Вы тут

Урачы нагадалі пра неабходнасць вакцынацыі супраць грыпу і COVІD-19


У свеце з'явіўся новы медыцынскі тэрмін «трыдэмія». Са спалучэннем COVІD-19, грыпу і рэспіраторна-сінцыцыяльнага віруса ўжо сутыкнуліся ў ЗША. Цэнтры па кантролі і прафілактыцы захворванняў гэтай краіны паведамляюць пра павышаную актыўнасць рэспіраторных вірусаў. Напрыклад, колькасць шпіталізацый з-за грыпу з'яўляецца самай высокай за апошнія 10 гадоў. Выраслі і выпадкі заражэнняў рэспіраторна-сінцыцыяльным вірусам, што нехарактэрна для позняй восені — пачатку зімы. Увогуле, цяпер назіраецца ўсплёск і сумесная цыркуляцыя іншых рэспіраторных вірусаў, акрамя SARS-CoV-2. Пры гэтым спалучэнне нават двух вірусаў, якія адначасова пашкоджваюць дыхальную сістэму, прыводзяць да больш цяжкай і працяглай хваробы.


Фота: pixabay.com

Трэба сказаць, што ў апошнія два гады дамінуючым быў SARS-CoV-2. Пры гэтым сезонная цыркуляцыя іншых рэспіраторных вірусаў была істотна ніжэйшай, чым звычайна. Цяпер жа амерыканскія эпідэміёлагі адзначаюць, што актыўнасць рэспіраторна-сінцыцыяльнага віруса яшчэ ў лістападзе наблізілася да сезоннага піку, які звычайна адзначаецца ў снежні-студзені. Фіксуюць яны раннюю і нарастаючую актыўнасць грыпу. Адначасова чакаецца, што зімой вырасце і колькасць захворванняў на каранавірус.

Як адзначаў загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, галоўны пазаштатны спецыяліст па інфекцыйных захворваннях Міністэрства аховы здароўя Ігар Карпаў, ранні пачатак сезоннага ўздыму грыпу ў ЗША змясціўся на тры тыдні. Ускосна гэта сведчыць пра тое, што і ў нас можа быць змена дамінуючага рэспіраторнага віруса. І мы таксама не пазбегнем сур'ёзнага ўздыму захворванняў на грып.

Інфекцыяніст таксама адзначыў, што пандэмія COVІD-19 яшчэ не скончылася. Мы хоць і не ў эпіцэнтры, але і заканчэння яе яшчэ не бачна. Адзначаецца павелічэнне рэспіраторна-сінцыцыяльных вірусаў, асабліва ў пажылых людзей і дзяцей да двух гадоў.

У групе рызыкі тыя ж пацыенты, што і раней, — пажылыя, с сур'ёзнымі хранічнымі хваробамі, імунадэпрэсіяй. Таму як ніколі сёлета актуальная вакцынацыя супраць грыпу. Не трэба забываць і пра прышчэпкі супраць каранавіруса. Нагадаць пра парадак вакцынацыі мы папрасілі загадчыка аддзялення імунапрафілактыкі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марыну Качкан.

— Марына Віктараўна, цяпер кажуць аб віруснай трыдэміі, якая набірае абароты ў ЗША. Адным са сродкаў яе прафілактыкі называюць вакцынацыю. Наколькі актыўна сёлета праводзіцца кампанія вакцынацыі супраць грыпу?

— Кампанія вакцынацыі ў бягучым годзе прайшла вельмі актыўна і ўжо амаль завяршылася. Ужо прышчэплена не менш як 40 працэнтаў насельніцтва.

— Калі чакаецца хваля грыпу і ці ёсць ужо яго выпадкі?

— У лабараторна абследаваных захварэлых жыхароў Мінскай вобласці часцей за ўсё вызначаюцца рэспіраторна-сінцыцыяльныя вірусы і рынавірусы. Вірус грыпу выдзелены толькі ў адной спробе. Уздым захворванняў на грып часцей за ўсё ў нашай краіне бывае ў лютым.

— Як праходзіць вакцынацыя супраць COVІD-19? Якая вакцына ад каранавіруснай інфекцыі у наяўнасці?

— Кампанія вакцынацыі супраць COVІD-19 працягваецца. Асноўны ўпор зараз на правядзенне бустарнай (паўторнай) прышчэпкі дарослым і вакцынацыю дзяцей 5-17 гадоў. У арганізацыях аховы здароўя маюцца ў дастатковай колькасці вакцыны: расійская «Гам-КОВІД-Вак» (ІІ кампанент), кітайская кампаніі SІNOPHARM Vero Cell і ўпершыню нядаўна паступіла кубінская «Соберана Плюс». Першыя дзве вакцыны могуць прымяняцца ў першаснай і бустарнай вакцынацыі, кубінская прызначана толькі для бустарнай вакцынацыі (аднаразова). Сур'ёзныя пабочныя рэакцыі на гэтыя вакцыны не зарэгістраваны. Кубінская вакцына — субадзінкавая, чакаем, што на ўвядзенне гэтай вакцыны выпадкі пабочных рэакцый лёгкай і сярэдняй ступені будуць толькі адзінкавыя.

— Ці можна запрасіць прышчэпачную брыгаду ў працоўны калектыў? Ці могуць прышчапіць ад грыпу і каранавіруса адначасова?

— Магчыма адначасовае правядзенне прышчэпак супраць грыпу і каранавіруснай інфекцыі ў розныя ўчасткі цела. Гэта для чалавека зручна, бо змяншае колькасць наведванняў арганізацыі аховы здароўя. Таксама можна запрасіць прышчэпачную брыгаду ў працоўны калектыў, што выключае неабходнасць наведвання паліклінікі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».