Мініяцюрныя стракатыя яйкі перапёлак на паліцах прадуктовых магазінаў можна ўбачыць побач з курынымі. Што мы ведаем пра гэты каштоўны дыетычны прадукт? Якімі ўласцівасцямі валодаюць перапёлчыны яйкі, каму карысныя і што з іх можна прыгатаваць?
Яшчэ старажытныя людзі ведалі пра пажыўныя і нават гаючыя ўласцівасці гэтых яек. У іх склад уваходзіць мноства карысных рэчываў: вітаміны групы В, РР, А, бэта-карацін, мінералы: фосфар, жалеза, магній, калій, медзь, селен ды іншыя. Прычым суадносіны біялагічна актыўных рэчываў, бялкоў і тлушчаў у іх больш збалансаваныя, чым у курыных. Так, у адным граме яйка перапёлкі змяшчаецца больш вітаміну Д, чым у адпаведнай колькасці курынага. Вышэй і ўтрыманне вітамінаў групы В. Бялок перапёлчынага яйка выдатна засвойваецца, яго «сакрэтны інгрэдыент» — амінакіслата лізін, якая ўмацоўвае косці і мышцы.
Ужыванне перапёлчыных яек спрыяе паляпшэнню працы нервовай сістэмы і памяці, таму дыетолагі рэкамендуюць гэты прадукт пры высокіх разумовых нагрузках. Яйкі перапёлак гіпаалергенныя, а таму бяспечныя ў дзіцячым харчаванні. Пры рэгулярным уключэнні іх у рацыён паляпшаецца страваванне, таму звярнуць на іх увагу варта тым, хто пакутуе на захворванні ЖКТ. А таксама — на анемію, хваробы сэрца і сасудаў. Маленькія яйкі з плямістымі шкарлупінкамі садзейнічаюць зніжэнню ўзроўню цукру ў крыві — да ведама хворых на дыябет. І дапамагаюць умацаваць арганізм пасля перанесенай інфекцыйнай хваробы, паколькі дабратворна ўплываюць на імунітэт. Дарэчы, самі шкарлупінкі таксама карысныя: у іх ёсць фтор, медзь, цынк, але галоўным чынам кальцый — і добрая навіна ў тым, што ён цудоўна засвойваецца.
Пра ўласцівасці перапёлчыных яек умацоўваць патэнцыю ведалі яшчэ мужчыны старажытнага Егіпта. Жанчынам, якія выношваюць ці кормяць грудзьмі дзіця, гэтыя яйкі карысныя для папаўнення арганізма вітамінамі і мікраэлементамі без рызыкі выклікаць алергічны дэрматыт у дзіцяці. А таксама таму, што нармалізуюць гарманальны фон жанчыны. Вельмі карысныя яйкі дзецям, нездарма ў Японіі школьнікі абавязкова з’ядаюць па два перапёлчыны яйкі ў дзень.
Яйкі перапёлак выкарыстоўваюць для гатавання амлетаў, салатаў, вараць, смажаць, марынуюць, фаршыруюць, дадаюць у цеста для выпечкі. Яйкі выдатна спалучаюцца з мясным і рыбным салатамі, сырам, зелянінай, агуркамі, памідорамі, зялёным гарошкам.
Варыць перапёлчына яйка ўкрутую трэба не больш за пяць хвілін, усмятку — дзве хвіліны. Галоўная парада: не стаўце яйкі на агонь проста з халадзільніка, інакш далікатная шкарлупіна лопне. Перад тым, як варыць, пакіньце іх на паўгадзіны пры пакаёвай тэмпературы.
Страва вельмі простая ў гатаванні, сытная і смачная: вазьміце 13-15 яек, адварыце ўкрутую, дадайце 100 гр каўбасы ці вяндліны, палову слоіка зялёнага гарошку, свежы ці салёны агурок, 1-2 адварныя бульбіны, соль, кроп. Заправіць салат можна маянэзам або смятанай.
Агата СЛАВІНА
Думаць пра тое, чым харчуецца ваша дзіця ў школе, гэтак жа важна, як і пра тое, якім прадметам яго там вучаць.
Адной з найбольш даступных і захапляльных моў дыпламатыі з'яўляецца спорт.
Міжнародны дзень тэатра добра было б адзначыць у глядзельнай зале.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.