Вы тут

У Дзятлаўскім раёне стараста вёскі занялася зборам даўнішніх прыладаў


Вясковыя музеі становяцца ўсё больш папулярнымі. Першапраходцамі гэтай справы на Гродзеншчыне сталі ўлады Зэльвенскага раёна. Тут вырашылі больш-менш прыдатныя пустыя дамы не зносіць, а ствараць у іх вясковыя дамы-музеі. Такім чынам у раёне ўжо некалькі такіх цікавых хатак.

Аказалася, што сабраць калекцыю для музея пад сілу нават аднаму ініцыятыўнаму чалавеку. Такім чынам у вёсцы Пацаўшчына Дзятлаўскага раёна з'явіўся свой лакальны аб'ект культуры, які арганізавала стараста вёскі Галіна Глушкевіч.


У вёску Галіна Мацвееўна пераехала са свайго роднага хутара на Дзятлаўшчыне, калі выйшла замуж. Можна сказаць, што новыя мясціны для яе даўно сталі роднымі. І вяскоўцаў добра ведае — доўгі час працавала тут прадаўцом. Праўда, зараз гандлёвага пункта няма, насельніцтва паменшылася, таму маленькія вёскі абслугоўвае аўтакрама.

Мясцовыя ўлады пачалі вырашаць праблему з нічыйнымі дамамі. Спадчыннікі ад іх адмовіліся, даглядаць не збіраліся, многія хаткі прыйшлі ў заняпад, струхнелі. Паўстала пытанне аб іх зносе. Вось тады Галіне Глушкевіч і прыйшла думка сабраць старыя рэчы.

— Вядома ж, ад былых гаспадароў заставалася нямала прыладаў вясковага побыту, некаторым з якіх мо і сотня гадоў. Тады многія рэчы па добрай народнай традыцыі перадаваліся ад бацькі сыну, ад маці — дачцэ, — расказвае жанчына. — Гэта ж усё рукамі зроблена, цяпер такога ніхто не зробіць. Хацелася неяк выратаваць іх з гэтых дамоў, бо старыя рэчы ўсё роўна спалілі б альбо на сметнік завезлі. Так і пачала збіраць. То адно прынясу, то другое. Шкада было, што іх могуць знішчыць. Усё-такі яны доўгі час служылі сваім гаспадарам, можна сказаць, дзялілі з імі іх нялёгкі сялянскі лёс.

Паступова ўзнікла ідэя музея пад адкрытым небам. Аб тым, дзе размясціць свае экспанаты, у вясковай старасты асаблівых разважанняў не было. Вырашыла, што такім месцам стане дом мужавага дзеда. Знаходзіцца будынак якраз насупраць дома самой Галіны Мацвееўны. І хоць пабудаваны яшчэ ў даваенны час, захаваўся даволі добра. Калісьці ў адной палове мясцілася крама, а ў другой жылі дзед і баба мужа Галіны Глушкевіч. І хаця ў доме ніхто не пражывае, ён не пустуе. Тут спыняюцца сваякі старасты, якія прыязджаюць здалёк, а таксама дзеці і ўнукі. «Гэта наша вясковая бясплатная гасцініца», — жартуе жанчына.

Сцяна дома і стала выставачнай вітрынай музея пад адкрытым небам. На яе мясцовая ініцыятыўная жыхарка і чапляла свае «экспанаты». У хуткім часе ўся сцяна была занята рознымі хатнімі прыладамі. Некаторыя з іх добра вядомы шырокаму колу, але ёсць і зусім дзіўныя рэчы, прызначэння якіх мала хто ведае. Свайго роду загадка з мінулага.

Напрыклад, старадаўняя пастка для пацукоў у выглядзе скрыні з грузам наверсе. У скрыню закладваецца прынада, а калі грызун зачапляе тросік, зверху на яго, нібы гільяціна, падае жалезны груз. Такія пасткі ставілі звычайна ў збожжавыя амбары і каморы для захоўвання прадуктаў.

У вёсках многія гаспадары мелі і свае вагі — бязмены. Выглядалі яны дзіўна. Гэта даволі доўгі металічны стрыжань з лічбавай шкалой, рухомай апорай і кручком. Выкарыстоўваліся бязмены для ўзважвання сена, збожжа, агародніны. У падобных вагаў была даволі нізкая дакладнасць і надзейнасць: падмануць яны маглі і на 200 грамаў, і на кілаграм. У народзе нават з'явілася ўстойлівая метафара — «дурны, як бязмен». Таму дбайныя гаспадары, каб не быць ашуканымі, без свайго бязмена на кірмаш не ездзілі, зазначае суразмоўца.

Можна сказаць, што пераважная большасць экспанатаў не мае прымянення ў сучасным побыце. Дошкі для мыцця даўно замянілі пральныя машыны-аўтаматы, на змену «бесправадному» прасу на вуглях прыйшлі зручныя электрычныя, яны ж замянілі і так званыя пранікі — доўгія рабрыстыя дошкі, якімі карысталіся для прасавання вялікіх рэчаў. Дарэчы, ёсць у калекцыі электрычны прас з даволі масіўнай драўлянай ручкай, мабыць, гэта першыя такога роду экзэмпляры савецкай вытворчасці. Такія рэчы былі ў кожнай сялянскай сям'і, памятае іх і сама Галіна.

Звяртае на сябе ўвагу і вялізных памераў тарка. У гаспадарцы ёю карысталіся, каб нацерці гародніну для хатняй жывёлы. І гэта толькі жаночы арсенал. А ёсць яшчэ і мужчынскі. Напрыклад, ручныя пілы, нейкія кувалды, цапы і многае іншае. Некаторыя рэчы ў вясковым музеі хоць і даўнішнія, але прымяняюцца і зараз. У іх ліку і вядомы ўсім пчалярам дымакур, ці дымар.

... Блішчыць на сцяне медным бокам газоўка. Калісь яна рабіла светлымі доўгія сялянскія вечары. Парудзелі ад часу працавітыя сярпы, якія зразалі спелае калоссе на хлебнай ніве. Заціхлі і ткацкія бёрды — не бегаюць у кроснах вясковай ткачыхі. Сотні рэчаў нібы задрамалі на драўлянай сцяне. Мабыць, нямала гісторый яны маглі б расказаць.

— Сялянскія традыцыі перадавалі з пакалення ў пакаленне. Усе жанчыны ўмелі і прасці, і ткаць. Мяне гэтаму вучыла мая маці, а яе — мая бабуля. Кросны тыя захаваліся і да гэтага часу. Праўда, сама я той навык страціла, але нашы работнікі культуры адрадзілі гэта старажытнае майстэрства. Ведаю, што і ў многіх раёнах Гродзеншчыны створаны гурткі па ткацтве, якія наведваюць школьнікі і моладзь. Добра, што традыцыйнае майстэрства захавалася, — пераканана Галіна Глушкевіч.

Яна ў сваю чаргу таксама не застаецца ўбаку ад народнай спадчыны. Тут, у глыбінцы, імкнецца паказаць адметнасць побыту беларусаў, іх руплівасць і гаспадарчую жылку.

Самабытны музей не застаўся без увагі. Да таго ж, дом добра бачны з дарогі, яго ніяк не абмінуць, калі едзеш праз Пацаўшчыну. Каля музея нярэдка спыняюцца цікаўныя вандроўнікі — турысты альбо грыбнікі. Робяць сэлфі і здымкі цікавых, на іх думку, прыладаў. Галіна Мацвееўна з кожным гатова пагутарыць, расказаць пра свае экспанаты. Напрыклад, нядаўна ў госці да старасты ў рамках праекта «Глыбінкай жыве Беларусь» завіталі члены творчага калектыву сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

— Адзін прыедзе паглядзіць, другі, так людзі сталі даведвацца аб нашай вёсцы. Спецыяльна сталі прыязджаць з наваколля. Ды і да Дзятлава недалёка — усяго
12 кіламетраў. А некаторыя прылады нават трапілі ў наш мясцовы краязнаўчы музей. Дапамаглі нашы экспанаты аформіць падворак сельгаспрадпрыемства на абласным фестывалі «Дажынкі», — успамінае жанчына.

Некаторыя вяскоўцы, калі ўбачылі, што іх стараста збірае старыя прылады, падтрымалі яе і самі тое-сёе прынеслі. Яны ганарацца, што ў іх вёсцы з'явіўся такі адметны «аб'ект лакальнай культуры».

Як падкрэсліла сама арганізатар, і людзям цікава, і ніякіх матэрыяльных затрат не спатрэбілася.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота: Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.