Вы тут

Спецыялісты распавялі, чаму павысілася агульная захваральнасць на ВІЧ


ВІЧ-інфекцыя застаецца праблемай як у сусветным маштабе, так і ў Беларусі. Сёння больш за 24 тысячы беларусаў жывуць са станоўчым ВІЧ-статусам. Расія, Беларусь і Украіна застаюцца краінамі з высокім узроўнем захваральнасці, а сёлета зафіксаваны нават рост новых выпадкаў. Як сведчыць статыстыка, колькасць захворванняў ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі (куды і адносяцца згаданыя краіны) у 10 разоў вышэйшая, чым у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе. У чым прычыны росту сёлетняй захваральнасці бачаць медыкі, у якіх трох рэгіёнах жыве найбольшая колькасць ВІЧ-інфікаваных, і чаму гэта хвароба не павінна заставацца адзінай, за якую існуе крымінальнае праследаванне, расказалі спецыялісты.


Колькасць людзей з нявыяўленай інфекцыяй расце

Як вядома, сродкаў, што дазваляюць цалкам вылечыць ВІЧ-інфекцыю, не існуе, але дзякуючы пашырэнню доступу да эфектыўнай прафілактыкі, дыягностыкі і антырэтравіруснай тэрапіі, якая зніжае колькасць віруса да мінімуму, ВІЧ-інфекцыя перайшла ў катэгорыю хранічных захворванняў, якія паддаюцца тэрапіі, нагадаў прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Сяргей Дзюрдзіца. І людзі з ВІЧ пры ўмове своечасовага антырэтравіруснага лячэння могуць пражыць доўгае і здаровае жыццё.

У Беларусі з 2018 года ўсе пацыенты, якія жывуць з ВІЧ, маюць універсальны і бясплатны доступ да сучаснага антырэтравіруснага лячэння. Дзякуючы гэтаму ў іх так званая невызначальная вірусная нагрузка (гэта значыць, у арганізме становіцца занадта мала віруса для заражэння), і, адпаведна, яны не перадаюць ВІЧ сваім сексуальным партнёрам.

Разам з атрыманнем усеагульнага доступу да антырэтравіруснага лячэння медыкі адзначылі і змяненне тэндэнцыі пярвічнай захваральнасці. Упершыню за ўвесь перыяд назіранняў з 2018 года адзначаецца зніжэнне колькасці новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Праўда, сёлетні год стаў выключэннем, але пра гэта ніжэй.

— Згодна са штогадовай справаздачай аб смяротнасці ў Еўропе, апублікаванай Еўрапейскім бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасць новых выпадкаў ВІЧ у краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі (куды адносіцца і Беларусь) у разліку на 100 тысяч насельніцтва амаль у 10 разоў большая, чым гэты паказчык у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе. Акрамя таго, заразілася больш людзей, чым было выяўлена. Гэта значыць, што колькасць людзей, якія жывуць з нявыяўленай інфекцыяй, на жаль, павялічваецца. Таму краіны мусяць прымаць эфектыўныя меры па выяўленні ВІЧ-інфекцыі, уключаючы новыя алгарытмы тэсціравання, заснаваныя на экспрэс-тэстах. А таксама пашыраць ахоп прафілактычнымі і дыягнастычнымі працэдурамі ключавыя групы, — падкрэсліў прадстаўнік СААЗ.

Вінаваты каранавірус

У Беларусі жыве больш за 24 тысячы чалавек са станоўчым ВІЧ-статусам. У тым ліку 1 369 пацыентаў даведаліся пра свой дыягназ сёлета.

— Распаўсюджанасць ВІЧ-інфекцыі ў нашай краіне нераўнамерная, больш за 70 % інфікаваных людзей жыве ў трох рэгіёнах — Мінску, Мінскай і Гомельскай абласцях. Сёлетні паказчык захваральнасці амаль на 13 % вышэйшы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, і гэта можа быць звязана з тым, што ў 2020 і 2021 гадах з-за эпідэміі каранавіруснай інфекцыі людзі своечасова не звярталіся ў медустановы і ім не быў выстаўлены дыягназ — ВІЧ-інфекцыя, — расказвае ўрач-эпідэміёлаг аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Лізавета Прылажынская.

Як адзначыла эпідэміёлаг, ВІЧ — хвароба сацыяльна актыўнага насельніцтва працаздольнага ўзросту. Найбольшая колькасць новых выпадкаў рэгіструецца ва ўзроставай групе 35—49 гадоў. У агульнай структуры захварэлых пераважае мужчынскае насельніцтва — 60 %. Нязменнымі застаюцца шляхі перадачы ВІЧ-інфекцыі: пры неабароненых палавых кантактах, падчас ін'екцыйнага ўвядзення наркатычных рэчываў, а таксама вертыкальны шлях ад маці да дзіцяці падчас цяжарнасці, родаў, груднога кармлення. Пераважным шляхам у Беларусі з'яўляецца палавы, на яго долю прыпадае 80 % упершыню выяўленых пацыентаў.

— ВІЧ-інфекцыя шмат гадоў асацыявалася з пэўнымі групамі рызыкі. Сёння мы стараемся ад гэтага тэрміна сыходзіць, замест яго апелюем паняццем рызыкоўных паводзін, якія можа практыкаваць любы чалавек, незалежна ад яго прыналежнасці да сацыяльнай групы. Важна разумець, што стыгма і дыскрымінацыя ў адносінах да ВІЧ-інфікаваных прыводзіць да нізкага звароту да медыкаў па прафілактыцы і лячэнні. Акрамя таго, адмоўна ўздзейнічае на жаданне чалавека, які жыве з ВІЧ, раскрыць свой статус партнёрам, медыцынскім работнікам, членам сям'і, што выклікае адмову ад медыцынскіх паслуг з-за страху перад парушэннем канфідэнцыяльнасці, — падкрэсліла эпідэміёлаг.

Лізавета Прылажынская дадала, што ў Беларусі створана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да кансультавання і дыягнаставання ВІЧ-інфекцыі. Прайсці абследаванне можна бясплатна і ананімна ў любой установе аховы здароўя, дзе ёсць працэдурны кабінет. На базе дзяржаўных і недзяржаўных устаноў існуюць кабінеты прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі, а таксама ананімныя кансультатыўныя пункты. Абследаванне можна прайсці і дома, набыўшы ў аптэцы экспрэс-тэст па сліне. Яны даказалі сваю эфектыўнасць, але іх вынік — толькі папярэдні, дыягназ ставіцца па больш дасканалых аналізах. Таму калі падчас экспрэс-тэста з'яўляецца другая палоска, варта звярнуцца да свайго ўрача, які накіруе ў працэдурны кабінет на аналіз крыві.

У Беларусі рэалізоўваюцца і прафілактычныя праграмы сярод груп рызыкі — апіоідная замяшчальная тэрапія, праграма абмену іголак і шпрыцаў, выдачы прэзерватываў, кансультаванне і тэсціраванне на ВІЧ.

На АРВ-лячэнні амаль 90 %

Дзякуючы ўніверсальнаму доступу да лячэння ў Беларусі пацыент, якому пастаўлены дыягназ ВІЧ-інфекцыя, адразу атрымлівае антырэтравіруснае (АРВ) лячэнне.

— Зараз на тэрапіі знаходзіцца больш як 21 тысяча чалавек. Амаль 90 % людзей, што ведаюць пра свой станоўчы ВІЧ-статус, атрымліваюць лячэнне ад ВІЧ-інфекцыі. Іх колькасць магла быць і большай, але ёсць шэраг аб'ектыўных прычын, звязаных з міграцыйнымі працэсамі. Па-першае, не ўсе пацыенты прыходзяць на дыспансерызацыю, па-другое, мы не ведаем, дзе знаходзяцца некаторыя пацыенты, нехта з іх пераехаў. Іх шукаюць, запрашаюць на лячэнне, тлумачаць магчымасці тэрапіі, яе бясплатнасць і ананімнасць. Спадзяюся, да канца года мы зможам дасягнуць ахопу 90 %, — расказвае намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ Алег Скрыпко.

Ён адзначае, што праблем з набыццём прэпаратаў не існуе, бо на лячэнне цяпер выдаткоўваюцца сродкі паводле прынцыпу «столькі, колькі трэба». Змяняюцца клінічныя пратаколы, і хутка гэта будуць больш сучасныя схемы лячэння. Выкарыстоўваюцца і новыя сістэмы дыягностыкі з экспрэс-тэстамі, што забяспечвае мінімальныя тэрміны ад пачатку тэсціравання да пачатку лячэння.

У ідэале гэта мусіць быць некалькі дзён ад моманту ўстанаўлення дыягназу да атрымання кансультавання і пачатку прыёму АРВ-прэпаратаў.

Алег Скрыпко звярнуў увагу, што вядзецца работа па дэкрыміналізацыі заканадаўства ў адносінах ВІЧ-інфікаваных.

— Нядаўна збіралася рабочая група, куды ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Следчага камітэта, Вярхоўнага суда, Міністэрства замежных спраў. Мы значна прасунуліся па гэтым пытанні і спадзяёмся яго вырашыць, каб у нас не было адной вылучанай хваробы, за якую крымінальна праследуюць, што з'яўляецца стыгматызуючым фактарам, — адзначыў Алег Скрыпко.

Нагадаем, што ў 2016 годзе Беларусь першай з краін Еўрапейскага рэгіёна атрымала афіцыйнае прызнанне на міжнародным узроўні і сертыфікат СААЗ аб ілімінацыі перадачы ВІЧ і сіфілісу ад маці да дзіцяці. Каб пацвярджаць сертыфікат, трэба выконваць шэраг рэкамендацый.

— У вертыкальнай перадачы прагрэс падтрымліваецца, але адзінкавыя выпадкі здараюцца, — кажа Алег Скрыпко. — Вядзецца работа як у медыцынскім асяроддзі, так і з ВІЧ-інфікаванымі цяжарнымі жанчынамі. У Мінску апрабавалі праграму прадастаўлення такім жанчынам персанальнага кансультанта, які дапамагае наведваць неабходных урачоў, арганізаваць прыём антырэтравіруснага лячэння, закупіць да моманту нараджэння дзіцяці адаптаваныя малочныя сумесі. Хацелася б, каб у нас не было і гэтых крыўдных выпадкаў перадачы ВІЧ ад маці да дзіцяці.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.