Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Паглядзіце, да чаго дажыла»


Гады ідуць, маме ўжо 76, і Аня забірае яе на зіму. Цяжка бабульцы ў доме з пячным ацяпленнем. Савельеўна з задавальненнем зімуе ў дачкі — кватэра цёплая, тэлевізар, Аня прыгатуе сняданак, абед і вячэру. У любы момант даставай з халадзільніка што спадабаецца. Суседка Роза заходзіць, цікавіцца, як здароўе, ці не трэба чаго.


Розе семдзесят, жыве з мужам, дачкой і ўнукам. З ёй можна пагаварыць, пажаліцца на незайздросную долю. Роза слухае і падтрымлівае.

З ранняй вясны да позняй восені Роза з мужам на лецішчы, іх корміць гародзік.

— І жывуць жа людзі! — зайздросціць ім Савельеўна. — З’язджаюць на лецішча.

Засвяціла сонейка, на вуліцу выйсці б, толькі няўдача — яна баіцца ліфта, замкнёнай прасторы, вось і сядзіць ля тэлевізара.

Дзесяць гадоў Савельеўна зімуе ў дачкі, эканоміць пенсію, ды які толк. Зберажэнні растаюць, як снег, і ўцякаюць, як вясновая вада, калі яна вяртаецца дадому.

Няпроста даводзіцца Ані з мацi, у гэтым годзе зусім не ладзілі. Або Аня пастарэла, або нервы ўжо не тыя, ці то фінансы падціскаюць. Плаціць за вучобу дачкі яна, улезла ў даўгі. А Савельеўне падавай усё лепшае, праблемы яе не цікавяць.

— На той свет з сабой не забярэш, — папракае яна дачку.

Колькі разоў Аня стрымлівала раздражненне, часам зрывалася. Аднойчы наогул ледзь пераадолела жаданне выставіць маці за дзверы — хай там правы качае. 

Дома з суседзямі Савельеўна сварылася і мірылася штодня, так у іх у прыватным сектары заведзена. Асабліва адрывалася на суседцы Надзі, тая цярпела — ёй было спакайней змаўчаць.

Пры газіфікацыі пасёлка Надзя правяла ў дом газ і ваду. А Савельеўна марнаваць грошы не стала:

— І без выгод пражыву, пенсія маленькая, не да шыку!

Дом не рамантавала: хай руйнуецца, дзяржава і дачка не дадуць прапасці. І дом прыходзіў у заняпад, даючы старой нагоду скардзіцца.

Савельеўна паволі апускалася, пачала апранацца ў лахманы — маўляў, паглядзіце, да чаго дажыла: пенсія маленькая, мужа няма, дачка не дапамагае. Тое, што практычна ўсё жыццё не працавала, пад увагу не прымала, зайздросціла тым, у каго пенсія больш.

На мастацкія фільмы рэагавала адназначна:

— Бач, паказваюць багатых! Хай бы паказалі, як яны працуюць. Што яны, зямлю капаюць?

Уяўленне аб прыстойнасці зводзілася ў яе да аднаго: сумленны той, хто капае зямлю, а астатнія — трутні. Аднаго разу Аня спытала:

— Чаму ж ты зямлю не капала?

На што атрымала адказ:

— Доктар сказаў, майму сэрцу шкодзiць фізічная праца.

Савельеўна абамлела, калі дачка атрымала кватэру.

— Як каралева жыць будзеш! Я так ніколі не жыла.

І чорная зайздрасць засланіла святло. Укалола дачку:

— З-за такіх багатых, як ты, такія, як я, бедна жывуць.

— Мама, я гэта зарабіла, — апраўдвалася Аня.
— Што ў цябе за праца? — парыравала Савельеўна. — Зямлю капаеш?

Спрачацца было бессэнсоўна. Калі Савельеўна не знаходзіла прычыны палаяцца, яна яе прыдумляла, пастаянна што-небудзь усім даказвала, каб разнастаіць штодзённасць. Да старасці час робіць добрага чалавека лепш, а дрэннага — горш. Чым даўжэй Савельеўна жыла ў Ані, тым больш шкодзіла, выказваючы гэтым грэбаванне да дастатку. Папракала:

— Бач, не купіла чырвонай рыбкі. На той свет не забярэш!

Ці скардзілася:

— З раніцы не ела, валюся.

І хто не спачуваў, станавіўся асабістым ворагам.

Савельеўна перастала есцi хлеб, бульбу, кашу, імкнучыся за чужы кошт наесціся «лепшага». Аня цярпела, усё разумела, але станавілася раздражнёнай і аддалялася ад маці. Паміж імі расла сцяна варожасці.

Аня чакала вясну. Савельеўна таксама чакала, але дадому не хацела: як ні круці, тут лепш і, галоўнае, ёсць над кім пакуражыцца. Перад ад’ездам паспрабавала справакаваць сварку, Аня не паддалася.

І вось яны прыехалі ў домік на беразе, натапілі печ, і Савельеўна памякчэла. Са смуткам праводзіла Аню.

— Вось сварыліся, а сумна расставацца.

І Аня перажывала, шкада было пакідаць мацi. Супакойвала сябе — наперадзе лета, дзве соткі гародзіка зоймуць бабульку, сяброўкі пацешаць, будзе пры справе і на свежым паветры. Трэба адпачыць адна ад адной. Вінавата зірнула на згорбленую маці.

— Ма, да канца года не змагу табе дапамагчы, ты ўжо пражыві на сваю пенсію. У наступным годзе зараблю грошай, куплю пуцёўкі, адпачнем удваіх пару тыдняў. Новую сукенку куплю табе. Спадзяюся, мы дажывем.

Сказала «мы», таму што ў самой са здароўем нядобра. Савельеўна, здавалася, не пачула. Слых у яе дзіўны: чула шэпт, калі хацела, і не чула крык, калі не лічыла патрэбным. Аня пацалавала маці і ўвайшла ў аўтобус. Савельеўна стаяла на прыпынку.

І раптам па шчацэ старой пакацілася сляза. Можа, у гэты момант яна ўспомніла, як вымотвала дачцэ душу? Праз пару гадзін, вядома, забудзе сваё раскаянне і зноў пачне скардзіцца на жыццё, галечу і дачку. Але гэтая сляза прапаліла Аніна сэрца: «Матуля!»

Аўтобус каціў па мосце. Пасярод ракі, насустрач плыні, самотна слізгала пустая пластыкавая бутэлька. «Такая магутная плынь, а яна плыве супраць, відаць, трапіла ў вір, — чамусьці падумала Аня, глытаючы слёзы. — Матуля, я забяру цябе перад наступнай зімой, і з’ездзім на адпачынак. Толькі дажыві, матуля! Чаму мы становімся такімі? Няўжо я таксама буду такая? Можа, прычына ў абдзеленасці шчасцем? Жыццё прайшло, а як быццам і не жыла. Адны клопаты, а дзе радасць? Дзе?»

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.