Вы тут

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Шкленікова. Боль прадзедаў і памяць сведкаў


Прыгожая лясная вёска Шкленікова Мядзельскага раена Мінскай вобласці была спалена разам з многімі жыхарамі 27 верасня 1943 года. У той восеньскі сонечны дзень 58 шленікоўскіх сядзіб фашысты ператварылі ў страшэннае папялішча, якое назаўжды пахавала пад сабой 15 мірных вяскоўцаў, сярод якіх быў мой прадзед Адам Сцяпанавіч. У 2023 годзе — 80-годдзе трагедыі Шкленікова.


Хараство даваеннага жыцця

Аповед пра гісторыю гэтай спаленай вёскі — трагічны і цяжкі, бо звязаны са смуткам і несуцешным болем, якія не праходзяць за дзясяткі гадоў і не пройдуць ніколі. Гэта радзіма маіх прадзедаў.

З дзяцінства мне шмат расказвалі пра даваеннае жыццё Шкленікова, у якім сама ніколі не жыла. Бабуля апавядала, што яно было шчаслівым, мірным і па-вясковаму прыгожым.

Цікавы факт: некалькі класаў Шкленікоўскай пачатковай школы скончыў у 20-я гады мінулага стагоддзя мой славуты зямляк, вядомы беларускі пісьменнік Максім Танк, які нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына, што за некалькі кіламетраў адсюль. У гэтую школу хадзіў перад вайной і мой бацька. Дзедаўская сядзіба знаходзілася на ўскрайку вёсачкі, па-суседску з пачатковай школай.

Шкленікоўцы жылі спакойным жыццём, моладзь сустракалася на лаўцы пад маладой разгалістай ліпай (толькі яна адна ўцалела і да гэтай пары зелянее пасярод вёскі). Вяскоўцы жаніліся, стваралі сем'і, нараджалі дзяцей, гадавалі ўнукаў. А па вечарах, управіўшыся з хатнімі клопатамі, прыбраўшыся ў прыгожыя строі і павязаўшы яркія хусцінкі, збіраліся на вечарыны і спявалі, танцавалі пад гармонік. Сярод спявачак была і мая бабуля. Між іншым, усе дзяліліся навінамі, якія паспелі адбыцца за дзень, простымі сямейнымі здабыткамі. І тое жыццё было такім радасным, шчасце — усёабдымным, здавалася, что яму няма канца і краю.

Бабуля расказвала, што сама яна, як і ўсе вясковыя жанчыны, зімовымі вечарамі прала і ткала пры святле газніцы. Трэба ж было сабраць у пасаг дзецям шарсцяныя ды льняныя «дываны» (пакрывалы), вышываныя ручнікі, абрусы, кашулі.

З вясны і да глыбокай восені работы на зямлі было хоць адбаўляй. Аралі зямлю канём, сеялі збожжа і садзілі бульбу. На палетках пасвілі кароў, з малака рабілі смачныя тварог, сыры і масла. З воўны авечак стваралі прыгожыя вырабы. Жанчыны спраўна завіхаліся ў хатніх клопатах і знаходзілі гадзіну-другую ў ягады і грыбы збегаць у лес, які раскінуўся адразу за хатамі. А назад вярталіся з кошыкамі баравікоў, чарніц, брусніц, якіх, паводле аповедаў старажылаў, было тады багата.

Суседка

Па-суседску з маімі дзядамі да вайны жыла Марыя Аляксееўна Купрэвіч (ей цяпер 95 гадоў). Яна дагэтуль добра памятае маіх прадзеда і дзеда, якія хадзілі да іх па ваду з калодзежа. Суседзі жылі як адна сям'я, шчыруючы разам па ўсіх хатніх клопатах.

Марыя Аляксееўна Купрэвіч дзеліцца ўспамінамі: «Беглі дзецьмі ў школу і па дарозе абавязкова любілі заглянуць з нейкай патрэбай да Фэлькі. Уражвалі незвычайная чысціня і ідэальны парадак ў хаце. А калі яна каля дома на вяроўку вешала саматканую льняную бялізну, старанна вымытую з самаробным драўляным валікам і пральнай дошкай, то яна, як хрустальная, вісела, роўная і прыгожая».

95-гадовая Марыя Аляксееўна Купрэвіч — сведка генацыду жыхароў яе роднай вёскі Шкленікава 27 верасня 1943 года.

Дзед Валодзя быў умелым цесляром, і зробленыя ім табурэткі, сталы, дзверы ў дамах, куфэркі да гэтага часу служаць старажылам. Неяк раз ён араў зямлю і трапіў на міну часоў Першай сусветнай вайны. У выніку стаў інвалідам: пашкодзіла кісць рукі. Такое вось рэха даўніх, здавалася б, ваенных баёў.

...А затым як гром сярод яснага неба страшная навіна — ізноў вайна! Мой родны Нарачанскі край перажыў шмат у Першую сусветную, а затым і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якая перакрэсліла ранейшае жыццё і прынесла  нечувалыя пакуты людзям.

Карная аперацыя

Карная аперацыя, падчас якой загінула шмат жыхароў Мядзельскага раёна, праходзіла пад кодавай назвай «Фрыц». Мясцовым партызанам у 1943 годзе ўдалося адваяваць у ворага большую частку раёна, стварыць партызанскую зону, у якую не ўваходзілі толькі Свір і Крывічы, самыя крайнія пункты.

І нягледзячы ні на якія намаганні карнікаў, зона ўтрымлівала свае граніцы да прыходу Чырвонай Арміі. Карная аперацыя «Фрыц» у верасні 1943-га была маштабнай — у ёй удзельнічала 70-тысячная нямецкая групоўка, якая акружыла некалькі раёнаў тагачаснай Вілейскай вобласці. Паколькі сілы былі няроўнымі, партызаны адышлі на поўнач. Усю сваю лютасць фашысты абрынулі на мірных людзей. Некалькі вёсак Сваткаўскага сельсавета было літаральна сцёртая з зямлі. Частку мясцовых жыхароў расстралялі або спалілі, многіх вывезлі на прымусовыя работы ў Германію.

Узвіжанне, 27 верасня 1943 года

Трагічны лёс напаткаў тады і Шкленікова, жыхары якога дапамагалі партызанам. Жанчыны гатавалі для іх ежу, вязалі і шылі. Усё было дзеля агульнай перамогі. Немцы адказалі карнымі аперацыямі...

Усё пачалося 26 верасня 1943 года. Па ўспамінах жывых сведкаў, з боку Княгініна па дарозе ў бок Мядзела рухалася калона нямецкіх салдат і паліцэйскіх.

Пачуўшы няспынны гул, многія шкленікоўцы здагадаліся, у чым справа, і хто толькі мог, у чым былі, у тым і пабеглі ў лес і на балоты, якіх наўкола было багата. Людзі сталі ўцякаць у бок балоцістай мясцовасці каля вёсак Сівыя і Няверы. Сцежкі-дарожкі праз балоцістыя мясціны людзі ведалі выдатна, бо не раз напрасткі крочылі ў іншыя вёскі.

Дома засталіся пераважна інваліды, старыя, хворыя і дзеці. Некаторыя не кінуліся ў лес, бо свята верылі, што іх, нямоглых ды калек, ніхто не кране, не па-божаму гэта...

Але карнікі прыйшлі ў вёску з жорсткімі намерамі і пакідаць у жывых нікога не збіраліся. Фашысты сагналі ў дом Рамана Місуны ўсіх, каго ўдалося знайсці ў вёсцы. Выходзіць жа забаранілі пад страхам смерці. Ноч для людзей прайшла ў жудасным чаканні і трывозе, што з імі будзе заўтра. Усе маліліся і жылі надзеяй на лепшае, што над імі злітуюцца і адпусцяць дахаты...

Раніца 27 верасня пачалася з таго, што фашысты сталі «сартаваць» людзей. Тых, хто быў стары, калекаў і моцна галасіў, адвялі ў адзін бок.

Іншых, нават з маленькімі дзеткамі, прыгналі да калоны нявольнікаў — іх чакалі катаржныя работы ў Германіі.

А затым фашысты заняліся астатнімі. Людзей пад дуламі аўтаматаў разводзілі па хлявах, гумнах і ўласных хатах. Іх бязлітасна расстрэльвалі з аўтаматаў, а потым дабівалі адзінкавымі пісталетнымі выстраламі.

У хляве Віктара Чарняўскага забілі адразу некалькі чалавек з яго сям'і.

Не было жалю і да Ксеніі Глінскай, якая з маленькай дачушкай Юзэфай вярталася з суседняй вёскі Скарады і выпадкова натрапіла на фашыстаў.

Да будынка школы прывялі майго прадзеда, Адама Сцяпанавіча Грышкевіча, які ўцячы не здолеў, немцы дагналі яго. Фашыст прашыў пажылога чалавека аўтаматнай чаргой, а потым паклаў на дровы і спаліў. Цяпер яго прозвішча ў жалобным спісе на абеліску. Дзякуй Богу, што здолелі тады ўратавацца яго сын Валодзя, нявестка Фэлька і ўнук Тадзік, якія разам з суседзямі пад аўтаматныя чэргі дабеглі да балот і проста цудам уцалелі.

Людзей палілі пад жудасныя крыкі родных. Немагчыма слухаць гэтыя жахлівыя аповеды без слёз і жалю, якія працінаюць мяне кожны раз, вяртаючы ў думках у той трагічны дзень.

Вёска палала агнём і дагарала некалькі дзён.

Уладзіслава Бярняк, якая жыла за некалькі кіламетраў, у вёсцы Мацкі, успамінала, что чырвонае зарыва стаяла над Шкленікова некалькі дзён.

Толькі адна векавая ліпа, якая і да гэтай пары шамаціць лісцем з вышыні свайго росту і ўзросту, засталася тады, як нямая сведка расправы над мірнымі вяскоўцамі.

Некаторым з вяскоўцаў удалося ўратавацца — тым, хто уцёк на лясныя балоты і хаваўся больш за тыдзень. Тых, хто быў маладзейшы, пагналі ў рабства ў Германію.

Эдмунда Сцяпанавіча Глінскага, бацьку мясцовай жыхаркі Аліны Абухавай, пагналі ў Германію. Але ён з чатырма сябрамі саскочыў з цягніка пад Вілейкай і пайшоў у партызаны, а затым і на фронт. Пад Кёнігсбергам быў паранены, а ў шпіталі, дзе праходзіў лячэнне, сустрэў земляка Мікалая Чарняўскага. І ўжо разам яны вярталіся ў родны край, дзе іх сустрэла папялішча і зямлянкі, і разам адбудоўвалі вёску.

Яшчэ адна сямейная гісторыя тых часоў. Бацька мужа Ларысы Пішч застаўся сіратой, калі яму было толькі 10 дзён. У той дзень, калі хавалі памерлую ад цяжкіх родаў маці, прыйшла звестка пра загінулага бацьку.

...Праз людскія лёсы, бы чорная маланка, прайшла вайна.

Сведка спаленай вёскі

Жыхарка Шкленікава, 95-гадовая Марыя Аляксееўна Купрэвіч, добра памятае той трагічны дзень, хоць мінула столькі часу.

У 1943-м дзяўчыне споўнілася 16 гадоў. Яна назаўжды запомніла той цёплы вераснёўскі дзень, які пад вечар стаў гарачым. За лічаныя гадзіны мірная вёсачка ператварылася ў папялішча.

Марыя Аляксееўна ўспамінае: «У страху мы беглі ў лес цераз поле, а следам даганялі кулямётныя чэргі. Калі людзі падалі на хаду, то фашысты па-зверску дабівалі іх. Хто быў маладзейшы і хутчэйшы, уцяклі... Як жудасна было. Мы з маці і татам, дзвюма сёстрамі выратаваліся. Гэта быў проста цуд».

Яе бабуля Магдалена Малько і цётка Хрысціна Малько згарэлі зажыва. У сэрцы жанчыны не загойваецца з гадамі душэўная рана і боль. Слёзы на вачах, калі яна расказвае: «Цётка Хрысціна, інвалід з маленства, схавалася ва ўласным доме пад печку, і яе жывую спалілі. Напакутавалася яна, памірала ў агні і дзікім болі. А перад гэтым яна ўгаворвала майго бацьку: заставайся са мной, немцы не пасмеюць нас крануць. Бацька ж казаў: пайшлі ў лес, памаленьку дойдзеш...Фашысты не пашкадавалі калеку, па-зверску спалілі. Адзін мой брат таксама здолеў уцячы і ваяваў потым у партызанскім атрадзе, а другі брат і дзядзька былі пагнаны ў Германію».

...На балотах людзі хаваліся каля тыдня. Быў чуваць строкат матацыклаў, гэта фашысты кінуліся шукаць у лясных мясцінах уцекачоў, але ісці ў балоты самі не адважыліся, што і ўратавала шкленікоўцаў. Страх перамешваўся з холадам, бо вераснёўскія ночы былі ўжо халодныя, а яшчэ нарастаў голад. Пяршэла ў горле ад дыму дагараючай вёскі. А ў небе стаяла страшэннае зарыва...

На папялішчы

Адзін з мясцовых, які быў партызанам кажуць, што Альфон Чарняўскі прыйшоў у вёску, калі пажарышча ўжо заціхла, папялішча астыла. Зусім выпадкова ён знайшоў за папялішчам уцалелы кавалачак тканіны ад кофтачкі матулі, Вінцулі Чарняўскай. Рыдаючы ад гора і нясцерпнага болю, мужчына прайшоўся па тых месцах, дзе яшчэ нядаўна стаялі хаты, і сабраў чалавечыя косці, а затым пахаваў іх там, дзе цяпер стаіць абеліск, якраз пасярод Шкленікова, якое не хутка аднавілася пасля вайны.

...Тыя, хто хаваўся ў балотах, таксама вярнуліся да родных гнёздаў, якія былі поўнасцю зруйнаваныя фашысцкімі карнікамі. Жыць не было дзе, і людзі паразыходзіліся па сваяках у суседнія вёскі.

Марыя Аляксееўна з маці і бацькам, дзвюма сёстрамі прытуліліся ў вёсцы Сівыя. І хоць у самога гаспадара свая сям'я была вялікая, дзяліліся тым, што мелі. Ложкі зладкавалі з плоту, хлеб пяклі з лебяды і верасу. Галодны быў час.

Сваякі ў Альсевічах прынялі маіх бабулю і дзядулю з сынам. Гаспадар Серафім Хіла ваяваў на фронце, а яго жонка Лёня і дачка Марыя прынялі пагарэльцаў як самых блізкіх людзей і таксама дзяліліся апошнім.

Калі скончылася вайна, то многія вярнуліся ў роднае Шкленікова. Перамога была найвялікшай радасцю на свеце. І хоць доўга жылі ў зямлянках, у беднасці, грэла надзея што ў мірных умовах усяго можна дабіцца, усё адбудаваць. Паціху бацька Марыі Аляксееўны — ён быў добрым мулярам — пабудаваў дом на тым жа месцы, дзе стаяў даваенны. Пабудавалі дамы і іх суседзі, у тым ліку мае дзед з бабуляй. Мірнае жыццё ўваходзіла ў сваю каляіну. Але ніколі людзі не забываліся пра тое, што ім прыйшлося перажыць у гады вайны. І пра гэты боль яны стараліся расказваць сваім дзецям, унукам.

Выжыўшыя ў полымі вайны кажуць: «Самае галоўнае ў жыцці — мір, здароўе і каб свой век людзі ў пары жылі, у добрай дружбе і любові, спакойна і мірна».

Абеліск

Больш за дзясятак гадоў таму ў Шкленікове ўстанавілася традыцыя: збірацца 27 верасня ўшаноўваць памяць ахвяраў генацыду. На мітынг-рэквіем прыязджае і Марыя Аляксееўна Купрэвіч. А колькі гадоў таму было некалькі чалавек — жывых сведак той трагедыі. Збіраюцца мясцовыя жыхары, сваякі загінулых, школьнікі, прадстаўнікі Мядзельскага райвыканкама, Сваткаўскага сельсавета.

І сустрэчы гэтыя заўжды напоўненыя ўспамінамі пра тых, што загінулі, — на помніку 15 прозвішчаў, але кажуць, что іх на самай справе было значна больш; размовамі пра важнасць міру.

27 верасня 1943 года толькі ў Сваткаўскім сельсавеце Мядзельскага раёна поўнасцю было знішчана восем вёсак. За гады Вялікай Айчыннай вайны ў Нарачанскім краі фашысты разбурылі і спалілі 87 паселішчаў.

У Беларусі ў выніку нацысцкай палітыкі генацыду і «выпаленай зямлі» за тры гады акупацыі знішчана больш за 2,2 млн чалавек.

...Колькі б ні мінула часу, боль трагедыі загінулых у полымі вайны сваякоў, суайчыннікаў не загоіцца. Памяць аб мінулым — як напамін будучым пакаленням шанаваць і берагчы мір на сваёй роднай зямлі.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Сёння ў Беларусі крыху больш за 800 населеных пунктаў яшчэ не маюць якаснай вады.

Эканоміка

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Як вядома, з 23 студзеня ў нас змянілася стаўка рэфінансавання.

Грамадства

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Аб тым, якія эмоцыі адчуў, калі зразумеў, што перамог.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​