Вы тут

Мінулае ў лічбавым фармаце. Архіву Белтэлерадыёкампаніі — 20 гадоў


У 2023 годзе галоўнай дырэкцыі фондавых матэрыялаў генеральнага прадзюсарскага цэнтра Белтэлерадыёкампаніі спаўняецца 20 гадоў. За гэты час калектыў правёў тытанічную работу па ўліку, захаванні, сістэматызацыі, алічбоўцы, апісанні, рэстаўрацыі і каталагізацыі аўдыякінавідэаматэрыялаў. І сёння архіў Белтэлерадыёкампаніі — гэта ўнікальны відэалетапіс падзей мінулага.


Фота Белтэлерадыёкампаніі.

Відэаархіў Белтэлерадыёкампаніі разнастайны жанрава і тэматычна: хранікальна-дакументальныя і мастацкія фільмы, тэлеспектаклі ўласнай вытворчасці і пастаноўкі вядучых тэатраў Беларусі, творчыя партрэты дзеячаў навукі, культуры і мастацтва, тэлеперадачы — публіцыстычныя, навукова-папулярныя, музычныя, дзіцяча-юнацкія, спартыўныя, а таксама выпускі навін мінулых гадоў. Асаблівую каштоўнасць маюць кадры падзей Вялікай Айчыннай вайны, успаміны тых, хто выжыў у вогненных вёсках і канцлагерах, відэахроніка пасляваеннага аднаўлення народнай гаспадаркі, першыя мастацкія фільмы ўласнай вытворчасці — «Зімовы дуб» (1963), «Снежны конь» (1963), «Людзі на балоце» (1965), «Трывожнае шчасце» (1968) і многія іншыя. Рэдкія запісы такога роду патрабуюць карпатлівай і скрупулёзнай працы відэаінжынераў, гукарэжысёраў, рэдактараў і шэрагу іншых прафесіяналаў.

— Цяжка ўявіць, колькі ўкладзена працы нават у самы кароткі відэаролік, — адзначае галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі фондавых матэрыялаў Ала Вярэніч. — Праца з 35-міліметровай плёнкай ужо завершана. Цяпер пераводзім у лічбавы фармат 16-міліметровую кінаплёнку. А гэты працэс на парадак складанейшы, таму што карцінка і гук запісаныя на розных носьбітах. Даводзіцца іграць з кадрам, лавіць міміку герояў, затым сінхранізаваць. У дзень атрымліваецца алічбаваць 30-40 хвілін запісу, і гэта толькі пачатковае звяно ў планінгу штодзённай работы з матэрыялам. Кожную адзінку неабходна заархіваваць, даследаваць, падрабязна апісаць, часам працэс займае не адну гадзіну і не адзін дзень.

Размешчаныя старонкі Белтэлерадыёфонду і ў сацыяльных сетках «Аднакласнікі», «Укантакце» і Facebook . Там можна не толькі знаёміцца з рэдкімі фрагментамі айчынных перадач, але і аператыўна выходзіць на сувязь з галоўнай дырэкцыяй фондавых матэрыялаў, задаваць пытанні. А ніводны зварот падпісчыкаў не застаецца без адказу. Напрыклад, праз сацыяльную сетку прыйшло пытанне з Казахстана. Жыхар Алматы цікавіўся, ці ёсць у фондзе запіс фільма на рускай мове «Твой сын, зямля» рэжысёра Рэзо Чхеідзэ. На старонках Белтэлерадыёфонду працуе актыўная рубрыка «Пазнайце кадры мінулага»: карыстальнікі могуць у каментарыях указваць сваіх родных і знаёмых, якіх убачылі на відэа.

Без архіўных кадраў не абыходзіцца эфір тэлеканалаў, фондавыя матэрыялы не менш запатрабаваныя і іншымі арганізацыямі, і прыватнымі асобамі, дарэчы, нават за мяжой. Зусім нядаўна прадстаўнікі фан-клуба Вітаса з Вялікабрытаніі цікавіліся рэдкімі запісамі выступленняў свайго куміра.

Галоўная дырэкцыя фондавых матэрыялаў прапануе паслугі юрыдычным і фізічным асобам па пошуку, алічбоўцы (у тым ліку асабістых запісаў на аналагавых носьбітах) і выкарыстанні копій аўдыёвізуальных матэрыялаў для тэлетрансляцый і кінавытворчасці на дагаворнай аснове як у Беларусі, так і за яе межамі.

— Мы стваралі электронны каталог відэаматэрыялаў Белтэлерадыёкампаніі з нуля, можна сказаць, збіралі яго па крупінках. Самастойна распрацоўвалі алгарытмы захоўвання, лічбавання, сістэматызацыі і апісання. Бо ў нашай справе важна ўсё, асабліва дэталі, часам у іх хаваецца ўнікальная інфармацыя. Наша задача — захаваць гісторыю і прымножыць памяць. Гэтым трэба жыць, — канстатавала Ала Вярэніч. — І мы ўпэўненыя, што ўсё самае цікавае яшчэ наперадзе!

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».