Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


Пасля прафесара Бадакова з 1994 да 1997 года Гродзенскім універсітэтам кіраваў вучоны-фізік, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Леанід Мікалаевіч Ківач.


У 1996 годзе я выходзіў на абарону доктарскай дысертацыі, і спецыялізаваны савет вызначыў мне апаніруючай арганізацыяй Гродзенскі ўніверсітэт. Калегі запрасілі мяне выступіць у іх па тэме даследавання. Прыехаўшы ва ўніверсітэт, я прадставіўся рэктару і запрасіў яго на сваё выступленне. Ён прыняў мяне ў кабінеце. Раней мы не былі знаёмыя, таму гаварылі нядоўга і вельмі стрымана. Спаслаўшыся на занятасць, паслухаць маё выступленне Леанід Мікалаевіч адмовіўся. Я яшчэ падумаў, што прытрымліваецца службовай дыстанцыі: я першы прарэктар, а ён рэктар.

Паслухаць маё выступленне прыйшлі ўсе мае сябры, калегі, выкладчыкі, якім была блізкая ці проста цікавая тэма дысертацыі. Да гэтага часу я ўжо быў блізка знаёмы з прарэктарамі ўніверсітэта доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам Іванам Платонавічам Мартынавым, доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам Яўгенам Аляксеевічам Роўбам, з загадчыкам кафедры матэматычнага аналізу, доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам Юрыем Мікіртывічам Вувунікянам, з загадчыкам кафедры алгебры, геаметрыі і методыкі выкладання матэматыкі, кандыдатам фізіка-матэматычных навук, дацэнтам Юрыем Пракопавічам Залатухіным, з загадчыкам кафедры педагогікі доктарам педагагічных навук, прафесарам Віктарам Пятровічам Тарантэем, таму разам з імі прыйшлі і іх вучні. Выступаў я і адказваў на пытанні каля дзвюх гадзін, пасля былі выступленні з ацэнкамі маіх рэзультатаў. Абстаноўка на семінары была добразычлівая, але строгая, дзелавая. Скончылася ўсё да сямі гадзін вечара. Але Іван Платонавіч сказаў, што рэктар чакае мяне для размовы. Я адзначыў, што Леанід Мікалаевіч перш за ўсё вучоны. Яму, безумоўна, далажылі, што я вывучаю прымяненне тэставых методык у навучанні матэматыцы, а ён інтуітыўна адчуваў перспектыву іх развіцця, шырокага прымянення ў адукацыйным працэсе. Вось гэтая размова ў нас ужо была змястоўнай. Рэктара сапраўды хвалявалі гэтыя тэмы, і ён не хаваў сваёй зацікаўленасці. Гутарылі мы даверліва і ўжо не толькі пра маю дысертацыю. Шчырасці спрыяла і кава, якой мяне частаваў Леанід Мікалаевіч.

З таго часу пры сустрэчах у міністэрстве мы віталіся, коратка, але ўсё ж абменьваліся навінамі і ўражаннямі пра атрыманыя ў міністэрстве ўстаноўкі і ўвогуле пра жыццё. Пасля нечакана для сябе я даведаўся, што ў адносінах рэктара Ківача ўзбуджана крымінальная справа, звязаная ці то з парушэннямі фінансавай дысцыпліны, ці то ізноў жа з карупцыяй. Ён быў асуджаны, адбываў тэрмін. Пасля, убачыўшы яго ва ўніверсітэце, я да яго падышоў, мы крыху пагаварылі — ветліва, але стрымана: шчырасці ўжо не было.

Рэктару, як і любому кіраўніку, у сваіх дзеяннях даводзіцца зачастую і рызыкаваць, прымаць рашэнні па сітуацыях, якія не прапісаны ні ў адным законе і ні ў адной інструкцыі. У такіх выпадках надзвычай небяспечна браць рашэнне толькі на сябе. Асабліва, калі гэта датычыцца фінансавых пытанняў. Для такіх тэм прадугледжаны фарматы калегіяльнага рашэння, кансультацый з вышэйшымі кіраўнікамі. У супрацьлеглым выпадку зыход можа быць журботны. Такі, як бачым, здараўся і ў практыцы рэктарскай працы.

Пасля прафесара Ківача Гродзенскі ўніверсітэт узначаліў доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. Вось ужо з гэтым гродзенскім рэктарам лёс мяне паяднаў грунтоўна! Сяргей Аляксандравіч — выпускнік Гродзенскага педінстытута і там прайшоў усе ступенькі станаўлення ў ВНУ ад выкладчыка да рэктара. Пазнаёміўся я з ім, яшчэ калі быў першым прарэктарам Магілёўскага ўніверсітэта, але з таго часу мы ўжо не разыходзіліся. З Магілёва я мог яму пазваніць, параіцца па ўніверсітэцкіх справах, абмеркаваць перыпетыі бягучага жыцця, распытаць пра сваіх гродзенскіх сяброў. Пасля майго прызначэння міністрам адукацыі мы пачалі бачыцца і гаварыць ужо шмат часцей. Але яшчэ да яго абрання дэпутатам Нацыянальнага сходу мы паспелі дамовіцца з губернатарам Гродзенскай вобласці Уладзімірам Ягоравічам Саўчанкам пра пачатак будаўніцтва так патрэбнага ўніверсітэту інтэрната для студэнтаў. У Палаце прадстаўнікоў Сяргей Аляксандравіч узначаліў пастаянную камісію па міжнародных сувязях і нацыянальнай бяспецы. У міністэрстве бываў часта: прысутнічаў на пасяджэннях калегіі, удзельнічаў у рабоце камісій, проста заходзіў да мяне ў кабінет паразмаўляць. Мы з ім адразу зрабіліся аднадумцамі, але адзін аднаго дапаўнялі — я ж быў рэктарам усходняга ўніверсітэта, а ён — заходняга. Здавалася б, і адлегласць паміж імі меней чым тысячу кіламетраў, а спецыфіка ўніверсітэцкага жыцця нязначна, але адрознівалася. Напрыклад, многія яго прафесары і дацэнты ездзілі выкладаць у асноўным у польскія ВНУ, а мае — у расійскія. Але мая праца ў міністэрстве, а яго ў парламенце нас ураўнавала, дадала палітычны маштаб, глыбіню разумення адукацыйных працэсаў, у тым ліку і ў вышэйшай школе. Таму пасля майго прызначэння першым намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта я прапанаваў на пасаду міністра адукацыі прафесара Маскевіча. Прэзідэнт з гэтай прапановай пагадзіўся. Сяргей Аляксандравіч працаваў міністрам са снежня 2010 года да снежня 2014 года. У Адміністрацыі Прэзідэнта я курыраваў сацыяльную сферу, таму з міністрам Маскевічам мы ізноў працавалі плячо ў плячо.

Мне бачыцца, што прызначэнне міністрам адукацыі рэктара ўніверсітэта, дакладней рэктара ці прарэктара педагагічнай ВНУ, — прафесійна абгрунтаванае кадравае рашэнне. Яго ўся сістэма ўспрымае як выхадца са свайго асяроддзя. Рэктар кіраваў падрыхтоўкай выхавальнікаў дзіцячых садкоў, настаўнікаў, выкладчыкаў ПТВ і каледжаў, удзельнічаў у падрыхтоўцы праграмных дакументаў развіцця адукацыі, вучэбных стандартаў, планаў, праграм і дапаможнікаў да іх. Як вучоны ён ведае навуковы свет: у адукацыйным асяроддзі гаворыць з кожным на даходлівай і зразумелай мове. Таму і міністра Маскевіча сістэма прыняла. Усе свае рашэнні ён грунтоўна абдумваў, максімальна пралічваў іх пазітыўныя і негатыўныя наступствы. Можа быць, часам доўга думаў, але ж пры маштабе міністэрства ўжо дакладна гарачыцца нельга (як былы рэктар ён гэта ведаў).

Пасля працы ў міністэрстве Сяргей Аляксандравіч узначаліў Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава, які пасля ўвайшоў у склад БДУ. Мы і цяпер з рэктарам Маскевічам абмяркоўваем многія пытанні.

Першаму прарэктару Сяргея Аляксандравіча Маскевіча Яўгену Аляксеевічу Роўбу ў 2004 годзе я прапаноўваў узначаліць Гомельскі ўніверсітэт, ён там шэсць гадоў загадваў кафедрай:

  • Пасаду першага прарэктара ты ўжо перарос. Рэктар Маскевіч — фігура маштабная і аўтарытэтная, ты яе не зваліш і не пераступіш. Прапаноўваю табе ўзначаліць універсітэт у Гомелі.

Пасля гэтага я назіраў, як прафесар Роўба пакутліва абдумваў маю прапанову. А я настойваў. Напрыклад, пасля пасяджэння калегіі міністэрства, куды ён часам прыязджаў замест Маскевіча, даганяў яго і ціха ў спіну казаў:

  • Маскевіча не пераступіш! А ў першых прарэктарах ужо заседзеўся!

Роўба напружваўся, цяжка ўздыхаў, але ў выніку выязджаць з Гродна адмовіўся. Пры гэтым ні я, ні ён, ні сам Маскевіч тады нават не ўяўлялі, што рэктара Гродзенскага ўніверсітэта людзі выберуць у Палату прадстаўнікоў і прафесар Роўба стане рэктарам у сваім універсітэце. Ён быў напоўнены ідэямі развіцця ўніверсітэта: будаўніцтвам новага галоўнага вучэбнага корпуса, адкрыццём факультэта турызму, інжынерна-будаўнічых спецыяльнасцяў і філіяла ў Лідзе. Здаралася, памыляўся падчас прыняцця кадравых рашэнняў ці дужа давяраў сваім падначаленым, але быў аўтарытэтны як кіраўнік і ў сваім калектыве, і сярод калег-рэктараў. Сышоў з пасады рэктара ў 2013 годзе. На яго месца міністр адукацыі С. А. Маскевіч прапанаваў загадчыка кафедры педагогікі ўніверсітэта, доктара педагагічных навук Андрэя Дзмітрыевіча Караля. Ён выпускнік інжынернага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта, працаваў настаўнікам у сярэдняй школе, выкладаў на кафедры матэматычных дысцыплін у гродзенскім філіяле Інстытута сучасных ведаў, пасля ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце і, нарэшце, вярнуўся ў сваю родную ВНУ. Як высветлілася, ненадоўга — у 2017 годзе быў прызначаны рэктарам БДУ. Рэктары Гродзенскага ўніверсітэта заўжды былі прыкметнымі і перспектыўнымі.

Цяпер універсітэт узначальвае кандыдат гістарычных навук, дацэнт Ірына Фёдараўна Кітурка. Яна таксама выпускніца Гродзенскага ўніверсітэта і ў сваёй роднай ВНУ паслядоўна асвойвала ўсе прыступкі кіравання вучэбным працэсам, перад прызначэннем кіраўніком працавала першым прарэктарам. Наш першы ў Заходняй Беларусі ўніверсітэт прадаўжае сваё развіццё.

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Працяг будзе 10 снежня

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».