Вы тут

Жыццё без бар'ераў


Апошнім часам рэалізаваны шэраг праграм, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця інвалідаў і інтэграцыю іх у грамадства. Функцыянуюць установы рэабілітацыі, распрацоўваюцца і ўкараняюцца сучасныя тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі, ствараецца безбар'ернае асяроддзе. Яшчэ адзін крок да паляпшэння якасці жыцця людзей з інваліднасцю — прыняцце Закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», які ўступіць у сілу 6 студзеня 2023 года. Што зроблена для таго, каб гэтая катэгорыя грамадзян адчувала сябе больш камфортна ў грамадстве, расказала старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Людміла КАНАНОВІЧ.


— Людміла Мікалаеўна, якіх навацый, замацаваных дакументам, чакалі людзі з інваліднасцю?

— Адзначу, што работа па падрыхтоўцы законапраекта была вельмі сур'ёзная. З двух законаў, якія раней рэгулявалі адносіны людзей з інваліднасцю, атрымаўся адзін. Неабходна было ўлічыць ранейшыя нормы і гарантыі людзям з інваліднасцю, а таксама ўдасканаліць іх. У прыватнасці, дзяржавай створаны дадатковыя ўмовы для забеспячэння працаўладкавання дадзенай катэгорыі грамадзян. Гэта так званае кватаванне працоўных месцаў для прыёму на работу інвалідаў. Ліквідаваны бар'еры, якія перашкаджалі рэалізоўваць права на атрыманне адукацыі, — у заканадаўстве замацаваны паняцце інклюзіі ў адукацыі, а таксама абавязак забеспячэння ўстановамі адукацыі бесперашкоднага доступу для інвалідаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, парушэннем слыху, зроку, інтэлектуальнымі парушэннямі. Акрамя таго, павышаецца якасць і эфектыўнасць правядзення рэабілітацыйных мерапрыемстваў. Аб'екты сацыяльнай, транспартнай і вытворчай інфраструктуры, а таксама жылыя памяшканні становяцца больш даступнымі для людзей з інваліднасцю.

— Ці ўлічваліся пры распрацоўцы закона палажэнні міжнароднай Канвенцыі аб правах інвалідаў?

— Закон «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі» падрыхтаваны ў развіццё норм Канстытуцыі і Канвенцыі. Іх асноўныя палажэнні, у тым ліку тыя, якія датычацца правоў і свабод людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, знайшлі сваё адлюстраванне ў дакуменце. Нормы закона дапоўнены і з улікам прапаноў, якія паступалі ад людзей з інваліднасцю. Да ўнясення ў Палату прадстаўнікоў законапраект быў прадстаўлены для грамадскага абмеркавання. Любы чалавек мог азнаёміцца з ім на прававым партале і ўнесці пэўныя карэкціроўкі. Вядома, не ўсе прапановы былі ўлічаны. Найбольш слушныя з іх увайшлі ў дакумент. Устаноўлена, што інваліды валодаюць усімі грамадзянскімі, палітычнымі, эканамічнымі і іншымі правамі і свабодамі. Таксама адлюстраваны такія ключавыя правы, як права на недыскрымінацыю і абарону ад дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці, самастойны лад жыцця і ўцягненасць у грамадскую дзейнасць, рэабілітацыю, абілітацыю, адукацыю, выбар роду дзейнасці і працаўладкаванне, даступнае асяроддзе. Уведзена забарона на дыскрымінацыю па прыкмеце інваліднасці, вызначана, якія выключэнні і абмежаванні не варта разглядаць як дыскрымінацыю. Гэтыя палажэнні павысяць прававую адукаванасць і абароненасць інвалідаў, а таксама дазволяць мінімізаваць злоўжыванні і парушэнні ў адносінах да людзей з інваліднасцю.

— Кажучы пра інваліда, часцей за ўсё мы ўяўляем чалавека ў калясцы. Аднак людзі з інваліднасцю — больш шырокае паняцце. Што зроблена для таго, каб усе яны маглі камфортна сябе адчуваць у грамадстве?

— Сапраўды, інваліды — не толькі тыя, хто перамяшчаюцца пры дапамозе каляскі. Ёсць інваліды і па зроку, і па слыху, з іншымі фізічнымі абмежаваннямі. У законе мы максімальна ўлічылі інтарэсы ўсіх. Асобныя яго палажэнні накіраваны на арганізацыю навакольнай прасторы, у якой людзі з інваліднасцю змогуць мець бесперашкодны доступ да паслуг, аб'ектаў, інфармацыі, магчымасць свабодна перамяшчацца па абраным маршруце. Напрыклад, да арганізацый, якія аказваюць паслугі насельніцтву, вызначана новае патрабаванне — сітуацыйная дапамога інвалідам ад работнікаў такіх арганізацый. Важны акцэнт у законе зроблены ў пытанні забеспячэння даступнасці для інвалідаў транспартнай інфраструктуры. Замацоўваецца абавязацельства па вылучэнні на ўсіх аўтамабільных паркоўках месцаў для стаянкі транспартных сродкаў інвалідаў, прадугледжваецца бясплатнае карыстанне інвалідамі аўтамабільнымі паркоўкамі.

— Яшчэ адна навацыя — аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма па ўліку даступнасці аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Што яна будзе сабой уяўляць?

— Гэта праект рэспубліканскага значэння, у рабоце якога будуць задзейнічаны дзяржаўныя органы і арганізацыі, якія аказваюць паслугі насельніцтву па ўсёй краіне. Актуальныя звесткі аб даступнасці аб'ектаў з інфармацыйнага рэсурсу будуць аўтаматычна перадавацца для размяшчэння на публічнай кадастравай карце ў інтэрнэце. Людзі з інваліднасцю, якія захочуць наведаць пэўны сацыяльны або прамысловы аб'ект, убачаць, наколькі ён даступны для іх. На гэтай карце будзе ўказана, ці ёсць у канкрэтным тэатры або краме пандус, поручань, ці абсталяваны там апазнавальныя знакі для людзей з парушэннем зроку, слыху і іншымі абмежаваннямі. У перспектыве гэта будзе своеасаблівы навігатар, які пракладзе шлях чалавеку з асаблівасцямі з аднаго пункта ў іншы. Плануецца, што інфармацыйная сістэма пачне функцыянаваць з 1 студзеня 2025 года.

— У забеспячэнні безбар'ернага асяроддзя наша краіна значна прасунулася наперад...

— І гэты рух пастаянны. Закрану толькі адзін момант. Людзі з інваліднасцю атрымлівалі жыллё і 20, і 30 гадоў таму. Калі параўнаць дамы, якія будаваліся ў той час і цяпер, — вялікая розніца. Вельмі важна, што цяпер, прымаючы новыя жылыя дамы, у камісію ўваходзяць і людзі з інваліднасцю, якія могуць сказаць, як павінна быць. Без элементаў даступнага асяроддзя аб'екты ўжо не здаюцца. А наколькі ўдасканаліліся сродкі рэабілітацыі? Паглядзіце, як пад патрэбы інвалідаў прыстасаваны транспарт. Раней такога не было. Многае зроблена для таго, каб аб'екты сацыяльнай інфраструктуры былі даступныя для ўсіх грамадзян. Дарэчы, мы сышлі ад паняцця «безбар'ернае асяроддзе». Цяпер мы кажам «даступнае асяроддзе». Любы пажылы чалавек мае патрэбу ў ім. Ён можа не мець інваліднасці, але яму 65+ і ёсць жаданне ўзяцца за поручань, каб не паслізнуцца і не ўпасці.

— Паважлівае стаўленне да інвалідаў сёння ёсць, але праяўляецца яно не ў поўнай меры. Чаго, на ваш погляд, не хапае, каб людзі з інваліднасцю адчувалі сябе ў роўных умовах з іншымі?

— Усё законамі не прапішаш. Ва ўзаемаадносінах з людзьмі з інваліднасцю вельмі важна не пераступіць мяжу ў той ці іншы бок. Калі адносіцца да гэтых людзей толькі з жалем, са спачуваннем, гэта не зусім добра. Наша задача — сацыялізаваць людзей з інваліднасцю ў грамадства, каб яны нароўні з намі маглі і працаваць, і атрымліваць адукацыю, і наведваць аб'екты, і выказваць сваю пазіцыю. З іншага боку, мы павінны сфарміраваць у грамадскасці разуменне таго, што ў людзей ёсць захворванне і па магчымасці трэба дапамагаць ім. Вельмі важна не ізаляваць інвалідаў. Дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі павінны вучыцца ў звычайных установах адукацыі. Для гэтага, вядома, павінны быць створаны ўмовы, што і робім. Мы ўжо з дзяцінства фарміруем у нашых дзяцей менталітэт, мысленне, што людзі з інваліднасцю — такія ж, як і мы ўсе.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Новыя тэхналогіі супраць раку. Анколагі расказалі, як лечаць пацыентаў, якія раней лічыліся неперспектыўнымі

Новыя тэхналогіі супраць раку. Анколагі расказалі, як лечаць пацыентаў, якія раней лічыліся неперспектыўнымі

Вядучыя анколагі расказалі пра новыя метады лячэння, якія яшчэ нядаўна былі недаступныя, а сёння выратоўваюць жыцці пацыентам.

Грамадства

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Працягваем сачыць за развіццём паводкавай сітуацыі.

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.