Вы тут

Як за адзін дзень наведаць 127 музеяў?


3–4 снежня ў Мінску праходзіць V Нацыянальны форум «Музеі Беларусі». Лепшыя музейныя ўстановы з усіх рэгіёнаў Беларусі прадставяць свае экспазіцыі і прэзентацыі: прывезены экспанаты, падрыхтаваны сюрпрызы для наведвальнікаў. У межах форуму, які праходзіць у Спартыўна-культурным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва (Рабкораўская 17/2) пройдуць круглыя сталы, экскурсіі, канферэнцыя. Прадстаўнікі ўстаноў распавядуць пра цікавыя праекты і праграмы, правядуць майстар-класы, музейныя заняткі, анімацыйныя праграмы. Форум дае наведвальнікам выдатную магчымасць завочна пабываць у розных кутках Беларусі, даведацца пра факты і рэчы, якія зберагаюцца музейшчыкамі, таксама можна будзе дазнацца, у тым ліку, пра невялікія музеі, што прапануюць унікальныя праграмы. Ці многія мінчане змаглі даехаць, напрыклад, да «Музея дзяцінства» у Полацку, а хто ведае пра музей «Лес і чалавек» на Гродзеншчыне? Але і вялікія рэспубліканскія музеі кожны год распрацоўваюць новыя праграмы і праекты, здольныя ўразіць наведвальніка.


З кожным годам расце папулярнасць Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Напрыклад, 30 лістапада гэтага года толькі за адзін дзень установу наведала 2 тысячы чалавек! Па суботах і нядзелях праз музей праходзіць каля 1,5 тысячы гасцей. Запіс на экскурсіі вядзецца на месяц наперад, музей нават вымушаны быў падоўжыць час сваёй працы да 19 гадзін, разглядаецца пытанне аб павелічэнні колькасці экскурсаводаў. Супрацоўнікі ўстановы не перастаюць шукаць цікавыя факты, якія можна прыпаднесці наведвальнікам, новыя формы працы і падачы матэрыялу.

Пераканацца ў гэтым можна і падчас музейнага форуму. На вуліцы будзе працаваць мабільны музей. Падрыхтавана цікавая праграма для школьнікаў. Супрацоўнікі музея возьмуць на сябе ролі ўдзельнікаў ваенных падзей (партызанаў, франтавікоў, работнікаў тылу) і прапануюць хлопчыкам і дзяўчынкам паўдзельнічаць у квэсце. У межах дзелавой праграмы эксперты падзеляцца вопытам працы па выхаванні падрастаючага пакалення. Музейшчыкі пазнаёмяць таксама з сучаснымі напрацоўкамі, звязанымі з захаваннем гістарычнай памяці. Так за апошні час Генеральнай пракуратурай адкрываюцца новыя факты, доказы, звязаныя з генацыдам беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Музеі адсочваюць гэтую інфармацыю і выкарыстоўваюць у сваёй рабоце.

Як заўважыў дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Варапаеў, форум дазваляе музейным установам абмяняцца сваімі напрацоўкамі, падзяліцца вопытам, завязаць новыя кантакты.

Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў прапануе наведвальнікам форуму звярнуць увагу на асобу Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, 150-годзе якога адзначаецца ў гэтым годзе. Выстаўка, прысвечаная гэтаму мастаку, ужо з поспехам прайшла ў Акадэміі мастацтва ў Маскве (Вітольд Каэтанавіч быў акадэмікам і пры царскім рэжыме, і ў савецкі час). Імя знакамітага мастака носіць адзін з філіялаў Мастацкага музея — у Магілёве. Нядаўна ён быў рэканструяваны і сёння распрацоўвае для наведвальнікаў цікавыя праекты. У межах форуму Нацыянальны мастацкі музей падрыхтаваў для гасцей экскурсійную праграму, у межах якой пазнаёміць з новымі выставачнымі пляцоўкамі, праграмамі і падыходамі.

Музей гісторыі беларускай літаратуры на форуме прадставіць праекты, якія найбольш запатрабаваныя ў наведвальнікаў. Сярод іх гульня па кнізе Кандрата Крапівы «Загадкі дзеда Кандрата», літаратурна-педагагічны занятак «Музыка», які знаёміць з музычнымі інструментамі, гульня «Кніганоша», дзе юныя госці адкрываюць для сябе літаратурных герояў вершаў Максіма Багдановіча — русалак, лясуна, балотніка. Форум музейшчыкі плануюць выкарыстаць і для таго, каб пазнаёміць са сваімі філіяламі. Яны будуць прадстаўлены на спецыяльна распрацаванай карце і ў відыяроліках. Госці на форуме змогуць паспрабаваць сябе ў ролі пісьменнікаў — надрукаваць тэкст на машынцы, якая мае дачыненне да Петруся Броўкі. Будзе разыграны і першы сертыфікат, які прадастаўляе новую паслугу «Музей на дваіх», калі ў вячэрні час музейная прастора працуе выключна для двух гасцей, яны быццам ператвараюцца ў «гаспадароў» кватэры 60-х гадоў, у якой раней жыў пісьменнік.

Для форуму музейшчыкі падрыхтавалі выстаўку прадметаў, якія належылі юбілярам Янке Брылю, Алесю Адамовічу і Уладзіміру Калесніку — аўтарам кнігі «Я з вогненнай вёскі». Гэты творчы калектыў аб’ехаў 147 вёсак, спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны, і сабраў успаміны сведкаў. На форуме можна пабачыць мікрафон, на які запісваліся гісторыі жыхароў «вогненных» вёсак, а таксама кнігі, аўтографы і архіўныя фатаграфіі. У экспазіцыі вы знойдзеце і паштоўку, якая дзякуючы касманаўту Алегу Навіцкаму пабывала ў космасе. 

На стэндзе, прадстаўленым Дзяржаўным літаратурным мемарыяльным музеем Якуба Коласа, варта звярнуць увагу на афішную тумбу. На ёй у выглядзе аб’яў пададзена інфармацыя пра мерапрыемствы, якія музей правёў у гэтым годзе. Тут можна будзе напісаць пажаданні ў мінулае — для класіка, і ў будучае — для музея. Супрацоўнікі Коласавага дома хочуць падзяліцца сваімі меркаваннямі аб тым, колькі цікавых праектаў можна ладзіць у музее дзякуючы супрацы з рознымі ўстановамі і творцамі: бібліятэкамі, школамі, мастакамі, музыкамі, артыстамі. Упершыню ў гэтым годзе музей заключыў дамову аб супрацоўніцтве з Народным літаратурным тэатрам «Жывое слова» пры Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Праграма па творах Якуба Коласа была прэзентавана ў музее падчас святкавання юбілею класіка, на форуме можна будзе пабачыць урывак з яе.

Не так проста адабраць праекты для прэзентацыі ў межах форуму было супрацоўнікам музея Янкі Купалы. Яны вырашылі распавесці гасцям пра гісторыю аднаго з экспанатаў, які захоўваецца ў музее, — партрэта Якава Кругера. У гады Вялікай Айчыннай вайны карціна была вывезена захопнікамі ва Усходнюю Прусію. Яе знайшлі ў сутарэнні сярод іншых скрадзеных рарытэтаў. Адзін з салдатаў пазнаў на малюнку Янку Купалу. Карціну вярнулі ў Беларусь і перадалі ў музей Песняра. На форуме будзе прадстаўлены і арыгінал зборніка «Спадчына», якому сёлета споўнілася 100 гадоў, мемарыяльныя прадметы, якія належалі Купале. Супрацоўнікі музея пакажуць таксама як мультымедыйнае абсталяванне можна выкарыстоўваць для правядзення інтэрактыўных гульняў, мерапрыемстваў. Пры дапамозе «мовы» смайлікаў удзельнікам форуму давядзецца ўгадаць творы Купалы, паспрабаваць сябе ў паэтычным караоке, віктарыне, стварэнні партрэта класіка.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота: Яўген ПЯСЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».