Вы тут

Псіхолаг распавяла, чаму людзі адмаўляюцца мець нашчадкаў


Памятаеце знакамітую песню ў выкананні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча са словамі «Што ж будзе на зямлі праз сто бліжэйшых гадоў, калі мода на дзяцей зусім пройдзе!»? Мода на дзяцей, на жаль, сапраўды праходзіць. Чаму так адбываецца? Чым растлумачыць, што часам маладыя здаровыя людзі абмяжоўваюцца адным нашчадкам, а то і зусім адмаўляюцца іх мець? Абмяркоўваем гэта з псіхолагам Таццянай Шаранда.


— Ёсць меркаванне, што нежаданне мець дзяцей прадыктавана тым, што моладзь больш свядома падыходзіць да іх нараджэння, імкнучыся спачатку забяспечыць для гэтага належныя ўмовы. Іншыя лічаць, што галоўны чыннік чайлдфры — інфантыльнасць, безадказнасць, эгаістычнасць, геданізм маладых. Які пункт гледжання бліжэй вам, Таццяна Міхайлаўна?

— Я б вылучыла тры групы сярод тых, хто не хоча мець дзяцей або адкладае іх нараджэнне, — заўважае Таццяна Шаранда. — Адна — гэта гіперадказныя маладыя людзі, якія перакананыя: патомствам трэба абзаводзіцца ў тым выпадку, калі ёсць добрае жыллё, стабільная праца з высокім прыбыткам. У гэтым, зразумела, ёсць рацыя: для паўнавартаснага развіцця дзіцяці патрэбны нармальныя ўмовы. Другая група (найболей распаўсюджаная) — у супрацьлегласць першай — адрозніваецца інфантылізмам, жаданнем жыць толькі для сябе, у сваё задавальненне, негатоўнасцю да адказнасці, страхам абмежаванняў. Трэцяя група — гэта чайлдхейтэры: юнакі і дзяўчаты з цяжка вытлумачальнай нянавісцю да дзяцей. У асабістай практыцы толькі аднойчы сустрэла дзяўчыну, якая з непрыхаванай злосцю, груба і агрэсіўна выказвалася аб «кветках жыцця». Пры гэтым яна была валанцёрам, ратавала катоў і сабак. 

— Мужчыны ці жанчыны, па вашых назіраннях, часцей свядома выбіраюць бяздзетнасць?

— Парадаксальна, але аб жаданні мець дзяцей часцей гавораць мужчыны. Да 30-40 гадоў яны ўжо саспелі для таго, каб стварыць паўнавартасную сям’ю, а вось жанчыны — не. Часцяком моцная палова і звяртаецца да мяне з запытам неяк паўплываць на іх спадарожніц, пераканаць перагледзець пазіцыю.

— Гэта значыць, што 30-гадовыя жанчыны не жадаюць мець дзяцей таму, што не гатовыя да мацярынства, баяцца, што нараджэнне дзіцяці не дазволіць ім атрымліваць асалоду ад жыцця?

— Прыкладна так яны і тлумачаць сваю пазіцыю. Не раз у практыцы сустракалася з тым, што мужчына гатовы цалкам забяспечваць жонку і дзіця, пры неабходнасці ўзяць няню, якая будзе дапамагаць з малым. А яго выбранніца катэгарычна супраць гэтага і прыводзіць довады, што не хоча абцяжарваць сябе побытам, стаяць у пліты, а каб харчавацца ў рэстаранах, патрэбен высокі прыбытак. Сярод аргументаў — жаданне распараджацца часам па сваім меркаванні: падарожнічаць, заводзіць новых сяброў, развівацца. Калі спрабую нагадаць пра «кароткі рэпрадуктыўны век» і прыводжу ў прыклад сваіх кліентак, бізнесвумен, якія да 40 гадоў атрымліваюць ад жыцця ўсё, а потым апантаныя толькі адным імкненнем — стаць маці, то ў адказ часам чую: «Мяне гэта не палохае, пры такім сцэнары вазьму хлопчыка ці дзяўчынку з дзіцячага дома або буду клапаціцца пра бяздомных сабак». Планы і жаданні мужчын часта зусім не прымаюцца да ўвагі, іх прызначэнне бачыцца ў тым, каб забяспечвалі належную якасць жыцця. Прызнаюся, у такіх выпадках узнікае адчуванне, што маеш справу з дзяўчынкамі-падлеткамі. Пры такой няспеласці, сапраўды, не варта нараджаць немаўля. Калі дзіця нежаданае, калі расцэньваецца жанчынай як перашкода, то  яго лёс можа быць вельмі маркотным. 

— Чаму, на ваш погляд, многія сучаснікі ўспрымаюць дзяцей як цяжар, а не як шчасце, якое ўносіць у жыццё сэнс, робіць яго больш цікавым, паўнацэнным?

— Мне здаецца, уяўленне аб мацярынстве як аб непасільнай ношы, якая адымае радасці жыцця, перашкаджае рэалізавацца і зрабіць кар’еру, фарміруецца грамадствам пры актыўным удзеле сацсетак. Здавалася б, сёння многія праблемы вырашаюцца значна прасцей, чым у папярэдніх пакаленняў. Дык у чым ужо такі неверагодны цяжар? З аднаго боку, навязваецца нейкі ўзор бясхмарнага сямейнага шчасця — ідэальная, дагледжаная прыгажуня-маці, бездакорны муж, чароўныя малыя. З іншага боку, са старонак сацсетак льецца паток рыданняў і скарг тых, хто спачатку наіўна павёўся на такую прыгожую карцінку, а затым, сутыкнуўшыся з рэаліямі, горка расчараваўся ў мацярынстве. І ў тых жа сацсетках выкладзены шчаслівыя гісторыі бяздзетных сямейных пар, якія вандруюць па свеце. І якой рэакцыі варта чакаць ад той часткі моладзі, якая стаіць на раздарожжы — што выбраць, як расставіць жыццёвыя прыярытэты?

— Таццяна Міхайлаўна, наколькі пераканаўчым вы знаходзіце такі аргумент прыхільнікаў чайлдфры: «Я занадта люблю дзяцей, каб упускаць іх у такі недасканалы, небяспечны, непрадказальны свет»?

— За будучыню нашых нашчадкаў сёння, сапраўды, трывожна. Але ці быў у гісторыі чалавецтва перыяд, калі б не ваявалі, не здаралася б ніякіх эпідэмій, катаклізмаў, катастроф? І ўсё ж людзі нараджалі дзяцей, інвестуючы ў іх свае надзеі і веру ў лепшае заўтра. Часам у якасці аргумента прыхільнікі чайлдфры прыводзяць экалагічныя праблемы, вычарпальнасць рэсурсаў, перанаселенасць. Я не спецыяліст у гэтых пытаннях. Але часта ствараецца ўражанне, што за гэтай экалагічнай заклапочанасцю, за правільнымі і пераканаўчымі аргументамі хаваецца эгаізм і розныя страхі. Дэмаграфічную сітуацыю насамрэч найперш вызначаюць расстаўленыя ў грамадстве прыярытэты.

— І дзеці не з’яўляюцца ўжо прыярытэтам грамадства?

— Для нейкай яго часткі ўжо, здаецца, не. Павышэнне ўзроўню жыцця прыводзіць да таго, што людзі імкнуцца больш грошай укладваць у сябе: у самаразвіццё, догляд за сабой, у забаўкі, падарожжы. У большасці еўрапейскіх краін нараджальнасць нізкая. Даказана, што ў сем’ях высокага фінансавага, сацыяльнага, адукацыйнага ўзроўню жаданне мець дзяцей выцясняецца высокімі спажывецкімі запытамі, і гэта перадаецца з пакалення ў пакаленне. Сёння значна больш жанчын, якія «выходзяць замуж» за працу, імкнуцца зрабіць кар’еру, стварыць свой бізнэс, і дзеці ў іх шкале каштоўнасцяў, на жаль, не займаюць лідыруючых пазіцый. Прагрэс у галіне медыцыны дазволіў «адкладаць» мацярынства, але рэпрадуктыўнае здароўе нашых сучасніц не на самым высокім узроўні. Сексуальная распушчанасць, грамадзянскія шлюбы, якія ні да чаго не абавязваюць, таксама падрываюць сямейныя каштоўнасці. Калі жанчына не абаронена, ёй значна складаней рашыцца нарадзіць дзіця.

— Па вашых назіраннях, што падахвочвае сацыяльна паспяховых людзей да шматдзетнасці? Як яны тлумачаць свой выбар?

— Большасць тых шматдзетных здаровых сем’яў, з якімі асабіста я маю справу, рэлігійныя, хаця і не артадоксы. У гэтых сем’ях прытрымліваюцца пераканання: дзіця — вялікі дар, любое жыццё — велізарная каштоўнасць.

— Наколькі, па-вашаму, дакладна меркаванне, што старэйшыя браты і сёстры са шматдзетных сем’яў, якія выконвалі ролю нянькі для сіблінгаў, часта не жадаюць абзаводзіцца ўласнымі нашчадкамі, паколькі лічаць — у іх «скралі» дзяцінства?

— Нейкіх аўтарытэтных доказаў, што гэта так, я не сустракала. Мусіць, хтосьці можа прывесці пацверджанні такога меркавання з асабістага досведу. Але я ведаю прыклады таго, як першынцы са шматдзетных сем’яў не баяцца заводзіць патомства, тлумачачы гэта ў тым ліку тым, што «натрэніраваліся» на малодшых сіблінгах і адчуваюць гатоўнасць стаць бацькамі. 

— Што, на ваш погляд, магло б стымуляваць нараджальнасць?

— Я за адрасны падыход у пытаннях заахвочвання нараджальнасці. Мне падаецца, дзяржава павінна, у першую чаргу, падтрымліваць тыя здаровыя пары, якія імкнуцца стварыць сям’ю і мець дзяцей, але фінансава абмежаваны. Менавіта яны, а не маргіналы, павінны атрымліваць сацыяльнае жыллё, бацькоўскі капітал і г.д. Трэба сацыяльна абараніць маладых жанчын, бо сёння многія з іх баяцца сыходзіць у дэкрэт. А яшчэ, зразумела, надзвычай важная роля бацькоў, прыклад іх адносін паміж сабой і да дзяцей, тых каштоўнасцей, на якіх чалавек выхоўваецца. Калі бацька і маці лічаць дзяцей самым галоўным капіталам, шчыра любяць іх, клапоцяцца, займаюцца развіццём, то цалкам верагодна, што іх нашчадкі таксама захочуць звіць сваё гняздо, працягнуць род. Свяціцель Іаан Златавуст сказаў: «Дайце мне адно пакаленне добрых маці-хрысціянак, і я змяню свет». Духоўна і фізічна здаровае пакаленне — галоўная ўмова для паляпшэння нашай дэмаграфічнай сітуацыі.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.