ. — Там жа можна знайсці аднадумцаў, гатовых уключыцца ў падрыхтоўку і рэалізацыю праектаў. Самы маштабны праект, прапанаваны нашымі студэнтамі, — Грамадзянска-патрыятычны марафон «Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь». Праект вельмі маштабны. Складаецца з некалькі цыклаў творчых, інтэлектуальных, ваенна-спартыўных мерапрыемстваў і мерапрыемстваў, якія спрыяюць выхаванню паважлівага стаўлення да сям'і. У яго рамках праходзіць вельмі шмат конкурсаў: дэкламатараў беларускай паэзіі, плакатаў, дэбатаў, чарлідарскіх груп, «Свая гульня», «Гаспадар і гаспадыня», фотаконкурс «Мая сям'я»... Упершыню праект быў рэалізаваны ў купалаўскім універсітэце ў 2015 годзе, а з 2018 года набыў статус рэспубліканскага.

Брэндам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта стаў Грамадзянска-патрыятычны праект «Жывая гісторыя», ідэю якога прапанаваў студэнт філалагічнага факультэта ВНУ. Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі адбываецца праз непасрэдныя і віртуальныя стасункі са славутымі гістарычнымі асобамі, аднаўленне важных гістарычных падзей. І формы яго рэалізацыі самыя розныя: гэта могуць быць тэматычныя мерапрыемствы для рэканструкцыі падзей гістарычнага мінулага Гродзеншчыны і Беларусі, краязнаўчая дзейнасць, стварэнне ў сацыяльных сетках старонак гістарычных асоб і гістарычных гульняў, стварэнне рэкламных матэрыялаў, вядзенне аўдыя- і відэаархіва, шэфства над ветэранамі вайны і працы.

Яшчэ адзін праект, які заслугоўвае ўвагі, — стрымінгавы праект медыяцэнтра «Паток». Ён, дарэчы, атрымаў падтрымку спецфонду Прэзідэнта. Па чацвяргах хлопцы і дзяўчаты выходзяць у эфір і бяруць інтэрв'ю ў паспяховых людзей, якія дзеляцца траекторыяй свайго асабістага развіцця. Адбылося ўжо шэсць дзясяткаў эфіраў.

Унікальная лакацыя

— Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі прапануе шмат праектаў і для навучэнскай, і для студэнцкай, і для працоўнай, і для сельскай моладзі, — падкрэслівае сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, старшыня савета Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб'яднанняў «Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый» Павел АЛЕКСА.

Хутка стануць вядомыя вынікі конкурсу маладзёжных ініцыятыў 2022 года. Летась на яго паступіла каля 500 заявак, 18 з іх падтрымаў экспертны дзяржаўны савет. Ініцыятывы пераможцаў конкурсу былі прафінансаваны і некаторыя з праектаў ужо рэалізаваныя. Так, Лепельскі агратэхнічны каледж закупіў неабходны набор музычных інструментаў для інклюзіўнага вакальна-інструментальнага ансамбля «Ударнае жыццё». Рэчыцкі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі запусціў праект «Валанцёры кібербяспекі». У Бабруйску з'явіўся скейт-парк для заняткаў экстрэмальнымі відамі спорту, а ў Брэсце ўзводзіцца скаладром у выглядзе сярэднявечнай вежы.

«Зусім хутка ў Рэспубліканскім доме моладзі запрацуе каворкінг-пляцоўка, — праінфармаваў Павел Алекса. — Гэта ўнікальная лакацыя. Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый выступіў заяўнікам для набыцця неабходнага абсталявання, якое дазваляе стварыць памяшканне-трансформер для правядзення самых розных інтэрактываў. Цяпер завяршаецца прывядзенне ў парадак гэтага памяшкання, і хутка яго дзверы адчыняцца для ўсіх ахвотных. Мы ствараем гэту пляцоўку, каб ёю маглі карыстацца і грамадскія арганізацыі, і актыўная моладзь для правядзення добрых і цікавых мерапрыемстваў».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Сёння ў Беларусі крыху больш за 800 населеных пунктаў яшчэ не маюць якаснай вады.

Эканоміка

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Як вядома, з 23 студзеня ў нас змянілася стаўка рэфінансавання.

Грамадства

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Аб тым, якія эмоцыі адчуў, калі зразумеў, што перамог.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​