Вы тут

У Віцебскім раёне падвялі вынікі конкурсу на найлепшы вясковы падворак


У Віцебскім раёне падвялі вынікі конкурсу на найлепшы вясковы падворак. Сядзіба сям'і Баранавых з вёскі Асінаўка Ноўкінскага сельсавета заняла пачэснае першае месца ў раённым спаборніцтве.


Запрыкмеціць светлы двухпавярховы дом па вуліцы Прыазёрнай няцяжка: і летам, і ўзімку ён пераліваецца безліччу каляровых агеньчыкаў, а «жывы» плот з акуратна стрыжаных туй падказвае — тут жывуць сапраўдныя гаспадары. Здзіўляюць прахожых не толькі каляровыя кампазіцыі з кветак на ўчастку, але і сквер з хвойных дрэўцаў, якія пад рукой Баранавых прымаюць незвычайныя формы.

Гарадскія жыхары Алена Уладзіміраўна і Васіль Яфімавіч пачалі будаваць дачу яшчэ ў 1990-м годзе, а ў 2011-м вырашылі змяніць гарадскую прапіску на вясковую — бліжэй да заслужанага адпачынку стала цягнуць да зямлі. Да сельскіх клопатаў Алену і Васіля прывучылі яшчэ з дзяцінства, таму добраўпарадкоўваць дачу пад пастаяннае месца жыхарства сталі апантана, з натхненнем, імкнучыся стварыць для сябе, дзяцей і ўнукаў маленькі рай. Алена Уладзіміраўна працавала на мясцовым цяплічным камбінаце агароднікам, пасля шмат гадоў прысвяціла рабоце з дзецьмі ў дзіцячым садку, Васіль Яфімавіч па прафесіі быў кіроўцам, спрабаваў сябе ў ролі індывідуальнага прадпрымальніка, а яшчэ звыш 25 гадоў быў кіраўніком народнага вакальна-інструментальнага калектыву «Мара» — сам спяваў і іграў на клавішах. Калі выраслі дзеці — тры дачкі — сям'я вырашыла змяніць гарадскі шум на спакойныя вясковыя краявіды.

«Калі мы пачыналі будавацца, тут быў амаль хутар. Звонкая цішыня, у 50-ці метрах ад участка расцягнулася люстэрка возера — адно замілаванне. Ужо ў апошнія гады суседзяў стала больш, прыязджаюць дзеці старажылаў, будуюцца, Асінаўка ажывае», — расказвае гаспадыня.

Зараз на сваіх 15-ці сотках Баранавы развярнулі цэлы ландшафтны праект, у якім знайшлося месца не толькі незвычайным раслінным кампазіцыям, але і фантану на восем тон вады, альтанцы. Калісьці ідэі ўпрыгожвання сядзібы Алена Уладзіміраўна чэрпала ў агародніцкіх журналах, а сёння ёй дапамагаюць дочкі і ўнукі, сакрэты дачнай прыгажосці знаходзіць і ў інтэрнэце. Звычайных кветак тут амаль няма: летам яркімі фарбамі і чароўнымі пахамі сустракаюць скумпія, каляровыя гартэнзіі, звыш дзесяці сартоў руж — жоўтыя, ружовыя, барвовыя. Знайшлося на кветачнай палітры месца і для нехарактэрнай для паўночнага рэгіёна паўднёвай расліны юкі, якая падобная да вялікага ландыша. З маладзілаў на сваім участку Баранавы стварылі кракадзіла і ўдава, усё робяць разам, падтрымліваючы адно аднаго ўжо 44-ы год.

«На межах свайго ўчастка мы не спыніліся: да возера ўсяго 50 метраў, добраўпарадкавалі бераг, пасадзілі хосту, божае дрэва, лох серабрысты — стварылі курортную казку, амаль як у Сочы. А яшчэ засадзілі бераг німфеямі, цяпер замест звычайных жоўтых гарлачыкаў тут прыгожыя ружовыя водныя лілеі. На нашым беразе жывуць лебедзі і белая чапля», — усміхаецца Васіль Яфімавіч.

Акрамя заняткаў фітатэрапіяй, муж і жонка працуюць і на гародзе: у дзвюх цяпліцах вырошчваюць памідоры, перцы і гуркі, бульбу, а ў садзе акрамя звыклых яблынь і груш ёсць чарэшні, вінаград, абрыкосы, гібрыд маліны з клубніцамі. Стараюцца радаваць натуральнымі чыстымі прадуктамі сваіх чатырох унучкоў, якія летам з вялікай ахвотай спяшаюцца на канікулы да дзеда з бабуляй.

«Тое, да чаго мы ішлі — стварыць маленькую казку для нашай сям'і, — мы рэалізавалі. На ўзбраенні маем снегамёт, газонакасілку, матаблок — да любога надвор'я гатовыя. Вядома, кожнай вясной рэалізоўваем новыя ідэі, знаходзім новыя расліны. Мы рады, што прыгажосць, якую нам удалося стварыць, знаходзіць пазітыўны водгук у прахожых: часта людзі спыняюцца ля нашай сядзібы, пытаюцца пра расліны. Мы таму і плот не ставілі высокі, каб дзяліцца з вяскоўцамі пазітыўнай энергіяй», — расказваюць Баранавы.

Дыплом за першае месца ў раённым конкурсе на лепшы сельскі падворак Алене Уладзіміраўне і Васілю Яфімавічу ўручыў выконваючы абавязкі старшыні Ноўкінскага сельскага Савета Дзяніс Жаваранкаў, пажадаўшы сям'і моцнага здароўя для рэалізацыі планаў на сядзібе і натхнення.

«Раённы конкурс праходзіць у Віцебскім раёне штогод, амаль кожны раз пераможцамі ў розных катэгорыях становяцца жыхары нашага сельсавета. Гэта высокі паказчык гаспадарлівасці і добрасумленнага стаўлення да месца, у якім ты жывеш. Упэўнены, што парадак і прыгажосць на сядзібе Алены Уладзіміраўны і Васіля Яфімавіча стануць добрым прыкладам, за якім падцягнуцца ўсе астатнія», — заключыў Дзяніс Жаваранкаў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.