Вы тут

Пластычны спектакль «Песня роднай зямлі» прэзентавалі ў Магілёве


У Магілёўскай вобласці пры падтрымцы абласнога выканаўчага камітэта, грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» і абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» рэалізоўваецца маладзёжны патрыятычны праект «Песня роднай зямлі», прысвечаны Году гістарычнай памяці. Навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў прэзентавалі спектакль «Песня роднай зямлі» па паэмах А. Казекі «Медуніца» і «Марыйка».


Навошта чалавек прыйшоў у гэты свет? У чым яго сапраўднае прызначэнне? Што азначае для яго слова «Радзіма»? «Менавіта любоў робіць чалавека Чалавекам: любоў да жыцця, да Радзімы, да Бога», — упэўнены паэт Алесь Казека, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сусвет створаны ў гармоніі і ў духоўнасці, у любові да ўсяго жывога на планеце. І мы не павінны адыходзіць ад гэтых прынцыпаў Творца. Толькі з любоўю ў сэрцы можна перажыць усе цяжкасці і не давесці іх да трагедыі — у гэтым заключаецца ідэя маладзёжнага патрыятычнага праекта «Песня роднай зямлi».

Вынікам яго стаў літаратурна-пластычны спектакль «Песня роднай зямлі». Ініцыятарам выступіла Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Алесь Казека з’яўляецца кіраўніком праекта і аўтарам тэксту. Атрымалі ж жыццё «Песні роднай зямлі» дзякуючы падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўска­га аблвыканкама, упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, а таксама фінансавай дапамозе Беларускага фонду міру.

Ролі ў спектаклі дасталіся навучэнцам 1—4 курсаў Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў спецыяльнасці «Акцёрскае мастацтва», удзельнікам тэатра-студыі «Отражение». Спектакль падрыхтаваны пад кіраўніцтвам рэжысёра-пастаноўшчыка А. Ярашук харэографамі-пастаноўшчыкамі А. Клімянковай, Т. Тучковай, гукарэжысёрам А. Залатухіным, відэаафарміцелем спектакля С. Бухель.

Работа над праектам пачалася два гады таму са спектакля «Марыйка». У аснову паэмы Алеся Казекі ляглі ўспаміны яго маці і рэальныя трагічныя падзеі, якія адбыліся падчас Вялікай Айчыннай вайны. 15 чэрвеня 1942 года фашысты спалілі вёску Боркі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці і шэсць суседніх пасёлкаў разам з жыхарамі. Карнікамі было спалена і расстраляна больш за 2000 чалавек.

Але Боркі ўдалося адрадзіць. Сёння тут адкрыты мемарыяльны комплекс памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці, помнік жорсткасці і бесчалавечнасці нацызму.

Для Алеся Мікалаевіча гэта асаблівае месца: яго маці, жыхарка вёскі Новы Юзін Кіраўскага раёна, цудам засталася жывая. У той дзень яна збіралася да сястры Вольгі ў вёску Боркі. Але немцы не прапусцілі Марыю Іосіфаўну туды…

Больш чым праз тры дзясяткі гадоў Алесь Казека дакрануўся да гэтай балючай і нялёгкай тэмы, напісаўшы паэму «Марыйка». Глыбокая асабістая трагедыя сям’і аўтара, якая знайшла адлюстраванне ў паэтычным творы, аказала моцнае эмацыянальнае ўздзеянне на ўсіх удзельнікаў тэатра-студыі «Отражение». Было прынята рашэнне прадставіць літаратурны твор праз інсцэніраванне, выкарыстоўваючы ўсе прыёмы тэатралізацыі: музыку, харэаграфію, святло, касцюмы, відэаматэрыял. Гэта найбольш яскравая, вобразная форма ўспрымання мастацкага твора шырокім колам гледачоў.

Прэм’ера літаратурнай музычна-пластычнай кампазіцыі адбылася 6 верасня 2020 года ў г. Бялынічы Магілёўскай вобласці на рэспубліканскім свяце, прысвечаным Дню беларускага пісьменства.

Літаратурная музычна-пластычная кампазіцыя ў выкананні навучэнцаў тэатральнага аддзялення стала пранікнёным творчым заклікам да кахання, міру і стварэння. Валоданне юнымі артыстамі паэтычным словам у спалучэнні з яркай харэаграфіяй, пластычнай выразнасцю робіць на гледача незабыўнае ўражанне.

У адзінстве слова, пластыкі, музыкі, вакалу арганічна прагучала асноўная думка творчага праекта:

Мы, нашчадкi святла i вясны,

Перад продкамi схiлiм каленi.

Скажам «Не!» — ашуканству вайны

Дзеля жыццяў усiх пакаленняў.

Скажам «Так» — каб сады расцвiлi,

Каб iскрылася шчасцем дзяцiнства,

Скажам «Так» — каб у сэрцах жылi

Радасць, згода, спакой i адзiнства.

Сіла радкоў паэмы «Марыйка» Алеся Казекі агучана галасамі юных акцёраў на сцэне Дома літаратараў у Мінску. Тут 6 кастрычніка 2020 года адбылося падвядзенне вынікаў міжнароднага літаратурнага конкурсу «Нашай Перамозе — 75». Пісьменнікамі Беларусі была дадзена найвышэйшая ацэнка выступленню.

Алесь Мікалаевіч прапанаваў пашырыць праект, дадаць паэму «Медуніца». Твор філасофскі — песня пра Вечнасць. Праз выявы прыроды аўтар раскрывае сэнс жыцця, якое створана па законах Сусвету. Тварэц паказвае нам гармонію свету, у якім арганічна ўзаемазвязаны і чалавек, і ўсё жывое на планеце. Паэт сцвярджае, што сілай змяніць нічога нельга. Толькі праз каханне можна пабудаваць адносіны ў вечным кругавароце жыцця.

Прыйшлося шукаць адмысловую трактоўку, каб твор быў даступны для ўспрымання і разумення маладымі людзьмі. І вось, дзякуючы кантрасту дзвюх частак, спектакль набыў сілу ўздзеяння на гледача.

За Год гістарычнай памяці навучэнцы каледжа мастацтваў аб’едуць са спектаклем усе раёны Магілёўшчыны. Яны ўжо пабывалі ў Кіраўску, Клімавічах, Касцюковічах, Крычаве, Краснаполлі, Чэрыкаве, Асіповічах, Глуску, Бабруйску, Хоцімску, Шклове, Слаўгарадзе, Дрыбіне, выступалі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова, тройчы ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры (падчас тэатральнага форуму «М.@rt.контакт» і двойчы на Дзень Перамогі).

Ніхто не сыходзіць з залы абыякавым: дзеляцца ўражаннямі, перажываннямі, думкамі. А мы ўпэўнены: прапусціўшы праз сэрца пранікнёныя радкі пранізлівых гісторый, і акцёры, і гледачы дакрануліся да таго важнага, з чаго складаецца гістарычная памяць.

Алена ЯРАШУК

Фота Нікіфара МІНЧАНКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.