Вы тут

Сёлета ў стабфонды прадукцыі заклалі на 17 % больш


У нас яшчэ здаўна казалі, што запаслівы галодным не сядзіць. Група журналістаў днямі вырашыла праверыць, як падрыхтаваліся сталічныя прадпрыемствы харчовай галіны да работы зімой. А закуплялі бульбу амаль у два разы танней. Як аказалася, на гэты сезон у на Мінскім гандлёва-закупачным камунальным прадпрыемстве «Партызанскае», напрыклад, значна павялічылі аб'ёмы закладкі ў стабілізацыйныя фонды бульбы, цыбулі, капусты і яблыкаў. Пра гэта расказала генеральны дырэктар УП «Партызанскае» Таццяна Кузаўлёва.


Стабфонды закладваюцца выключна айчыннымі гароднінай і садавіной на міжсезонны перыяд. Закладка гародніны робіцца позняй восенню — да 15 лістапада. А потым, пачынаючы з 1 снежня і заканчваючы 31 мая, прадугледжаны графік расходавання прадукцыі.

«У нашых сховішчах знаходзіцца так званы «баршчовы набор» — бульба, цыбуля, буракі, морква, капуста, а таксама яблыкі. Аб'ёмы прадукцыі вызначае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. У першую чаргу стабілізацыйныя фонды забяспечваюць сацыяльную сферу — камбінат школьнага харчавання, дзіцячыя сады, камбінат «Вітамін», які арганізоўвае харчаванне ў бальніцах. Акрамя таго, беларускія рытэйлеры таксама заключаюць з намі дагаворы на пастаўкі прадукцыі. Сёлета павялічылі аб'ёмы закладкі бульбы, цыбулі, капусты і яблыкаў. У цэлым усёй прадукцыі заклалі на 17 % больш, чым у мінулым годзе», — паведаміла Таццяна Кузаўлёва. Калі летась на захоўванне закладвалі 3 тысячы тон бульбы, то сёлета — ужо 3 тысячы 800 тон. Яшчэ было нарыхтавана 970 тон капусты, 920 тон цыбулі, 550 тон морквы, 450 тон буракоў і 900 тон яблыкаў. Так што нават у выпадку нейкіх форс-мажорных абставін бульбы, цыбулі і буракоў хопіць усім жыхарам Мінска.

У адрозненне ад мінулых гадоў, цяпер літаральна ўся гародніна прадпрыемства зафрахтаваная аптовымі спажыўцамі.

Харчовая прадукцыя захоўваецца на складах з сучаснымі халадзільнымі ўстаноўкамі. У цёплыя зімы і ранняй вясной тут больш за ўсё цэніцца холад. Бо пры захоўванні важна выконваць тэмпературна-вільготны рэжым. Так, бульбу захоўваюць пры тэмпературы ад 0 да плюс 5 градусаў, а гародніну і яблыкі — ад 0 да плюс 2. Самі ж сховішчы падбіраюцца ў залежнасці ад аб'ёму гародніны — на 400 і 500 тон. Тавар закупляюць ужо высушаны і гатовы да рэалізацыі.

Таццяна Кузаўлёва адзначае, што ў гэтым сезоне вырас і быў своечасова ўбраны добры ўраджай гародніны і садавіны. У сувязі з гэтым дзяржаўнае прадпрыемства сэканоміла на цэнах. Бо закупачныя цэны на прадукцыю сёлета сталі нават ніжэйшыя, чым у мінулым годзе. «Напрыклад, у 2021-м буракі каштавалі 70 капеек за кілаграм, а ў гэтым — 35 капеек. Бульба таксама патаннела — з 70 капеек за кілаграм да 45 капеек», — адзначыла генеральны дырэктар УП «Партызанскае».

Нашы яблыкі і «звонку» без хіміі

Калі мы заходзім у камеру, дзе захоўваюцца яблыкі, нос казыча салодкая сумесь водараў (маліны, мёду, банана, дыні і яшчэ чагосьці). Я ўспамінаю яблыкі з далёкага замежжа, якія былі пакрытыя тоненькай плёнкай. Яны амаль не пахлі. Прыгожыя, смачныя, але... Іх тады рэкамендавалі абавязкова мыць гарачай вадой, каб змыць гэтую плёнку.

Гаворачы аб закладцы яблыкаў, гендырэктар прадпрыемства падкрэсліла, што ва УП «Партызанскае» імкнуцца закладваць познеспелыя плады, каб яны маглі захавацца да мая і рэалізавацца для бюджэтнай сферы. Сярод такіх сартоў яна вылучыла «Айдарэд», «Лігол», «Глостэр» і іншыя. А хімічную апрацоўку для захоўвання яблыкаў тут не выкарыстоўваюць — вось яны і пахнуць «летам». Але любы фрукт перад ядой лепш вымыць, лічыць Таццяна Кузаўлёва.

Калі бульбу, моркву і капусту пакідаюць на захоўванне ў аб'ёмных скрынях, а цыбулю — у сетках, то буракі — у выглядзе велізарнай гары — у буртах. Адзіная такая камера з гарой будзе дзесьці 450 тон буракоў. Што — на гэтую гародніну скрынь не хапіла? Не адгадалі. На самай справе ў буракоў пяшчотная «скурка», якая патрабуе павышанай вільготнасці. А ў вялікіх памяшканнях у буртах буракі захоўваюцца лепш за ўсё.

Генеральны дырэктар УП «Партызанскае» Таццяна Кузаўлёва.

«У Беларусі стабфонды закладваюцца штогод, пачынаючы з 1996 года. Галоўная мэта — харчовая бяспека. Сама працэдура застаецца нязменнай — карэкціруюцца толькі аб'ёмы. Так, за кошт таго, што адкрываюцца новыя дзіцячыя садкі, узрастае патрэба і ў прадукцыі. Таму першапачаткова запытваюцца звесткі ў арганізацый сацыяльнай сферы, а рэшта разлічваецца на гандлёвыя сеткі. Аб'ёмы па закладцы на наступны год будзем фарміраваць па выніках рэалізацыі прадукцыі гэтага года. Аднак можна быць упэўненымі ў тым, што ў Мінску заўсёды будзе свежая плодаагароднінная прадукцыя айчыннай вытворчасці», — падсумавала Таццяна Кузаўлёва.

Зеляніна — цэлы год, агуркі — з 10 снежня, таматы — крыху пазней

Далей мы едзем на Мінскі парнікова-цяплічны камбінат. Нас сустракае генеральны дырэктар прадпрыемства Андрэй Філіповіч, які расказвае, што ў канцы снежня яны адзначаць 77-годдзе з дня заснавання камбіната. Першапачаткова ён задумваўся як прадпрыемства для забеспячэння сталічных гандлёвых сетак свежай плодаагародніннай прадукцыяй. У 2004 годзе была ўкаранёна галандская тэхналогія па вырошчванні гародніны ў мінеральным субстраце. Былі пабудаваны цяпліцы для зяленіўных культур. «У зімовы перыяд займаемся ў асноўным імі, а таксама агуркамі. Ужо ў снежні пасадзім і таматы. Акрамя таго, ужо некалькі гадоў вырошчваем кветкі на зрэз да свят, а таксама аднагадовыя і шматгадовыя кветкавыя расліны, якія ўпрыгожваюць наш горад у цёплую пару года», — адзначыў дырэктар.

«Наша прадпрыемства цэлы год забяспечвае Мінск свежай гароднінай. У зімовых цяпліцах вырошчваюцца такія зялёныя культуры, як салата, сельдэрэй, базілік, пятрушка, цыбуля на пяро, меліса, рукала і іншае. Акрамя багацця зялёнага колеру ў памяшканні таксама шмат святла. Усё проста: зеляніна без святла не расце. Чаму тут не выкарыстоўваюць энергазберагальныя лямпы? Звычайныя люмінесцэнтныя даюць дадатковыя некалькі працэнтаў цяпла, што дазваляе эканоміць газ. Усе зялёныя культуры запатрабаваны на рынку, асабліва салата і базілік, — растлумачыў Андрэй Філіповіч.

«Што датычыцца гародніны, то ў зімовы перыяд у асноўным вырошчваюць агуркі, а з вясны да восені — яшчэ і тамат. Узімку гародніна каштуе даражэй, паколькі затрачваецца больш рэсурсаў — святла і газу. Акрамя галандскага насення, таксама выкарыстоўваем расійскую селекцыю. Сёлета паспрабуем новы сорт тамата «Салярыс», — растлумачыў Андрэй Філіповіч.

Працэс вырошчвання агурка і тамата адрозніваецца, адзначыў кіраўнік. Тэрмін вырошчвання агурка ад пасадкі да атрымання прадукту складае 40—45 сутак, а ў тамата — 90—95 сутак, таму вытворцам больш выгадна вырошчваць першую культуру.

«Апроч іншага, мы павялічылі плошчу пад вырошчванне агуркоў на 0,7 гектара да ўзроўню мінулага года. У снежні плануем вырасціць і рэалізаваць 100 тон агуркоў, а зялёных культур — значна больш. Прыкладна да 10 снежня на прылаўках нашых магазінаў з'явіцца свежы агурок беларускай вытворчасці — сорт «Мева F1», а пакуль што ёсць толькі расійскія агуркі. У гэтым годзе мы змянілі тэрміны і пасадзілі агурок раней, каб хутчэй атрымаць ураджай», — сказаў гендырэктар.

Цюльпаны — у лютым?

Камбінат таксама вырошчвае ружы на зрэз і расаду для азелянення горада, а яшчэ...

«На дадзены момант мы закупілі 200 тысяч цыбулін цюльпана. Да 14 лютага плануем вырасціць парадку 30—40 тысяч кветак, а да 8 сакавіка — усё астатняе», — заявіў Андрэй Філіповіч.

Ён падкрэсліў, што для прадпрыемства Міжнародны жаночы дзень пачынаецца на тыдзень раней. У адпаведнасці з гэтым вызначаюцца тэрміны па пасадцы кветак, каб з прыходам вясны забяспечыць крамы адпаведным таварам.

«Кожны год мы працуем на павелічэнне. Па азеляненні Мінска супрацоўнічаем з УП «Мінскзелянбуд». У вясновы перыяд вырошчваем аднагадовыя кветкі, а ў восеньскі — шматгадовыя. Задачу, пастаўленую мэрам Мінска, па вырошчванні кветак выконваем. Акрамя таго, павялічваем плошчы пад селекцыю імпартазамяшчальных сартоў», — сказаў генеральны дырэктар УП «Мінскі парнікова-цяплічны камбінат». Уся прадукцыя рэалізуецца ў гандлёвых сетках Мінска, праз уласную гандлёвую сетку, а таксама праз УП «Мінскзелянбуд».

Хлеб — усяму галава

Трэцім прадпрыемствам, якое мы наведалі, стаў Мінскі камбінат хлебапрадуктаў. Асноўны кірунак яго дзейнасці — вытворчасць мукамольна-крупяной прадукцыі.

На камбінаце ёсць участак па вытворчасці макаронных вырабаў, два млыны жытняга і пшанічнага памолу, цэх па вытворчасці круп, а таксама элеватар з ёмістасцю захоўвання каля 65 тысяч тон збожжа.

Дырэктар камбіната Аляксандр Косаўскі расказаў, што сёлета дзяржаўны заказ для Мінска склаў 113 тысяч тон збожжа і быў цалкам выкананы. «Акрамя таго, дзякуючы Мінгарвыканкаму выдзелены дадатковыя сродкі, на якія мы закупілі 30 тысяч тон збожжа. Пры гэтым патрэба ў перапрацоўцы складае 140 тысяч тон збожжа ў год (у тым ліку пшаніцы, жыта і ячменю). Можна сказаць, што харчовая бяспека Мінска будзе гарантавана. Жыхары і прадпрыемствы будуць у поўным аб'ёме забяспечаны мукой і крупамі», — заявіў ён.

У сваю чаргу начальнік лабараторыі Мінскага камбіната хлебапрадуктаў Марыя Гапеева распавяла аб тым, як збожжа захоўваецца на прадпрыемстве. Паводле яе слоў, пасля ўборкі збожжа з верасня да лістапада ідзе працэс даспявання, таму яго важна захоўваць пры нізкіх тэмпературах.

«Зерне мае ўласцівасць самасагравання, і калі з ім не працаваць, яно можа зляжацца. Калі збожжа сырое, мы яго сушым, потым астуджаем, чысцім ад лішніх прымешак і закладваем на доўгае захоўванне. Цяпер стараемся яго яшчэ раз прагнаць, астудзіць. Калі яно набывае мінусавую тэмпературу, то можа ляжаць да лета. Важна, што пры яго захоўванні тэмпература не павінна перавышаць 23 градусы», — патлумачыла спецыяліст.

Таксама яна дадала, што збожжа для вытворчасці захоўваецца не толькі ў элеватары прадпрыемства, але і на іншых буйных хлебных базах па ўсёй Беларусі. Гэта звязана з тым, што камбінат не можа размясціць у сябе такі аб'ём збожжа. Па меры патрэбы яно паступае на прадпрыемства чыгуначнымі вагонамі з іншых сховішчаў.

«Сёлета дзякуючы нашым аграрыям ураджай збожжа сапраўды годны, таму прадукцыі хопіць да наступнага года і яшчэ застанецца. Напрыклад, пшаніца ідзе на вытворчасць мукі ўсіх сартоў, уключаючы макаронную крупку для адпаведных вырабаў. Жыта ідзе на выпрацоўку жытняй мукі для чорнага хлеба. Ячмень выкарыстоўваецца для вытворчасці круп — панцаку і ячнай. Мы ўжываем толькі беларускае зерне адборных сартоў», — падкрэсліла Марыя Гапеева.

Яна адзначыла, што асноўны спажывец прадукцыі — унутраны рынак, але частка таксама ідзе на экспарт у такія краіны, як Расія, Арменія, Казахстан і Малдова.

Імпартазамяшчэнне ў дзеянні

На Мінскім камбінаце хлебапрадуктаў у 2011 годзе ў эксплуатацыю была ўведзена лінія па вытворчасці макаронных вырабаў. Гэта рашэнне было прынята на ўзроўні ўрада з мэтай памяншэння імпарту гэтых тавараў.

«Паколькі раней макаронныя вырабы завозіліся да нас з Расіі і краін Еўрасаюза, урад прыняў рашэнне па стварэнні сваёй макароннай лініі. Першая з'явілася ў нас на ААТ «Мінскі камбінат хлебапрадуктаў», а другая — на ААТ «Лідахлебапрадукт». Лінія працуе на ўнікальнай сыравіне — макароннай крупцы са спецыяльнай мукі адборных сартоў пшаніцы. У сувязі з гэтым нашай макароне прысвоена група «Б», паколькі па якасці яна набліжана да макароны з мукі цвёрдых сартоў», — заявіла спецыяліст.

Такія макароны маюць пэўны колер, захоўваюць форму. Акрамя таго, як запэўніла Марыя Гапеева, у іх нізкая каларыйнасць і лёгкая засваяльнасць.

«Лінія вытворчасці цалкам аўтаматызавана, швейцарскае абсталяванне, тэхналогія італьянская. Усё вырабляецца ў закрытым працэсе, дзе цалкам забяспечана высокая якасць макаронных вырабаў. Спачатку ідзе замес, папярэдняя сушка макаронных вырабаў, асноўная сушка, потым ахаладжальныя зона, захоўванне і расфасоўка спажыўцам. Замес і падача сыравіны адбываюцца без умяшання чалавека. Увесь працэс вытворчасці займае 3—3,5 гадзіны ў залежнасці ад выгляду макаронных вырабаў. Пітная вада для вытворчасці макароны таксама праходзіць двайную ачыстку, і дабавак там ніякіх няма», — падкрэсліла начальнік лабараторыі прадпрыемства.

Мінскі камбінат хлебапрадуктаў выпускае 15 найменняў макаронных вырабаў розных формаў і відаў. Як сцвярджае спецыяліст, па якасці прадукцыя адпавядае ўсім нормам і стандартам, а па колькасці бялку макарона не саступае вырабам з цвёрдых сартоў пшаніцы.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.