Вы тут

«Гнуткія навучальныя планы» ў наступным годзе плануюць укараніць у 400 маскоўскіх школах


Прадметы на выбар

З 1 лютага адзінаццацікласнікі маскоўскіх школ змогуць хадзіць толькі на тыя прадметы, па якіх плануюць здаваць Адзіны дзяржаўны экзамен.

Так званыя «гнуткія навучальныя планы» ў наступным годзе плануюць укараніць у 400 сталічных школах. Абавязковымі для ўсіх вучняў застануцца «важныя для асобы і здароўя прадметы»: руская мова, матэматыка, гісторыя, літаратура, фізкультура, грамадазнаўства, а таксама класныя гадзіны «Размовы пра важнае».

Усе астатнія прадметы будуць на выбар вучня. Больш часу будзе аддадзена практыкумам, на якіх настаўнікі і школьнікі будуць разбіраць рашэнні экзаменацыйных заданняў і прапрацоўваць цяжкія пытанні.

Пры гэтым у цэлым навучальны графік школьнікаў не зменіцца. Праграму па ўсіх астатніх прадметах трэба будзе асвоіць да 31 студзеня 2023 года. Гадавыя адзнакі па іх будуць выстаўлены ў першым паўгоддзі.


У ВНУ — без іспытаў

Больш за 30 тысяч чалавек са 176 краін зарэгістраваліся для ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе Open Doors, якая дае магчымасць паступіць у магістратуру і аспірантуру расійскіх ВНУ без уступных іспытаў. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні ўрада Расіі Дзмітрый Чарнышэнка.

Алімпіяда праводзіцца ў рамках нацыянальнага праекта «Навука і ўніверсітэты» пры падтрымцы Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расіі і Рассупрацоўніцтва. Арганізатарам выступае Асацыяцыя «Глабальныя ўніверсітэты».

«Айчынная адукацыя заўсёды карысталася папулярнасцю сярод грамадзян іншых дзяржаў. Расія ўваходзіць у дзясятку краін свету па колькасці замежных студэнтаў. Алімпіяда Open Doors — выдатная магчымасць для маладых людзей без уступных выпрабаванняў бясплатна паступіць у магістратуру і аспірантуру нашых ВНУ», — заявіў Дзмітрый Чарнышэнка.

За пяць гадоў у алімпіядзе прынялі ўдзел больш за 245 тысяч маладых людзей са 197 дзяржаў. З іх 2,8 тысячы атрымалі права на бясплатнае навучанне ў расійскіх універсітэтах.

Першы этап алімпіяды пройдзе з 12 да 21 снежня 2022 года, другі — з 10 да 19 студзеня 2023 года, трэці этап для ўдзельнікаў трэка аспірантуры працягнецца з 11 лютага да 9 сакавіка.

Спісы пераможцаў па трэку магістратуры апублікуюць у сярэдзіне лютага 2023 года, а па трэку аспірантуры — у сярэдзіне сакавіка. Скарыстаць права паступлення можна на працягу двух гадоў.

«За апошнія тры гады ў нашых ВНУ колькасць замежных студэнтаў узрасла на 26 тысяч чалавек і па выніках 2021 года склала 324 тысячы чалавек. Цяпер у абітурыентаў з-за мяжы найбольшай папулярнасцю карыстаюцца такія профілі алімпіяды, як «Інжынерыя і тэхналогія», «Клінічная медыцына і грамадская ахова здароўя», «Камп'ютарныя навукі і навукі аб даных» і «Біялогія і біятэхналогіі». Іншаземцы, якія хочуць вучыцца ў расійскіх ВНУ, запоўнілі больш за 40 тысяч партфоліа на ўдзел, з іх — звыш 10 тысяч па трэку аспірантуры, што гаворыць аб жаданні займацца навукай менавіта ў Расіі», — падкрэсліў міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Валерый Фалькоў.

У гэтым годзе для ўдзельнікаў даступна 14 профіляў. З іх спісам можна азнаёміцца на сайце праекта. У кожным профілі прадугледжаны два трэкі: для паступлення ў магістратуру і аспірантуру. Удзельнікі могуць праходзіць інтэлектуальныя выпрабаванні адразу па некалькіх профілях.

Прыняць удзел у алімпіядзе могуць замежныя грамадзяне, якія маюць вышэйшую адукацыю або завяршаюць навучанне адпаведнага ўзроўню ў 2023 годзе — абітурыенты магістратуры і аспірантуры, а таксама асобы без грамадзянства, у тым ліку расіяне, якія пражываюць за мяжой.

Падаць заяўку на ўдзел у алімпіядзе можна да 10 снежня. Маладым людзям неабходна запоўніць партфоліа і напісаць матывацыйны ліст аб прычынах выбару профілю і чаму ён хоча навучацца ў Расіі, а таксама выканаць алімпіядныя заданні. Па трэку аспірантуры прадугледжана анлайн-гутарка з патэнцыяльным навуковым кіраўніком.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.