Вы тут

Вучэбная «Застава» аб’яднала школьнікаў Мінскага рэгіёну


Упершыню на базе Інстытута пагранічнай службы пачаў функцыянаваць ваенна-патрыятычны клуб «Застава». У Мінскім рэгіёне гэта другое аб’яднанне са статусам «раённае». Але ўпершыню куратарства над школьнікамі ўзяла профільная пагранічная ВНУ. 


Урачыстая падзея — вынік папярэдняй прафарыентацыйнай работы супрацоўнікаў Інстытута пагранічнай службы са школьнікамі, супрацоўніцтва з іх педагогамі і спецыялістамі Міністэрства адукацыі. Раней неаднаразова агучваліся прапановы аб стварэнні аб’яднання, у рамках работы якога навучэнцы маглі б рэгулярна наведваць Інстытут пагранічнай службы, размаўляць з яго выкладчыкамі, больш даведвацца пра дзейнасць вартавых граніцы. І вось штуршком для актыўнага супрацоўніцтва стала сустрэча навучэнцаў, іх бацькоў, педагогаў з афіцэрамі ВНУ ў межах бацькоўскага сходу ў Інстытуце, які прайшоў у кастрычніку. Школьнікі праявілі вялікую цікавасць да пагранічнай службы, і таму ўзнікла ідэя стварыць раённы ваенна-патрыятычны клуб «Застава».

«Мы з задавальненнем падтрымалі гэту ініцыятыву і прапанавалі сваю пляцоўку для правядзення сумеснай працы», — распавёў начальнік Інстытута пагранічнай службы генерал-маёр Сяргей Жылінскі. Ён падкрэсліў, што галоўная мэта такога ўзаемадзеяння — ваенна-прафесійная арыентацыя маладых людзей. 

Перад пагранічнікамі і педагогамі стаяла няпростае пытанне: як далучыць да гэтага руху сучасных і актыўных юнакоў і дзяўчат, якія не ўяўляюць сваё жыццё без смартфонаў і  віртуальнай рэальнасці. Уся праграма спланавана такім чынам, каб захаваўся баланс паміж тэарэтычнымі і практычнымі заняткамі. Яны будуць праходзіць не толькі на базе профільнай ВНУ і ў школах. Таксама запланаваны выезды ў пагранічныя атрады і групы, падраздзяленні граніцы. У правядзенні заняткаў для школьнікаў будзе задзейнічаны прафесарска-выкладчыцкі склад, ваеннаслужачыя факультэта падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў Інстытута.

Пагранічнікі правядуць заняткі па асновах беларускай дзяржаўнасці, следапыцтву, агнявой, тактычнай падрыхтоўках, навучаць арыентавацца на мясцовасці і аказваць неадкладную дапамогу. Асобная ўвага будзе надавацца развіццю фізічнай формы падлеткаў, папулярызацыі здаровага ладу жыцця. 

Праграму будуць асвойваць 90 школьнікаў з 8 школ Мінскага раёна. Гэта своеасаблівы рэкорд: у другім раённым клубе «Сокал» займаюцца юнакі і дзяўчаты з трох школ рэгіёну. Але сітуацыя з «Заставай» прынцыпова іншая: вучэбна-матэрыяльная база Інстытута дазваляе прыняць большую колькасць дзяцей. 

Ім будуць прапанаваны актыўныя формы правядзення заняткаў — турніры, тэматычныя гульні, паходы, майстар-класы, экскурсіі па памятных мясцінах і музеях краіны, сустрэчы з экспертамі ў розных сферах дзейнасці. 

Спецыялісты лічаць, што такі комплексны падыход дасць магчымасць выхаванцам клуба выпрацаваць у сабе якасці адказных грамадзян сваёй краіны, стаць сапраўднымі абаронцамі Айчыны, а таксама вызначыцца з будучай прафесіяй. У гэтым упэўнена і вучаніца Ратамскай сярэдняй школы Наталля Касіловіч. Дзесяцікласніца адразу прыняла рашэнне аб уступленні ў ваенна-патрыятычны клуб. Дзяўчына падзяляе пазіцыю бацькоў і педагогаў, што любоў да радзімы выяўляецца менавіта ўчынкамі. 

«Як члены ваенна-патрыятычнага клуба «Застава», мы навучымся не толькі пэўным навыкам, якія дапамогуць нам працаваць на карысць нашай краіны, але і больш даведаемся пра яе гісторыю, — разважае школьніца. У будучыні Наталля плануе паступіць альбо ў Інстытут пагранічнай службы, альбо ў медуніверсітэт, пасля заканчэння якога таксама будзе шукаць магчымасць звязаць сваё жыццё з войскам. 

Работа з дзецьмі ў клубе «Застава» стане новым напрамкам прафарыентацыйнай дзейнасці пагранічнага ведамства. Цяпер у краіне паспяхова функцыянуюць клубы «Юныя сябры пагранічнікаў», а таксама больш за 120 ваенна-патрыятычных класаў пагранічнай накіраванасці, дзе праходзяць навучанне звыш 2000 хлопчыкаў і дзяўчынак. 

На ўрачыстым адкрыцці клуба школьнікі Мінскага раёна далі ўрачыстую клятву. Ганаровыя госці ўручылі ім значкі клуба і зялёныя берэты. Працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, выставы навучальнай зброі, спецыяльных сродкаў. Другія ваенна-патрыятычныя клубы, якія дзейнічаюць у рэгіёне, прадстаўлялі свае найбольш значныя цікавыя праекты. 
Супрацоўнікі ўпраўлення адукацыі Мінскага райвыканкама ў межах калегіі абмеркавалі пытанні ўдасканалення работы па патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў. Спецыялісты вызначылі найбольш перспектыўныя накірункі выхаваўчай работы па фарміраванню ў навучэнцаў грамадзянска-патрыятычных кампетэнцый, падвялі вынікі вывучэння дзейнасці кіраўнікоў па ваенна-патрыятычнаму выхаванню. 

Юлія СЫЦЯНКОВА

Фота Яўгена ГОРБАЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».