Вы тут

Ала Аўсяннікава: Мне хочацца, каб людзі памяталі пра карані


Наша спадчына нясе ў сабе нацыянальны код беларусаў, і не дзіўна, што яна натхняе стваральнікаў узораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на пошук новых творчых рашэнняў, форм і вобразаў. Пра гэта мы пагутарылі з народным майстрам Беларусі, лаўрэатам многіх конкурсаў, членам праўлення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Алай Аўсяннікавай, чые работы з саломкі добра вядомыя ў нашай краіне і за яе межамі.


Натхняе родная зямля

Нарадзілася я на Краснапольшчыне, там дужа прыгожыя месцы: бярозавыя гаі, сунічныя і грыбныя паляны, заліўныя лугі. Рэкі з чысцюткай вадой… Усё гэта і цяпер з’яўляецца для мяне крыніцай натхнення. У дзяцінстве малявала, любіла штосьці майстраваць з прыродных матэрыялаў. На выставах, кірмашах вабілі рэчы, створаныя рукамі майстроў. Аднойчы убачыла ў музеі элементы саламяных царкоўных царскіх брамаў. Нашы продкі на Палессі аздаблялі іканастасы вясковых храмаў сапраўднымі саламянымі карункамі – яны ззялі, нібы залатыя. Як зачараваная, я глядзела на гэты цуд, а дома па памяці намалявала ўбачанае. З таго часу стала шукаць магчымасць спасцігнуць майстэрства саломапляцення. Вывучала літаратуру, затым скончыла курсы і праз некаторы час, стварыўшы сваю калекцыю вырабаў, уступіла ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. З саломкай з таго часу не расстаюся.

Сапраўдны беларускі брэнд

Вырабы з саломкі даўно сталі візітоўкай беларускага народнага мастацтва. Невыпадкова мастацкія практыкі саломапляцення ў нашай краіне атрымалі статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэты матэрыял цесна звязаны з народнай міфалогіяй, з абрадавай дзейнасцю беларусаў. Салома выкарыстоўвалася ў шлюбных, земляробчых абрадах. Зажыначны сноп, купальскі вянок, Дажынкі, Калядная зорка – ва ўсіх знакавых момантах жыцця нашых продкаў знаходзілася месца крохкаму і ў той жа час мяккаму залаціста-жоўтаму матэрыялу. Беларусы крылі саломай дахі, набівалі матрасы, падсцілалі свойскай жывёле. Рабілі кашы, у якіх захоўвалі зерне, гародніну і садавіну, плялі капелюшы і абутак.

 

Сыравіну для творчасці я вырошчваю сама ў Замасточчы, дзе жыву, – звычайны тэхнічны матэрыял не падыходзіць для гэтай мэты. Трэба ўзараць зямлю, пасеяць зерне, вырасціць і ўбраць ураджай, высушыць салому, падрыхтаваць яе да працы. Тут ёсць свае сакрэты. Сабраць салому трэба своечасова: крыху ператрымаеш, і яна робіцца надта цвёрдай. Снапы высушваю на сонцы, каб матэрыял прапітаўся яго энергіяй. Усё гэта немалая праца, але плесці з такой саломкі – вялікае задавальненне. Калі бяру яе ў рукі, падымаецца настрой, самі нараджаюцца творчыя ідэі.

Саламяныя дзівосы

У сваёй творчасці абапіраюся на народную культуру. Анёлкі і Калядныя зоркі, коні і птушкі, кветкі і лялькі, куфэркі і кашы – кожны выраб стараюся напоўніць душэўным цяплом і любоўю да роднай зямлі. Я вельмі люблю Беларусь, адчуваю ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму.

Многія вырабы выконваю ў тэхніцы аб’ёмнага пляцення і аплікацыі з саломы. Зараз працую над калекцыяй аб’ёмнай скульптуры да Калядаў. Ствараю калекцыю анёлаў да конкурсу «Калядныя ўзоры». Мая творчая праца ацэнена журы многіх конкурсаў. Сёлета на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» атрымала Дыплом лаўрэата III ступені ў намінацыі «Цацка з прыродных і рэдкіх матэрыялаў».

Дзе толькі мае вырабы ні пабывалі, нават у Індыі, на 29-й Міжнароднай выставе рамеснікаў у Сураджкундзе. З якім захапленнем там паставіліся да беларускай саломкі!

На майстар-класах у Цэнтры народнай творчасці Мінскай вобласці з задавальненнем дзялюся сакрэтамі свайго майстэрства. Навучыцца саломапляценню жадаюць людзі рознага ўзросту і прафесій – дактары, настаўнікі, пенсіянеры, студэнты. Адначасова я расказваю пра тое, як можна выкарыстоўваць вырабы народнай творчасці ў дызайне сучаснага інтэр’ера. Напрыклад, навагоднія ёлкі з аплікацыяй з саломкі глядзяцца вельмі стыльна і ўпрыгожаць любы дом. Або саламяны павук – у нас любяць падвешваць гэты сувенір на кухні да столі. Але ж гэта традыцыйны беларускі выраб, нашы продкі рабілі павука з апошняга снапа ў полі. Магічнымі абрадавымі дзеяннямі «запрашалі» духа хлеба ў гэтую канструкцыю. Дарэчы, многія традыцыйныя вырабы з саломкі маюць не менш старажытную гісторыю.

Мне хочацца, каб людзі памяталі пра свае карані. Багацце, якое пакінулі нам продкі, – гэта наша культура, мова і традыцыі. Хацелася б, каб мы, у сваю чаргу, перадалі гэтыя веды сваім дзецям, і ніць пакаленняў не перарвалася.

Алена БРАВА

Фота прадастаўлена Алай Аўсяннікавай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?