Вы тут

​Залаты фонд валанцёрскага руху


Не кожны можа падняцца над асабістымі праблемамі, убачыць чужыя клопаты і беды, узваліць іх на свае плечы, дарыць людзям надзею, радасць. Такія якасці ўласцівы валанцёрам. Менавіта яны аказваюць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. У добрую справу не трэба ўкладваць вялікія матэрыяльныя і фінансавыя затраты, акрамя часцінкі сваёй душы.


Пра гэта сведчыць работа валанцёраў Мядзельскага раёна. У руху тут удзельнічаюць людзі розных пакаленняў, у тым ліку і сталых гадоў. Пенсіянеры-актывісты складаюць залаты фонд добраахвотнікаў.

— Калі паўтара года таму я ўзначаліла Мядзельскую раённую арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, то прывяла з сабой валанцёраў розных узростаў. Сярод іх 34 чалавекі, якім за шэсцьдзясят гадоў. Гэта людзі з вялікім сэрцам, што ахвяруюць асабістым часам, дапамагаюць неабароненым катэгорыям грамадзян: людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, дзецям з неўладкаваных сем'яў, — расказала Ірына Грышкевіч. — Яны гатовы брацца за любую работу, аказваць паслугі бясплатна, не думаюць аб кар'ерным росце.

Валанцёры-пенсіянеры вельмі актыўныя, вядуць здаровы лад жыцця, катаюцца на веласіпедзе, займаюцца скандынаўскай хадзьбой, удзельнічаюць ва ўсіх акцыях, што праводзіць арганізацыя. Напрыклад, падчас летняй спякоты раздаюць ваду, буклеты, скіраваныя на прафілактыку COVІD, тлумачаць сваім падапечным, што знізіць рызыку захворвання можа прышчэпка.

— Мядзельшчына — унікальны край, з мноствам блакітных азёр, надзвычай прыгожай прыродай. Гэта партызанскі край. На тэрыторыі раёна шмат пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, помнікаў. І ўсе яны патрабуюць догляду і ўвагі. За пажылымі валанцёрамі замацаваны гэтыя памятныя месцы. Тут яны рэгулярна ладзяць суботнікі, добраўпарадкоўваюць могілкі. А напярэдадні Дня Перамогі наведваюць ветэранаў вайны, віншуюць іх са святам, уручаюць падарункі.

У многіх валанцёраў ёсць дача або зямельны ўчастак, дзе яны вырошчваюць агародніну, садавіну, а лішкі прадукцыі аддаюць састарэлым людзям, якія не маюць надзелаў або па стане здароўя не могуць апрацоўваць зямлю. Не абыходзяць яны ўвагай і дзяцей. Напярэдадні новага навучальнага года збіраюць для іх канцылярскія прылады, адзначаюць розныя святы. Сваімі рукамі майструюць для малых цацкі. Цяпер валанцёры актыўна рыхтуюць для дзяцей падарункі да Новага года і Каляд. Сумесна з раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа вызначаюць, каму ў першую чаргу неабходна гуманітарная дапамога. Чалавеку вельмі важна ведаць, што пра яго помняць, клапоцяцца. Часам такім людзям не так важная фізічная дапамога, як шчырая размова і ўвага.

Сярод самых актыўных валанцёраў Марыя Ардынец. Гэта жанчына шчырай душы, можа выслухаць і суцешыць чалавека.

Нарадзілася яна ў вёсцы Старыя Габы Мядзельскага раёна ў сялянскай сям'і. Маці і бацька працавалі на жывёлагадоўчай ферме, выхоўвалі трох дачок. І ўсе яны з малых гадоў былі прывучаны да працы, дапамагалі маці даіць кароў, палоць кармавыя буракі ў калгасе. Спраў хапала, былі часы, што бацькі трымалі па дзевяць парсюкоў. Зараблялі дзяўчынкі грошы і зборам дароў лесу, якія здавалі ў нарыхтоўчую кантору. Пасля школы Марыя Пятроўна атрымала дыплом па спецыяльнасці «бухгалтар-фінансіст», працавала ў Мядзельскім райвыканкаме ў планавай камісіі, затым у інспекцыі па падатках і зборах. Да службовых абавязкаў ставілася сумленна і адказна, за што мела шмат падзяк. На гэтых пасадах Марыя Пятроўна набыла вопыт работы з людзьмі, што дапамагае ёй у валанцёрскім руху, спрыяе зносінам з падапечнымі.

У раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа яна не госць, а свой чалавек. Разбірае адзенне, абутак, іншыя рэчы, гуманітарку акуратна раскладвае па паліцах. А яшчэ яна вяжа цёплыя тапкі і раздае іх падшэфным бясплатна. Талент ёй перадаўся ад маці, майстрыхі на ўсе рукі.

— Колькі помню сябе, у нас у хаце стаялі кросны, на якіх матуля ткала посцілкі ў вольны час, — згадвае мая суразмоўніца.

Ва ўсім дапамагае Марыі Пятроўне муж Раман Аляксандравіч, дзеці. Калі неабходна з'ездзіць у бальніцу, даставіць камусьці прадукты, лекі, яны заўсёды выручаць.

Пасля смерці бацькоў сямейная пара вырашыла пабудаваць дачу. З вясны да позняй восені ўчастак патанае ў кветках. Тут расце шмат пладовых дрэў, кустоў, гародніна. Марыя Пятроўна заўсёды дзеліцца ўраджаем з суседзямі, калегамі і сваімі падапечнымі. А яшчэ яна вельмі смачна гатуе тарты і частуе людзей.

Менавіта дзякуючы такім людзям, як Марыя Пятроўна, свет становіцца больш добрым і светлым, а кожнае адзінокае сэрца саграваецца цяплом, увагай і клопатам.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?