Вы тут

У Гродна адкрылася выстава ёлачных цацак 30-70-х гадоў


Аўтар экспазіцыі — віцебчанка Наталля Кавалёва, якая прывезла ў Гродна частку сваёй пяцітысячнай калекцыі. Свае экспанаты пачала збіраць не так даўно — крыху больш за 10 год. Многія цацкі траплялі да яе ў пашкоджаным выглядзе, Наталля сама іх рэаніміравала, давала ім «другое жыццё». Цяпер нават цяжка сказаць, якія рэчы былі раней недасканалыя, настолькі прыгожай і якаснай выглядае экспазіцыія. Жанчына пераканана — казачныя навагоднія цацкі здольны вярнуць незабыўны свет дзяцінства і стварыць сапраўдны навагодні настрой. 


Знаёмства з такой жанчынай як Наталля Кавалёва — ужо само па сабе свята. Здаецца, яна заўсёды на пазітыве, з добрым настроем, уважлівая і дабразычлівая. Вакол такіх людзей адчуваеш вялікі станоўчы энэргетычны імпульс. Аказалася, што яна і ў справе такая ж няўрымслівая. Бо сабраць такую калекцыю без вялікага энтузіязму немагчыма. А пачалося ўсё тады, калі Наталля Анатольеўна пайшла на заслужаны адпачынак. Праўда, збор калекцыі пачаўся з расчаравання. 

— Калі я пасталела, я не ставіла ёлку, але неяк наведала выставу віцебскай калекцыянеркі Ніны Бондаравай. І мне адкрыўся гэты ззяючы колер ёлачнай цацкі. Я пабегла на крылах дадому, зазірнула ў сваю скрыню для пасылак і ўспомніла, што маці аддала нашы даўнішнія цацкі дзецям сваёй сяброўкі. Я пайшла па іх слядам, і тры цацкі ўдалося вярнуць. Вось з гэтага пачаўся мой марафон калекцыянера, — расказала Наталля.

Кажа, што за 13 год сабрала амаль пяць тысяч экзэмпляраў. Захоўваюцца яны ў розных месцах сталінскай кватэры ў Віцебску. У шафах, на антрасолях, у шуфлядах. Па словах жанчыны, цацкі ўсе невялікія, можна сказаць маленькія, таму займаюць не так многа месца. І хаця яе экспазіцыя называецца «Стары куфар, прыгажуня ёлка», самога куфара тут няма. Гэта хутчэй фактар часу. Маўляў, выстава адпраўляе наведвальніка ў мінулае. 

— Вядома, у нашым куфары няма адзення, пабітага моллю, гэта куфар, дзе захоўваюцца нашы ўспаміны. І калі яго адчыніць, нашы ўспаміны ўздымаюцца, і мы робімся на момант дзецьмі. Гледзячы на старыя цацкі, кожны ўспомніць ёлку свайго дзяцінства. Паверце, ніхто ніколі не забудзе тыя моманты шчасця. Таму мне хочацца падарыць людзям зноў тыя казачныя адчуванні, вярнуць іх у навагодняе дзяцінства, — прызнаецца субяседніца.

Набываліся цацкі рознымі шляхамі. Штосьці перападала ад сяброў, сваякоў, суседзяў, штосьці прыходзіла праз абмен альбо пакупку. Зараз у яе ёсць амаль усё, што хадзіла ў Беларусі ў 30-70-ыя гады. Часта ў рукі траплялі цацкі ў вельмі жаласным стане. Бляклыя, з абляцелай фарбай, стратамі і дэфектамі. Глядзець на ўсё гэта жанчына спакойна не магла і стала вучыцца іх «лячыць». Разгарнула свайго роду «шпіталь» для цацак. На дапамогу прыйшлі неабходныя для рэанімацыі рэчы — клей, лакі, фарбы. Пачала аперацыі па нарошчванні частак, якіх не хапала, рабіла пластыку і макіяж. Больш за ўсё яна любіць рэстаўрыраваць фігуркі Дзедаў Марозаў і Снягурак, якіх на выставе нямала. А вось сваю ёлку ўпрыгожвае фігуркамі, якія былі ў яе дзяцінстве. Гэта фігуркі дзяцей у зімовым адзенні па модзе 60-х гадоў.

Практычна ўся калекцыя прысвечана савецкаму перыяду і бярэ пачатак з сярэдзіны 30-х. Па словах Наталлі, савецкая ёлачная цацка — з’ява ўнікальная. Бо наўрад ці знойдзецца краіна, каб навагоднія цацкі ішлі ў нагу з часам і адпавядалі тым падзеям, якія адбываліся ў дзяржаве. А вось у СССР нават ёлачныя цацкі адпавядалі той ці іншай эпохе. 

— Думаю, выстава будзе цікава і з пункту гледжання новых ведаў з жыцця савецкай дзяржавы, 100 — годдзе якой прыпадае на канец снежня сёлятняга года. А гэта гісторыя нашай краіны. Магчыма, хтосьці адкрые для сябе тыя старонкі, якія прапусціў альбо наогул не ведаў, — Наталля  пачынае расказваць пра свае экспанаты. 

Аказваецца, у 20-ыя гады навагодняя ёлка была забаронена і гэта доўжылася да 1935 года. І калі ўлады зразумелі, што народ не перастане адзначаць Каляды, яны вырашылі паставіць ёлку на службу дзяржаве. 

— На гэтай вітрыне цацкі 30-х гадоў. Замест анёлаў — чырвонаармейцы, замест васьміканцовай Віфліемскай зоркі — савецкая пяціканцовая. З’явіўся шар з выявамі правадыроў, але потым ад такой цацкі адмовіліся. Тут і сярпы з молатамі, зоркі з шклярусу. Былі свае правілы, як трэба ўпрыгожваць ёлку ў дзіцячым садку ці школе, што зверху павінна быць, што знізу. Напрыканцы 30-х гадоў былі папулярны мілітарызаваныя цацкі — танкі, самалёты. Ёсць тут такі самалёт-знішчальнік са шкляруса, — распавядае аўтар выстаўкі. 

Падчас вайны фабрыкі па вырабу цацак былі зачынены ці перайшлі на выпуск ваеннай прадукцыі. Але некаторыя заводы ўсё ж невялікія партыі ёлачных цацак выпускалі. Напрыклад, на электралямпавым заводзе ў Маскве навагоднія цацкі рабілі з абрэзкаў дроту, а з бракованых лямпавых колбаў — ёлачныя шары. Іх фарбавалі не толькі зверху, але і знутры. У калекцыі ёсць такая лямпа-грыбок. Асобная вітрына прысвечана касмічнай тэме. Потым пачалося асваенне поўначы — сталі выпускаць цацкі і на гэту тэму. З’явіліся цацкі-якуты, белыя мядзведзі, верталёты... Таксама шмат выпускалі цацак у выглядзе гародніны.

Вось на вітрыне снегавая горка, з якой скатваюцца дзеці на санках. Вельмі добра раскуплялася цацка «хлопчык на санках». Унізе горкі дзяўчынка з лялькай, тварык яе дасканала расфарбаваны. Побач- хлопчык з бразготкай. Гэта цацкі 60-х гадоў — прыкметы савецкага шчаслівага дзяцінства. 

Некалькі вітрын прысвечана персанажам казак. 

— Я вельмі люблю казкі, яны шырока прадстаўлены ў вобразе ёлачных цацак. Іх даволі цікава разглядаць, бо яны зроблены вельмі дэтальна. Каб прасунуць праект сваей цацкі, аўтару трэба было прайсці не адну камісію, разглядаў праект навуковы інстытут цацкі. Таму гэта калекцыя — вынік вельмі вялікай працы стваральнікаў цацак. 

У калекцыі сабраны цэлыя серыі казачных персанажаў. Можна ўбачыць герояў казак «Руслан і Людміла», «Чыпаліна», Доктар Айбаліт«, «Чырвоная шапачка» і іншыя. Існавала нямала арцеляў пры розных прадпрыемствах, якія рабілі ёлачныя цацкі. Напрыклад, герояў казкі пра залатога пеўніка зрабілі ў 50-ыя гады ў арцелі «Оптын» Масгархімпрамсаюза. Шкляныя пацеркі на ёлку ў гэты перыяд выпускаў Сталінскі райпрамкамбінат у Свярдлоўску. Нямала ў калекцыі вырабаў Маскоўскай фабрыкі ёлачных упрыгожванняў. Ёсць і цацкі 60-х гадоў з Германіі. Многія экспанаты выстаўкі — гэта сапраўдны антыкварыят. 

Калекцыя Наталлі Кавалёвай выстаўлялася амаль ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі і Мінску. А вось у Гродна прыехала ўпершыню. Гэта яе 13 па ліку выстава. Як расказала старшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Кацярына Арабей, хутка на вітрынах данай экспазіцыі з’явяцца QR-коды з невялікай інфармацыяй аб асобнай калекцыі. Кожны зможа сканіраваць і пазанаёміцца з экспанатамі больш падрабязна. 

Выстаўка ў Новым замку музея праходзіць да 15 студзеня. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».