Вы тут

На гэтым тыдні свой 90-гадовы юбілей адзначыў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага


На гэтым тыдні свой 90-гадовы юбілей адзначыў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага. Але знаўцы здаўна яго называюць проста рускі — і ўсе разумеюць, пра што гаворка, маючы пры гэтым на ўвазе ўсе заслугі тэатра і тых асоб, якія складалі яго калектыў у розныя гады. А гэта знакавыя асобы. Вядомыя, пазнавальныя, любімыя рэжысёры і артысты, пра якіх нават праз шмат гадоў ад пачатку працы складана гаварыць у мінулым, — іх дасягненні сталі гонарам для беларускага тэатральнага мастацтва. І гэта тая трупа, што зараз захоўвае традыцыі папярэднікаў і піша сваю частку гісторыі тэатра імя Горкага.


Усё зафіксавана, адзначана і ўшанавана. Павіншаваў калектыў тэатра імя Горкага з юбілеем міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч, які ўручыў ганаровыя адзнакі за ўнёсак у развіццё нацыянальнага тэатральнага мастацтва асобам, якія вызначаюць яго ўзровень сёння, сярод якіх шматгадовы дырэктар Эдуард Герасімовіч, мастацкі кіраўнік тэатра рэжысёр Сяргей Кавальчык, а таксама вядомыя артысты Сяргей Чэкерэс, Таццяна Гаркуша, Андрэй Дударэнка і іншыя супрацоўнікі тэатра, якія прысвяцілі яму жыццё.

У віншаванні Прэзідэнта Беларусі, якое зачытаў Анатоль Маркевіч, адзначана асаблівая роля тэатра імя Горкага, які «стаў папулярным цэнтрам прыцягнення знаўцаў драматычнага мастацтва... Дзякуючы натхнёнай працы некалькіх пакаленняў творчых работнікаў калектыў тэатра робіць значны ўнёсак у развіццё айчыннай выканальніцкай школы».

Адданая публіка сустрэла з асаблівымі эмоцыямі пачатак 90-га юбілейнага сезона, адзначыўшы ў афішы спектаклі, якія варта паглядзець. Гэты тэатр заўсёды шанаваў публіку і стараўся яе парадаваць глядацкімі пастаноўкамі. Нездарма ў «горкаўцаў» ёсць такія актыўныя прыхільнікі, якіх тут добра ведаюць і ў сваю чаргу адзначаюць на ўрачыстасцях адмысловымі падзякамі. Нездарма на святкаванне, якое адбылося 30 лістапада, абралі для паказу менавіта глядацкі спектакль у пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра рэжысёра Сяргея Кавальчыка — яскравую і відовішчную рок-оперу «Граф Монтэ-Крыста».

Адпаведны настрой і добрыя пажаданні злучаліся з думкамі пра наступныя прэм'еры, у якіх можна рэалізаваць складаныя задумы. Сёння ў тэатра ёсць умовы для іх увасаблення — пасля рэканструкцыі і тэхнічнага пераабсталявання будынка, у якім Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага месціцца з 1949 года. Колішняя сінагога, пабудаваная на пачатку ХХ стагоддзя, стала прытулкам для трупы, якая даказала прафесіяналізм і жыццяздольнасць у папярэднія гады. І як змагалася за выжыванне. Трупа беларускага тэатра нават у найскладанейшых умовах ваеннага часу здолела захавацца. Цяпер гэта мінуўшчына, але гераічная, таму вартая таго, каб пра яе памяталі. І шмат у чым паказальная гісторыя людзей, якія клапаціліся пра тое, каб захаваць мастацтва Беларусі і вярнуць яго людзям у мірны час.

— Пасля смерці Уладзіміра Кумельскага, які лічыцца заснавальнікам Першага рускага тэатра БССР (які пасля атрымаў статус дзяржаўнага), яго ўзначаліў Дзмітрый Арлоў. Ён паглядзеў спектаклі, пазнаёміўся з трупай і зразумеў, што яе трэба ўмацаваць. Паехаў у Ленінград глядзець выпускныя курсы акцёраў, запрасіў на працу 20 чалавек. Сярод якіх, дарэчы, быў Фёдар Шмакаў, які пасля стаў народным артыстам СССР. Да вайны тэатр працаваў у Магілёве, — згадвае тэатральны крытык прафесар Таццяна Дзмітрыеўна Арлова. — Перад самай вайной яны паехалі на гастролі — павінны былі іграць прэм’еру 22 чэрвеня 1941 года. Яна не адбылася... І каб вярнуцца дадому, яны ішлі пешкі праз лясы, пад бамбёжкамі. Дзякуючы таму, што ў бацькі на пінжаку быў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ён здолеў спыняць кіроўцаў грузавікоў, тыя крыху падвозілі людзей. Рашэнне пра эвакуацыю тэатра прымалася ў Маскве. Як і Купалаўскі тэатр, рускі драматычны накіравалі ў Сібір. А там бацька ўвесь час чакаў добрых навін. Каб можна было вярнуцца ў Беларусь. І як толькі вызвалілі Мінск, у 1944 годзе яны прыехалі — фактычна на руіны. Тэатр накіравалі ў Гродна, дзе ён працаваў, пакуль не скончылася вайна і не з’явілася магчымасць пераехаць у сталіцу. У Мінску ігралі на сцэне Дома афіцэраў да таго часу, пакуль не атрымалі свой цяперашні будынак.

Імя Максіма Горкага тэатр атрымаў у 1955 годзе, у 1994-м стаў акадэмічным, а ўжо ў час незалежнай Беларусі яму надалі званне «Нацыянальны» — як найвышэйшую адзнаку працы. Сучасныя гледачы памятаюць вядомых асоб, якія яшчэ нядаўна вызначалі яго ўзровень — рэжысёра Барыса Луцэнку, народных артыстаў СССР Аляксандру Клімаву, Расціслава Янкоўскага, народных артыстаў Беларусі Юрыя Сідарава, Бэлу Масумян і іншых выдатных асоб. А сёння тут працягваюць служыць народныя артысты Беларусі Вольга Клебановіч і Аляксандр Ткачонак, а таксама залужаныя і проста любімыя акцёры, якія задзейнічаны ў рэпертуары, — 28 спектакляў у афішы тэатра на сённяшні дзень. І гісторыя працягваецца.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Апошняя цыгарэта. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі

Апошняя цыгарэта. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі

Летась у краіне адбылося 5958 пажараў, на якіх загінулі 627 чалавек.

Здароўе

Мароз і сэрца: што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?

Мароз і сэрца: што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?

Расказала ўрач-тэрапеўт, загадчык аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Святлана ЯНУШКА.

Спорт

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi

Гiсторыя паралiмпiйскага спорту — паказчык развiцця краiны.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​