Вы тут

Валерый Калтыгін: Кераміка — гэта космас


Восенню вядомы беларускі кераміст Валерый Калтыгін адзначыў свой 75-гадовы юбілей. Выклікае захапленне, колькі гэты майстар паспеў зрабіць і колькі працягвае. Каля 30 гадоў ён узначальвае Бабруйскае гарадское аб'яднанне Беларускага саюза мастакоў, ладзіць унікальны міжнародны плэнер «Арт-Жыжаль», удзел у якім прымаюць майстры з розных краін свету. Але галоўнае — стварае непаўторныя гліняныя вырабы. Дастаткова аднаго погляду на работу, каб зразумець, што яна зроблена рукамі Калтыгіна.


У творчасці майстра адлюстравана глыбіня і непаўторнасць чалавечага лёсу. У цыкле «У кожнага свой крыж» раскрываецца тэма развіцця асобы, яе зямных і духоўных дасягненняў. Адгукаецца мастак і на тэмы сучаснасці. Так, у серыі работ «Прыгажосць не схаваеш» дзеючыя асобы ўпрыгожаны медыцынскімі маскамі. У работах серыі пад назвай «І раптам прыляцела птушка» Валерый Калтыгін спалучыў супрацьлегласці, цяжар супраць бязважкасці: на баксёрскую пальчатку спартсмена апусцілася маленькая жвавая птушка...

Каб паглыбіцца ў гэты непаўторны творчы свет, мы адпраўляемся на радзіму мастака. Бабруйск — старажытны беларускі горад з непаўторным каларытам... Тут шмат можна знайсці для натхнення. Мастак адчыняе дзверы сваёй майстэрні, і мы адразу трапляем у іншае вымярэнне: тут вам і калекцыя газавых лямп, лічыльнікаў, савецкіх значкоў, бутэлек дзіўных форм — іх у майстра каля паўтысячы. З усіх бакоў на нас глядзяць героі яго вырабаў, ёсць і ўражанні з нялёгкага пасляваеннага дзяцінства.

— Я вырас у настаўніцкай сям'і, — расказвае мастак. — Памятаю, як бацька набыў мне першую кнігу. Мы паехалі з ім у горад, і на прылаўку я ўбачыў кнігу з чалавечкам на жоўтай вокладцы. «Тата, купі мне», — стаў прасіць. Па тых часах кнігі каштавалі танна, і ён яе ўзяў. Гэта аказаліся «Прыгоды бравага салдата Швейка» з ілюстрацыямі Ёзэфа Лады. Я ўвогуле шмат чытаў: калі вучыўся ў школе, хадзіў адразу ў тры бібліятэкі, а таксама была яшчэ і хатняя бібліятэка.

— А чаму вас прывабіла кераміка?

— Я не збіраўся быць керамістам. У 1960-я гады пасля арміі я хацеў ісці толькі на скульптуру. І калі хлопцы прапаноўвалі паспрабаваць кераміку, я адказваў, што гэта ж проста посуд! Я паступіў у мастацкі каледж імя Ларына, тады гэта было вучылішча № 15. А паступіў таму, што там адкрывалася спецыяльнасць «Скульптар-мадэльшчык». І гэта мяне падкупіла. На той момант мне было 24 гады, браць не хацелі. Але ў вучылішчы і потым у інстытуце я быў адным з найлепшых, вучыўся выдатна. У якасці студэнта я правёў восем плённых гадоў: экспедыцыі, семінары, старшынстваваў у студэнцкім навуковым таварыстве. Яшчэ ў вучылішчы перайшоў на «ганчарку» — трапіў на І Рэспубліканскі семінар народных ганчароў у Івянцы. Загарэўся гэтай справай па-сапраўднаму. Ужо ў інстытуце сур'ёзна заняўся ганчарствам пад кіраўніцтвам Уладзіміра Вікенцьевіча Угрыновіча. А разам з Міхасём Фёдаравічам Раманюком ездзіў у навуковую экспедыцыю.

— Значыць, акадэмічнай адукацыі для мастака недастаткова?

— Акадэмічная адукацыя — неабходная база. А вучуся я ўсё жыццё — стаўлю новыя задачы, эксперыментую. Шкадую, што ў школе абыякава ставіўся да хіміі і замежнай мовы. І калі пачаў займацца керамікай, прыйшлося ўспамінаць усе гэтыя аксіды, спірты, солі. Таму што абсалютна ўся кераміка пабудавана на тэхналогіі. Я ўжо не кажу пра ўласцівасці гліны як матэрыялу. Гэта ўсё трэба адчуваць, разумець і ведаць.

— І ўсё ж такі ў чым розніца паміж скульптурай і керамікай?

— Кераміка — гэта космас. Даследчыкі недаацэньваюць яе мастацкую каштоўнасць. Я магу стварыць скульптуру, але вось скульптар керамічны выраб — не. Скульптары зазвычай не разумеюць спецыфіку пустацеласці. Для іх гліна — звычайны пярвічны матэрыял для стварэння мадэлі, якую яны потым выкідваюць. Нездарма ж кажуць, што кераміка — гэта сінтэз трох класічных відаў мастацтва: скульптуры, графікі і жывапісу. Я сюды б дадаў яшчэ дызайн і архітэктуру. Таму што мысленне кераміста, які афармляе інтэр'еры, экстэр'еры, садова-паркавыя кампазіцыі, павінна быць адпаведным.

— Вы — захоплены сваёй справай чалавек... І пры гэтым займаецеся грамадскай дзейнасцю. Як удаецца сумяшчаць?

— З 1989 года я актыўна займаюся грамадскім жыццём. Бабруйскае аддзяленне Саюза мастакоў — адзінае гарадское ў Беларусі. Бабруйск — дастаткова вялікі горад, сёмы па памеры ў краіне. Некалі яго ўключылі ў склад Магілёўскай вобласці, і калі ў нас з'явілася больш за 13 мастакоў, мы паставілі пытанне аб тым, што хочам аддзяліцца ў асобны гарадскі саюз. І стварылі. Мы першыя ў Беларусі сярод абласных аб'яднанняў мастакоў адкрылі салон-краму. На жаль, яна праіснавала нядоўга, каля васьмі гадоў — пачалася перабудова, эканамічныя складанасці. Залу аддалі гораду, сёння там створана выставачная зала Бабруйскага мастацкага музея.

— А як наконт маладой змены?

— Саюз мастакоў, асабліва ў абласцях, нястрымна старэе. Шкада, што моладзь з'язджае для працягу адукацыі, асядаючы ў цэнтры. Калісьці разам з самадзейнымі творцамі ў Бабруйску было каля 70 мастакоў. Цяпер нават гарадскую выставу зрабіць цяжка — вядучыя мастакі ўжо нябожчыкі, на жаль. Засталося толькі некалькі чалавек, якія здольны працаваць на вартым творчым узроўні. Таму вяртаемся да таго, што станем філіялам Магілёўскай абласной арганізацыі.

— Якія творчыя планы?

— 2023 год будзе юбілейным для «Арт-Жыжаля» — спадзяюся, што пленэр пройдзе на ўзроўні. У гэтым годзе ладжу семінары ў сваёй майстэрні, пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў. Канцэпцыя такая: наколькі некераміст можа выявіць свой творчы патэнцыял у іншым матэрыяле, — тэкстыльшчыкі, графікі і скульптары працуюць з керамікай. На некалькі дзён да мяне прыязджаюць невялікія групы мастакоў, лепяць, а я ўсё гэта абпальваю, а потым глазуруем. Курырую, тлумачу, раю. Даволі цікавы працэс — семінар доўжыцца да гэтага часу. Каардынуе яго мастацтвазнаўца, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. Мне падабаецца працаваць з маладзейшымі мастакамі. У іх яшчэ ёсць азарт, творчы імпэт.

Па выніках пленэраў у горада сабралася калекцыя вельмі вартых работ мастакоў з 25 краін. Але яны ўсе запакаваная ў скрыні. Спачатку я хацеў стварыць музей керамікі, потым — галерэю, затым — цэнтр сучаснай керамікі. Патрэбна памяшканне. Але пакуль пытанне не вырашанае. Хачу, каб вырабы працавалі, — давайце хаця б зробім філіял пры мастацкай школе! Будзем там ладзіць заняткі для дарослых і дзяцей, чытаць лекцыі, у нас будзе галерэя. Уяўляеце, як бы гэта прагучала для ўсёй краіны?

— Ці можаце сфармуляваць сваё творчае крэда?

— Для мяне як для мастака самае галоўнае — выяўленне сябе, уласнага погляду на жыццё, на матэрыял, з якім працую. Калі адчуваю, што ў прыдуманай мною ідэі пачынаюцца паўторы, адразу ж спыняюся, пераключаюся на новае. Я вельмі шмат займаўся самаадукацыяй: на стале заўсёды ляжалі паэтычныя зборнікі, філасофскія кнігі, проза. Кожны робіць сам сябе. Я заўсёды казаў: чым больш у цябе абавязкаў, тым больш апраўданае жыццё.

 

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».