У нашым раёне прайшоў этап фестывалю-конкурсу прафесійнага майстэрства замяшчальных бацькоў. Удзельнікамі яго сталі прыёмныя матулі Таццяна Курманская, Наталля Канаплёва і Святлана Палейка.
У першай з іх на сёння выхоўваюцца шасцёра сваіх і двое прыёмных дзетак. Зрэшты... «Мы ніколі не падзяляем іх, — гаворыць Таццяна Пятроўна. — Усе яны нашы, усе адзін аднаму браты»...
Наталля Уладзіміраўна Канаплёва працуе прыёмнай маці ўжо 20 гадоў. «Шчасце — гэта не птушка, само не прыляціць, — кажа яна. — Мы зрабілі ўсё, каб дзеці, якія трапілі ў нашу сям'ю, адчулі сябе роднымі... Іх фізічны стан кантраляваць было лягчэй, а вось душэўныя хваробы лячыць вельмі і вельмі цяжка. Маленькі чалавек страціў свой дом, сваіх родных, свае цацкі, няхай нават брудныя і парваныя, але ягоныя... Мы не можам змяніць мінулае дзяцей. Мы можам дапамагчы ім будаваць будучыню, дзе будзе панаваць любоў».
Святлана Мікалаеўна Палейка з'яўляецца прыёмнай маці з 1996 года. «Для мяне гэта не прафесія, гэта пакліканне. Азіраючыся на свой досыць доўгі досвед, магу з упэўненасцю сказаць, што ніколькі не пашкадавала аб сваім выбары. Мая праца дазволіла мне падарыць любоў, клопат і ўвагу дзецям, якія былі пазбаўлены гэтага».
...У падарунак для ўсіх удзельнікаў этапу фестывалю-конкурсу наша раённае аддзяленне грамадскага аб'яднання «Беларускі дзіцячы фонд» набыло пледы.
Ларыса ТАТАРЫНАВА
г. Смаргонь
«У мяне — найлепшая з прафесій!» — так казаў і кажа заслужаны будаўнік рэспублікі, ганаровы грамадзянін Ашмян Аляксандр Аляксеевіч Сазановіч. Не дзіва, што на адпачынак ён выйшаў толькі ў 70.
...Яго шлях і да прафесіі, і да пасады дырэктара ААТ «Будаўнік» быў досыць няпростым. Пасля вучобы ў Горацкай сельгасакадэміі малады меліяратар працаваў гідратэхнікам, начальнікам участка, галоўным інжынерам — займаўся асушэннем балот на Навагрудчыне, потым — Ашмяншчыне.
Будаўнічую арганізацыю Аляксандр Аляксеевіч узначаліў пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Тады разам з брыгадай ён узводзіў жылыя дамы для перасяленцаў у Нараўлянскім раёне. І менавіта ў той камандзіроўцы малады кіраўнік зразумеў, наколькі важна адчуваць настрой падначаленых, ведаць іх праблемы і пажаданні.
Просты і шчыры ў зносінах з людзьмі Аляксандр Аляксеевіч хутка заваяваў іх павагу і сімпатыю. У калектыве, дзе налічвалася да 800 чалавек, усе — ад дворніка да галоўнага інжынера — з цеплынёй узгадваюць і ўменне дырэктара вырашаць складаныя вытворчыя праблемы, і яго справядлівасць, і прыродную выхаванасць.
Заўсёды падцягнуты і энергічны, ён не саступіць сапернікам у валейбольнай барацьбе (калектыў «Будаўніка» заўсёды славіўся сваімі спартыўнымі перамогамі), штодзень ладзіць чатырох-пяцікіламетровыя прабежкі, ходзіць на паляванне.
У свой час ён быў прызнаны найлепшым прадпрымальнікам вобласці, узначальваў клуб дырэктараў. Але ж найлепшым вынікам працы Аляксандр Аляксеевіч лічыць пабудаваныя калектывам жылыя дамы, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, Дом правасуддзя ў Ашмянах, дзясяткі заправачных станцый, аб'екты ў Ленінградзе, Смаленску, Мажайску, Гагарыне...
Аляксандр Аляксеевіч кажа, што ён шчаслівы чалавек, бо яго шляхам ідуць сын і зяць, бо сам усё жыццё рабіў тое, што любіў, бо заўсёды кіраваўся і кіруецца прынцыпам: калі хочаш жыць для сябе, жыві для іншых.
Мікалай БАЛЫШ
г. Ашмяны
Гэтай восенню споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння славутага Якуба Коласа. Дзеля ўшанавання памяці класіка вучаніцы СШ № 30 Яна Кандыба і Паліна Нічыпарук вырашылі прааналізаваць яго «Дрыгву», «У палескай глушы», «На ростанях», «Думкі ў дарозе» ды іншыя творы, вылучыць афарызмы — напісаць сваю першую навуковую работу.
Яна складаецца з дзвюх частак: тэарэтычнай і практычнай. У першай разглядаецца сам афарызм і яго значэнне, у другой падаецца класіфікацыя па тэматыцы і структуры.
Усе выпісаныя афарызмы Яна і Паліна падзялілі на групы. Сярод іх — разважанні пра жыццё і з'явы рэчаіснасці, пра вайну, шчасце і гора, працу, сям'ю, пошук сябе, узрост, культуру, узаемаадносіны паміж людзьмі. Вось толькі некалькі прыкладаў: «На паходзе, на вайне разведка і сувязь маюць дужа важнае значэнне» (аповесць «Дрыгва»); «Няма ў людзей веры ў адносінах аднаго да другога. Можа, ад гэтага часамі і цяжка бывае чалавеку» (аповесць «У глыбіні Палесся»); «Якому ж бацьку або матцы не шкада свайго дзіцяці, і заўважце — найлепшага дзіцяці?» (апавяданне «У двары пана Тарбецкага»); «Вось што цікава. Калі парушаюцца драбязговыя правы, то чалавек гатоў грызціся за гэта і кусацца зубамі; там жа, дзе разбіваецца сама аснова, прынцып, ён пакорна згінае сваю галаву і моўчкі падстаўляе яе пад абух» (аповесць «У палескай глушы»)...
Усе 158 вылучаных дзяўчатамі «залацінак» з твораў Якуба Коласа — сведчанне вобразнасці і трапнасці мовы пісьменніка, што прымушае чытаць і перачытваць класіка, узбагачаць сваю мову яго афарызмамі.
Анастасія ГАТОЎЧЫЦ
г. Мінск
...Чарговы
Новы надыходзіць,
Але ж сябе —
не перайначу:
Яшчэ з мінулага стагоддзя
Я — са «Звяздой!
І не іначай!
Мікалай КАМАРОЎСКІ
г. Орша
А вы? Не забыліся аформіць падпіску? Нагадаем, што яна можа стаць добрым навагоднім падарункам для вашых блізкіх.
Чым добрая праца на зямлі? Тым, што сам стаіш на ёй, рукі занятыя, а думкі далёка-далёка.
Сёлета, садзячы бульбу, раптам успомнілася мая самая першая вясна ў ролі гаспадыні, мая трэцяя, пятая...
Помню, як з'явіліся свае памочнікі. Старэйшай дачушцы гадоў сем было, калі выйшла ў поле, калі стала кідаць бульбачку ў кожную баразёнку. Давялося патлумачыць ёй, як трэба (і чаму іменна так, а не іначай), а потым убачыць у вачах столькі радасці!..
Помню, як саджалі бульбу ледзьве не ў попел (вясна была засушлівай, землі пясчаныя)... Але ж толькі распачалі работу, як раптам, скуль не вазьміся, хмара з першым громам і... ліўнем. Ён быў такім доўгачаканым і такім цёплым, што мы нават не хаваліся — радаваліся дажджу, як тыя дзеці.
...Але ж пасадзіць бульбу мала, трэба раз-другі прапалоць, акучыць, сабраць жукоў. Гэты год парадаваў ураджаем: кашалі напаўняліся хутка, рукі ад прыемнай працы не адчувалі стомы...
Парадаваў і «сюрпрыз»: пад адным з кусцікаў выраслі два прыгожыя сэрцайкі. Мо такім чынам бульбачка вырашыла аддзячыць нам з гаспадаром за клопат, а мо... узнагародзіла за больш як 50 гадоў сумеснага жыцця?
Галіна НІЧЫПАРОВІЧ
Уздзенскі раён
Сімпозіум літаратараў, які традыцыйна ладзіцца ў рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу і збірае пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі з розных краін, сёлета меў незвычайную назву «Пісьменнік і час. Някніжны свет».
Відэакадры масавага забойства пацыентаў у магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы фігуравалі ў абвінавачванні супраць фашыстаў на Нюрнбергскім працэсе.
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.