Вы тут

Лукашэнка: Трэба рыхтаваць у сябе ўрачоў, якія будуць працаваць на сваю краіну


Рабочы тыдзень у Палацы Незалежнасці пачаўся з абмеркавання пыанняў, якія тычацца кожнага — з аховы здароўя. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча. На парадку дня — самыя вострыя праблемы. Але перш чым да іх перайсці, кіраўнік дзяржавы падзякаваў беларускім медыкам за барацьбу з каранавірусам, да гэтай тэмы ён не аднойчы ўжо вяртаўся. «Мая падзяка сістэме аховы здароўя і дактарам не за тое, што яны лячылі. А за тое, што, не ведаючы, як лячыць, — навучыліся. Сёння, мы ўжо можам сказаць, што ніхто так у свеце не справіўся з гэтай праблемай, як гэта было зроблена ў Беларусі. Гэта не толькі таму, што ў нас сістэма аховы здароўя правільна зарыентавалася, мы гэта ўсё ведаем. Гэта яшчэ раз гаворыць аб тым, што пад кантролем жорсткім і ціскам сістэма аховы здароўя працуе», — сказаў Прэзідэнт.


Аляксандр Лукашэнка расказаў адну гісторыю, якая, па яго словах, вельмі важная для гэтай размовы. У адну з паездак у родную вёску да кіраўніка дзяржавы прама пасярод вуліцы звярнуўся мужчына з просьбай выратаваць жанчыну, якая ляжала ў Шклоўскай бальніцы і была пры смерці. Дзякуючы ўмяшальніцтву Прэзідэнта хворую перавезлі ў Магілёў., «Практычна кожны вечар мне дакладвалі аб стане чалавека, асацыяльнага чалавека, але ўсё роўна для мяне — чалавек. Цэлы букет хвароб быў і двухбаковая пнеўманія...У Шклоўскай бальніцы я яе практычна выцягнуў з морга, сёння яна адключаная ад апарата ШВЛ, дынаміка, кажуць, нядрэнная». — расказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Па словах Прэзідэнта, яго зацікавіла гэтая гісторыя не толькі таму, што на коне стаяла чалавечае жыццё. Кіраўнік дзяржавы вырашыў праверыць, як спрацуюць вышэйстаячыя ўстановы. Па словах Прэзідэнта, у сувязі з гэтай гісторыяй ў яго ўзнікла пытанне да Дзмітрыя Піневіча. «Ці вас крыху панесла ў сістэме, і вас як міністра, і вы лечыце толькі там, дзе трэба лячыць? Ці вы будзеце лячыць людзей так, як я ад вас заўсёды патрабаваў? Мяне гэта вельмі насцярожвае. Начальнікі, яшчэ хто, ну я ў лякарню пакуль, дзякуй богу, не езджу — вось тут вы лечыце. А людзі прасцейшыя няхай у нейкіх раённых бальніцах... Ну, ёсць там ФАП. Ходзіць фельчар, яйка дадуць, выпіць сто грам дадуць, як у былыя часы я гэта назіраў, добра. Не — нічога». 

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што хуткім часам ім будзе створаная мабільная група абсалютна незалежных ад міністэрства аховы здароўя людзей, спецыялістаў, якія правераць сістэму і выбарачна нечакана правераць бальніцы. «Наракайце на сябе», — папярэдзіў Прэзідэнт адказных за ахову здароўя ўдзельнікаў нарады, — «Я падумаў: Шклоўскі раён, я там бываю часта. Натуральна, калі Прэзідэнт наведвае нейкае месца, там ахова здароўя працуе з рэзервамі. Калі там так, дык вось я тыдзень не сплю і думаю: як у іншых раённых бальніцах. Вось я хачу вас перасцерагчы, што літасці вам не будзе. І ніякае лячэнне вялікіх начальнікаў вас не выратуе. Разумейце мяне, як хочаце. Адзін у адзін, што я сёння сказаў, пачуе ўся краіна і не толькі краіна. Да нас прыкаваны погляды многіх дзяржаў, мільёны людзей гэта пачуюць. Калі ласка, зрабіце адпаведныя высновы. Схавацца камусьці за спіну кагосьці або, як я часта кажу, пад плінтус залезці не атрымаецца. Паказваць актыўную дзейнасць, што мы „вялікія“ — нам гэта ў краіне не трэба. У нас дзяржава для народа, ну дык народ трэба лячыць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён упэўнены, што ў краіне ёсць усё, каб лячыць людзей на патрэбным ўзроўні. І ковід паказаў, што дактары ў краіне добрыя. Нават, калі ў ВНУ ёсць недапрацоўкі па падрыхтоўцы медыкаў, то ў лячэбных установах настаўніцтва добра развіта. «Я не хачу рабіць глыбока і далёкасяжныя высновы з гэтага выпадку. Але ён штурхае разважанні», — заўважыў кіраўнік дзяржавы і перайшоў да бягучай сітуацыі. 

«Рыхтавацца да ўсяго, усялякае можа быць»

Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна абмяркоўвалі пытанні бяспекі нашай краіны, што вельмі важна і актуальна. Задзейнічаны былі ўсе, у тым ліку і ахова здароўя — ад медыцынскіх аптэчак да прывядзення ў нармальны стан лячэбных устаноў. Падключаюцца і ваенныя медыкі. Па словах кіраўніка дзяржавы, трэба «рыхтавацца да ўсяго, усякае можа быць». 

Аляксандр Лукашэнка закрануў вельмі важную тэму — рэспіраторныя інфекцыі. Па яго словах, сёння гэта актуальна як ніколі. «Як увогуле ідуць тут справы? І грыпуюць людзі, ковід яшчэ не зусім сышоў...», — адзначыў ён. З гэтага вынікае яшчэ адно пытанне — вакцыны. Прэзідэнт падзякаваў кітайскаму народу і свайму сябру Сі Цзіпіну за дапамогу. Але свае вакцыны вырабляюцца і ў Беларусі, ствараецца свая база, каб адысці ад імпарту. Таму пытанне імпартазамяшчэння таксама мае значэнне для сістэмы аховы здароўя. 

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як ідуць справы з лекавым забеспячэннем, з развіццём матэрыяльна-тэхнічнай базы. Прэзідэнт нагадаў, што ён даручаў падтрымаць медыкаў у час ковіда, наколькі гэта магчыма па зарабатнай плаце. Зрабілі, ковідныя надбаўкі перавялі ў зарабатную плату. Аляксандр Лукашэнка назваў гэты шлях правільным, але звярнуў увагу, што не трэба забываць і пра мадэрнізацыю бальніц. «У нас нямнога засталося месцаў, дзе бальніцы ўвогуле ніякія. Вельмі мала месцаў, таму там мы павінны скончыць або мадэрнізацыю, або будаўніцтва бальніц. Трэба матэрыяльна падтрымаць тых, хто працуе. У нас ёсць нянечкі і сярэдні медыцынскі персанал, медыцынскія сёстры, у іх таксама працы вышэй галавы, і дактары. Трэба падтрымліваць, трэба рабіць так, каб у нас не было ніякага дэфіцыту», — канстатаваў ён. У сувязі з гэтым Прэзідэнт пацікавіўся сітуацыяй з кадрамі ў медыцыне. 

«Я ведаю, вы зрабілі моцныя крокі ў плане адукацыйным. Рухаемся да таго, каб набіраць дактароў такіх, каб яны калі яны скончаць вучобу, мы ведалі куды яны паедуць без усялякага размеркавання. Яны прыйдуць і будуць ведаць, куды паедуць, таму што ў іх ёсць дамова. Нічога страшнага. Трэба рыхтаваць у сябе ўрачоў, якія будуць працаваць на сваю краіну. Баяцца гэтага нельга», — сказаў Аляксандр Лукашэнка і тым не менш пацікавіўся, якая кадравая сітуацыя ў ахове здароўя менавіта зараз. 

«Мы прынялі ўсе прэвентыўныя меры»

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч далажыў, што эпідэмічная сітуацыя цалкам кантралюемая, колькасць захварэлых з каранавіруснай інфекцыяй менш за тры працэнты. «Мы зараз назіраем невялікі прырост захворвання пераважна сярод непрышчэпленых асоб, лёгкія або сярэднецяжкія выпадкі захворванні. Цяпер так званая трыдэмія надыходзіць — гэта каранавірус, вірус грыпу і рэспіраторны вірус. Мы спакойныя ў гэтым плане, таму што супраць каранавіруснай інфекцыі ў нас прышчэплена насельніцтва 72 працэнты. Гэта вышэй, чым у Расіі, вышэй, чым у Польшчы, чым у Балканскіх краінах. Фактычна гэта сярэднееўрапейскія паказчыкі», — сказаў ён. Міністр далажыў, што практычна 39 працэнтаў насельніцтва ўжо прышчэплена супраць грыпу. «Мы прынялі ўсе прэвентыўныя меры, не выкарыстоўваючы ніякага адміністрацыйнага націску, — тое, што было вашым даручэннем. Комплекс медыцынскіх мерапрыемстваў праводзіцца, мы не расслабляемся. Ёсць медыкаменты, медыкаментаў дастаткова», — сказаў ён. 

У тэму

Пасля рабочай сустрэчы з Прэзідэнтам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч растлумачыў, чаму медыкі спакойныя наконт сезонных рэспіраторных захворванняў. «Ахопы вакцынацыі супраць каранавіруса і грыпу выкананы. Тыя лічбы, якія мы хацелі б бачыць у якасці эпідэміялагічнага дабрабыту. Гэта дазваляе нам лічыць, што мы пройдзем гэты эпідэмічны сезон дастаткова спакойна». — сказаў ён. Па словах міністра, няма асаблівых праблем і з забеспячэннем лекамі і абсталяваннем. Дзмітрый Піневіч расказаў, што каля 22-25 адзінак з цяжкага медыцынскага абсталявання знаходзіцца ў рамонце: «Гэтыя лічбы характэрныя, на жаль, для 2021-2022 гадоў, яны звязаны з лагістычнымі цяжкасцямі, з пастаўкамі запасных частак. Мы праводзім дакладную пазіцыю пераарыентавання закупкі медыцынскага абсталявання з іншых рынкаў. У нас ужо з’явілася цяжкае абсталяванне высокага класа вытворчасці Кітая, і мы задаволены», — удакладніў міністр. Акрамя таго, некаторыя кампаніі з Заходняй Еўропы лакалізуюць сваю вытворчасць абсталявання і камплектуючых у індустрыяльным парку «Вялікі камень». А гэта азначае, што з часам складанасці з пастаўкамі медыцынскага абсталявання і камплектуючых будуць мінімізаваны. 

Ёсць некаторыя цяжкасці з забяспечанасцю лекавымі прэпаратамі. Каля 10 пазіцый Міністэрства аховы здароўя трымае на асаблівым кантролі, гэты пералік мяняецца ад месяца да месяца. У цэлым па ўсіх пазіцыях маецца запас медыкаментаў на тэрмін ад паўтара месяца да паўтара года. Пры гэтым рост цэн на лекі з пачатку гэтага года склаў каля 4,6%, што значна менш за інфляцыю па нехарчовай групе тавараў. Па словах Дзмітрыя Піневіча, гэта стала магчымым дзякуючы кантролю з боку міністэрства і выпрацоўцы сумесных рашэнняў з пастаўшчыкамі імпартных лекаў.

Міністр таксама падкрэсліў, што пытанне падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў — адно з самых складаных у любой дзяржавы. Ён расказаў, якія меры для яго вырашэння прымаюцца ў Беларусі. Першая мера — практыка прымянення мэтавых набораў з асаблівым механізмам. Другая — выплата ковідных надбавак усім медыцынскім работнікам. Трэцяя мера — урадам адпрацаваны праект нарматыўнага акта аб арэндным жыллі. Спецыялісты, якія жывуць у арэндным жыллі, праз пэўны час могуць на льготных умовах яго выкупіць. Чацвёрты блок — гэтае абсталяванне працоўных месцаў, зацікаўленасць у прафесійным росце. «Зразумела, калі спецыяліст працуе з новым абсталяваннем, у новых сценах, гэта ўплывае на тое, каб ён застаўся на гэтым працоўным месцы. І шмат што залежыць ад кіраўнікоў», — падкрэсліў Дзмітрый Піневіч. Міністр звярнуў увагу, што львіная доля якасці аказання медыцынскай дапамогі — гэта кадры. «Мы можам абсталявацца, можам зрабіць новыя сцены. Але, калі доктар або медыцынскі спецыяліст не выконвае ўсё, што трэба яму выканаць, вось і атрымліваюцца такія выпадкі, пра якія гаварыў Прэзідэнт. Безумоўна, узровень аказання медыцынскай дапамогі ў абласной бальніцы павінен быць вышэйшы, чым у раённай. Але калі ў раённай бальніцы ёсць рэанімацыя і анестэзіялогія, яны павінны выконваць свае функцыі. Праблемы ў гэтым ёсць. Таму гэта зараз будзе нашай найважнейшай задачай», — канстатаваў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Сёння ў Беларусі крыху больш за 800 населеных пунктаў яшчэ не маюць якаснай вады.

Эканоміка

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Як вядома, з 23 студзеня ў нас змянілася стаўка рэфінансавання.

Грамадства

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Аб тым, якія эмоцыі адчуў, калі зразумеў, што перамог.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​