Вы тут

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень інваліда


Сёння адзначаецца Міжнародны дзень інваліда. У Беларусі жыве больш за 530 тысяч чалавек з інваліднасцю.


Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА адзначыла, што дзяржава праводзіць сістэмную палітыку па падтрымцы і рэабілітацыі людзей з інваліднасцю.

— Больш за пяць гадоў таму наша краіна ратыфікавала Міжнародную канвенцыю аб правах інвалідаў. І ў дзяржаўнай палітыцы, і ў грамадскай свядомасці за гэты перыяд адбыліся зрухі ў рашэнні пытанняў інваліднасці. У першую чаргу варта сказаць, што сёння падтрымку інвалідаў мы разглядаем не толькі як матэрыяльную, але і як неабходнасць стварэння інклюзіўнага ўніверсальнага асяроддзя, дзе кожны чалавек з інваліднасцю мог бы рэалізаваць свой патэнцыял, — звярнула ўвагу намеснік міністра.

Інвалідам у нашай краіне аказваецца чатыры віды матэрыяльнай падтрымкі: пенсіі, дапамогі, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, а таксама сацыяльная дапамога на набыццё сродкаў гігіены (у рамках сістэмы адраснай сацыяльнай дапамогі). За 2021 год і дзевяць месяцаў 2022-га на гэтыя мэты накіравана каля шасці мільярдаў рублёў.

На рэалізацыю дзяржпраграмы «Сацыяльная абарона» на працягу пяці гадоў прадугледжана больш за чатыры мільярды рублёў. Яна ўключае раздзелы па сацыяльным абслугоўванні і сацыяльнай падтрымцы і арганізацыю даступнага асяроддзя.

Да 2025 года мяркуецца зрабіць цалкам даступнымі каля васьмі тысяч аб'ектаў. Варта адзначыць, што сёння ў краіне даступнымі з'яўляюцца каля 18 % аб'ектаў. З 2025 года запрацуе аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма па даступнасці аб'ектаў, своеасаблівы маршрутны гід для асоб з інваліднасцю.

Заработная плата — да 1800 рублёў

Амаль палова інвалідаў у Беларусі — людзі працаздольнага ўзросту. З іх каля 120 тысяч маюць паказанні да працы, працуе пры гэтым каля 60 % (66 тысяч чалавек).

— Мы разумеем, што людзям з інваліднасцю няпроста канкурыраваць на рынку працы. Таму для прадпрыемстваў, якія прымаюць інвалідаў, прымяняюць розныя прэферэнцыі. Закон прадугледжвае такі інавацыйны механізм, як кватаванне працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю. Ён атрымае сваё далейшае развіццё ў межах Закона «Аб занятасці», які пачне функцыянаваць з 2025 года. Акрамя таго, з году да двух павялічаны тэрмін адаптацыі да працоўнай дзейнасці для інвалідаў з інтэлектуальнымі парушэннямі.

Пра занятасць людзей з інваліднасцю расказаў старшыня цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства глухіх Сяргей СКУРАНОВІЧ. Ён удакладніў, што таварыства мае дзевяць прадпрыемстваў — у Мінску і ўсіх абласных цэнтрах, а таксама  ў Бабруйску, Оршы, Баранавічах і Барысаве. Там працуе амаль тры тысячы чалавек. З іх 58 % — інваліды. Гэта прадпрыемствы ў сферы машынабудавання, металаапрацоўкі, дрэваапрацоўкі, лёгкай прамысловасці.

— Усе люстэркі, якія ўстанаўліваюцца на МАЗы, МТЗ, расійскія КАМАЗы, — нашай вытворчасці. Многія ранейшыя сувязі парваліся, але знаходзім новыя рынкі збыту, лагістычныя шляхі. У нас няма ніводнага стратнага прадпрыемства. Сярэдні заробак — тысяча рублёў, няшмат, але, улічваючы той факт, што большасць людзей з інваліднасцю не маюць кваліфікацыі, гэта нядрэнная лічба. Максімальны заробак — 1800 рублёў, — расказаў Сяргей Скурановіч.

Новы закон прадугледжвае і далейшае развіццё сістэмы сацыяльнага абслугоўвання. Адна з форм, характэрная толькі для нашага заканадаўства, — замяшчальная сям'я. Гэта сумеснае пражыванне і вядзенне хатняй гаспадаркі. У Беларусі ўжо
150 замяшчальных сем'яў, дзе ажыццяўляецца догляд інвалідаў 1-й групы.

Уводзіцца і паслуга персанальнага асістэнта. Ён будзе суправаджаць чалавека з інваліднасцю ў паліклініку, службу занятасці, дапамагаць са складаннем дакументаў, рэзюмэ.

Не — падвоеным стандартам

— Дзяржава планамерна рухаецца ў рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў. Аднак трэба адзначыць, што сама сусветная супольнасць не прытрымліваецца палажэнняў дадзенай канвенцыі. Чарговым крокам дыскрэдытацыі ў адносінах нормаў канвенцыі з'яўляецца рашэнне Міжнароднага паралімпійскага камітэта аб выключэнні з арганізацыі Беларусі. У канвенцыі не можа быць падвоеных стандартаў, таму Міністэрства працы і сацыяльнай абароны аб'явіла рэспубліканскую акцыю «Не — падвойным стандартам Канвенцыі аб правах інвалідаў». Мы запрашаем усіх нераўнадушных далучыцца да акцыі ў знак кансалідацыі і салідарнасці з людзьмі з інваліднасцю і выказаць нашу падтрымку спартсменам-паралімпійцам, — падкрэсліла Марына Арцёменка.

Не шкадаваць, а навучаць

Як адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Алена МУЛІЦА, у банку даных маюцца звесткі аб 176,3 тысячы дзяцей да 18 гадоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з іх 14,7 тысячы маюць інваліднасць. Доля дзяцей з асаблівасцямі складае 9,5 %. Адукацыю яны атрымліваюць як у спецыялізаваных установах, так і ў звычайных садках і школах.

У Беларусі працуе 237 спецыялізаваных устаноў адукацыі, у тым ліку па 48 дзіцячых садкоў і школ, 141 карэкцыйна-развіццёвы цэнтр. Больш за 70 % дзяцей з асаблівасцямі вучацца ў звычайных школах у інтэграваных класах.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pexels.com

Загаловак у газеце: Вучыцца, працаваць і жыць на роўных

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.