Многія арганізацыі гатовы даць рабочыя месцы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Для такіх ствараюцца вакансіі і набываецца спецыяльнае абсталяванне за кошт бюджэтных сродкаў. Каб дапамагчы хутчэй адаптавацца ў прафесіі, дзейнічаюць індывідуальныя праграмы рэабілітацыі, сфарміраваныя медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй. Пры гэтым нормы па сацыяльнай падтрымцы пастаянна ўдасканальваюцца.
Людзям з інваліднасцю гарантавана падтрымка дзяржавы. Палітыка краіны скіравана на тое, каб як мага больш чалавек працаўладкаваць. З'явілася такое паняцце, як квота для прыёму на працу інвалідаў. Яе рэгламентуе Закон «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», прыняты летам гэтага года. Асноўная яго частка ўступіла ў сілу сёлета, некаторыя нормы пачнуць дзейнічаць у будучым годзе і пазней. Механізм будзе вызначацца ў Законе аб занятасці насельніцтва і адпаведнай пастанове ўрада. Мяркуецца, што на прадпрыемстве ці ўстанове, у залежнасці ад агульнага спіса работнікаў, павінен быць пэўны працэнт людзей з інваліднасцю. Гэта значна пашырыць магчымасць працаўладкавання інвалідаў, лічыць начальнік упраўлення дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Собаль. У вобласці нямала прадпрыемстваў, дзе працуюць людзі з інваліднасцю. Прычым большасць — у звычайных арганізацыях і толькі 12 працэнтаў — на спецыялізаваных прадпрыемствах.
Гродзенцу Алегу Барадзіну 32 гады, ён інвалід другой групы з дзяцінства. Пасля трохгадовага перапынку пачаў працаваць спецыялістам па продажы на прадпрыемстве «ІнваШанц» ГА «БелТІ». Уладкаваны сюды ў рамках праграмы адаптацыі, якая разлічана на цэлы год. Зараз у яго гадавы кантракт з вызначаным акладам. Падтрымку ён адчуў і падчас звароту ў службу занятасці.
— Вельмі ўдзячны калектыву за дапамогу. Пытанні, якія ўзнікаюць падчас работы, хутка вырашаюцца. Можна сказаць, што псіхалагічна ўжо адаптаваўся, што таксама для чалавека з інваліднасцю вельмі важна, — кажа Алег.
Мужчына пакуль халасты, хоць не супраць завесці сям'ю. Але мяркуе, што напачатку трэба стаць на ногі, уладкавацца ў прафесіі, каб мець больш трывалы фінансавы фундамент, а не толькі пенсію па інваліднасці.
У Гродзенскай вобласці пражывае 22 тысячы інвалідаў працаздольнага ўзросту. З іх каля 13 тысяч чалавек маюць працоўныя рэкамендацыі медыка-рэабілітацыйных экспертных камісій на той ці іншы від дзейнасці. Зыходзячы з гэтых рэкамендацый, супрацоўнікі службаў занятасці рэгіёна вызначаюць, чым можна дапамагчы чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі.
— Для людзей з інваліднасцю прапануюцца тыя ж меры садзейнічання, што і кожнаму, хто зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага. Кансультацыя, садзейнічанне ў працаўладкаванні, а пры неабходнасці — накіраванне на прафесійнае навучанне. Для арганізацыі самазанятасці ёсць магчымасць атрымаць фінансавую падтрымку. Разам з тым для дадзенай катэгорыі прадугледжаны і спецыяльныя меры. Гэта, у першую чаргу, арганізацыя адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці, стварэнне новых працоўных месцаў для гэтай катэгорыі грамадзян, устаноўка броні, — паведаміў Аляксандр Собаль.
За гэты год у абласны камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне паступіла звыш 1300 праграм рэабілітацыі, выдадзеных медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй. Амаль 320 чалавек, гатовых скарыстацца такой магчымасцю, звярнуліся ў службу занятасці. Пераважная большасць адрасатаў пакуль не вызначылася з перспектывамі працаўладкавання.
Служба занятасці прапануе індывідуальнае суправаджэнне беспрацоўных інвалідаў да наймальніка. У гэтым выпадку супрацоўнік службы занятасці ідзе на сумоўе разам з падапечным. Такім чынам было ўладкавана больш за 20 чалавек. Часам беспрацоўныя з абмежаванымі магчымасцямі не жадаюць акцэнтаваць увагу на інваліднасці і шукаюць працу самастойна.
Пры прыёме на працу інвалідаў актыўна выкарыстоўваецца механізм фінансавага стымулявання наймальнікаў. У шэрагу прэферэнцый — кампенсацыя затрат пры адаптацыі людзей з інваліднасцю. Гэты перыяд можа доўжыцца да года. Чалавек уцягваецца ў працу, атрымлівае зарплату, а ўсе выдаткі на яго прадпрыемству кампенсуе дзяржава. З пачатку года ў рамках адаптацыі працоўнай дзейнасці ў 64 арганізацыях было працаўладкавана 89 інвалідаў, расходы на кампенсацыю за гэты час склалі больш за 460 тысяч рублёў.
Такі ж падыход ажыццяўляецца і пры стварэнні працоўных месцаў для інвалідаў. У некаторых выпадках пад новыя вакансіі набываецца спецыяльнае абсталяванне, выдаткі на яго таксама бярэ на сябе дзяржава. Сёлета, напрыклад, расходы на новыя працоўныя месцы па дзвюх арганізацыях склалі 1 мільён 140 тысяч рублёў. У прыватнасці, набыта машына сухой чысткі адзення для пральні, а працоўнае месца створана спецыяльна для чалавека з інваліднасцю. Для прадпрыемства гэта вельмі важкая падтрымка. Галоўнае — знайсці сродкі для закупкі, якія будуць кампенсаваны. А для прадпрыемстваў таварыства інвалідаў сродкі выдзяляюцца адразу пад закупкі абсталявання.
— Палітыка дзяржавы накіравана на тое, каб не дапусціць дыскрымінацыі грамадзян з інваліднасцю ў сферы працоўных адносін. Чалавек з інваліднасцю можа прэтэндаваць на любую вакансію, калі валодае неабходнымі прафесійнымі кампетэнцыямі і не мае абмежаванняў па індывідуальнай праграме рэабілітацыі. Прыемна, што з кожным годам колькасць працаўладкаваных інвалідаў расце, — канстатуе Аляксандр Собаль.
У рэгіёне да канца года плануецца стварыць 23 працоўныя месцы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, на наймальнікаў будзе выдаткавана з гэтай мэтай звыш трох мільёнаў рублёў. Большая частка адрасуецца прадпрыемству «Медватфарм», дзе мяркуецца ўладкаваць 14 чалавек. Таксама будуць створаны працоўныя месцы на прадпрыемствах таварыства інвалідаў.
У абласным камітэце па працы вызначылі партрэт працаздольнага гродзенца з інваліднасцю. Гэта мужчына 45 гадоў з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, які мае трэцюю групу інваліднасці з лёгкай стратай працаздольнасці. У агульнай колькасці беспрацоўных у рэгіёне людзі з інваліднасцю займаюць чатыры працэнты.
Штогод прадстаўнікі гэтай катэгорыі праходзяць навучанне па запатрабаваных на рынку працы прафесіях. Летась на навучанне было накіравана 22 беспрацоўныя інваліды, сёлета — 13. Служба занятасці аказвае фінансавую падтрымку тым, хто абраў самастойную занятасць. За мінулы і сёлетні год субсідыі для арганізацыі прадпрымальніцкай і рамеснай дзейнасці атрымалі 11 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Як правіла, людзей з інваліднасцю цікавіць арганізацыя работы ў бытавой сферы: на рынку цырульніцкіх і фотапаслуг, тэхнічнага абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў, санітарна-тэхнічных работ. Сёлета шэсць чалавек прайшлі навучанне ліфцёрамі з гарантаваным працаўладкаваннем. У ліку самых запатрабаваных прафесій сярод інвалідаў можна назваць укладчыка-ўпакоўшчыка, адміністратара, прадаўца-кансультанта, вадзіцеля, падсобнага рабочага, сартавальніка другаснай сыравіны, слесара-рамонтніка і іншых.
Маргарыта УШКЕВІЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».