Вы тут

Спрэчкі з-за стаянкі, матулін клопат і запрашэнне на ёлку


Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, старшыня Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Аляксей Нявераў правёў прамую тэлефонную лінію і асабісты прыём грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, іх прадстаўнікоў і юрыдычных асоб. На прыёме прысутнічала і наш карэспандэнт, яна на свае вочы ўбачыла, з чым ідуць людзі да сенатара.


Правядзенне асабістага прыёму грамадзян Аляксеем Няверавым у Гомелі традыцыйна загадзя анансавалася ў СМІ і ў папулярным Telegram-канале «Прафсаюзы Гомельшчыны». Таму ўсе, хто прыйшоў на прыём члена Савета Рэспублікі, падрыхтавалі, у тым ліку пісьмова, аформленыя звароты. Прычым звароты гэтыя былі вельмі разнастайныя па тэматыцы.

Паркінг разладу

Гісторыю аспрэчвання правіл карыстання дваровай тэрыторыяй, якая вылілася ўжо ў судовыя цяжбы, падчас прыёму распавёў гамяльчанін Дзмітрый Нікалаенка. Як пераконваў заяўнік, складаная сітуацыя закранула інтарэсы каля 150 чалавек — усіх жыхароў дома па вуліцы Парыжскай Камуны ў Гомелі. З-за правіл, уведзеных уласнікам падземнага паркінгу пад іх шматпавярховікам, уладальнікі кватэр не могуць карыстацца дваровай тэрыторыяй каля свайго дома. Па словах заяўніка, падземны паркінг быў спраектаваны як другая чарга будаўніцтва дома і ўведзены ў эксплуатацыю пасля здачы асноўнай будоўлі. Пры гэтым функцыянаванне паркінга ніяк не ўзгаднілі з жыхарамі дома, у склад камісіі па прыёмцы гэтага аб'екта не прынялі старшыню таварыства ўласнікаў жылля, які і прадстаўляе інтарэсы людзей. Цяпер, як звярнуў увагу падчас прыёму заяўнік, жыхары шматпавярховіка не могуць карыстацца ўвогуле паркоўкай каля дома, а вымушаны шукаць месца для сваіх машын дзе прыйдзецца.

— У нас запланавана ўжо дзясятае судовае пасяджэнне па гэтым пытанні, — патлумачыў заяўнік.

Як падкрэсліў Аляксей Нявераў, гэты зварот будзе даведзены да ведама памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гомельскай вобласці Сяргея Барташа. Член Савета Рэспублікі пакуль даў даручэнне арганізаваць сумесны разгляд агучанай сітуацыі, з якой сутыкнуліся жыхары шматпавярховіка, з удзелам кіраўніцтва гарвыканкама, землеўпарадкавальнай службы, пракуратуры.

Адтэрміноўка для студэнтаў за мяжой

Падчас асабістага прыёму грамадзян з просьбай дапамагчы разабрацца ў нюансах праекта закона аб воінскім абавязку і воінскай службе, ужо прынятага дэпутатамі ў першым чытанні, звярнулася гамяльчанка Марына Гараніна. Хвалюе жанчыну тое, што ў новай рэдакцыі закона будуць перагледжаны падставы для прадастаўлення права на адтэрміноўку ад прызыву на воінскую службу.

— У закон ўносіцца норма, якая датычыцца грамадзян Беларусі, што вучацца за мяжой, — патлумачыла гамяльчанка — Сама яна маці студэнта-першакурсніка, які сёлета паступіў па квоце Расійскай Федэрацыі ў Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут.

Заяўніца падкрэсліла, што сын паступіў у ВНУ непаўналетнім і не мог на той час разлічваць на законнае права адтэрміноўкі на час вучобы:

— Цяпер сын падпадзе пад вясновы прызыў, не зможа адвучыцца паложаны тэрмін, каб ўзяць акадэмічны адпачынак і пасля далей працягнуць вучобу. Не паспее і паступіць у беларускую ВНУ, бо ўжо вясной па новым законе будзе з'яўляцца суб'ектам прызыву.

Гамяльчанка патлумачыла, што цяпер 27 бацькоў, дзеці якіх апынуліся ў такім жа становішчы, склалі калектыўны зварот.

— Калі ў гэту ўступную кампанію мы прынялі рашэнне ісці вучыцца ў расійскую ВНУ, дзейнічала заканадаўства, якое забяспечвала адтэрміноўку. У наступную ўступную кампанію, калі будуць ўжо прынятыя папраўкі ў закон, бацькі дзяцей, якія захочуць паступаць вучыцца за мяжу, будуць разумець, што іх чакае, і змогуць вырашыць, а ці трэба ім гэта ўвогуле. Мы ж, атрымліваецца, гэтага выбару былі пазбаўленыя. Мы бацькі, чые дзеці апынуліся ў падобнай сітуацыі, просім, каб пад дзеянне закона падпадалі ўжо юнакі, якія будуць паступаць у наступным годзе, — звярнулася гамяльчанка. — Пераканана, што яшчэ магчыма ўлічваць, куды менавіта паступіў абітурыент. Бо ёсць краіны дружалюбныя Беларусі, а ёсць і не, як вядома. З Расійскай Федэрацыяй ў нас Саюзная дзяржава. Магчыма ўлічыць і тую акалічнасць, што ёсць студэнты, якія паступілі па квоце Расійскай Федэрацыі, гэта значыць тыя, хто добра вучыцца і паступіў на бюджэтнае навучанне.

Аляксей Нявераў па гэтым пытанні паабяцаў звярнуцца з агучанай праблемай у Пастаянную камісію Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, членам якой ён сам з'яўляецца.

«Мы стараемся апраўдваць чаканні»

Між тым, некалькі заяўнікаў звярнуліся на асабісты прыём сенатара па інфармацыйную дапамогу. Былі ў тым ліку агучаныя спрэчныя, па меркаванні гамяльчан, сітуацыі захавання нормаў працоўнага права. Ад жыхара абласнога цэнтра Міхаіла Амельчанкі паступіла просьба аб аказанні дабрачыннай дапамогі да калядных святаў дзецям Рэчыцкага раёна, якія засталіся без апекі бацькоў.

— Штогод пры падтрымцы Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў больш за 400 дзяцей з розных куткоў рэгіёна атрымліваюць магчымасць пад Новы год трапіць на святочныя ёлкі ў Гомель, — звярнуў увагу Аляксей Нявераў.

Шматпавярховік са спрэчнай дваровай тэрыторыяй.

Сенатар запэўніў, што пытанне з запрашэннем на святочныя мерапрыемствы выхаванцаў названай заяўнікам дзіцячай установы будзе прапрацавана. Увогуле, усе прынятыя падчас прыёму грамадзян звароты ўзяты членам Савета Рэспублікі на асабісты кантроль, на ўсе пастаўленыя пытанні грамадзянам ва ўстаноўленыя тэрміны будуць дадзены адказы.

— Сёння ад парламентарыяў грамадзяне чакаюць дапамогі, і мы стараемся апраўдваць іх чаканні дэталёвым разглядам і вырашэннем іх праблем, — падкрэсліў Аляксей Нявераў.

Асобныя пытанні патрабуюць індывідуальнага падыходу, іншыя — больш дэталёвай прапрацоўкі, пракаменціраваў журналістам узнятыя падчас прыёму грамадзян пытанні парламентарый.

Член Савета Рэспублікі падзяліўся і асабістай практыкай работы са зваротамі грамадзян.

— Калі ацэньваць у цэлым звароты, якія паступаюць падчас прыёмаў, то пэўная частка іх носіць кансультатыўны характар. Пры гэтым прытрымліваюся такога правіла, што на зварот рыхтуецца пісьмовы адказ, каб аказаць поўную інфармацыйную дапамогу заяўніку. Паступаюць таксама звароты, калі людзі просяць параіць, да якіх адказных службаў звярнуцца ў той ці іншай праблемнай сітуацыі. Адрасуюць пытанні грамадзяне і з мэтай тлумачэння пэўных заканадаўчых нормаў. Іншага кшталту звароты — гэта праблемныя пытанні, зацягнутыя спрэчныя сітуацыі, для вырашэння якіх патрабуецца прыцягненне ўсіх адказных органаў, службаў, устаноў і арганізацый. Безумоўна, бываюць выпадкі, калі і заяўнік не мае рацыі. Кожны хоча вырашыць пытанне, як хочацца яму. Але варта помніць, што перш за ўсё закон, у адпаведнасці з якім павінна быць вынесена рашэнне, — рэзюмаваў Аляксей Нявераў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».