Вы тут

Сямейны код таленту


Праз туман праступаюць сілуэты старых дрэваў, самотныя калоны пазначаюць уваход у нябачны храм, ... Тонкая, загадкавая графіка... І тут жа — відочная, матэрыяльная кераміка, якая працягвае графічныя вобразы, уцялеснівае ў іншым вымярэнні. "Суладдзе«— назва адной з карцін можа ўспрымацца назвай усёй выставы, а таксама дэвізам жыцця двух яе аўтараў, сямейнай мастакоўскай пары Уладзіміра Васюка і Тамары Васюк. У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» ў апошні перадзімні дзень адкрылася іх выстава графікі і керамікі «Творцы», у межах праекта «Лінія і форма». Выстава прымеркаваная адразу да некалькіх сёлетніх юбілеяў: Уладзіміру — 75 гадоў, Тамары — 70, творчы шлях мастакоў складае 50, а яшчэ і залатое вяселле незвычайнай сямейнай пары адзначаецца.


Па іх выставе можна хадзіць бясконца, разгадваючы сімвалы, а яшчэ наталяючыся беларускасцю, адсылкамі да гісторыі. Вось ваза, у якой угадваюцца абрысы пані з сармацкіх партрэтаў, графіка, прысвечаная свету паэзіі Алеся Пісьмянкова, вось кампазіцыя, сімвалізуючая лёс беларускай мовы... А вось самы беларускі сімвал, пад назвай «Татэм»... Як вы думаеце, што? Мілы гліняны кабанчык дагары нагамі! Сала, вёска, аўтэнтыка... Адразу ўспамінаецца і «Смаленне вепрука» Міхася Стральцова, і «Дзяльба кабанчыка» Віктара Карамазава... Непаўторны беларускі гумар, іронія, часам мяккая, часам горкая — тое, што робіць працы абодвух творцаў такімі запамінальнымі.

Брэндам беларускага сучаснага мастацтва назваў унікальны творчы тандэм падчас цырымоніі адкрыцця выставы генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў.

— Канешне, кожны з іх працуе ў сваім накірунку, але іх яднае адно: любоў да сваёй радзімы, да сваіх каранёў.

Абодва сужонцы шмат гадоў перадаюць сваё майстэрства маладым. Уладзімір Васюк — у Беларускай акадэміі мастацтваў, Тамара Васюк — у Беларускім універсітэце культуры. Прадстаўнікі абодвух навучальных устаноў павіншавалі калег, распавялі пра іх дасягненні як педагогаў — абодва людзі не толькі вялікага таленту, але і шчодрай душы і вялікай дабрыні. Падкрэсліла высокі ўзровень творчасці юбіляраў намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч.

— Мастак намалюе неба,

і неба праз міг — жыве,

і воблакаў белых срэбра

спакойна праз дзень плыве... — дадаў творам выставы яшчэ адно вымярэнне сваімі вершамі намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» паэт Віктар Шніп.

У хуткім часе плён працы творчага тандэму можна будзе пабачыць на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Людміла ІВАНОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.