Вы тут

Сямейныя, камандныя, асабістыя перамогі


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем самыя цікавыя спартыўныя навіны.


Героі тыдня. Біятланісты Дзінара Алімбекава і Антон Смольскі выйгралі сінгл-мікст другога этапу Кубка Расіі, які праходзіць ва Уваце Цюменскай вобласці. Дуэт Алімбекава — Смольскі на працягу ўсёй гонкі ішоў у ліку лідараў, нягледзячы на штрафны круг Дзінары пасля другой стральбы. Перад заключным этапам Смольскага беларусы ішлі трэцімі, але бездакорная стральба Антона разам з выдатным лыжным ходам прынеслі нашай пары перамогу.

Фота з адкрытых крыніц.

Гераіня тыдня. Гарналыжніца Марыя Шканава двойчы перамагла на трэцім этапе Кубка Расіі па гарналыжным спорце. Спачатку яна стала пераможцай у слаламе. Раней Шканава выйграла дэбютны старт на Кубку Расіі ў Кіраўску. Таксама на першым этапе турніру Марыя заваявала адно «серабро».

Гульня тыдня. Беларускія баскетбалісты сталі прызёрамі ХХV Міжнароднага турніру памяці Уладзіміра Рыжанкова, які праходзіў у Мінску. У мужчынскіх спаборніцтвах юнацкая зборная Беларусі (U-16) пад кіраўніцтвам Артура Арлоўца заваявала сярэбраныя медалі. У спаборніцтвах дзяўчат беларуская зборная, якую трэніруе Алена Іваноўская, стала бронзавым прызёрам. Найлепшымі гульцамі турніру прызнаны Ягор Амосаў (зборная Расіі) і Кацярына Ляшэнка («Руна»).

Таксама зборная Беларусі па баскетболе 3х3 стала пераможцам трэцяга тура Лігі дружбы. У фінальным паядынку спаборніцтваў у Смаленску беларусы перамаглі адну з наймацнейшых расійскіх каманд «Байкал» з вынікам 22:18. У складзе зборнай Беларусі выступалі Сяргей Вабішчэвіч, Ілья Мілашэўскі, Ян Марынін і Максім Каратцоў. Беларускі баскетбаліст Сяргей Вабішчэвіч прызнаны самым каштоўным гульцом гэтага тура, а Максім Каратцоў стаў найлепшым абаронцам.

Каманда тыдня. Валейбалісты сталічнага «Будаўніка» першы раз перамаглі ў рэгулярным чэмпіянаце расійскай валейбольнай суперлігі. Мінчане перамаглі краснаярскі «Енісей». Да гэтай сустрэчы хлопцы пацярпелі 9 паражэнняў запар, здолеўшы выйграць усяго адзін сэт са старту сезона. Аднак у матчы з «Енісеем» ім не было роўных. Вынік сустрэчы — 3:0 (25:17, 25:23, 25:18) на карысць беларусаў.

Тым не менш мінчане з трыма ачкамі застаюцца на апошнім месцы чэмпіянату Расіі. Але ў іх ёсць шанц падняцца на верхнія радкі. У наступным матчы сапернікам «Будаўніка» стане яшчэ адзін аўтсайдар сезона «Нафтавік» з Аранбурга. Сустрэча пройдзе ў Мінску 11 снежня.

Тытул тыдня. Беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч (316-ы нумар сусветнага рэйтынгу) стала пераможцай турніру ІTF-W60 у бразільскім Рыа-дэ-Жанэйра з прызавым фондам $60 тыс. У фінале спаборніцтваў на адкрытых грунтавых кортах Рыа Ірына Шымановіч перайграла ў трохсэтавым паядынку расіянку Ірыну Храмачову (237) — 6:2, 5:7, 6:4. Для 25-гадовай Ірыны Шымановіч гэта 13-ы чэмпіёнскі тытул у адзіночным разрадзе на турнірах пад эгідай Міжнароднай тэніснай федэрацыі.

Медалі тыдня. Беларусы заваявалі 12 медалёў на міжнародным турніры па тхэквандо Russіan Open-2022. Спаборніцтвы праходзілі ў трох узроставых катэгорыях: сярод мужчын і жанчын, юніёраў і юніёрак да 21 года, а таксама юнакоў і дзяўчат. Пераможцам спаборніцтваў стаў беларус Алі Радван, сярэбраныя медалі дасталіся Арману-Маршалу Сілу і Кірылу Дудараву, у Данііла Юркова — «бронза». А напярэдадні скарбонка беларускай каманды папоўнілася васьмю ўзнагародамі. Уладальнікам «золата» стаў Аляксей Тарчыла, па сярэбраным медалі выйгралі Раман Туравінаў і Данііл Юркоў. На трэцюю прыступку п'едэстала ўзняліся Ягор Казлоў, Арцём Бабахін, Кірыл Дудараў, Юлія Вітко і Кацярына Лапян. Усяго ўдзел у спаборніцтвах у Краснагорску ўзялі спартсмены з 16 краін: Беларусі, Расіі, а таксама Арменіі, Бразіліі, Эфіопіі, Ганконга, Індыі, Ірана, Казахстана, Кыргызстана, Малі, Марока, Пакістана, Сербіі, Узбекістана і Туркменістана.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.